Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без

Некляев Владимир Прокофьевич

Шрифт:

— Падпалкоўнік я, — знайшоў, нарэшце, што сказаць, падпалкоўнік. — І адчуўшы, мусібыць, адказнасць за жанчын і дзяцей, абаронца краіны, якая скарачала свае ўзброеныя сілы, даволі строга спытаў дзядка. — А ў вас якія заслугі, каб іх прысвойваць?

Дзядок нібы толькі таго й чакаў.

— Вось! — выхапіў ён чырвоную кніжачку з кішэні! — Герой-падпольшчык!

Кандуктарка падхапілася:

— Там не напісана, што герой! Ездзіць можна бясплатна, я глядзела, але што герой — не напісана!

— Плошча Перамогі! — абвясціў кіроўца. — Ускладанне кветак героям!

Дама ў каракулі,

якая не збіралася нікому ўскладаць кветкі, павярнулася да кандуктаркі: “Якая плошча?..” — і тая ўздыхнула, сядаючы: “Ды Круглая, Круглая… Усе ведаюць, а кожны пытае”.

Усе ведаюць, а кожны пытае, бо Круглая плошча, на якой паставілі абеліск і запалілі Вечны агонь, плошчай Перамогі стала нядаўна. Да новай назвы не прызвычаілася не толькі дама ў каракулі — для мяне дасюль плошча гэтая Круглая.

— Глядзі, — сказала адна бабуля другой у момант той цішыні, перад якой расчыняюцца дзверы. — Агонь на плошчы…

– І праўда… — з цікаўнасцю прыпала да акна другая. — Пэўна, дзеці распалілі…

“Жы-шу-шых!..” — расчыніліся дзверы — і ў іх лёгка, як парушынка, выляцеў мой сіні каптурык.

Нават не развіталася.

Нават кандуктарка здзівілася.

Нават бабулі ёй услед зірнулі.

Больш ніхто з тралейбуса не выйшаў, ніхто не ўвайшоў — і дзверы зачыніліся: “Шых-жы-шу!..”

Ад Круглай плошчы дарогі разыходзяцца на чатыры бакі.

— Шчасце не купіш, — паглядзеўшы ў зачыненыя дзверы, сказала кандуктарка. — Пралескі мог падараваць. Вянуць без толку.

Мог падараваць… Без толку вянуць… Калі б гэта была Ася, я б выскачыў з тралейбуса, схапіўшы пралескі. Не ў дзверы, дык у акно. Але гэта была не Ася — сіні каптурык. Нават не татарка Нэла.

Учора татарка Нэла таксама танцавала ў Палацы прафсаюзаў. Потым мы ўпяцёх: я, Нэла, Віл, Піля і Гарык праводзілі Марыну з амерыканцам. Воран сказаў: “Я з Асяй, а вы Марыну праводзьце. Ці мала што: усё ж амерыканец”.

Марыну чакаў каля дома чубаты Толік. Амерыканец адразу наскочыў на яго. Завадны: упершыню ўбачыў — і біцца. Такога б на вайну… І яны пабіліся б, калі б не мы. Вось тут, каля Вечнага агню.

Вайна магла пачацца яшчэ ўчора. Але яе перанеслі на сёння. Грушаўка будзе біцца з Сельгаспасёлкам.

— Наступны прыпынак — Даўгабродская!

Я вучыўся ў электратэхнікуме сувязі і жыў у інтэрнаце на Падлеснай, таму гэтая вайна была не маёй. Але разам са мной вучыліся Кон, Грыц і Балік. Кон і Грыц біліся за Грушаўку, Балік — за Сельгаспасёлак. Ён разважыў, што будзе справядліва, калі мы, свае са сваімі, будзем біцца два на два.

Я не хацеў біцца ні два на два, ні пасёлак на пасёлак. Я хацеў танцаваць рок-н-рол, слухаць Дзюка Элінгтана, Дзіна Рыда і Элвіса Прэслі, чытаць Агату Крысці, якую пераклалі з ангельскай Біг з Вілам, і кахаць Асю. Ды мала чаго я хацеў… Кон, Грыц і Балік сказалі: “Мы ўсе — адно. А ты — стыляга. Калі ты не з намі — ты супраць усіх”.

Я быў стылягам, але я не хацеў быць супраць усіх. Бо як супраць усіх — аднаму?

Татарка Нэла кажа: “Трэба быць усім з усімі, як татары з манголамі. Тады будзе Залатая арда”.

Тралейбус дугой каціўся па Круглай плошчы — і бабулі ўсё дзівіліся на агонь, які расклалі дзеці…

Татарка Нэла вучыцца на медсястру ў вучэльні

на Падлеснай. Вучэльня — побач з Першай клінікай, у якой Нэла падрабляе. Яна пачала ўжо карыстацца парфумай — і ёй патрэбныя грошы. А бацькі на парфуму грошай не даюць.

— Ды якія дзеці! — сярдзіта не вытрываў, гледзячы на бабуляў, дзядок, але тлумачыць бабулям нічога не стаў. Буркнуў толькі, чакаючы падтрымкі ад дамы ў каракулі. — Дзярэўня!..

Дама ў каракулі яго не падтрымала, яна ўвогуле нікога не падтрымлівала. Паднялася і пайшла да выхаду. Круглатварая, яна была трохі падобная да маці татаркі Нэлы.

Я раскахаў Нэлу, калі закахаўся ў Асю.

Мне дзіўна было, што я раскахаў Нэлу. Я думаў, што каханне — на ўсё жыццё. Адно на адно.

Віл сказаў мне, што так не бывае. Ён старэйшы за мяне, але не настолькі, каб гэта ведаць. І я не паверыў бы яму, калі б не раскахаў татарку Нэлу.

Нэла таксама здзівілася, што я раскахаў яе, і сказала, што таксама мяне раскахала. Таму гатовая на ўсё, бо без кахання ўсё прасцей.

Жыла яна недалёка ад вакзала — на вуліцы Савецкай. Бацькі яе, чыгуначнікі, працавалі ў начной — і яна прывяла мяне да сябе. Пасля таго, як мы праводзілі амерыканца. Але ў нас нічога не выйшла, бо я не ведаў, як гэта рабіць. А сярод ночы раптам з’явіўся бацька — і Нэла запіхнула мяне пад стол, дзе я галяком прасядзеў да раніцы. Скачарнеў увесь, пасінеў, здранцвеў…

І цяпер адразу ваяваць?

Кон, Грыц і Балік адчулі, што я не з імі, што мы — не адно. Таму і ўцягнулі мяне ў не маю вайну. Бо тыя, хто разам быў на вайне — франтавыя сябры. Яны да смерці разам.

Кандуктарка забрала ў мяне стужку квіткоў і вярнула 3 рублі 20 капеек.

— Сышло тваё шчасце, — сказала яна і засмяялася. — Зэканоміў, усё да лепшага.

Смех у яе не супадаў з голасам, жыў вышэй.

Я загадаў: калі дама ў каракулі выйдзе і рушыць уперад па праспекце — ажанюся з Асяй, калі назад — з татаркай Нэлай. Я раскахаў яе, але не так, каб не закахацца зноў…

Дама выйшла і павярнула на Даўгабродскую.

Ні ажаніцца мне ні з кім…

Што ж, усё да лепшага. У абед можна з’есці дзве катлеты. І павячэраць. Вечарам вайна, дык трэба набрацца сілы.

Хоць і не пабіўся чубаты Толік з амерыканцам, а ўсё адно вайна. Не тая, дык іншая. Без вайны ў гэтым свеце, відаць, не абысціся.

Мой бацька і ягоны франтавы сябар на кожны дзень Перамогі напіваюцца і страляюць адзін у аднаго з пісталетаў. Адзін бяжыць праз лес — другі страляе. Пасля наадварот… Кожны раз прыязджае маёр з ваенкамата, забірае ў іх пісталеты, а пасля вяртае. Ён таксама франтавік, яны разам да смерці.

Кожны раз маці просіць маёра, каб забраў пісталеты назусім. Кожны раз маёр тлумачыць, што назусім забраць нельга. Яны імянныя. Ад маршала Жукава. Такая ўзнагарода большая за ордэн. І бацька кажа, праціраючы імянны надпіс на пісталеце: “Вось, сынок, што такое імя. Зняславіш — заб’ю!..”

Значыць, трэба ісці на вайну.

— А вы на вайне былі? — спытаў дзядок падпалкоўніка, мусібыць, для таго, каб зачапіць яго, бо той сказаў, што ў Берлін са Сталіным уваходзіў, і дзядку зайздросна стала, але падпалкоўнік не зачапіўся, коратка кіўнуў: “Быў. Усе былі”.

Поделиться с друзьями: