1984
Шрифт:
І сапраўды, цесная крама была поўная, але ў ёй не было аніводнае рэчы, якая б мела хоць найменшую каштоўнасць. Вольнай падлогі было вельмі мала, бо пры кожнай сцяне былі нагрувашчаныя запыленыя карцінныя рамы. У вітрыне стаялі скрынкі з мутэркамі і трубкамі, тупымі зубіламі, канцылярскімі нажамі з абламанымі лёзамі, іржавымі гадзіннікамі, якія ўжо напэўна ніколі не будуць хадзіць, і рознай іншай старызнай. Толькі на маленькім століку ў кутку ляжалі розныя прыгожыя драбніцы — лакаваныя табакеркі, агатавыя брошкі і іншае — рэчы, што выглядалі так, быццам сярод іх можна было знайсці штосьці цікавае. Калі Ўінстан праціснуўся да століка, яго позірк упаў на круглы гладкі прадмет, што мякка свяціўся пад лямпай, і ён узяў яго ў рукі.
Гэта быў цяжкі кавалак шкла,
— Што гэта? — запытаўся Ўінстан у захапленні.
— Гэта карал, — сказаў стары. — Ён, напэўна, паходзіць з Індыйскага акіяна. Іх звычайна ўстаўлялі гэтак у шкло. Гэтая рэч была зроблена гадоў сто таму. Можа, нават і болей, мяркуючы з выгляду.
— Прыгожая рэч, — адзначыў Ўінстан.
— Прыгожая, — сказаў з гордасцю стары. — Мала хто сёння гэтак скажа, — ён закашляўся. — Цяпер, калі вы выпадкам захочаце гэта купіць, дык я вам саступлю за чатыры даляры. Я памятаю часы, калі за гэткую рэч можна было атрымаць восем фунтаў, а тады восем фунтаў былі — цяпер я не змагу падлічыць, карацей кажучы, куча грошай. Але каму цяпер патрэбны сапраўдны антыкварыят — тыя рэшткі, што яшчэ засталіся.
Ўінстан адразу адлічыў чатыры даляры і засунуў пажаданы прадмет у кішэню. Яго захапляла не так прыгажосць, як нешта патаемнае, уласцівае гэтаму прадмету, што, здавалася, нагадвала пра тое, што ён належаў да нейкай іншай, інакшай эпохі. Мяккае, нібы налітае дажджавой вадой шкло было непадобнае да звычайнага шкла, гэткага Ўінстан яшчэ ніколі не бачыў. Прадмет быў больш прыцягальны сваёй відавочнай непатрэбнасцю, хоць і можна было здагадацца, што калісьці, напэўна, ён быў задуманы як прэс-пап'е. Ён моцна адцягваў кішэню, але, на шчасце, не надта выпінаўся. Сябру Партыі было дзіўна і нават небяспечна мець такую рэч. Усё старое, а значыць, — усё прыгожае было заўсёды трошкі падазронае. Атрымаўшы чатыры даляры, стары прыкметна павесялеў. Ўінстан зразумеў, што той згадзіўся б і на тры ці нават на два.
— Наверсе ёсць яшчэ адзін пакой. Можа, вам было б цікава паглядзець, — сказаў ён. — У ім няшмат рэчаў. Толькі сёе-тое з мэблі. Калі пойдзем наверх, трэба захапіць святло.
Ён запаліў яшчэ адну лямпу і пайшоў, сагнуўшы спіну, наперад, наверх па стромых стаптаных сходах, пасля праз маленькі калідорчык. Яны ўвайшлі ў пакой, праз вокны якога можна было ўбачыць брукаваны дворык і цэлы лес комінаў. Ўінстан заўважыў, што мэбля стаяла так, быццам у пакоі нехта жыў. На падлозе ляжаў дыван, на сценах вісела колькі карцін, каля каміна стаяў глыбокі, неахайны фатэль. На каміннай паліцы цікаў старамодны гадзіннік са шкляным вечкам і дванаццацігадзінным цыферблатам. Пад акном стаяў, займаючы амаль чвэрць пакоя, вялізны ложак, на якім яшчэ ляжаў матрас.
— Мы жылі тут, пакуль не памерла мая жонка, — сказаў стары, быццам просячы прабачэння. — А цяпер я патроху прадаю мэблю. Гэта вось — шыкоўны ложак з чырвонага дрэва, ці, хутчэй, ён быў бы шыкоўны, калі б з яго выгналі клапоў. Але вам, напэўна, здаецца, што ён займае шмат месца.
Ён трымаў лямпу высока, каб асвятліць усё памяшканне, і ў мяккім прыглушаным святле пакой выглядаў надзіва прывабліва. У галаве ў Ўінстана прамільгнула думка, што, напэўна, было б даволі лёгка наняць гэты пакой за пару даляраў у тыдзень, калі б толькі наважыцца на такую рызыку. Гэта была немагчымая, вар'яцкая ідэя, якую адразу трэба было выкінуць з галавы; але пакой будзіў у ім нейкую настальгію, нейкую памяць продкаў. Яму здалося, што ён дакладна ведае, што адчуваеш, калі сядзіш у такім пакоі ў фатэлі каля агню, абапершы ногі на камінную кратку, а на каміне грэецца імбрык: поўная адзінота, поўны спакой, ніхто за табой не сочыць, нічый голас табе не назаляе — не чуваць нічога, акрамя спеву імбрыка і прыязнага цікання гадзінніка.
— Тут няма тэлегляда! — мімаволі прашаптаў ён.
— О, —
сказаў стары. — У мяне ніколі не было такіх рэчаў. Занадта дорага. Ды я, напэўна, і не адчуваў ніколі такой патрэбы. Унь там у куце цудоўны складны столік. Трэба толькі паставіць новыя завесы, тады ён будзе добра раскладацца.У другім куце стаяла маленькая кніжная палічка, і Ўінстана міжволі пацягнула да яе. Але на ёй не было нічога, апроч рознай нявартай драбязы. Вышукванне і знішчэнне кніг у пролаўскіх кварталах праводзілася гэтак жа грунтоўна, як і ў іншых месцах. Наўрад ці дзе ў Акіяніі захаваўся хоць адзін асобнік кнігі, выдрукаванай да 1960 года. Усё яшчэ трымаючы ў руцэ лямпу, стары стаяў перад карцінай у палісандравай раме, што вісела па другі бок ад каміна, насупраць ложка.
— Можа, вас выпадкам цікавяць старыя гравюры… — асцярожна пачаў ён.
Ўінстан падышоў бліжэй, каб лепш разгледзець карціны. Гэта была гравюра на сталі, на якой была авальная пабудова з прастакутнымі вокнамі і маленькай вежачкай пасярэдзіне. Вакол будынка ішла сталёвая агароджа, а на заднім плане стаяла нешта падобнае да статуі. Ўінстан на некалькі імгненняў затрымаў позірк на карціне. Яна чамусьці здалася яму знаёмай, хоць статую ён пазнаць не мог.
— Рама прымацаваная да сцяны, — сказаў стары. — Але я магу яе адкруціць для вас, калі дазволіце.
— Я ведаю гэты будынак, — сказаў урэшце Ўінстан. — Цяпер там руіны. Пасярод вуліцы, уздоўж Палаца Справядлівасці.
— Менавіта так. Каля Вялікага судовага двара. Будынак быў разбураны бомбай у… — а, шмат гадоў таму. Калісьці гэта была царква. Яна звалася царквой Святога Клемана, — ён вінавата ўсміхнуўся, быццам адчуваў, што кажа нешта смешнае, і дадаў: «Апельсіны, лімоны, бананы — б'юць званы ў Святога Клемана…»
— Што гэта? — спытаўся Ўінстан.
— Ат… «Апельсіны, лімоны, бананы — б'юць званы ў Святога Клемана». У нас быў такі вершык, як я быў маленькім хлопчыкам. Як там далей — я ўжо не памятаю. Ведаю толькі, што канчаецца яна так:
Вось і свечка, — каб спаткі давесці,
Вось сякера — галованьку знесці.
Гэта было нешта накшталт таночка. Дзеці трымалі рукі, паднятыя ўгару, каб можна было прайсці пад імі, а калі даходзіла да:
Вось сякера — галованьку знесці, —
рукі апускаліся і некага хапалі. У вершыку былі назвы цэркваў. Там былі ўсе лонданскія цэрквы — усе самыя вядомыя.
Ўінстан падумаў, у якім стагоддзі магла быць пабудавана гэтая царква. Было заўсёды вельмі цяжка вызначыць век якога-небудзь лонданскага будынка. Усё вялікае і значнае, калі хоць трохі выглядала новым, аўтаматычна залічвалася да новабудоваў Рэвалюцыі, тым часам як усё, што відавочна адносілася да ранейшых часоў, прыпісвалася цёмнай і няяснай эпосе, што звычайна вызначалася як Сярэднявечча. Усё выстаўлялася так, быццам стагоддзі капіталізму не прынеслі нічога, што б мела хоць найменшую вартасць. Архітэктура магла паведаміць пра гісторыю гэтак жа мала, як і кнігі. Статуі, надпісы, помнікі, назвы вуліц — усё, што магло праліць святло на мінуўшчыну, сістэматычна зменьвалася.
— Я і не ведаў, што гэта была царква, — сказаў Ўінстан.
— Дык жа іх яшчэ багата засталося, — сказаў стары, — праўда, яны цяпер выкарыстоўваюцца з іншымі мэтамі. Як жа ж там было далей у тым вершыку? А, вось:
Апельсіны, лімоны, бананы — б'юць званы ў Святога Клемана,
Ты тры фартынгі даць мне павінны — б'юць званы ў Святога Марціна.
Вось усё, што памятаю. Фартынг — гэта была такая маленькая медная манетка, падобная да цэнта.
— А дзе была царква Святога Марціна? — спытаўся Ўінстан.
— Святога Марціна? Яна яшчэ стаіць. На плошчы Перамогі, насупраць карціннай галерэі. Будынак з гэткім трохкутным порцікам, спераду — калоны і вялікія шырокія сходы.
Ўінстан добра ведаў гэты будынак. Гэта быў музей, дзе выстаўляліся разнастайныя прапагандысцкія матэрыялы: паменшаныя мадэлі ракетных бомбаў, Плывучых Крэпасцяў, васковых копій зверстваў ворагаў і гэтак далей.
— Яе звычайна называлі царквой Святога Марціна ў палях, — дадаў стары, — хоць я і не памятаю пра нейкія палі на тым месцы.