Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Оруэлл Джордж

Шрифт:

— Пакой 101, — сказаў афіцэр.

Чалавек у белым халаце не павярнуўся. Ён болей не глядзеў на Ўінстана, ён глядзеў цяпер толькі на датчыкі.

Ён каціўся па вялізным калідоры, кіламетр ушыркі, поўным урачыстага залатога святла, рагочучы на ўсё горла і выкрыкваючы прызнанні. Ён прызнаваўся ва ўсім, нават у тым, пра што здолеў змаўчаць пад час катаванняў. Ён выкладаў усю гісторыю свайго жыцця слухачам, якія яе ўжо ведалі. Побач з ім былі ахоўнікі, іншыя дапытнікі, людзі ў белых халатах, О'Браэн, Джулія, пан Чэрынгтан, і ўсе каціліся ўніз па калідоры з крыкам і смехам. Нешта жахлівае, што хавалася ў будучыні, было нейкім дзівам абыдзена і не адбылося. Усё было цудоўна, болей не было болю, найдрабнейшыя

дэталі яго жыцця былі цяпер адкрытыя, зразуметыя, дараваныя.

Ён падхапіўся з дашчанага ложка амаль упэўнены, што пачуў голас О'Браэна. Пад час усіх яго допытаў, хоць ён ніколі яго і не бачыў, ён заўсёды адчуваў, што О'Браэн недзе зусім побач, яго толькі не відаць. Усім кіраваў О'Браэн. Гэта ён прыставіў да Ўінстана ахоўнікаў і папярэдзіў, каб яны яго не забівалі. Гэта ён вырашаў, калі Ўінстану крычаць ад болю, калі яму адпачываць ад катаванняў, калі яго карміць, калі яму спаць, калі яму калоць у руку лекі. Гэта ён ставіў пытанні і падказваў адказы. Ён быў катам, ён быў абаронцам, ён быў інквізітарам, ён быў сябрам. І аднойчы — Ўінстан не памятаў, ці было гэта ў сне пасля ўколу, ці ў звычайным сне, ці на яве, — нейкі голас прашаптаў яму ў вуха: «Не хвалюйся, Ўінстан; ты ў маіх руках. Сем гадоў я назіраў за табою. Цяпер настала вырашальная хвіля. Я ўратую цябе, я зраблю цябе дасканалым». Ён не быў пэўны, ці быў гэта голас О'Браэна; але гэта быў той самы голас, які некалі сказаў яму: «Мы сустрэнемся там, дзе няма цемры», у тым іншым сне, сем гадоў таму.

Ён не памятаў, ці яго допыты нечым скончыліся. Была проста нейкая цемра, а пасля камера або пакой, у якім ён цяпер знаходзіўся, паступова матэрыялізавалася вакол яго. Ён ляжаў пластом на спіне, няздольны рухацца, ва ўсіх важных частках ягонае цела было прымацавана да ложка. Нават патыліца была неяк заціснута. О'Браэн глядзеў на яго зверху ўніз паважна і трохі смутна. Твар яго, бачаны знізу, здаваўся грубым і стомленым, з мяшкамі пад вачмі і зморшчынамі ад носа да падбародка. Ён быў старэйшы, чым здавалася Ўінстану; яму было гадоў сорак восем ці пяцьдзесят. Пад рукою ў яго была нейкая прылада са шкалой і рычагом зверху.

— Я казаў вам, — сказаў О'Браэн, — што калі мы і сустрэнемся яшчэ, дык толькі тут.

— Так, — адказаў Ўінстан.

Зусім нечакана, калі не лічыць лёгкага руху рукі О'Браэна, хваля болю напоўніла яго цела. Гэта быў страшэнны боль, бо ён не ведаў, што адбылося, адчуваў толькі, што яму нанеслі нейкую смяротную рану. Ён не ведаў, ці сапраўды яму нешта знявечылі, ці гэта быў толькі вынік уздзеяння электрычнасці, але ўсё цела ягонае нібы вывернулася навыварат, усе суставы павольна разрываліся. І хоць у яго на лбе выступіў пот ад болю, найгоршым, аднак, быў страх, што яго хрыбет зараз з хрустам разламаецца. Ён дрыжаў усім целам і цяжка дыхаў праз нос, спрабуючы маўчаць як мага долей.

— Вы баіцёся, — сказаў О'Браэн, паглядзеўшы яму ў твар, — што зараз у вас нешта зламаецца. Асабліва вы баіцёся за ваш хрыбет. Вы яскрава сабе ўяўляеце, як разрываюцца пазванкі і хрыбтовая вадкасць выліваецца вонкі. Вы ж пра гэта думаеце, праўда, Ўінстан?

Ўінстан не адказаў. О'Браэн пацягнуў рычаг назад. Хваля болю сунялася гэтак жа хутка, як і ўзнікла.

— Гэта было сорак, — сказаў О'Браэн. — Бачыце, лічбы на шкале ідуць да ста. Запомніце, калі ласка, на ўвесь час нашай размовы, што я магу спрычыніць вам боль у любую хвіліну і з любою сілай. Калі вы будзеце маніць, або паспрабуеце неяк ухіліцца, або проста будзеце дурнейшы, чым вы ёсць, вы адразу закрычыце ад болю. Зразумелі?

— Так, — адказаў Ўінстан.

О'Браэн палагаднеў. Ён старанна паправіў акуляры і зрабіў пару крокаў сюды і туды. Калі ён гаварыў, голас ягоны гучаў мякка і цярпліва. Ён быў падобны да доктара, настаўніка і нават святара, які хоча растлумачыць

і пераканаць, а не пакараць.

— Я гэтак клапачуся пра вас, Ўінстан, — сказаў ён, — бо вы вартыя клопату. Вы цудоўна ведаеце, што з вамі. Вы ведалі гэта на працягу гадоў, і ўсе гэтыя гады вы змагаліся супраць гэтага ведання. Ваш розум не ў парадку. У вас пашкоджана памяць. Вы няздольныя памятаць пра рэальныя падзеі, і ў той самы час вы пераконваеце сябе, што памятаеце пра тое, чаго ніколі не было. На шчасце, гэта можна вылечыць. Вы ніколі не лячыліся, бо не хацелі. Вы не былі гатовыя зрабіць невялічкае намаганне волі. Нават цяпер, я бачу, вы чапляецеся за сваю хваробу, думаючы, што яна ўяўляе сабой маральную вартасць. Ну, вось вам прыклад. З якой краінай у дадзены момант ваюе Акіянія?

— Калі мяне арыштавалі, Акіянія ваявала з Усходазіяй.

— З Усходазіяй. Добра. І Акіянія заўсёды ваявала з Усходазіяй, праўда?

Ўінстан уздыхнуў. Ён раскрыў рот, каб сказаць, і не сказаў. Ён не мог адвесці вачэй ад шкалы з лічбамі.

— Калі ласка, праўду, Ўінстан. Вашу праўду. Скажыце мне, што вы памятаеце.

— Я памятаю, што яшчэ толькі за тыдзень перад тым, як мяне арыштавалі, мы ваявалі зусім не з Усходазіяй. Мы былі саюзнікамі з імі. Вайна была з Эўразіяй. Яна цягнулася чатыры гады. А перад тым…

О'Браэн знакам рукі спыніў яго.

— Яшчэ адзін прыклад, — сказаў ён. — Некалькі гадоў таму ў вас была вельмі небяспечная манія. Вам здавалася, што тры чалавекі, тры колішнія сябры Партыі Джоўнз, Эрансан і Радэрфорд — людзі, пакараныя за здраду і сабатаж пасля найпадрабязнейшых прызнанняў, — не былі вінаватыя ў злачынствах, у якіх іх вінавацілі. Вам здавалася, што вы бачылі неаспрэчны дакументальны доказ таго, што іх прызнанні былі несапраўдныя. Вы бачылі ў галюцынацыі нейкі фотаздымак. Вам здавалася, што вы і сапраўды трымалі яго ў руках. Здымак быў прыблізна такі.

Між пальцаў О'Браэна а'явілася выцягнутая газетная выцінка. Нейкіх пяць секунд яна была ў полі зроку Ўінстана. Гэта быў фотаздымак, і ў яго аўтэнтычнасці не магло быць сумненняў. Гэта быў той фотаздымак. Гэта быў яшчэ адзін асобнік фатаграфіі Джоўнза, Эрансана і Радэрфорда на партыйным мерапрыемстве ў Ню-Ёрку, на якую ён натрапіў выпадкова адзінаццаць гадоў таму і якую ён адразу знішчыў. Толькі нейкі момант яна была перад яго вачыма і пасля зноў знікла. Але ён яе бачыў, без сумнення, ён яе бачыў! Ён зрабіў адчайдушнае намаганне вызваліць верхнюю палову свайго цела. Але было немагчыма зварухнуцца хоць на сантыметр у любы бок. На хвіліну ён нават забыўся пра шкалу. Ён хацеў аднаго — зноў трымаць у руках тую фатаграфію ці хоць бы зноў яе пабачыць.

— Яна існуе! — закрычаў ён.

— Не, — сказаў О'Браэн.

Ён прайшоў праз увесь пакой да процілеглай сцяны. Там была дзіра памяці. О'Браэн падняў кратку. Маленькую палоску паперы незаўважна падхапіў паток цёплага паветра, і яна знікла ў водблісках полымя. О'Браэн павярнуўся да Ўінстана.

— Попел, — сказаў ён. — Попел, у якім ужо нічога не распазнаеш. Пыл. Яна не існуе. Яна ніколі не існавала.

— Але ж яна існавала! Яна існуе! Яна існуе ў памяці. Я памятаю яе. Вы памятаеце яе.

— Я не памятаю яе, — сказаў О'Браэн.

У Ўінстана абарвалася сэрца. Гэта было двухдумства. Ён адчуў смяротную бездапаможнасць. Калі б ён мог быць упэўнены, што О'Браэн хлусіць, было б яшчэ не страшна. Але было цалкам магчыма, што О'Браэн і сапраўды забыўся пра фатаграфію. А калі так, дык цяпер ён мусіў забыцца пра адмаўленне, што ён яе памятае, і ўрэшце забыцца пра сам акт забыцця. Як можна было з усёй пэўнасцю лічыць, што гэта простае махлярства? Можа, гэты вар'яцкі зрух у свядомасці і сапраўды быў магчымы — гэтая думка яго дабіла.

Поделиться с друзьями: