Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Оруэлл Джордж

Шрифт:

— Гэта мне падабаецца, — адказаў ён.

— Дык перастань тады гаварыць пра смерць. А цяпер слухай, каханы, нам трэба дамовіцца аб наступнай сустрэчы. Мы зноў можам прыйсці на палянку ў лесе. Ужо мінула дастаткова часу. Але гэты раз мы пойдзем туды другой дарогай. Я ўсё прадумала. Ты сядзеш на цягнік… Глядзі, я табе намалюю.

І, са сваёй заўсёднай практычнасцю, яна зграбла грудок пяску, разраўняла яго і, выцягнуўшы з галубінага гнязда галінку, пачала маляваць карту.

4

Ўінстан акінуў позіркам убогі пакойчык на другім паверсе крамы пана Чэрынгтана. Вялікі ложак каля акна быў засланы падранай коўдрай, на ім ляжала падушка без навалачкі. На каміннай палічцы цікаў старасвецкі гадзіннік з дванаццацігадзінным цыферблатам. У куце на складным століку лагодна свяцілася ў прыцемку шкляное прэс-пап'е,

якое ён купіў, калі апошні раз быў тут.

На каміннай кратцы стаялі керагаз, рондаль і два кубачкі, пазычаныя ў пана Чэрынгтана. Ўінстан запаліў керагаз і пачаў гатаваць ваду. Ён прынёс з сабою пакецік кавы «Перамога» і некалькі кавалачкаў сахарыну. Стрэлкі гадзінніка паказвалі сем дваццаць. А было дзевятнаццаць дваццаць. Яна мелася прыйсці ў дзевятнаццаць трыццаць.

Вар'яцтва, вар'яцтва, гучала ў яго ў галаве. Свядомае, беспрычыннае, згубнае вар'яцтва. З усіх злачынстваў, якія мог зрабіць сябра Партыі, гэтае было найцяжэй схаваць. Па праўдзе кажучы, гэтая думка спачатку прамільгнула ў яго ў галаве, як нейкае відмо: шкляное прэс-пап'е, адлюстраванае на гладкай паверхні стала. Як ён і прадбачыў, пан Чэрынгтан без ніякіх ваганняў здаў яму пакой. Ён быў відавочна задаволены, што мог зарабіць некалькі даляраў. Пры гэтым ён не надта здзівіўся і не выказаў навязлівага разумення, калі даведаўся, што пакой быў патрэбны Ўінстану для спаткання з жанчынай. Наадварот, позірк яго зрабіўся адсутны, ён пачаў гаварыць агульнымі словамі, з такім далікатным выглядам, што, здавалася, ён зрабіўся часткова нябачны. Вельмі важна мець магчымасць адасобіцца, сказаў ён. Кожны хацеў бы мець месца, дзе можна час ад часу пабыць аднаму, пры зручнай нагодзе. І калі такое месца знойдзецца, дык найбольшай пачцівасцю з боку таго, хто пра гэта ведае, было б захоўваць маўчанне. Ён нават дадаў, ужо амаль цалкам растаўшы ў паветры і перастаўшы існаваць, што ў доме ёсць два ўваходы, другі вядзе праз задні двор у бакавы завулак.

Пад акном нехта спяваў. Ўінстан, схаваны за муслінавай фіранкай, выглянуў на вуліцу. Чэрвеньскае сонца стаяла яшчэ высока ў небе, а ўнізе, у залітым сонечным святлом дворыку жанчына з грубымі чырвонымі рукамі, з зрэбным фартухом, падвязаным за пояс, хадзіла, кульгаючы, ад вялікай балеі да вяроўкі з бялізнай. Пачварная і магутная, як рымская калона, яна вешала на вяроўку белыя чатырохкутнікі, у якіх Ўінстан пазнаў дзіцячыя пялюшкі. Як толькі яе рот вызваляўся ад зашчапак, яна спявала магутным кантральта:

То была безнадзейная мара, Што сплыла, як вясною вада. Ды ад позіркаў тых і ад слоў дарагіх Назаўжды ў маім сэрцы нуда.

Мелодыя была папулярная ў Лондане апошнімі тыднямі. Гэта была адна з шматлікіх, падобных адна да адной песенек, якія падсекцыя музычнага аддзялення выпускала для пролаў. Словы іх складалі без ніякага ўдзелу чалавека прылады, што называліся версіфікатарамі. Але жанчына спявала так мілагучна, што нават самая спрашная лухта ператваралася ў амаль што прыемную песню. Ўінстан чуў, як спявае жанчына, як стукаюць па бруку яе абцасы, як крычаць на двары дзеці і як недзе далёка, глуха гудзе транспарт. Але пакой дзякуючы адсутнасці тэлегляда здаваўся надзіва ціхім.

«Вар'яцтва! вар'яцтва! вар'яцтва!» — зноў думалася яму. Было немагчыма ўявіць сабе, што яны маглі б спакойна наведваць гэтае месца больш чым некалькі тыдняў. Але спакуса мець патаемны прытулак, які б належаў толькі ім, у памяшканні, даступны, зусім побач, была занадта вялікая для абаіх. Пасля сустрэчы на званіцы нейкі час яны не маглі сустрэцца зноў. Напярэдадні Тыдня Нянавісці працоўны дзень рэзка падоўжыўся. Тыдзень меўся пачацца болей чым праз месяц, але ён вымагаў грандыёзных і складаных падрыхтоўчых мерапрыемстваў, у выніку чаго ўсіх перагружалі працай. Урэшце ім абаім удалося выкраіць сабе ў адзін дзень вольны вечар. Яны дамовіліся сустрэцца зноў на лясной палянцы. За дзень перад тым яны на хвілінку спаткаліся на вуліцы. Як звычайна, Ўінстан амаль не глядзеў на Джулію, пакуль іх нёс натоўп. Але аднаго кароткага позірку хапіла, каб заўважыць, што яна была бялейшая, чым звычайна.

— Нічога не зробіш, — шапнула яна, як толькі адчула, што можна гаварыць не баючыся. — Я маю на ўвазе заўтра.

— Што?

— Заўтра ўвечары я не змагу прыйсці.

— Чаму?

— А, звычайная прычына. Гэты раз пачалося раней.

На нейкі момант яго ахапіла шалёная злосць. За гэты месяц, што яны сустракаліся, яго пачуццё да яе змянілася. Спачатку ў ім было мала сапраўднага жадання. Іх першы палавы кантакт быў проста валявым учынкам. Але пасля другога разу ўсё змянілася. Пах яе валасоў, смак яе вуснаў, дотык яе скуры,

здавалася, напоўнілі яго самога і паветра вакол яго. Яна стала фізічнай неабходнасцю, нечым, чаго ён не проста хацеў, а адчуваў, што мае на гэта права. Калі яна сказала, што не зможа прыйсці, яму здалося, быццам яна яму здраджвае. Але якраз у гэты момант натоўп прыціснуў іх адно да аднаго і іх рукі выпадкова сустрэліся. Яна хуценька паціснула кончыкі яго пальцаў, каб абудзіць у ім не жаданне, а пяшчотную прыязнасць. Ўінстану прыйшла думка, што, калі жывеш з жанчынай, гэтыя перыядычныя расчараванні — звычайная рэч. Глыбокая пяшчота, якую ён яшчэ ніколі да яе не адчуваў, апанавала яго. Яму хацелася б, каб яны былі жанатыя ўжо дзесяць гадоў. Яму хацелася б, каб яны маглі гуляць па вуліцы, так як цяпер, але адкрыта, не баючыся, і гаварыць пра звычайныя рэчы, купляючы нейкую дробязь для гаспадаркі. А больш за ўсё хацеў, каб у іх было месца, дзе яны маглі б заставацца адны, не мусячы пры кожнай сустрэчы займацца каханнем. Але ідэя наняць пакой у пана Чэрынгтана прыйшла яму не тады, а праз дзень. Калі ён сказаў пра гэта Джуліі, яна згадзілася з нечаканай гатовасцю. Абое ведалі, што гэта вар'яцтва. Яны нібы самахоць наблізіліся да магілы. І пакуль ён сядзеў на краі ложка і чакаў, яму зноў падумалася пра сутарэнні Міністэрства Любові. Было дзіўна, як гэты непазбежны наканаваны жах то з'яўляўся, то знікаў са свядомасці. Ён быў тут, у найбліжэйшай будучыні, ён непазбежна папярэднічаў смерці, як дзевяноста дзевяць папярэднічае сотні. Пазбегнуць гэтага было немагчыма, можа, толькі адкласці; аднак жа час ад часу людзі свядома, наўмысна скарачалі час, што ім заставаўся да жахлівага наканавання.

Са сходаў пачуліся хуткія крокі. Джулія ўварвалася ў пакой. Яна трымала ў руцэ торбу з грубага бурага палатна, ён часта бачыў яе з гэтай торбай у міністэрстве. Ён кінуўся, каб абняць яе, але яна хуценька вырвалася з абдымкаў, усё яшчэ трымаючы торбу.

— Хвілінку, — сказала яна. — Я толькі пакажу табе, што я прынесла. Ты прынёс гэтую паскудную каву «Перамога»? Я так і думала. Можаш выкінуць яе. Яна нам не спатрэбіцца. Глядзі.

Яна ўпала на калені, адкрыла торбу і выкінула адтуль ключы і шрубакрут, што ляжалі зверху. Пад імі было некалькі чыстых папяровых пакецікаў. Першы пакецік, які яна падала Ўінстану, выклікаў дзіўнае, але неяк няясна знаёмае пачуццё. У ім было цяжкае сыпкае рэчыва, мяккае навобмацак.

— Што гэта? Цукар? — спытаўся ён.

— Сапраўдны цукар. Не сахарын — цукар. А вось бохан хлеба, сапраўднага белага хлеба, а не гэтага паскудства, а вось — слоік з варэннем. А вось малако. Але глядзі! Гэта сапраўдная раскоша. Я мусіла нават абгарнуць тканінай, бо…

Але ёй не трэба было казаць, нашто яна абгарнула. Пах ужо разліўся ў пакоі — багаты і густы пах, падобны да пахаў ранняга маленства, які часам сустракаўся нават і цяпер. Часам ён чуўся ў нейкім праходзе, пакуль з грукатам не зачыняліся дзверы; ён загадкава лунаў у натоўпе людзей, паяўляўся і губляўся зноў.

— Гэта кава, — прашаптаў ён, — сапраўдная кава.

— Гэта кава для сябраў Унутранай Партыі. Тут цэлы кілаграм, — сказала яна.

— Як ты ўсё гэта дастала?

— Гэта ўсё прадукты для Ўнутранай Партыі. У гэтых свінняў ёсць усё, абсалютна ўсё. Але, вядома, афіцыянты, слугі, людзі крадуць патроху і… Глядзі, тут яшчэ ёсць пакецік з гарбатай.

Ўінстан прысеў побач з ёй. Ён абарваў ражочак пакета і раскрыў яго.

— Гэта сапраўдная гарбата. Не парэчкавае лісце.

— Нядаўна завезлі вялікую партыю гарбаты. Яны заваявалі Індыю ці нейкую іншую краіну, — сказала яна няпэўна. — Але паслухай, любы мой. Адвярніся, калі ласка, на тры хвіліны. Сядзь на той край ложка. Не надта блізка да акна. І не паварочвайся, пакуль я не скажу.

Ўінстан няўважна глядзеў праз муслінавую фіранку. Унізе, у двары, жанчына з чырвонымі рукамі ўсё яшчэ сноўдалася паміж балеяй і вяроўкай. Яна дастала з рота дзве драўляныя зашчапкі і натхнёна заспявала:

Кажуць, з часам загояцца раны І не ўспомніш пра боль, пра ману. Але слёзы і смех тых забытых уцех Закрануць майго сэрца струну.

Здавалася, яна ведала на памяць усе словы гэтай ідыёцкай песні. Яе голас, мілагучны і шчасліва-сумны, гучаў у цёплым летнім паветры. Здавалася, што яна і сапраўды шчаслівая, толькі б гэты чэрвеньскі дзень цягнуўся бясконца, а балея з бялізнай была бяздонная; яна мела б за шчасце заставацца тут тысячу гадоў, развешваць пялюшкі і спяваць розную лухту. Ўінстана ўразіў дзіўны факт: ён ніколі не чуў, каб сябра Партыі спяваў адзін і сам сабе. Гэта здалося б трошкі нядобранадзейным, гэта быў бы небяспечны выбрык, як размова з самім сабой. Можа, толькі людзям, якім пагражае галодная смерць, няма чаго баяцца, і яны спяваюць.

Поделиться с друзьями: