Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зямля пад белымі крыламі

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

А хто не ведае ансамбль "Песняры"?

І пошукі ўсіх творцаў нашай музыкі вельмі-вельмі плённыя.

Пра архітэктуру не кажу. Проста, калі вы не мінчане, прыязджайце і пройдзем Ленінскім праспектам, галоўнай вуліцы Мінска, праспектам, праект якога ўдастоены Дзяржаўнай прэміі БССР. Не ўсё, вядома, і тут добра. Але ўсё ж, у асноўным,

велічныя новыя гмахі, купалы, шпілі, забраная ў граніт стужка Свіслачы, магутная дуга акадэміі, а на іншых вуліцах і праспектах суцэльныя вертыкалі бетону і шкла.

На жаль, у сталіцы і іншых гарадах Беларусі мала засталося будынкаў 20 — 30-х гадоў. У Мінску гэта Дом урада, манументальны і, адначасова, скульптурны, лаканічны будынак ЦК КПБ, оперны тэатр, які надае цэнтральнай частцы горада такую адметнасць і г. д.

Пасля вайны на месцы амаль знішчанага горада ўзнік новы з яго цікавымі ансамблямі, з сістэмай паркаў у пойме Свіслачы, сістэмай, што так удала пераходзіць у масіў лясоў вакол Заслаўскага вадасховішча.

Не, гэта сапраўды прыгожа! І мастацкі музей, і політэхнічны інстытут у Мінску, і ансамблі Віцебска. А сучаснае будаўніцтва. Жылыя дамы па бульвару Талбухіна ў Мінску і праект забудовы Волатава ў Гомелі, будоўлі на беразе Мухаўца ў Брэсце і жылыя дамы крывалінейнай канфігурацыі ў мікрараёне "Усход-1", Палац спорту ў Мінску і пансіянат (а таксама і гасцініца "Юнацтва") на беразе Мінскага мора. А паглядзіце, як зручна дзецям у дзіцячым садзе па Слясарнай вуліцы (Мінск). Тут табе і светлыя пакоі, і веранды, і нешта накшталт старадаўняй крэпасці для гульняў. А кінатэатры ("Кастрычнік", "Партызан" і "Піянер" у Мінску, "Кастрычнік" у Магілёве-2, "Імя Калініна" у Гомелі)! А смелы будынак гомельскага цырка!

Калі вы станеце дарослыя — яны будуць яшчэ прыгажэйшыя, нашы вёскі і гарады. Вы пройдзеце па іх вуліцах, і вам самім захочацца прыкласці свае рукі, веды і ўмельства да таго, каб зрабіць іх дзівам дасканаласці, а зямлю нашу — найлепшай у свеце

зямлёй.

І трэба многа, вельмі многа ездзіць, сябры. Вы маладыя, і калі будзеце часта жыць "на колах", шмат хадзіць і падарожнічаць, вы паглядзіце многае ў свеце. Але перш за ўсё вам трэба ведаць свой, самы для нас прыгожы край. Ездзіце. З экскурсіямі, да сваякоў або да сяброў. Вы ўбачыце ўсе канцы нашай мілай, ласкавай няяркай краіны, якая, аднак, зачаруе вас сваёй няўлоўнай прыгажосцю. Убачыце Прыдняпроўе і Прынямонне, роўных якім па прыгажосці мала знойдзецца мясцін на зямлі. Убачыце далёкія агні новабудоўляў і цёмныя волаты замкаў, партызанскія зямлянкі і вясёлку Каложы. І азёры з белымі грабянцамі на сіняй вадзе, і старыя каменныя млыны над рэчкамі, што зараслі белай лілеяй, поўню ў азёрнай вадзе і водсвет яе на мокрых тратуарах гарадкоў. Будзеце слухаць музыку нашай пявучай мовы і нашы пяшчотныя песні. І ўбачыце зуброў і аленяў. Пройдзеце па зажураных пушчах Палесся. І, галоўнае, пазнаеце свой гасцінны, добры, горды і таленавіты народ.

Я не мог напісаць аб усім і ўсіх, і хай яны мне прабачаць.

І вы прабачце мне за доўгую размову. Калі пачнеш прызнавацца ў любові да самага дарагога — скончыць тое прызнанне амаль немагчыма.

Вы самі ўсё зведаеце, самі перамераеце яе дарогі і сцежкі. Зведаеце больш за мяне, перад вамі куды больш доўгая дарога.

Любіце гэтую сваю святую зямлю аддана і да канца. Іншай вам не дадзена, дый непатрэбна.

Але калі вам, дарагія мае дзяўчаты і хлопцы, захацелася пасля прачытанай кнігі прайсці па шляхах нашай Беларусі, нашай зямлі пад белымі буслінымі крыламі, пахадзіць гэтымі дрымучымі дубровамі, праплысці гэтымі поўнымі рэкамі, — буду лічыць, што работа мая зроблена. Буду шчаслівы.

Бывайце ж шчаслівыя і вы.

1971 г.

Поделиться с друзьями: