Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зямля пад белымі крыламі

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Варонча. Вёска амаль гарадскога тыпу. Тут некалькі прадпрыемстваў. Але і гэта — вёска-музей. Тут, над запруджанай рачулкай, у гушчары, стаяў — а можа, і цяпер стаіць — васьмісотгадовы дуб, звязаны з імем Міцкевіча. Унутры — дупло, у якім могуць паснедаць вакол стала чалавек дзесяць. Нават акенца ёсць, на другі бок. Можна высунуць галаву і глядзець проста з дрэва, як лясны дух. Наводдаль — руіны дужа даўняга касцёла і могілкі з цудоўнымі помнікамі з італьянскага мармуру. Тут пахаваны бацькі польска-беларускага паэта і фалькларыста Яна Чачота, блізкага сябра Адама Міцкевіча, а таксама — Верашчакі, сваяка Марылі Верашчакі, першага кахання паэта. Маёнтак Верашчакаў, Туганавічы, быў некалі побач. На яго месцы застаўся парк і "альтанка Марылі", некалькі ліп, пасаджаных кругам. Яны так зрасліся, што, каб адна не ўпала — унутр гэтага драўлянага круга нельга было б трапіць.

Як бачыце, амаль у кожнай беларускай вёсцы ёсць што паглядзець. Толькі трэба ведаць,

што глядзець.

Пра воблік новага беларускага сяла, пра саўгасы і калгасы я раскажу крыху далей.

Просiм у хату, госцейкi нашы!

Але зойдзем у хату, якой яна была яшчэ не так даўно, а часам сустракаецца і зараз. Спачатку трапляем у сенцы. Яны і зараз служаць для гаспадарчых мэт. Тут вёдры, цэбры з рознай рознасцю, маслабойкі (цяпер часта сепаратар) і г.д. Дзверы насупраць вядуць у камору, дзе таксама рэчы для гаспадаркі і на паліцах розныя прыпасы. Другія дзверы вядуць у халодныя пакоі. Іх адзін ці два. Раней гаспадыня ўлетку выносіла сюды кросны, ткацкі станок, бо ў самой хаце горача. Тут жа ўлетку спалі старэйшыя (для маладых служыла і служыць адрына з сенам). Тут узімку ляжаць на аўсянай саломе яблыкі, рассыпаныя тоўстым пластам жалуды для свіней, іншыя прыпасы. Раней зрэдку, а цяпер досыць часта ў халоднай палове ёсць і грубка, так што пры выпадку (наезд гасцей ці яшчэ нешта) можна размясціць процьму людзей. У мінулым стагоддзі, калі шафаў, вядома, не было, а ў куфры (скрыні) не ўсё змяшчалася, тут стаялі і "кублы" з лішнім адзеннем і іншым дабром.

У некаторых хатах да халоднай паловы была прыбудова, у якой спалі ў зусім нясцерпную спёку тыя, хто не хацеў ісці проста ў садок, пад дрэвы. Часам яе можна ўбачыць і зараз. Я аглядаў некалькі такіх, і "абстаноўка" іх заўсёды была аднолькавая: нізкая, дужа шырокая і доўгая, "скрыня" на ножках, у ёй сяннік, набіты сенам, мякенькай аўсянай саломай ці гарахавіннем, радно, падушкі і полаг. Абавязкова. Ад камароў. Зроблены з радзіны, падобнай на марлю.

Вернемся ў сенцы. Ага, мы забылі яшчэ вось што. Лесвіцу, "драбіны", або проста бервяно з засечкамі, якое вядзе на гару, дзе вісяць шынкі і летнія каўбасы (зімнія каўбасы, залітыя салам, і само сала — у дзежках і гарлачах, у сенцах ці ў каморы).

Цяпер — у хату. Выгляд яе для кожнай мясцовасці быў розны. У даўніну бывалі хаты з комінам (цяпер комінам завецца пячны дымаход), плеценым і абмазаным глінаю конусам, пад якім на жароўні ці ў свечніку гарэла лучына, а дым ішоў комінам праз столь і страху. Бывалі хаты з вялізным, таксама абмазаным, каўпаком ля ачага, дзе ў зімнія ночы (там было цяплей) збіралася прасці і майстраваць уся сям'я. Ды і ў розных мясцовасцях хаты былі розныя. На два пакоі (трысцен і ўласна хата), на два пакоі з прыбудовамі і г.д. Але найбольш тыповы выгляд быў такі. З трысцена, дзе елі летам і, хто хацеў, спалі зімой, і куды ўзімку бралі маладняк быдла, быў уваход у хату. Ля ўвахода, справа, мыцельнік, месца для мыцця посуду і кухонных рэчаў. Пасля печ. За печчу, па правай сцяне пол (нары). Пад полам складалі розныя рэчы. Але ўжо тады замест пола часта стаялі шырокія ложкі, адзін з завескаю, для гаспадара. Уздоўж астатніх дзвюх сцен ішлі шырокія лавы, часам з тканымі налаўнікамі. На іх сядзелі і ноччу маглі спаць, асабліва калі бывалі госці. Часам гасцей клалі і пад лаўкі, залежна ад стану. У беларускай ананімнай паэме XIX ст. "Тарас на Парнасе", дзе іранічна апісваецца гулянка "грэчаскіх" багоў, ёсць такія радкі:

І кожны бог так разгуляўся, Што аж не можна удзяржаць, А хто гарэлкі насцябаўся, Таго пад лаўку клалі спаць.

Перад лаўкамі — стол. Заўсёды дужа белы, бо яго часта скрэблі нажом. Стол і лаўкі часцей за ўсё былі з тоўстых дубовых дошак. Ля той сценкі, дзе дзверы, стаялі куфры і — узімку — гаспадыніны кросны.

З упрыгожанняў былі — абразы на покуце. Бывалі сярод іх і лубачныя, але здараліся й дужа цікавыя. Ці старажытныя, ці наіўныя, уніяцкіх яшчэ часоў, дзе святыя былі ў беларускіх народных вопратках. Асаблівым поспехам карыстаўся святы Юры, які забівае дракона, і святы Мікола за сваё сялянскае паходжанне і за тое, што (па беларускай легендзе) аднойчы ўратаваў адзіную кабылку беднага мужыка, якая заблукала ў лесе. Не даў раздзерці ваўкам і памог ажарабіцца, а пасля прывёў гаспадару. Згодна павер'ю, калі жарабятка падрасце, то на ім паедзе той, хто дасць волю народу.

І яшчэ адно ўпрыгожанне — тканыя посцілкі (у шашачкі, у шэсць, дванаццаць і дваццаць чатыры "ніты", чынаватыя і інш.).

І, вядома ж, ручнікі. Мноства. Раней вакол абразоў і акон. Цяпер каля карцін і партрэтаў. Ручнікі ў нас на Беларусі таксама розныя, па мясцовасці, і дужа разнастайныя. Узоры іншыя, чым у суседзяў, хаця ёсць і падобныя. Галоўная розніца — менш "раслін

і кветак". Арнамент часцей геаметрычны. Меней чорнага колеру. Пераважае "вясёлка", жоўты, чырвоны, сіні, блакітны і іншыя такія колеры.

Ну вось. А цяпер паколькi я кепскаваты танцор, то пайду танцаваць ад печы. Печ — гэта цеплыня. Печ — гэта здароўе застуджанаму. Печ — гэта i гарачая, смачная ежа. На поўначы печ дужа вялiкая i простая, хiба што з "пячуркамi" для запалак i лучыны на распал. Затое на поўднi яна меншая i часам нагадвае архiтэктурную спаруду. Дзесяткi выступаў i нiш, у якiх глiняныя збанкi, лiверы (пасудзiнка з дзвюма дзiрачкамi, "цякло, бы з лiвера, з вачэй"). Тут ёсць дзе ўстанавiць спарыш (два гаршкi, злучаныя ручкай, каб насiць на поле абед), паставiць i "ўдаву" — гаршчок, падобны на абаранак. Печ уся распiсана кветкамi, дзяўчаткамi з каромысламi i коннiкамi — улюбёны матыў. Зараз у наш час печ выцясняецца плiтамi i плiтамi газавымi, але пакуль ёсць у многiх хатах.

Дзе печ, там i тое, што з печы.

Хлеб і да хлеба

Беларус любіць смачна паесці. Вось апісанне абеду з ананімнай паэмы XIX ст. "Энеіда навыварат" (напісанай як наследаванне Осіпаву і Катлярэўскаму). Пра беларускія ананімы я яшчэ буду гаварыць.

За стол ўсе порадам садзілісь, Мялянік [1] на стале ляжаў. Дыдона варыва ўлівала, Шматкамі мяса ў місы клала І забяляла малаком. Трупацiла яна крупеню, Яечню, руднiк, жур, смажэню. Каму пячэню з часнаком; Былі й салодкія пацешкі: Вяземскi пернiкi, арэшкi, Мязгі й мязюму [2] рашаты.

1

Гатунак пірага.

2

Разынак, ізюму.

З такой фламандскай сакавітасцю мог апісваць ежу толькі чалавек, які ўмее і любіць пад'есці і якому часам, што ўжо казаць, даводзілася і недаесці.

На куццю на стол ставілася 12, 18, а то і 24 стравы. I ўсё гэта трэба пакаштаваць. Некаторыя са страў я апішу. Не сказаць каб усё гэта заўсёды стаяла на стале, але гэта стравы нацыянальнай кухні.

Перш за ўсё страва інтэрнацыянальная. Аснова ўсяго. Хлеб. Пшанічны, як на поўдні, у нас пякуць рэдка. Беларус любіць чорны хлеб і сумуе па ім, трапіўшы туды, дзе яго няма. Так што хлеб у нас жытні, вельмі духмяны. Пякуць яго на паду, на капусных або кляновых лісцях, а пасля, спырснуты вадою, астывае хлеб пад ручніком, напаўняючы хату найлепшым у свеце пахам. Няма нічога смачней, як адрэзаць гарачую лусту, густа пасаліць яе і з'есці.

Дарэчы, ад хлеба і вылячэнне. У незапамятныя часы беларус заўважыў, што плесня, якая ўтвараецца ў дзежцы на рошчыне летам, — у гарачую пару, калі хлеб не пякуць, — загойвае нават раны, ад якіх вось-вось пачнецца гангрэна. Колькі трэба было ісці чалавецтву, пакуль яно вынайшла пеніцылін!

Улетку, калі дарагая хвіліна, елі праснакі (прэсны хлеб) і цацні. Да белага ставіліся ў даўніну крыху недаверліва, "нэндза прымусіць калачы есці" (г. зн. не здолеў пракарміцца з зямлі, пайшоў у горад на заробкі — апошняя справа! — а там, ясна ж, калачы). Але пірагі заўсёды любілі. З яблыкамі і ўвогуле з садавінай, з чарніцамі, кручаны з макам (струцаль). Калі пяклі іх, то рэшткі цеста раздавалі дзецям, каб кожны спёк сабе хаця б па маленькай булачцы, сваёй. I, як паўсюль у славян, існаваў "зайцаў хлеб", што бацька прыносіць з лесу ці з дарогі.

Хлеб даставаўся цяжка. Кінуць яго быў смяротны грэх. Абраніўшы, трэ было падняць кавалак, пацалаваць і сказаць: "Даруй, божухна". Хлеб абагаўлялі.

Бульба. Другі хлеб. Беларусы ведаюць каля тысячы страў з бульбы. Ад звычайнай, печанай на начлезе, якую так добра выкаціць з прыску, абскрэбці, разламаць і, калі яна яшчэ дыміцца, саліць і, захлынаючыся, глытаць — ад гэтай, печанай, і да "клёцак з душамі" (вялізныя клёцкі з цёртай бульбы, начыненыя мясам), да бульбы, фаршыраванай сушанымі грыбамі і запечанай у гарачай печы. Апісаць усе спосабы немагчыма. Але і проста вараная, з падгарэлымі вяршкамі, высыпаная на абрус на стале яна — дзіва! Бяры і еш. А да яе сала, салёныя агуркі (з кропам, халодныя) і селядзец (раней бульбу мачалі ў селядцовы расол — лёк). Або зялёны канапляны ці залаты сланечнікавы алей, масла каровіна ці міска кіслага халоднага малака, якое ў маёй мясцовасці падсольваюць. Кепска было раней, калі яшчэ не было бульбы. Тады замест яе былі параная рэпа, бручка ці нешта такое іншае.

Поделиться с друзьями: