1984
Шрифт:
— Што да прызнанняў, — сказала яна, — дык мы прызнаемся так ці так. Усе прызнаюцца. Нічога не зробіш. Там катуюць.
— Я маю на ўвазе не прызнанне. Прызнацца — не значыць здрадзіць. Важна не тое, што ты скажаш ці зробіш. Важна тое, што ты будзеш адчуваць. Калі яны прымусяць мяне перастаць цябе кахаць — вось тады будзе сапраўдная здрада.
Яна задумалася.
— Яны не здолеюць гэтага зрабіць, — сказала яна ўрэшце. — Гэта адзінае, што ім не пад сілу. Яны могуць прымусіць нас сказаць усё, што захочуць, але яны не могуць змусіць нас у гэта паверыць. Яны не могуць залезці нам у душу.
— І праўда, — сказаў ён, трохі акрыяўшы духам. — Праўда, яны не могуць залезці ў душу. Калі адчуваеш, што варта заставацца чалавекам, значыць, ты перамог.
Ён падумаў пра тэлегляд з заўсёды настаўленым вухам. Яны могуць сачыць удзень
8
Нарэшце яны зрабілі гэта!
Яны стаялі ў доўгім мякка асветленым пакоі. Гук у тэлеглядзе быў прыглушаны да ціхага шэпту. Раскошны сіні дыван быў пяшчотны, як аксаміт. У другім канцы пакоя за сталом пад лямпай з зялёным каптуром сядзеў О'Браэн. Абапал яго на стале ляжалі стосы паперы. Ён нават не падняў вачэй, калі слуга ўвёў Джулію і Ўінстана.
Сэрца Ўінстана калацілася так моцна, што ён баяўся, ці здолее гаварыць. Яны зрабілі гэта — была яго адзіная думка. Было неабачлівым глупствам увогуле прыйсці сюды, і ўжо сапраўдным вар'яцтвам — з'явіцца ўдваіх; хоць яны і прыйшлі рознымі дарогамі і сустрэліся толькі каля самых дзвярэй О'Браэна. Нават каб проста хадзіць у гэтых мясцінах, патрабавалася адчайная адвага. Толькі ў рэдкіх выпадках можна было пабачыць, як жывуць сябры Ўнутранай Партыі, ці хоць трапіць у квартал, дзе яны жывуць. Уся атмасфера вялізнага дамовага блока, пышнасць і раскоша ўсяго, што было навокал, нязвычныя пахі добрай ежы і добрага тытуню, бясшумныя і неверагодна хуткія ліфты, што паднімаліся і апускаліся без штуршкоў, слугі ў белых марынарках, што сноўдалі сюды-туды — усё гэта наводзіла на страх. Хоць Ўінстан і меў важкую прычыну сюды прыйсці, усё ж на кожным кроку яго мучыў страх, што з-за рага з'явіцца патрульны ў чорнай уніформе, запатрабуе ў яго дакументы і загадае выйсці. Аднак слуга О'Браэна сустрэў іх абаіх без пярэчанняў. Гэта быў нізенькі чарнявы чалавечак, падобны да кітайца, апрануты ў белую марынарку, з ромбападобным безуважным тварам.
Калідор, па якім ён іх вёў, быў засланы пышным дываном, на сценах былі крэмавыя шпалеры і белая шалёўка, усё блішчала ад чысціні. І гэта таксама дадавала страху. Ўінстан не памятаў, ці бачыў ён калі ў жыцці калідор са сценамі, не запэцканымі плямамі ад дотыкаў чалавечых цел.
О'Браэн трымаў у руках кавалачак паперы і, здавалася, уважліва яго вывучаў. Яго важкі твар, нахілены так, што былі відны абрысы носа, здаваўся адначасова страшным і інтэлігентным. Секунд дваццаць ён сядзеў нерухома. Пасля падсунуў да сябе мовапіс і прадыктаваў распараджэнне на гібрыдным міністэрскім жаргоне:
— «Пункт адзін коска пяць коска сем цалкам прыняты кропка прапанова пункт шэсць звышплюссмешны блізка думзлачын скасаваць кропка спыніць будаўніцтва перадмець плюс поўны разлік тэхніка кропка канец распарад».
Ён паспешна падняўся з крэсла і выйшаў ім насустрач па дыване, што мякка заглушаў яго крокі. Нешта афіцыйнае, здавалася, адляцела ад яго разам з навамоўнымі словамі, але твар у яго быў змрачнейшы, чым звычайна, быццам ён быў незадаволены, што яго патурбавалі. Да страху, якім быў ахоплены Ўінстан, цяпер дадалося і нейкае звычайнае замяшанне. Яму здалося цалкам магчымым, што ён зрабіў недарэчную памылку. Бо і сапраўды, які ён меў рэальны доказ, што О'Браэн — нейкі палітычны змоўшчык? Адзін толькі абмен позіркамі і нязначная двухсэнсоўная заўвага. Ну і яшчэ яго ўласныя патаемныя меркаванні, заснаваныя на даўнім сне. Ён не мог нават спаслацца на тое, што прыйшоў толькі каб узяць слоўнік, бо тады немагчыма было б растлумачыць прысутнасць Джуліі. Калі О'Браэн праходзіў міма тэлегляда, яму ў галаву прыйшла нейкая ідэя. Ён спыніўся,
павярнуўся і націснуў кнопку на сцяне. Штосьці рэзка пстрыкнула. Голас змоўк.Джулія крыкнула ад здзіўлення. Нягледзячы на свой страх, Ўінстан быў так уражаны, што не змаўчаў.
— Вы можаце яго выключыць! — сказаў ён.
— Так, — адказаў О'Браэн. — Мы можам яго выключыць. Мы маем такую прывілею.
Цяпер ён стаяў перад імі. Яго магутная постаць узвышалася над імі, выраз твару ўсё яшчэ быў непранікальны. Ён чакаў, нават з нейкай непрыязнасцю, пакуль Ўінстан пачне гаварыць. Але што яму было сказаць? Нават і цяпер цалкам можна было дапусціць, што О'Браэн проста вельмі заняты чалавек, які раздражнёна пытаўся, нашто яго патурбавалі. Усе маўчалі. Пасля таго як быў выключаны тэлегляд, у пакоі запанавала мёртвая ціша. Пакутліва цягнуліся секунды. Ўінстан працягваў напружана глядзець у вочы О'Браэну. Раптам змрочны твар памякчэў, на ім прамільгнуў лёгкі цень усмешкі. Сваім характэрным рухам О'Браэн падправіў на носе акуляры.
— Ну што, сказаць мне ці вы самі скажаце? — запытаўся ён.
— Скажу я, — паспешліва прамовіў Ўінстан. — Гэтая штука сапраўды выключаная?
— Так, усё выключана. Мы адны.
— Мы прыйшлі, каб…
Ён спыніўся, упершыню адчуўшы цьмянасць і невыразнасць сваіх памкненняў. Ён папраўдзе і не ведаў, якое дапамогі чакае ад О'Браэна, і таму яму было цяжка сказаць, чаму ён прыйшоў. Ён працягваў, адчуваючы, што словы яго гучаць напышліва і непераканаўча.
— Мы думаем, што існуе нейкая таямнічая падпольная арганізацыя, якая дзейнічае супраць Партыі, і што вы да яе належыце. Мы хочам далучыцца да гэтай арганізацыі і працаваць на яе. Мы — ворагі Партыі. Мы не верым у прынцыпы Ангсоцу. Мы — думзлачынцы. І яшчэ мы чужаложнікі. Я кажу гэта вам, бо мы хочам аддацца на вашу літасць. Калі вы хочаце, каб мы абвінавацілі сябе іншым чынам, дык мы гатовыя.
Ўінстан спыніўся і паглядзеў цераз плячо, адчуўшы, што дзверы расчыніліся. І праўда, у пакой не пастукаўшы ўвайшоў жаўтатвары слуга. Ўінстан убачыў, што ён нясе паднос з графінам і чаркамі на ім.
— Марцін — адзін з нашых, — сказаў безуважна О'Браэн. — Сюды чаркі, Марцін. Пастаў іх на круглы столік. Крэслаў хапае? Тады мы можам сесці і гаварыць. Прынясі сабе крэсла, Марцін. Мы будзем гаварыць пра справы. Можаш хвілін на дзесяць перастаць быць слугой.
Чалавечак сеў, уладкаваўся ямчэй у крэсле, але ўсё ж неяк па-прыслужніцку, як упрывілеяваны лёкай. Ўінстан разглядаў яго краем вока. Ён зразумеў, што ўсё жыццё гэтага чалавека было тэатрам і ён баяўся хоць на імгненне выйсці са сваёй ролі.
О'Браэн узяў графін за рыльца і наліў у чаркі цёмна-чырвонай вадкасці. Гэты яго рух абудзіў у Ўінстане цьмяны ўспамін аб нечым, што ён бачыў даўным-даўно на нейкім муры ці рэкламным шчыце: вялізная бутэлька з неонавых трубак, якая нібыта паднімалася і нахілялася і вылівала змесціва ў шклянку. Калі глядзець зверху, вадкасць здавалася амаль чорнай, але ў графіне яна свяцілася, як рубін. Пахла яна кісла-салодка. Ён убачыў, як Джулія ўзяла сваю чарку і са шчырай цікаўнасцю панюхала.
— Гэта завецца віном, — сказаў О'Браэн з лёгкай усмешкай. — Вы павінны ведаць пра яго з кніжак. На жаль, знешняй Партыі яго дастаецца няшмат. — Яго твар зноў зрабіўся паважны, і ён падняў чарку. — Я думаю, цяпер самая пара за нешта выпіць. За нашага Правадыра — Эмануіла Гольдштэйна!
Ўінстан нецярпліва схапіў чарку. Пра віно ён чытаў і даўно пра яго марыў. Як і прэс-пап'е, і напалову прыгаданыя панам Чэрынгтанам вершыкі, віно належала да зніклай рамантычнай мінуўшчыны, да даўніны, як ён патаемна яе называў. Чамусьці ён заўсёды думаў, што віно вельмі салодкае, як парэчкавае варэнне, і адразу п'яніць. Цяпер жа, глынуўшы, ён зусім расчараваўся. Пасля ўсіх тых гадоў, калі ён піў толькі джын, ён ужо быў няздатны адчуць смак віна. Ён апусціў на стол пустую чарку.
— Дык, значыць, чалавек, які завецца Гольдштэйн, сапраўды існуе? — спытаўся ён.
— Так. Ён існуе, і ён жывы. Дзе — не ведаю.
— А падполле? Арганізацыя? Яна сапраўдная? Ці гэта проста выдумка Паліцыі Думак?
— Не. Яна сапраўдная. Мы называем яе Братэрства. Вы ніколі не даведаецеся пра Братэрства нічога, апроч таго, што яно існуе і што вы да яго належыце. Я яшчэ буду пра гэта гаварыць, — ён зірнуў на гадзіннік. — Нават для сябраў Унутранай Партыі непажадана выключаць тэлегляд болей чым на паўгадзіны. Вам не варта было прыходзіць удваіх, ва ўсякім разе адсюль вы пойдзеце паасобку. Вы, таварыш, — сказаў ён, кіўнуўшы Джуліі, — пойдзеце першая. У нас застаецца каля дваццаці хвілін. Вы разумееце, што спачатку я мушу задаць вам некалькі пытанняў. Увогуле: што вы гатовыя зрабіць?