1984
Шрифт:
— Яна прыгожая, — прашаптаў ён.
— У клубах не менш за метр, — сказала Джулія.
— У яе свая прыгажосць, — адказаў Ўінстан.
Ён стаяў, абдымаючы Джулію за яе гнуткую талію, і адчуваў яе нагу ад клуба да калена. З іх целаў ніколі не народзіцца дзіця. Гэта было адзінае, чаго яны ніколі не змаглі б зрабіць. Толькі праз словы з аднаго розуму ў другі маглі яны перадаць свой сакрэт. У жанчыны з двара не было розуму, у яе былі толькі дужыя рукі, цёплае сэрца і плоднае ўлонне. Ён падумаў, колькі ж дзяцей яна магла нарадзіць за сваё жыццё. Магчыма, пятнаццаць. Некалі яна перажыла кароткую пару цвіцення, мо які год красавала, як шыпшына, а пасля раптоўна разбухла, як угноены плод, счырванела, агрубла, і пасля пачалося бясконцае мыццё, прасаванне, прыборка, шыццё, гатаванне, падмятанне, выціранне, цыраванне, мыццё, прасаванне, спачатку на дзяцей, пасля на ўнукаў — і гэтак трыццаць
— Памятаеш, — сказаў ён, — як дрозд спяваў нам у той першы дзень, на ўзлеску?
— Ён спяваў не нам, — адказала Джулія. — Ён спяваў сабе на ўцеху. Ды нават не. Ён проста спяваў.
Птушкі спявалі, пролы спявалі, толькі Партыя не спявала. Ва ўсім свеце, у Лондане і Ню-Ёрку, у Афрыцы і Бразіліі, і ў таямнічых забароненых краях за мяжою, на вуліцах Парыжа і Берліна, у вёсках бясконцых раўнін Расеі, на базарах Кітая і Японіі — паўсюль стаяла тая самая магутная непераможная постаць, знявечаная працай і нараджэннем дзяцей, прыгнечаная горам ад народзінаў да смерці, і спявала. З гэтага волатавага ўлоння аднойчы выйдзе род свядомых стварэнняў. Вы — мёртвыя, і будучыня належыць ім. Але вы маглі мець сваю долю ў той будучыні, калі б захавалі розум, як яны захавалі цела, і перадалі б нашчадкам сакрэтнае вучэнне аб тым, што двойчы два — чатыры.
— Мы мёртвыя, — сказаў ён.
— Мы мёртвыя, — пакорліва згадзілася Джулія.
— Вы мёртвыя, — прамовіў сталёвы голас.
Яны адскочылі ў бакі. У Ўінстана пахаладзела ў жываце. Ён бачыў бель вачэй Джуліі вакол зрэнак. Твар у яе зрабіўся белы, як малако. Плямкі румяны ўсё яшчэ рэзка выдзяляліся на шчоках, нібы адстаўшы ад скуры.
— Вы мёртвыя, — паўтарыў сталёвы голас.
— Ён быў за карцінай, — прашаптала Джулія.
— Ён быў за карцінай, — сказаў голас. — Заставайцеся на сваіх месцах. Ніводнага руху без загаду.
Пачалося, нарэшце пачалося! Яны не маглі зрабіць нічога і толькі стаялі і ўзіраліся адно аднаму ў вочы. Уцячы, выбрацца з дому, пакуль не позна, — такая ідэя нават не прыйшла ім у галаву. Нельга было і падумаць пра тое, каб не паслухацца сталёвага голасу са сцяны. Штосьці пстрыкнула, нібы адсунулася засаўка, пачуўся звон бітага шкла. Карціна ўпала, адкрыўшы схаваны за ёй тэлегляд.
— Цяпер яны могуць нас бачыць, — сказала Джулія.
— Цяпер мы можам вас бачыць, — сказаў голас. — Выйдзіце на сярэдзіну пакоя. Станьце спінай адно да аднаго. Рукі за галаву. Не дакранайцеся адно да аднаго.
Яны не дакраналіся, але яму здавалася, што ён адчуваў, як дрыжыць цела Джуліі. А можа, дрыжала ягонае цела. Ён яшчэ мог сціснуць зубы, каб яны не ляскалі, але каленямі ён валодаць ужо не мог. Пачуўся тупат ботаў знізу, знутры і звонку дома. Здавалася, што ў двары поўна людзей. Нешта цяжкае валаклі па бруку. Жанчына раптоўна абарвала сваю песню. Тады пачуўся доўгі гулкі грукат, быццам балею кінулі праз увесь двор, а пасля гамана незадаволеных галасоў, якая скончылася крыкам ад болю.
— Дом абкружаны, — сказаў Ўінстан.
— Дом абкружаны, — сказаў голас.
Ён пачуў, як Джулія з ляскатам сціснула зубы.
— Думаю, мы ўсё ж можам развітацца, — сказала яна.
— Вы можаце развітацца, — сказаў голас.
А за ім другі голас, зусім іншы, тонкі, культурны, які Ўінстан ужо недзе чуў, уставіў:
— Дарэчы, пакуль
мы не адышлі ад тэмы.Нешта гупнула на ложак за спінай у Ўінстана. Канец лесвіцы ўткнуўся ў акно і выбіў яго разам з рамай. Нехта залазіў праз акно. Са сходаў пачуўся грукат ботаў. Пакой напоўніўся дужымі людзьмі ў чорнай уніформе, у падбітых жалезам ботах і з кіямі ў руках.
Ўінстан болей не дрыжаў. Нават вочы яго глядзелі нерухома. Цяпер было важна адно: стаяць спакойна, стаяць спакойна і не даваць ім зачэпкі збіць яго! Чалавек з гладкай баксёрскаю сківіцай, дзе рот быў адно вузкаю шчылінай, спыніўся насупраць яго, задумліва пагойдваючы кіем, які ён трымаў двума пальцамі. Іх позіркі сустрэліся. Пачуццё галізны, безабароннасці, калі рукі за галавою, а твар і цела адкрыты для ўдараў, было амаль нясцерпнае. Чалавек высунуў кончык белага языка, аблізнуў тое месца, дзе мусілі быць вусны, і пайшоў далей. Зноў пачуўся грукат. Нехта ўзяў са стала шкляное прэс-пап'е і разбіў яго на друзачкі аб камінную пліту.
Кавалачак каралу, маленькая ружовая галачка, як цукровая ружачка з торта, пакаціўся па дыване. Якім жа маленькім, падумаў Ўінстан, ён заўсёды быў! Ззаду пачулася задышлівае дыханне і глухі ўдар, і нехта балюча выцяў яго па хворай назе так, што ён ледзь не ўпаў на падлогу. Адзін ударыў кулаком Джуліі ў жывот, і яна сагнулася, як складны метр. Яна качалася па падлозе, хапаючы ротам паветра. Ўінстан баяўся павярнуць галаву нават на міліметр, але часам яе смяротна-бледны задышлівы твар трапляў у поле яго зроку. Нават гэтак застрашаны, ён быццам адчуваў боль у сваім целе, жахлівы боль, які, аднак, быў не такі невыносны, як смяротная задышка. Ён ведаў гэтае пачуццё: страшны, пакутлівы боль, які не сунімаецца ні на хвіліну, цярпець які няма змогі, бо найперш трэба здолець аддыхацца. Тады двое паднялі яе за калені і за плечы і вынеслі, як мех, з пакоя. На нейкі момант Ўінстан убачыў яе твар, бледны і скрыўлены пакутлівымі курчамі, перавернуты дагары, з заплюшчанымі вачамі, з плямкамі румяны на шчоках. Ён бачыў яе апошні раз.
Ён стаяў нерухома, як мёртвы. Яго яшчэ не білі. Думкі, што ўзнікалі самі па сабе, але здаваліся зусім нецікавымі, пачалі праносіцца ў галаве. Ці схапілі яны пана Чэрынгтана, падумаў ён. Што яны зрабілі з жанчынаю ў двары? Ён адчуў, што яму нясцерпна хочацца справіць малую патрэбу, і здзівіўся, бо зрабіў гэта дзве-тры гадзіны таму. Ён заўважыў, што гадзіннік на каміннай палічцы паказваў дзевяць, гэта значыць дваццаць адну гадзіну. Але на двары было занадта светла. Хіба жнівеньскім вечарам у дваццаць адну гадзіну ўжо не цямнее? Ён падумаў, што, можа, яны з Джуліяй пераблыталі час — праспалі поўны абарот гадзінніка і думалі, што яшчэ дваццаць трыццаць, калі ў сапраўднасці было ўжо нуль восем трыццаць наступнае раніцы. Але ён не скончыў гэтае думкі. Яна была яму нецікавая.
У калідоры пачуліся яшчэ нечыя, цішэйшыя крокі. У пакой увайшоў пан Чэрынгтан. Людзі ў чорнай уніформе раптам пачалі паводзіць сябе больш стрымана. Штосьці ў знешнасці пана Чэрынгтана змянілася. Яму на вочы трапіліся асколкі шклянога прэс-пап'е.
— Прыбярыце гэта, — абрывіста сказаў ён.
Нехта з прысутных выканаў загад. Прастамоўнае лонданскае вымаўленне некуды знікла — Ўінстан раптам пазнаў голас, які ён пачуў незадоўга перад тым з тэлегляда. Пан Чэрынгтан усё яшчэ быў у сваім старым аксамітным фрэнчы, але валасы ў яго, раней амаль белыя, цяпер зрабіліся чорнымі. Не было на ім і акуляраў. Ён кінуў на Ўінстана адзін востры позірк, нібы апазнаючы яго асобу, і болей не звяртаў на яго ўвагі. Яго яшчэ можна было пазнаць, але гэта быў ужо зусім іншы чалавек. Ён пазграбнеў і здаваўся вышэйшым. У твары адбыліся вельмі дробныя змены, але ён стаў зусім іншы. Чорныя бровы парадзелі, зморшчыны зніклі, усе лініі твару неяк перамяніліся, нават нос здаваўся цяпер карацейшым. Гэта быў насцярожаны халодны твар чалавека гадоў трыццаці пяці. Ўінстан падумаў, што ўпершыню ў жыцці ён дакладна ведаў: перад ім стаіць супрацоўнік Паліцыі Думак.
Частка трэцяя
1
Ён не ведаў, дзе ён. Можна было здагадвацца, што ён быў у Міністэрстве Любові, але праверыць гэта не было як.
Ён знаходзіўся ў камеры без вокнаў, з высокай столлю, са сценамі з бліскучае белае кафлі. Схаваныя лямпы залівалі яе халодным святлом, аднекуль чулася нізкае няспыннае гудзенне, звязанае, як меркаваў Ўінстан, з падачай паветра. Вузкая, толькі каб сесці, лава цягнулася ўздоўж сцен і перарывалася толькі дзвярыма і, ля сцяны, што насупраць дзвярэй, унітазам без драўлянага седала. У камеры былі чатыры тэлегляды, па адным на кожнай сцяне.