Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Оруэлл Джордж

Шрифт:

Часам ён расказваў ёй пра аддзел дакументацыі і пра ганебныя фальшаванні, што там чыняцца. Здавалася, гэтыя справы зусім яе не палохалі. Яна не адчувала бездані пад нагамі пры думцы, што хлусня стаецца праўдай. Ён расказаў ёй гісторыю Джоўнза, Эрансана і Радэрфорда і пра тую надзвычай важную газетную выцінку, якую ён аднойчы трымаў у руках. Яе гэта не надта ўразіла. Спачатку яна нават не зразумела, у чым сутнасць гэтай гісторыі.

— Гэта былі твае сябры? — спыталася яна.

— Не, я ніколі іх не ведаў. Гэта былі сябры Ўнутранай Партыі. Да таго ж, значна старэйшыя за мяне. Яны былі са старых, дарэвалюцыйных часоў. Я толькі ведаў іх з твару.

— Дык за што ж ты тады так перажываў? Заўсёды ж некага забіваюць, праўда?

Ён паспрабаваў ёй растлумачыць.

— Гэта быў выключны выпадак. Тут гаворка

не проста пра тое, што некага прыкончылі. Ці разумееш ты, што мінулае, аж да ўчарашняга дня, было знішчана, сцерта з памяці! Калі яно дзе і застаецца, дык толькі ў нешматлікіх нежывых рэчах, да якіх не прывязаны словы, вось як гэты кавалак шкла на стале. Мы ўжо амаль нічога не ведаем пра Рэвалюцыю і пра тое, што было да яе. Усе дакументы былі знішчаныя або сфальшаваныя, усе кнігі перапісаныя, усе карціны перамаляваныя нанава, усе помнікі, вуліцы, будынкі перайменаваныя, усе даты змененыя. І працэс гэты працягваецца кожны дзень, кожную хвіліну. Гісторыя спынілася. Не існуе нічога, акрамя вечнай цяпершчыны, дзе Партыя заўсёды мае рацыю. Вядома, я ведаю, што мінулае сфальшавана, але я ніколі б не здолеў гэтага давесці, нават калі я і сам удзельнічаў у фальшаванні. Як толькі справа зроблена, ніякіх доказаў не застаецца. Адзіны доказ існуе ў маёй галаве, і ў мяне няма ніякай пэўнасці, што яшчэ хоць адна чалавечая істота памятае тое, што і я. Толькі той адзіны раз у жыцці я трымаў у руках фактычны канкрэтны доказ.

— І што гэта дало?

— Нічога, бо праз пару хвілін я выкінуў тую паперку. Але, калі б гэта адбылося сёння, я б яе захаваў.

— А я — не, — адказала Джулія. — Я гатовая рызыкаваць, але дзеля чагосьці вартага, не дзеля нейкага газетнага шматка. Што б ты з ім рабіў, нават калі б і захаваў?

— Можа б, і нічога, але гэта быў доказ. Магчыма, сям-там ён пасеяў бы сумненні, калі б я наважыўся яго некаму паказаць. Не думаю, каб мы маглі нешта змяніць за сваё жыццё. Але можна ўявіць, што вузельчыкі супраціву маглі б сям-там завязацца, купкі людзей злучаліся б, і іх было б усё болей і болей, і яны маглі б нават пакінуць па сабе нейкія запісы, каб наступнае пакаленне магло прадоўжыць справу там, дзе спыніліся мы.

— Наступнае пакаленне мяне не цікавіць, любы. Што мяне цікавіць, дык гэта — мы.

— Ты бунтаўніца толькі ніжэй поясу, — адказаў Ўінстан.

Яго жарт здаўся ёй страшна дасціпным, і яна абняла яго ў захапленні.

Яе зусім не цікавіла вучэнне Партыі ў дэталях і падрабязнасцях. Кожны раз, як ён пачынаў гаварыць пра прынцыпы Ангсоцу, пра двухдумства, пра зменлівасць мінулага, пра адмаўленне аб'ектыўнай рэальнасці і ўжываў пры гэтым навамоўныя словы, яна нудзілася, і бянтэжылася, і казала, што ніколі не зважала на гэтыя рэчы. І так вядома, што ўсё гэта лухта, дык нашто сабе галаву забіваць? Яна ведала, калі пляскаць у далоні, калі крычаць ад абурэння, і гэтага было дастаткова. Калі ён упарта працягваў гэткія размовы, яна звычайна засынала. Яна была з тых людзей, што могуць засынаць у любы час і ў любым становішчы. Гаворачы з ёй, ён зразумеў, як лёгка ўдаваць добранадзейнасць, не маючы нават найменшага ўяўлення, што гэта значыць. У пэўным сэнсе, партыйны светапогляд найбольш паспяхова прышчапляўся тым, хто няздольны яго зразумець. Такія людзі маглі прыняць нават самае відавочнае перакрыўленне рэальнасці, бо яны ніколі не маглі ахапіць розумам велізарнасць таго, што ад іх патрабавалі, і недастаткова цікавіліся грамадскімі праблемамі, каб заўважыць, што адбываецца навокал. Недахоп разумення дазваляў ім захаваць здаровы розум. Яны папросту праглыналі ўсё, і праглынутае ніколі не прыносіла ім ніякай шкоды, бо не пакідала ў іх ніякіх рэштак, гэтаксама як зярняты, праглынутыя птушкай, выходзяць з птушынага арганізма неператраўленыя.

6

Нарэшце гэта адбылося. Доўгачаканая вестка прыйшла. Ўінстану здавалася, што ён чакаў гэтага моманту ўсё сваё жыццё.

Ён ішоў доўгім міністэрскім калідорам і амаль на тым самым месцы, дзе Джулія ўсунула яму ў руку цыдульку, пачуў, што нехта мажнейшы за яго ступае ззаду. Невядомая пакуль што асоба кашлянула, відавочна, падаючы знак, каб загаварыць. Ўінстан раптоўна спыніўся і азірнуўся. Гэта быў О'Браэн.

Нарэшце яны былі сам-насам, і Ўінстану

здавалася, што адзіным яго жаданнем цяпер было ўцячы. Сэрца шалёна калацілася. Ён не здолее вымавіць ні слова. О'Браэн, аднак, прайшоў спакойна, на момант па-сяброўску ўзяў Ўінстана за руку, так, што яны пайшлі побач. Ён загаварыў з паважнай і адмысловай высакароднасцю, якая адрознівала яго ад большасці сябраў Унутранай Партыі.

— Я чакаў нагоды з вамі пагаварыць, — сказаў ён. — Неяк днямі я прачытаў ваш навамоўны артыкул у «Таймз». Вы, відаць, цікавіцеся навамоўем як спецыяліст?

Да Ўінстана пачаў вяртацца разважлівы спакой.

— Спецыяліст? О не. Я ўсяго толькі аматар, — адказаў ён. — Гэта не мая галіна. Я ніколі не меў дачынення да сучаснага моўнага будаўніцтва.

— Але вы пішаце вельмі зграбна, — сказаў О'Браэн. — І не адзін я так думаю. Нядаўна я гаварыў з адным вашым сябрам, ён, пэўна, эксперт у гэтай справе. Не магу цяпер прыгадаць яго імя.

Ўінстанава сэрца зноў шалёна забілася. Гэта не магло быць нічым іншым, як згадкай пра Сайма. Але Сайм быў не толькі мёртвы, ён быў выпараны, ён быў нечалавек. Любая відавочная спасылка на яго была смяротна небяспечная. Заўвага О'Браэна, напэўна, мусіла быць зразуметая як сігнал, як шыфр. Учыніўшы гэткае думзлачынства, яны сталі супольнікамі. Яны павольна ішлі далей па калідоры, пакуль О'Браэн не спыніўся. Забаўным, даверліва-прыязным рухам ён паправіў на носе акуляры і сказаў:

— Што я хацеў вам сказаць — у вашым артыкуле вы ўжылі састарэлыя словы. Але састарэлі яны зусім нядаўна. Ці бачылі вы 10-е выданне Слоўніка навамоўя?

— Не, — адказаў Ўінстан. — Я не думаў, што яно ўжо выйшла. Мы ў аддзяленні дакументацыі яшчэ карыстаемся дзевятым.

— Дзесятае выданне, я думаю, з'явіцца толькі праз пару месяцаў. Але некалькі асобнікаў ужо пушчаны ва ўжытак. Я сам маю адзін. Можа, вам будзе цікава паглядзець?

— Вельмі цікава, — адказаў Ўінстан, адразу зразумеўшы, куды хіліць гутарку О'Браэн.

— Некаторыя навінкі там проста геніяльныя. Скарачэнне колькасці дзеясловаў — думаю, вам гэта найбольш спадабаецца. Як жа мне перадаць вам слоўнік? Можа, паслаць каго, каб вам занеслі? Але я баюся, што я, як звычайна, проста забудуся. Ці, можа, зойдзеце да мяне, як будзе час? Пачакайце, я дам вам адрас.

Яны стаялі перад тэлеглядам. Няўважна абмацаўшы кішэні, О'Браэн выцягнуў адтуль маленькі нататнік у скураной вокладцы і залаты чарнакрэс. Пад самым тэлеглядам, так, што любы наглядчык на другім канцы мог прачытаць, што ён піша, ён накрэмзаў адрас, вырваў старонку і падаў яе Ўінстану.

— Вечарамі я звычайна бываю дома, — сказаў ён. — Калі не будзе мяне, слоўнік перадасць вам мой слуга.

Ён пайшоў, пакінуўшы Ўінстана з паперкай у руцэ. Гэтым разам цыдулку не трэба было хаваць. Тым не меней ён уважліва прачытаў і запомніў напісанае і праз некалькі гадзін кінуў цыдулку разам з кучай іншых паперак у дзіру памяці.

Яны гаварылі не болей за дзве хвіліны. Сустрэча гэтая магла значыць толькі адно: яна была задумана, каб паведаміць Ўінстану адрас О'Браэна. Гэта было неабходна, бо даведацца пра нечы адрас можна было, толькі спытаўшыся ў самога адрасата. Ніякіх даведнікаў не існавала. «Калі захочаце мяне ўбачыць, знойдзеце мяне там», — вось што сказаў яму О'Браэн. А можа, нейкае сакрэтнае пасланне будзе схаванае ў самім слоўніку. Але, ва ўсялякім разе, было зразумела адно. Змоўніцкая арганізацыя, пра якую ён марыў, існавала, і ён выйшаў з ёю на сувязь.

Ён ведаў, што раней ці пазней яму прыйдзецца падпарадкоўвацца загадам О'Браэна. Можа, заўтра, а можа, яшчэ не так хутка — ён не ведаў. Ва ўсялякім разе, тое, што цяпер адбывалася, было працягам працэсу, які пачаўся шмат гадоў таму. Першым крокам была патаемная, міжвольная думка. Другім крокам быў дзённік. Ён перайшоў ад думак да слоў, а цяпер пераходзіў ад слоў да спраў. Апошнім крокам будзе нешта, што адбудзецца ў Міністэрстве Любові. І ён загадзя пагадзіўся з гэтым. Канец можна было прадбачыць ужо напачатку. Але было ў гэтым нешта жахлівае, ці, дакладней кажучы, гэта было нібы прадчуванне смерці, гэта было як быць трошкі меней жывым. Нават калі ён гаварыў з О'Браэнам, яго працінаў ледзяны холад, калі да яго свядомасці даходзіў сэнс слоў. Яму здавалася, што ён сыходзіць у глыбокую магілу, і яму не было лягчэй ад таго, што ён ведаў заўсёды: магіла тут, яна яго чакае.

Поделиться с друзьями: