1984
Шрифт:
Мяркуецца, што сябра партыі не можа мець ніякіх прыватных пачуццяў і што яго энтузіязм ніколі не згасае. Ён павінен жыць у няспынным шале нянавісці да знешніх ворагаў і ўнутраных здраднікаў, захапляцца перамогамі, пакорліва схіляцца перад сілаю і мудрасцю Партыі. Пачуццё незадаволенасці, што ўзнікае ад убогага, абмежаванага жыцця, свядома накіроўваецца вонкі і рассейваецца з дапамогаю мерапрыемстваў накшталт Двуххвілінкі Нянавісці. Думкі, якія маглі б прывесці да сфармавання скептычных або бунтаўнічых поглядаў, забіваюцца загадзя шляхам унутранае дысцыпліны, прышчэпленай з малых гадоў. Першая, найпрасцейшая ступень дысцыпліны, якой можна навучыць нават малых дзяцей, завецца на навамоўі стопзлачын. Стопзлачын — гэта здольнасць рэзка, нібы інстынктыўна, спыніцца на парозе небяспечнае думкі. Ён уключае ў сябе ўменне не адчуваць аналогій, не заўважаць лагічных памылак, не разумець нават найпрасцейшых аргументаў, калі яны пярэчаць Ангсоцу. Сюды ўваходзіць таксама здольнасць адчуваць нуду або агіду да любога ладу мыслення, які можа звесці на аблудны кірунак. Карацей кажучы, стопзлачын азначае ахоўную дурасць. Але адной дурасці мала. Наадварот, добранадзейнасць, у пэўным сэнсе, патрабуе ад усіх гэткага ж поўнага кантролю над сваімі думкамі, як у акрабата над целам. Акіянійскае грамадства трымаецца ўрэшце на веры, што Вялікі Брат усемагутны, а Партыя — бясхібная.
Зменьванне мінуўшчыны неабходнае з дзвюх прычын, адна з якіх з'яўляецца другараднаю і, так бы мовіць, прэвентыўнаю. Гэтая прычына палягае ў тым, что сябра Партыі, гэтак жа, як і пралетарый, церпіць цяперашнія жыццёвыя ўмовы часткова таму, што яму няма з чым іх параўнаць. Ён мусіць быць адрэзаны ад мінуўшчыны гэтак жа, як ён адрэзаны ад замежных краін, бо неабходна, каб ён верыў, што жыве лепш, чым яго продкі, і каб ён думаў, што сярэдні ўзровень матэрыяльных дабротаў няспынна павышаецца. Аднак значна важнейшаю прычынай для зменьвання мінуўшчыны ёсць неабходнасць забяспечыць бясхібнасць Партыі. Усе прамовы, лічбы, справаздачы мусяць прыводзіцца ў адпаведнасць з надзённымі партыйнымі патрабаваннямі не толькі на тое, каб давесці дакладнасць усіх прадказанняў Партыі ва ўсіх выпадках. Справа ў тым, што Партыя не можа дапусціць змены ў дактрыне або ў палітычнай лініі. Перамяніць сваё рашэнне ці нават сваю палітыку значыла б прызнацца ў сваёй слабасці. Калі, напрыклад, Эўразія ці Ўсходазія (няважна, каторая з іх) на сённяшні дзень з'яўляецца ворагам, трэба, каб гэтая краіна была ворагам і ва ўсе ранейшыя часы, і калі факты сведчаць пра іншае, дык гэтыя факты трэба падправіць. Такім чынам, гісторыя няспынна перапісваецца. Гэтае штодзённае фальшаванне мінуўшчыны, выконванае Міністэрствам Праўды, гэтак жа неабходнае для моцы рэжыму, як і рэпрэсіўна-шпіёнская дзейнасць Міністэрства Любові.
Зменлівасць мінуўшчыны — асноўны прынцып Ангсоцу. Мінулыя падзеі, як лічыцца, не існуюць аб'ектыўна, а захоўваюцца толькі ў пісьмовых дакументах і ў чалавечай памяці. Мінуўшчына выглядае так, як падаюць яе дакументы і ўспаміны. Калі ж Партыя поўнасцю кантралюе ўсе дакументы, а таксама думкі сваіх сябраў, дык з гэтага вынікае, што мінуўшчына выглядае так, як хоча Партыя. З гэтага таксама вынікае, што хоць мінуўшчына і зменлівая, яна ніколі не была змененая ў нейкім канкрэтным выпадку. Бо калі яна пераствораная ў форме, патрабаванай у дадзены момант, дык гэтая новая версія і ёсць мінуўшчына, і ніякае іншае мінуўшчыны няма і не магло быць. Гэта застаецца слушным нават тады, калі, як гэта часта здараецца, тую самую падзею неабходна змяніць да непазнавальнасці некалькі разоў на працягу аднаго года. Ва ўсе часы Партыя валодае абсалютнаю ісцінай, а абсалютнае, зразумела, ніколі не можа быць інакшае, чым цяпер. Мы яшчэ ўбачым, што кантроль над мінуўшчынай залежыць перш за ўсё ад працы над памяццю. Пераканацца, што ўсе пісьмовыя запісы адпавядаюць палітычным устаноўкам бягучага моманту, зусім няцяжка, гэта чыста механічны акт. Але неабходна таксама памятаць, што мінулыя падзеі адбываліся менавіта так, як сцвярджаецца цяпер. Калі ж пры гэтым даводзіцца падпраўляць сваю памяць або фальшаваць пісьмовыя запісы, дык неабходна адразу ж пра гэта забыцца, як толькі справа зроблена. Гэтаму можна навучыцца, як і кожнаму іншаму разумоваму прыёму. І гэтаму навучаецца большасць сябраў Партыі, усе, каго можна лічыць разумным і добранадзейным. На старамоўі гэта звалася зусім шчыра: «Кантроль рэчаіснасці».
На навамоўі гэта завецца двухдумства, хоць паняцце двухдумства значна шырэйшае.
Двухдумства азначае здольнасць трымаць у свядомасці два супярэчныя меркаванні адначасова і пагаджацца з абодвума. Партыйны інтэлектуал ведае, у якім кірунку трэба трансфармаваць сваю памяць; такім чынам, ён ведае, што маніпулюе рэчаіснасцю; але, ужываючы двухдумства, ён пераконвае сябе, што рэчаіснасць застаецца непарушаная. Гэты працэс мусіць быць свядомы, бо інакш ён не будзе выкананы з дастатковай дакладнасцю, але ён мусіць быць таксама і несвядомы, бо інакш ён выклікае пачуццё несапраўднасці, а значыць, і віны. Двухдумства спачывае ў самім сэрцы Ангсоцу, бо асноўны метад Партыі палягае ў тым, каб свядома чыніць махлярства, захоўваючы пры гэтым цвёрдасць намераў, заснаваных на поўнай шчырасці. Наўмысна казаць хлусню, шчыра верачы ў яе, забыцца на факты, што сталіся неадпаведнымі бягучаму моманту, а калі зноў будзе неабходна, вярнуць іх з забыцця якраз настолькі, наколькі трэба, адмаўляць існаванне аб'ектыўнае рэчаіснасці, але ўвесь час лічыцца з гэтай адмоўленай рэчаіснасцю — усё гэта абсалютна неабходна. Нават ужываючы слова «двухдумства», трэба праявіць двухдумства, бо той, хто ўжывае гэтае слова, разумее, што тым самым фальшуе рэчаіснасць, і каб сцерці са свядомасці гэтае разуменне, неабходны новы акт двухдумства — і так да бясконцасці, прычым мана заўсёды будзе на адзін крок апераджаць праўду. Партыя здолела — і, як усе мы ведаем, яшчэ тысячы гадоў будзе здольная — спыняць хаду гісторыі.
Усе былыя алігархіі страцілі ўладу або праз тое, што яны закасцянелі, або праз тое, што змякчэлі і адрузлі. Яны або сталіся напышлівымі і фанабэрнымі, няздольнымі прыстасавацца да зменлівых абставін, і былі зрынутыя; або, стаўшы ліберальнымі і баязлівымі, саступалі там, дзе мусілі ўжыць сілу, і таксама былі зрынутыя. Гэта значыць яны загінулі або праз свядомасць, або праз несвядомасць. Дасягненнем Партыі было тое, што яна выпрацавала сістэму думак, у якой абедзве ўмовы могуць існаваць адначасова. І толькі на гэтай інтэлектуальнай падставе панаванне Партыі магло ўсталявацца навечна. Той, хто пануе і хоча працягнуць сваё панаванне, мусіць умець дэфармаваць пачуццё рэчаіснасці. Бо сакрэт панавання палягае ў тым, каб спалучаць веру ў сваю бясхібнасць з уменнем вучыцца на сваіх памылках.
Наўрад ці трэба казаць, што найбольш спрактыкаваныя ў двухдумстве тыя, хто вынайшаў двухдумства і ведае, што гэта — шырокая сістэма разумовага махлярства. У нашым грамадстве тыя, хто найлепш ведае, што адбываецца навокал, якраз найменш за ўсіх здольныя ўспрымаць свет, якім ён ёсць. Увогуле: чым
болей разумення, тым болей аблуды, чым чалавек больш інтэлігентны, тым менш у яго здаровага розуму. Яскравы прыклад гэтаму — факт, што ваенная істэрыя павышаецца разам з падняццем угору па сацыяльнай лесвіцы. Найбольш набліжаецца да разумнага ўспрымання вайны жыхарства спрэчных тэрыторый. Для гэтых людзей вайна — гэта проста бясконцае бедства, што пракочваецца па іх зямлі, як прыліў і адліў. Які з бакоў перамагае — ім абсалютна ўсё адно. Яны ведаюць, што змена ўладара значыць толькі, што яны будуць рабіць тую самую працу, што і раней, на новых гаспадароў, якія будуць ставіцца да іх гэтаксама, як і старыя. Трошкі меней заняволеныя рабочыя, якіх мы называем «проламі», усведамляюць сутнасць вайны толькі часткова. Калі неабходна, у іх можна распаліць шал страху і нянавісці, але калі іх не чапаць, яны могуць надоўга забыцца, што ідзе вайна. Сапраўдны ж ваенны запал можна сустрэць у шэрагах Партыі, і асабліва Ўнутранай Партыі. Найбольш непахісна ў заваёву свету вераць тыя, хто ведае, што гэта немагчыма. Гэтае адмысловае злучэнне процілегласцяў — ведаў з невуцтвам, цынізму з фанатызмам — адна з галоўных характэрных рысаў акіянійскага грамадства. Афіцыйная ідэалогія перапоўнена супярэчнасцямі, хоць у гэтым няма ніякае практычнае патрэбы. Так, Партыя адкідае і зневажае ўсе тыя прынцыпы, на якіх першапачаткова грунтаваўся сацыялістычны рух, сцвярджаючы, што робіць гэта ў імя сацыялізму. Яна заклікае да нечуванай у былыя стагоддзі пагарды да рабочага класа, а тым часам апранае сваіх сябраў ва ўніформу, што калісьці насілі рабочыя, і якраз таму выбраную. Яна сістэматычна разбурае сямейныя сувязі, але называе свайго лідэра імем, якое непасрэдна звязана з пачуццём сяменнае лучнасці. Нават назвы чатырох Міністэрстваў, якія намі кіруюць, выдаюць бессаромнае і адкрытае перакручванне фактаў. Міністэрства Міру займаецца вайною, Міністэрства Праўды — хлуснёй, Міністэрства Любові — катаваннямі, а Міністэрства Дастатку морыць людзей голадам. Супярэчнасці гэтыя невыпадковыя, яны выкліканы не звычайнай крывадушнасцю — гэта свядомае ўжыванне двухдумства. Бо толькі прымірыўшы супярэчнасці, можна захаваць уладу навечна. Ніяк іначай стары лад гісторыі не можа быць разбіты. Калі неабходна пазбегнуць роўнасці ўсіх людзей — калі Вышэйшыя, як мы іх назвалі, збіраюцца захаваць свае пазіцыі навечна, — дык тады пераважным ладам мыслення мусіць стацца кантраляванае вар'яцтва.Але застаецца адно пытанне, якое мы дагэтуль амаль не закраналі: чаму неабходна пазбегнуць роўнасці ўсіх людзей? Дапусцім, што сам механізм дзеяння грамадства быў дакладна апісаны. Дык чым жа выклікана гэтая гіганцкая, дасканала спланаваная спроба спыніць плынь гісторыі ў пэўны момант?
Тут мы падыходзім да цэнтральнага сакрэту. Як мы ўжо бачылі, таемнасць Партыі, і перадусім Унутранай Партыі, грунтуецца на двухдумстве. Але яшчэ глыбей ляжыць першапачатковая прычына, ніколі не стаўлены пад сумненне інстынкт, які прывёў спачатку да захопу ўлады, а пасля спарадзіў двухдумства, Паліцыю Думак, перманентную вайну і ўсе іншыя неабходныя прыналежнасці. На самай справе прычына гэтая палягае ў…
Ўінстан заўважыў, што ў пакоі зрабілася ціха — гэтак, як заўважаеш нейкі новы гук. Яму здалося, што ўжо нейкі час Джулія маўчыць. Яна ляжала на баку, раздзетая вышэй пояса, паклаўшы шчаку на далонь, цёмная пасмачка валасоў упала ёй на вочы. Яе грудзі павольна і мерна падымаліся і апускаліся.
— Джулія.
Маўчанне.
— Джулія, ты спіш?
Маўчанне. Яна спала. Ён загарнуў кнігу, асцярожна паклаў яе на падлогу, лёг сам і накрыў сябе і Джулію коўдрай.
Ён усё яшчэ не ведаў галоўнага сакрэту. Ён разумеў як, але не разумеў чаму. І ў раздзеле І, і ў раздзеле ІІІ ён не прачытаў нічога, чаго б ён ужо не ведаў, ён проста ўпарадкаваў свае веды. Але прачытаўшы, ён яшчэ болей упэўніўся, што не быў вар'ятам. Тое, што ты ў меншасці, нават калі меншасць гэтая складаецца толькі з аднаго чалавека, яшчэ не значыць, што ты вар'ят. Існуе праўда і няпраўда, і калі ты трымаешся праўды, нават насуперак усяму свету, значыць, ты не вар'ят. Косы прамень вячэрняга сонца зазірнуў у пакой і ўпаў на падушку. Ўінстан заплюшчыў вочы. Сонца ў яго на твары і дотык гладкага цела дзяўчыны напоўнілі яго здаровым і супакойлівым пачуццём надзейнасці. Ён быў у бяспецы, усё было добра. Ён прашаптаў: «Здаровы розум не паддаецца вымярэнню», адчуваючы, што ў гэтай заўвазе хаваецца глыбокая мудрасць, і спакойна заснуў.
10
Калі ён прачнуўся, яму здалося, што спаў ён вельмі доўга, але, зірнуўшы на старамодны гадзіннік, ён убачыў, што было яшчэ толькі дваццаць трыццаць. Ён яшчэ трошкі падрамаў, пакуль з двара не пачуўся знаёмы грудны голас:
То была безнадзейная мара, Што сплыла, як вясною вада. Ды ад позіркаў тых і ад слоў дарагіх Назаўжды ў маім сэрцы нуда.Гэтая бязглуздая песня, відаць, усё яшчэ была папулярная. Яна гучала адусюль і перажыла нават «Песню Нянавісці». Спевы абудзілі Джулію, яна з асалодай пацягнулася і ўстала з ложка.
— Я хачу есці, — сказала яна. — Давай зварым яшчэ кавы. Халера! Керагаз патух, і вада астыла, — яна падняла керагаз і патрэсла. — Газа скончылася.
— Я думаю, можна пазычыць у старога Чэрынгтана.
— Дзіўна, але мне здавалася, што ён быў поўны. Я адзенуся, — дадала яна. — Здаецца, пахаладнела.
Ўінстан таксама ўстаў і адзеўся. Нястомны голас працягваў:
Кажуць, з часам загояцца раны І не ўспомніш пра боль, пра ману. Але слёзы і смех тых далёкіх уцех Закрануць майго сэрца струну.Зашпіліўшы папругу свайго камбінезона, ён прайшоў праз пакой да акна. Сонца ўжо схавалася за дамамі і болей не асвятляла двор. Брук быў мокры, нібы яго толькі што памылі, і яму здалося, што неба таксама толькі што памылі, — такі свежы і бледны быў блакіт паміж комінамі. Жанчына нястомна хадзіла сюды-туды, займаючы рот зашчэпкамі і вызваляючы яго, спяваючы і замаўкаючы, чапляючы і чапляючы на вяроўку пялюшкі, адну за адной. Ён падумаў: ці яна зарабляе праннем на жыццё, ці проста рабыня дваццаці або трыццаці ўнукаў. Джулія падышла і стала побач. Яны стаялі разам і з нейкім захапленнем пазіралі на мажную постаць унізе. Ён глядзеў на жанчыну, што стаяла ў сваёй звычнай позе, падняўшы тоўстыя рукі да вяроўкі і выставіўшы магутны кабылін азадак, і ўпершыню яму прыйшла ў галаву думка, што яна прыгожая. Дагэтуль ён ніколі не задумваўся над тым, што цела пяцідзесяцігадовай жанчыны, распертае да пачварных памераў шматлікімі цяжарнасцямі, зацвярдзелае і агрублае, зморшчанае, як пераспелая рэпа, можа быць прыгожае. Але гэтак было, дый урэшце чаму так не магло быць? Магутнае, бясформеннае, як глыба граніту, цела, грубая чырвоная скура былі ў параўнанні з дзявочым целам, як плод шыпшыны ў параўнанні з кветкаю. Чаму ж плод мусіць цаніцца ніжэй за кветку?