Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Оруэлл Джордж

Шрифт:

— Што гэта былі за кнігі? — пацікавіўся Ўінстан.

— Ат, страшэнна тупыя і нудныя. Уяві сабе, усяго шэсць тыпавых сюжэтаў, у якіх час ад часу мяняюцца паасобныя дэталі. Але я працавала толькі на калейдаскопах і ніколі не прымала ўдзелу ў перапісванні. Я не маю літаратурных здольнасцяў, каханы, нават на такое.

Ўінстан вельмі здзівіўся, даведаўшыся, што апроч кіраўнікоў аддзяленняў усе працаўнікі Парнасеку былі дзяўчаты. Лічылася, што палавы інстынкт у мужчын утаймаваць цяжэй, чым у жанчын, мужчын значна лягчэй магло сапсаваць тое, з чым яны мелі справу.

— Яны неахвотна бяруць туды нават замужніх жанчын, — дадала яна. — Яны ўсё яшчэ думаюць, што дзяўчаты такія нявінныя! Ва ўсялякім разе адна з іх, што сядзіць тут, зусім не такая.

Першы раз яна ўступіла ў палавую сувязь у шаснаццаць гадоў з шасцідзесяцігадовым сябрам Партыі, які пазней скончыў самагубствам, каб пазбегнуць арышту.

— Мне

пашанцавала, бо інакш ён выдаў бы мяне, — дадала яна.

Пасля былі іншыя. Жыццё, у яе ўспрыманні, было вельмі простае. Ты хочаш жыць весела. «Яны», гэта значыць Партыя, не даюць табе жыць весела, і ты абыходзіш законы, як толькі можаш. Ёй здавалася натуральным, што «яны» хочуць пазбавіць людзей асалодаў жыцця, а людзі спрабуюць супрацьстаяць гэтаму. Яна ненавідзела Партыю і выказвала сваю нянавісць самымі бруднымі словамі. Аднак яе крытыка не закранала агульных прынцыпаў. Партыйнае вучэнне цікавіла яе настолькі, наколькі непасрэдна закранала яе жыццё. Ён заўважыў, што яна ніколі не ўжывала навамоўных слоў, апроч тых, што ўвайшлі ў штодзённую мову. Яна ніколі не чула пра Братэрства і адмаўлялася верыць у яго існаванне. Усялякае арганізаванае змаганне супраць Партыі здавалася ёй глупствам, бо загадзя было асуджанае на паражэнне. Адзіна разумным, на яе думку, было парушаць законы і, нягледзячы на гэта, заставацца жывым. Ўінстан задумаўся, колькі магло быць такіх, як яна, сярод маладога пакалення, якое вырасла ў атмасферы рэвалюцыйнай рамантыкі, якое болей нічога не ведала і ўспрымала Партыю як нешта непарушнае, як неба. Яны не паўставалі супраць яе панавання, а проста ўцякалі ад яе, як заяц ад сабакі.

Яны не абмяркоўвалі магчымасці пажаніцца. Гэта было зусім нерэальна. Ніякі ў свеце камітэт не зацвердзіў бы гэты шлюб, нават калі б Ўінстан здолеў вызваліцца ад Кэтрын, сваёй жонкі. Нават у марах не было надзеі.

— Якая яна была, твая жонка? — спыталася Джулія.

— Яна была… Ці ты ведаеш навамоўнае слова дабрадум, гэта значыць добранадзейны, той, хто думае правільна, хто няздатны на благія думкі?

— Не. Слова я не ведаю, але я ведаю даволі шмат такіх людзей.

Ён пачаў апавядаць ёй гісторыю свайго сужонства, але, на яго здзіўленне, яна ўжо ведала асноўныя моманты. Яна апісала яму, быццам сама бачыла ці адчувала, як дранцвела цела Кэтрын, калі ён да яе дакранаўся, і як яна адпіхвала яго з усяе моцы, нават калі яго абдымала. Ён не адчуваў ніякай няёмкасці, гаворачы з Джуліяй пра такое. Ва ўсялякім разе Кэтрын даўно ўжо перастала быць пакутлівым успамінам. Яна стала проста непрыемным успамінам.

— Я б вытрымаў, калі б не адна рэч, — сказаў ён.

Ён расказаў Джуліі пра маленькую халодную цырымонію, да якой Кэтрын змушала яго адзін вечар на тыдзень.

— Яна ненавідзела гэта, але нішто не магло прымусіць яе ад гэтага адмовіцца. Звычайна яна называла гэта… ты ніколі не ўгадаеш як.

— Наш абавязак перад Партыяй, — дагаварыла за Ўінстана Джулія.

— Адкуль ты ведаеш?

— Я таксама вучылася ў школе, каханы. Для тых, каму споўнілася шаснаццаць, раз на месяц былі гутаркі пра палавое жыццё. Пасля тое самае было ў Юнацкім Саюзе. Гадамі камячыць тое самае. Здаецца, у большасці выпадкаў гэта дае вынікі. Але хто яго ведае. Людзі такія крывадушныя!

Яна пачала развіваць гэтую тэму. У Джуліі ўсё зводзілася да яе інтымнага жыцця. Як толькі гаворка набліжалася да гэтай тэмы, яна рабілася дасціпная і красамоўная. У адрозненне ад Ўінстана, яна зразумела прыхаваны сэнс партыйнага пурытанізму. Палавы інстынкт трэба было па магчымасці знішчыць не толькі таму, што ён ствараў асобны, непадкантрольны Партыі сусвет. Яшчэ важнейшым было тое, што палавы аскетызм вёў да істэрыі, што было вельмі пажадана, бо яе можна было ператварыць у ваяўнічы запал і адданасць партыйным правадырам. Джулія растлумачыла сваю думку наступным чынам:

— Калі займаешся каханнем, растрачваеш сваю энергію. А пасля адчуваеш сябе шчаслівым і плюеш на ўсё астатняе. Яны не могуць дапусціць, каб так было. Яны хочуць, каб у табе заўсёды кіпела энергія. Усе гэтыя маршы, дэманстрацыі, лозунгі, сцягі — усё гэта проста пракіслы палавы інстынкт. Калі ты шчаслівы ў душы, ці будзеш ты захапляцца Вялікім Братам, трохгадовымі планамі, Двуххвілінкай Нянавісці і ўсёй іншай іхняй лухтой?

Усё гэта вельмі слушна, падумаў ён. Была непасрэдная сувязь паміж цнатлівасцю і палітычнай добранадзейнасцю. Бо як яшчэ можна падтрымліваць у сябраў Партыі на патрэбным узроўні страх, нянавісць і фанатычную веру, так патрэбныя Партыі, калі не апанаваўшы нейкі магутны інстынкт і не выкарыстаўшы яго як рухавую сілу? Палавая цяга была небяспечная для Партыі, і Партыя павярнула яе на сваю карысць. У тую самую гульню яна гуляла і з бацькоўскім інстынктам. Скасаваць сям'ю было

нерэальна, і людзей заахвочвалі любіць сваіх дзяцей амаль як раней. З другога боку, дзяцей сістэматычна скіроўвалі супраць бацькоў. Іх вучылі сачыць за бацькамі і паведамляць аб іх злачынствах. Сям'я сталася, па сутнасці, працягам Паліцыі Думак. Гэта быў прыём, дзякуючы якому ўсе людзі, удзень і ўначы, жылі сярод шпіёнаў, якія іх вельмі блізка ведалі.

І раптам ён зноў падумаў пра Кэтрын. Яна без сумнення выдала б яго Паліцыі Думак, калі б не была занадта дурная, каб заўважыць нядобранадзейнасць яго поглядаў. Але пра Кэтрын яму нагадала не гэта, а задушлівая спёка, ад якой на лобе выступіў пот. Ён пачаў расказваць Джуліі, што адбылося, ці ледзь не адбылося, адзінаццаць гадоў таму, спякотным летнім днём.

Гэта было праз тры ці чатыры месяцы пасля вяселля. Яны заблудзіліся пад час калектыўнага паходу недзе ў Кенцы. Яны адсталі ад іншых і затрымаліся ўсяго на некалькі хвілін, але пасля павярнулі на другую дарогу і нечакана апынуліся на краі старога вапнавага кар'ера. Яны стаялі на вышыні ад дзесяці да дваццаці метраў, унізе былі скалы. Навокал не было нікога, у каго можна было б спытацца дарогі. Кэтрын, як толькі зразумела, што яны заблудзіліся, адчула сябе вельмі няўтульна. Быць далёка, нават на кароткі час, ад гаманлівага паходнага натоўпу было ў яе вачах благім учынкам. Яна адразу захацела вярнуцца і паспрабаваць шукаць у другім баку. Але ў гэты момант Ўінстан заўважыў некалькі кусцікаў чальчаку, што раслі якраз пад імі, у выступе скалы. Кветкі былі двух колераў, цагляна-чырвонага і барвовага, хоць раслі з аднаго кораня. Ён ніколі не бачыў нічога падобнага і паклікаў Кэтрын паглядзець на кветкі.

— Глядзі, Кэтрын! Паглядзі на гэтыя кветкі. Вунь той кусток унізе, каля падножжа скалы. Бачыш, яны розных колераў.

Яна ўжо была павярнулася, каб пайсці, але ўсё ж з раздражненнем падышла. Яна нават схілілася над урвішчам, каб убачыць мясціну, якую ён паказваў. Ён стаяў ззаду і трымаў яе за талію. Раптам ён адчуў, якія яны самотныя. Нідзе не было ніводнае чалавечае істоты, ніводны лісток не варушыўся, ніводная птушка не абудзілася. У такім месцы можна было амаль не баяцца, што недзе схаваны мікрафон, а нават калі б ён і быў, ён запісаў бы толькі лёгкі шоргат. Была самая спякотная, самая сонная гадзіна. Сонца паліла, пот цёк па Ўінстанавым лобе. І тады яму прыйшла ў галаву думка…

— Што ж ты яе не штурхануў? — спыталася Джулія. — Я абавязкова яе скінула б.

— Так, каханая, ты б скінула. І я таксама, калі б я быў тады такі, як цяпер. А можа… нават не ведаю.

— Ты шкадуеш, што не зрабіў гэтага?

— Так, увогуле шкадую.

Яны сядзелі побач на пыльнай падлозе. Ён прытуліў яе да сябе. Галава Джуліі ляжала ў яго на плячы, і прыемны водар яе валасоў перабіваў пах галубінага памёту. «Яна маладая, — падумаў ён, — яна яшчэ нечага чакае ад жыцця. Яна не разумее, што, калі скінеш са скалы таго, хто табе не даспадобы, гэта яшчэ нічога не вырашыць».

— Па праўдзе кажучы, гэта нічога б не змяніла, — сказаў ён.

— Дык чаму ж ты шкадуеш?

— Таму што я прыхільнік пазітыўных рашэнняў, вось і ўсё. У гульні, у якую мы гуляем, мы не можам выйграць. Ёсць толькі паражэнні, менш балючыя за іншыя паражэнні, і болей нічога.

Ён адчуў, як плячо Джуліі варухнулася на знак пярэчання. Яна заўсёды пярэчыла яму, калі ён казаў штосьці падобнае. Яна не згаджалася з тым, што існуе нейкі прыродны закон, згодна з якім паасобны чалавек заўсёды прайграе. Яна таксама неяк усведамляла, што яна асуджаная, што раней ці пазней Паліцыя Думак схопіць яе і заб'е. Але, з другога боку, яна спадзявалася, што можна пабудаваць свой патаемны сусвет, дзе можна жыць, як хочаш. На гэта былі патрэбныя толькі ўдача, хітрасць і адвага. Яна не разумела, што шчасця не існуе ўвогуле, што адзіная перамога чакае ў будучыні, ужо пасля смерці, і што з таго моманту, як ты абвясціў вайну Партыі, лепш адразу лічыць сябе мёртвым.

— Мы мёртвыя, — сказаў ён.

— Мы яшчэ не мёртвыя, — празаічна адказала Джулія.

— Не, не фізічна, вядома. Можна дапусціць, што мы пратрымаемся яшчэ шэсць месяцаў, год, пяць гадоў. Я баюся смерці. А ты маладая, ты, напэўна, баішся яшчэ болей за мяне. Вядома ж, мы будзем адсоўваць канец, колькі здолеем. Але гэта мала дапаможа. Пакуль людзі застаюцца людзьмі, паміж жыццём і смерцю розніцы няма.

— Усё гэта лухта! З кім ты хочаш спаць? Са мною ці са шкілетам? Ці ты не задаволены, што жывы? Ці табе не падабаецца адчуваць, што гэта ты, гэта твая рука, гэта твая нага, што ты сапраўдны, трывалы, жывы? А вось гэта, скажы, хіба гэта табе не падабаецца? Яна павярнулася і прытулілася. Ён адчуў праз камбінезон яе спелыя, пругкія грудзі. Здавалася, ад цела Джуліі яму перадаліся яе маладосць і сіла.

Поделиться с друзьями: