1984
Шрифт:
— Калі ў цябе канчаецца праца?
— Васемнаццаць трыццаць.
— Дзе мы можам сустрэцца?
— Плошча Перамогі, каля помніка.
— Там няма дзе схавацца ад тэлеглядаў.
— Нічога, калі ёсць натоўп.
— Ці будзе ў нас які-небудзь знак?
— Не. Не падыходзь, пакуль вакол мяне не набярэцца людзей. І не глядзі на мяне. Толькі стой дзесьці побач.
— Калі?
— Дзевятнаццаць нуль-нуль.
— Згода.
Эмплфорт так і не ўгледзеў Ўінстана і сеў за іншы столік. Аднак Ўінстан і дзяўчына болей не размаўлялі і пазбягалі глядзець адно на аднаго, наколькі гэта было магчыма двум, што сядзяць насупраць за адным столікам. Яна хутка скончыла есці і ўстала з-за стала, а Ўінстан застаўся, каб выпаліць цыгарэту.
Ўінстан прыйшоў на Плошчу Перамогі трошкі раней прызначанага часу. Ён хадзіў вакол падножжа вялізнай калоны, на версе якой статуя Вялікага Брата ўзіралася ў паўдзённае
Шчыльны людскі натоўп ужо запоўніў паўднёвы бок плошчы. Ўінстан, які звычайна імкнуўся заўсёды вырвацца са штурханіны, цяпер піхаўся і ўціскаўся глыбей у натоўп. Хутка ён ужо стаяў амаль побач з дзяўчынай, але дарогу яму заступіў вялізны прол і амаль гэткая ж вялізная кабеціна, напэўна, яго жонка. Разам яны былі як непраходны мур. Ўінстан адсунуўся трошкі ўбок і, разагнаўшыся, рэзкім штуршком здолеў праціснуць плячо паміж імі. На нейкі момант яму здалося, што іх мускулістыя сцёгны зараз расціснуць яму вантробы, але нарэшце, змакрэўшы, ён прабіўся наперад. Цяпер ён стаяў поплеч з дзяўчынай, абое глядзелі проста перад сабой.
Доўгая чарада грузавікоў павольна кацілася ўздоўж вуліцы. На кожнай машыне стаялі ахоўнікі з суровымі драўлянымі тварамі і з аўтаматамі напагатове. Унутры туліліся маленькія жаўтатварыя людзі ў падранай шэра-зялёнай уніформе. Іх тужлівыя мангольскія твары пазіралі цалкам безуважна праз бакавыя барты грузавікоў. Часам чуўся металічны скрыгат — ва ўсіх палонных на нагах былі кайданы. Адна за адной праязджалі міма поўныя машыны тужлівых твараў. Ўінстан ведаў, што яны там, але бачыў іх толькі ўрыўкамі. Дзяўчына сваім плячом і правай рукою прытулілася да яго. Яе шчака была так блізка, што ён амаль адчуваў яе цеплыню. Таксама, як і тады ў сталоўцы, яна адразу ўзяла ініцыятыву ў свае рукі. Яна пачала гаварыць, амаль не варушачы вуснамі, ціхім шэптам, які патанаў у гамане натоўпу і грукаце машын.
— Ты добра мяне чуеш?
— Ага.
— Ці ты можаш вызваліцца ў нядзелю па абедзе?
— Магу.
— Тады слухай уважліва. Ты павінен усё дакладна запомніць. Паедзеш да станцыі Пэдынгтан…
З неверагоднай, амаль вайсковай дакладнасцю яна растлумачыла яму дарогу, якой ён павінен быў пайсці. Паўгадзіны чыгункай, пасля, выйшаўшы са станцыі, налева, два кіламетры па дарозе да драўлянай брамы без верху; сцежка цераз поле; парослая травой сцежка; сцяжынка праз хмызняк; высахлае, зарослае мохам дрэва. Здавалася, што яна трымае ў галаве карту мясцовасці.
— Ты можаш усё запомніць? — прашаптала яна ўрэшце.
— Змагу.
— Пойдзеш налева, пасля направа, тады зноў налева. І брама без верхняй бэлькі.
— Так. А каторай гадзіне?
— Каля пятнаццаці. Можа, табе прыйдзецца пачакаць. Я прыйду другой дарогай. Ты ўпэўнены, што ўсё запомніў?
— Ага.
— Тады адыходзь зараз ад мяне як мага хутчэй.
Пра гэта яму можна было і не казаць. Але якраз цяпер яны не маглі выбрацца з натоўпу. Машыны ўсё яшчэ праязджалі міма, а людзі ўсё яшчэ разявіўшы раты глядзелі на іх. Спачатку яшчэ чуліся крыкі абурэння і агіды, і крычалі выключна сябры Партыі, але хутка яны сціхлі. Пераважным пачуццём была простая цікаўнасць. Чужынцы, ці з Эўразіі, ці з Усходазіі, былі нечым накшталт дзівосных звяроў. Іх ніколі нельга было ўбачыць іначай, як палоннымі, і нават тады толькі мімаходзь. Невядома было таксама, што з імі рабілі пасля, за выключэннем тых нямногіх, хто быў павешаны як ваенны злачынца. Астатнія проста знікалі, хутчэй за ўсё ў лагерах прымусовай працы. Круглыя мангольскія твары змяніліся цяпер на брудныя, барадатыя, змучаныя твары, больш эўрапейскія на выгляд. З-пад парослых шчэццю шчок на Ўінстана глядзелі вочы, часам з дзіўнай праніклівасцю, а пасля зноў знікалі. Калона
канчалася. У апошнім грузавіку ён убачыў старога чалавека, твар якога быў суцэльным зараснікам сівых валасоў. Ён стаяў проста, склаўшы рукі, быццам прызвычаены да кайданоў. Настаў самы час расстацца з дзяўчынай. Аднак у апошні момант, калі натоўп яшчэ даволі шчыльна іх сціскаў, яе рука намацала ягоную і ўпотай паціснула яе.Хоць мінула не болей за дзесяць секунд, здавалася, што іх рукі трымаюць адна адну вельмі доўга. Ён паспеў адчуць кожную рысачку яе рукі. Ён абмацаў яе даўгія пальцы, прыгожыя пазногці, працоўныя далоні з радком мазалёў, мяккасць запясця. Цяпер ён пазнаў бы яе рукі з выгляду. У той самы момант ён падумаў, што не ведае, якога колеру ў яе вочы. Напэўна карыя, хоць часам у чарнявых бываюць і блакітныя вочы. Але павярнуць галаву і паглядзець ёй у вочы было б неверагодным глупствам. Сціснуўшы рукі, нябачныя ў шчыльным натоўпе, яны няўхільна глядзелі перад сабой, і замест вачэй дзяўчыны на Ўінстана сумна пазіралі з-пад сівых касмылёў вочы старога палоннага.
2
Ўінстан прабіраўся па дарожцы праз лапікі святла і ценю, і кожнага разу, як хмызняк разыходзіўся, ён апынаўся ў моры залатога святла. Злева, пад дрэвамі зямля была ўсеяна пралескамі. Лёгкі ветрык цалаваў твар. Было другога траўня. Аднекуль з лясных нетраў да яго даносілася мяккае вуркатанне вехіроў.
Было яшчэ трошкі зарана. Падарожжа прайшло без перашкод. Дзяўчына была, відаць, добра абазнаная, і яму было не так страшна, як павінна было б быць. Пэўна, можна было спадзявацца, што яна ведае надзейнае месца. Хоць увогуле, нельга было лічыць, што за горадам было бяспечней, чым у Лондане.
Тэлеглядаў тут, вядома ж, не было. Але заўсёды заставалася небяспека прыхаваных мікрафонаў, праз якія голас можа быць запісаны і пазнаны. Апроч гэтага, было нялёгка вандраваць аднаму, каб не прыцягнуць да сябе ўвагі. На адлегласці да ста кіламетраў віза ў пашпарце была непатрэбная, але часам патрулі шнырылі па вакзалах, правяралі паперы ў стрэчных сябраў Партыі і задавалі непрыемныя пытанні. Аднак гэтым разам патруля не было, і, выйшаўшы са станцыі, ён упэўніўся па дарозе, асцярожна паазіраўшыся, ці за ім хто не сочыць. Цягнік быў забіты проламі, якіх разлагодзіла цёплая пагода. Вагон з драўлянымі сядзеннямі, у якім ён ехаў, быў напоўнены адной вялізнай сям'ёй — ад бяззубай прабабкі да месячнага немаўляці. Яны выправіліся пагасцяваць да вясковых сваякоў і, як яны не хаваючыся растлумачылі Ўінстану, паспрабаваць дастаць трошкі масла на чорным рынку.
Дарожка зрабілася шарэйшая, і праз пару хвілін ён выйшаў на сцяжыну, пра якую дзяўчына яму гаварыла — звычайную звярыную сцежку, што патанала ў хмызняку. У яго не было гадзінніка, але яшчэ не магло быць пятнаццаці гадзін. Пад нагамі было так шмат пралесак, што немагчыма было прайсці, не наступіўшы. Ён нахіліўся і пачаў збіраць букет, і дзеля таго, каб прабавіць час, і таму, што яму прыйшла ў галаву ідэя — ці не было б добра, калі яны сустрэнуцца, падараваць дзяўчыне букет кветак. Ён ужо назбіраў вялікі букет і ўдыхаў дзіўны, трошкі прывялы пах, як раптам ззаду пачуўся нейкі гук. Ён застыў на месцы. Без сумнення, гэта затрашчала сухая галінка пад нечай нагой. Ён зноў пачаў збіраць пралескі. Найлепшае, што ён мог зрабіць. Або гэта была дзяўчына, або нехта за ім сачыў. Азірнуцца значыла прызнаць сваю віну. Ён сарваў кветку, другую. Нечая рука лёгка легла яму на плячо.
Ён падняў вочы. Гэта была дзяўчына. Яна пахітала галавою, відаць, папярэджваючы, каб ён маўчаў, пасля развяла рукою кустоўе і пайшла наперадзе вузкай сцежкай, што вяла ў лес. Напэўна, яна ўжо раней была тут, бо абыходзіла ўсе балацявінкі, быццам ведала іх на памяць. Ўінстан, сціскаючы ў руцэ букет, ішоў следам. Спачатку ён адчуў палёгку, але разглядаючы зграбнае і крамянае цела дзяўчыны, што ішла перад ім, пунсовы пояс, зацягнуты якраз настолькі, каб падкрэсліць круглізну клубоў, ён адчуў, як уласная непаўнацэннасць цісне на яго нязносным цяжарам. Нават у гэты момант яму здавалася, што яна можа адмовіцца ад яго, калі азірнецца і прыгледзіцца ўважлівей. Ласкавае паветра і зелень лістоты яшчэ болей дадавалі роспачы. Ужо ідучы са станцыі, ён адчуў, якім брудным і нягеглым ён выглядае пад травеньскім сонцам. Ён адчуў сябе пакаёвым стварэннем з гарадскім пылам у порах скуры. Ён падумаў, што дагэтуль яна, напэўна, яшчэ ні разу не бачыла яго на вуліцы, пад сонечным святлом. Яны прыйшлі да паваленага дрэва, пра якое яна казала. Дзяўчына пераступіла яго і рассунула хмызняк, праз які, здавалася, не было праходу. Ўінстан пайшоў за ёй і ўбачыў, што яны выйшлі на лясную палянку — невялічкі, парослы травою ўзгорак, шчыльна закрыты з усіх бакоў маладымі гонкімі дрэвамі. Дзяўчына спынілася і азірнулася.