1984
Шрифт:
Ён адчуваў глухі боль у жываце. Жывот пачаў балець з таго моманту, як яны запхнулі яго ў закрыты фургон і некуды павезлі. А яшчэ яго мучыў голад, нейкі агідны, угрызлівы голад. З таго часу, як ён еў, прайшло ўжо, мабыць, дваццаць чатыры гадзіны, а можа, і трыццаць шэсць. Ён усё яшчэ не ведаў і, відаць, ніколі ўжо не даведаецца, калі яго арыштавалі, — раніцай або вечарам. З таго часу, як ён быў арыштаваны, яго не кармілі.
Ён сядзеў ціха, як толькі мог, на вузкай лаве, склаўшы рукі на каленях. Ён ужо навучыўся сядзець ціха. Калі зрабіць нечаканы рух, яны закрычаць з тэлегляда. Але голад рабіўся ўсё больш нясцерпны. Больш за ўсё ён марыў цяпер пра лустачку хлеба. Ён падумаў, што ў кішэні камбінезона павінна быць трохі хлебных крыхотак. Магчыма нават — ён падумаў так, бо час ад часу здавалася, быццам нешта ўпінаецца ў сцягно, — што там быў ладны акрайчык. Урэшце спакуса праверыць перасіліла ягоны страх. Ён засунуў руку ў кішэню.
— Сміт! —
Ён зноў ціхенька сеў і склаў рукі на каленях. Перш чым трапіць сюды, ён прабыў нейкі час у іншым месцы — гэта была звычайная турма або проста часовая арыштоўня, куды патрулі завозілі затрыманых. Ён не ведаў, колькі часу ён там прабыў, але некалькі гадзін то пэўна. Без гадзінніка і без дзённага святла вельмі цяжка было вымераць час. Гэта было тлумнае смуроднае памяшканне. Яны кінулі яго ў камеру, падобную да той, у якой ён быў цяпер, але агідна брудную і ўвесь час запоўненую дзесяццю-пятнаццаццю чалавекамі. Большасць з іх былі простыя крымінальнікі, але было сярод іх і некалькі палітычных зняволеных. Ён ціхенька сядзеў, прыціснуўшыся да сцяны, штурханы бруднымі целамі, занадта засяроджаны на сваім страху і на болю ў жываце, каб зважаць на тое, што адбываецца навокал, і, аднак, яму кінулася ў вочы дзіўная розніца ў паводзінах паміж сябрамі Партыі і астатнімі зняволенымі. Партыйцы былі заўсёды маўклівыя і напалоханыя, а звычайным крымінальнікам, здавалася, было на ўсё напляваць. Яны лаяліся на ахоўнікаў, зацята супраціўляліся, калі тыя спрабавалі канфіскаваць іх рэчы, пісалі непрыстойнасці на падлозе, елі кантрабандную ежу, якую яны выцягвалі з таемных схованак у вопратцы, і нават заглушалі сваімі крыкамі тэлегляд, калі той спрабаваў навесці парадак. З другога боку, здавалася, што некаторыя з іх былі ў добрых адносінах з ахоўнікамі, звалі іх па імені і спрабавалі выцыганіць у іх цыгарэты праз вочка ў дзвярах. Дый ахоўнікі таксама ставіліся да крымінальнікаў з нейкай спагаднасцю, нават калі мусілі абыходзіцца з імі сурова. У камеры шмат гаварылася пра лагеры прымусовай працы, у якія, як меркавалася, мелі выслаць большасць зняволеных. Як з гэтых размоў, дык у лагерах было «нішто сабе», калі маеш добрае знаёмства і трохі клёку ў галаве. Там буяла хабарніцтва, фаварытызм і вымаганне ўсіх гатункаў, там існавала мужаложства і прастытуцыя, там нават падпольна гналі спірт з бульбы. Важныя пасады там давяраліся толькі крымінальнікам, асабліва рабаўнікам і забойцам, якія складалі нешта накшталт арыстакратыі. Усю брудную працу рабілі палітычныя.
Насельнікі камеры ўвесь час мяняліся, няспыннай чарадою то заводзілі, то выводзілі самых розных вязняў: гандляроў наркотыкамі, зладзеяў, бандытаў, спекулянтаў, прапойцаў, прастытутак. Некаторыя п'яныя гэтак буянілі, што іншыя вязні мусілі разам іх супакойваць. Вялізную кабецішчу гадоў шэсцьдзесят з вялікімі адвіслымі грудзьмі і рэдкімі пасмамі сівых валасоў, павыдзіраных у бойках, уцягнулі ў камеру чатыры ахоўнікі, хоць яна і ўпіралася, нема гарлаючы і таўхаючы іх нагамі. Яны сцягнулі з яе боты, якімі яна спрабавала іх убрыкнуць, і звалілі яе акурат на калені Ўінстану, ледзь не паламаўшы яму сцегнавыя косці. Яна падхапілася і закрычала ім наўздагон: «Сраныя выблядкі!» Пасля, заўважыўшы, што сядзіць на нечым нетрывалым, яна з'ехала з Ўінстанавых каленяў на лаву.
— Прабачай, каханенькі, — сказала яна. — Я на цябе не села б, каб гэтыя засранцы не пасадзілі. Не ведаюць, як з жанчынай абыходзіцца, ці што? — яна памаўчала, пачухала грудзі і адрыгнула. — Прабачай, — сказала яна, — мне трохі няможацца.
Яна нахілілася наперад, і яе званітавала на падлогу.
— Во так лепей, — сказала яна, адхіліўшыся назад і заплюшчыўшы вочы. — Ніколі не трымай у сабе, во што я кажу. Рыгай, пакуль цёпленькае.
Яна ачомалася, павярнулася, каб яшчэ раз паглядзець на Ўінстана, і, здаецца, адразу яго ўпадабала. Сваёй вялізнай рукою яна абняла яго і прытуліла да сябе, дыхаючы яму ў твар півам і ванітамі.
— Як цябе завуць, каханенькі? — спыталася яна.
— Сміт, — адказаў Ўінстан.
— Сміт? — здзівілася жанчына. — Во смешна. Маё прозвішча таксама Сміт. А што, — дадала яна расчулена, — я магла б быць тваёй маці!
«Яна магла б быць маёй маці», — падумаў Ўінстан. Узрост і знешнасць падыходзілі, і было цалкам верагодна, што людзі мяняліся, адбыўшы дваццаць гадоў у лагеры прымусовай працы.
Больш ніхто з ім не гаварыў. Было дзіўна, што крымінальнікі не звярталі ніякай увагі на зняволеных партыйцаў. «Паліты», — называлі яны іх з абыякавай знявагай. Зняволеныя сябры Партыі, здавалася, страшна баяліся з некім загаварыць, асабліва ж адзін з адным. Толькі аднойчы, калі два сябры Партыі, дзве жанчыны, апынуліся побач на лаве, прыціснутыя ў цясноце адна да адной, Ўінстан расчуў у гамане галасоў некалькі паспешліва прашаптаных словаў, сярод якіх ён здолеў разабраць нешта накшталт
«пакой сто адзін», але не зразумеў, што гэта значыць.Сюды ж яны перавялі яго дзве ці тры гадзіны таму. Глухі боль у жываце не праходзіў, часам балела меней, часам болей, адпаведна з гэтым думкі яго то пашыраліся, то сціскаліся. Калі балела мацней, ён думаў толькі пра сам боль і пра жаданне есці. Калі адпускала, яго ахоплівала паніка. Былі хвіліны, калі ён з такой дакладнасцю ўяўляў сабе ўсё, што яго чакае, што ў яго займала дух, а сэрца пачынала шалёна калаціцца. Ён адчуваў, як яго будуць біць дубінкамі па локцях і каванымі ботамі па костках; ён бачыў, як будзе поўзаць па падлозе, просячы літасці праз выбітыя зубы. Ён амаль не думаў пра Джулію. Ён не мог засяродзіць на ёй свае думкі. Ён кахаў яе і не збіраўся ёй здрадзіць; але гэта было голае сцверджанне, ён проста ведаў гэта, як ведаў правілы арыфметыкі. Ён не адчуваў кахання да яе, і наўрад ці яго цікавіла, што з ёй сталася. Ён думаў часцей пра О'Браэна, думаў з нейкай мігатлівай надзеяй. О'Браэн павінен ведаць, што яго арыштавалі. Братэрства, казаў ён, ніколі не спрабуе ўратаваць сваіх сябраў. Але ж лязо, яны прыслалі б лязо, калі б маглі. Прайшло б, можа, секунд пяць, перш чым ахоўнік паспеў бы ўварвацца ў камеру. Лязо ўвайшло б у яго з нейкай пякучай сцюдзёнасцю і нават парэзала б да касцей пальцы, што яго трымалі. Усё гэта адгукалася ў яго нямоглым целе, якое дрыгатліва сціскалася ад найменшага болю. Ён не быў пэўны, ці ўжыве ён лязо, нават калі будзе мець такую магчымасць. Было ўсё ж натуральней існаваць ад хвіліны да хвіліны, згаджаючыся пажыць яшчэ дзесяць хвілін, нават ведаючы, што пасля іх цябе чакае катаванне.
Часам ён спрабаваў падлічыць колькасць кафляных плітак у сцяне камеры. Гэта нібыта было і няцяжка, але ён заўсёды збіваўся на тым або іншым месцы. Часцей яго хвалявала, дзе ён і каторая цяпер гадзіна. Нейкі момант ён адчуваў напэўна, што звонку быў дзень, у наступны ж момант яму з гэткай жа пэўнасцю здавалася, што там апраметная цемра. Тут жа, як ён здагадваўся, святло не выключалася ніколі. Гэта было месца, дзе няма цемры: цяпер ён зразумеў, чаму О'Браэн разгадаў яго намёк. У Міністэрстве Любові не было вокнаў. Яго камера магла знаходзіцца ў самай сярэдзіне будынка або пры яго вонкавай сцяне, на дзесятым паверсе пад зямлёй або на трыццатым над ёю. Ён у думках пераносіў сябе з месца на месца і спрабаваў вызначыць з цялесных адчуванняў, вісеў ён высока ў паветры ці быў пахаваны глыбока пад зямлёй.
Пачуўся тупат ботаў. Сталёвыя дзверы з бразгатам расчыніліся. Малады афіцэр, спраўная постаць у чорнай уніформе, на якім, здавалася, усё блішчала з ног да галавы і чый бледны, з правільнымі рысамі, твар быў падобны да васковае маскі, порстка ўвайшоў у камеру. Ён даў знак ахоўнікам увесці вязня, якога яны прывялі. У камеру, ледзь цягнучы ногі, зайшоў паэт Эмплфорт. Дзверы з бразгатам зачыніліся.
Эмплфорт зрабіў пару няпэўных рухаў у адзін і ў другі бок, быццам думаў, што недзе тут былі другія дзверы, праз якія можна выйсці, а пасля пачаў хадзіць сюды-туды па камеры. Пакуль што ён не заўважаў Ўінстана. Трывожным позіркам ён вадзіў па сцяне на метр вышэй за Ўінстанаву галаву. Ён быў босы; вялікія брудныя пальцы тырчалі з яго дзіравых шкарпэтак. Ён некалккі дзён не галіўся. Густая шчэць укрывала яго твар, надаючы яму хуліганскі выгляд, што неяк дзіўна спалучаўся з яго нязграбнай кволай постаццю і нервовымі рухамі.
Ўінстан трохі схамянуўся. Ён мусіў загаварыць з Эмплфортам, рызыкуючы раззлаваць тэлегляд. Магчыма нават, што Эмплфорт якраз і прынёс лязо.
— Эмплфорт, — сказаў ён.
Тэлегляд маўчаў. Эмплфорт спыніўся, трошкі здзіўлены. Яго вочы павольна засяродзіліся на Ўінстане.
— А, Сміт! — сказаў ён. — І вы тут!
— Вас за што?
— Праўду сказаць… — ён нязграбна апусціўся на лаву насупраць Ўінстана. — Існуе толькі адно злачынства, ці не гэтак?
— І вы яго ўчынілі?
— Відаць, так.
Ён паднёс руку да лоба і націснуў на скроні, нібы спрабуючы нешта прыгадаць.
— Такое часам здараецца, — пачаў ён няпэўна. — Я магу прыгадаць адзін выпадак — магчымую прычыну. Усё, вядома ж, праз неразважнасць. Мы рыхтавалі канчатковае выданне вершаў Кіплінга. Я пакінуў у канцы радка слова «Gоd». Я нічога не мог зрабіць! — Дадаў ён амаль з абурэннем і паглядзеў на Ўінстана. — Змяніць радок было немагчыма. Рыфма была «rod». Уяўляеце сабе, ва ўсёй мове ёсць толькі дванаццаць рыфмаў да слова «rod»? Цэлымі днямі я тлуміў сабе галаву. Іншае рыфмы не было.
Выраз яго твару змяніўся. З яго знікла прыкрасць, і на нейкі момант ён здаўся амаль што задаволеным. Нейкая інтэлектуальная цеплыня, радасць навукоўца-педанта, які адкрыў нікому не патрэбны факт, бліснула на яго брудным няголеным абліччы.
— Ці прыходзіла вам калі ў галаву, — сказаў ён, — што ўся гісторыя ангельскай паэзіі вызначалася тым, што ў ангельскай мове не стае рыфмаў?
Не, якраз гэтая думка ніколі не прыходзіла Ўінстану ў галаву. А ў тых абставінах яна не здалася яму надта важнай або цікавай.