Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без
Шрифт:
Партрэты нашых ворагаў у тагачасных газетах не друкаваліся, каб не замінаць фантазіям савецкіх людзей, якія ворагаў тых уяўлялі страшнейшымі за нячыстую сілу. Таму я не ведаў, як выглядае прэзідэнт Джон Кенэдзі. Калі ж Амерыканец вярнуўся ўАмерыку і свайго амерыканскага прэзідэнта забіў, партрэты Кенэдзі з’явіліся ў газетах. Я глядзеў і вачам не верыў: стыляга Толік! Толькі кок не набрыялінены…
Уражаны, я прыйшоў да Палкоўніка і спытаў, што ён пра гэта думае?.. Палкоўнік адказаў, што пра такую фіговіну ён нічога думаць не збіраецца. Калі б забілі правізара 13-й аптэкі, ён бы, можа, нешта й падумаў, бо правізар серную мазь з цынкавай для яго змешвае, а пра прэзідэнта яму — што думаць? Прэзідэнт — не правізар.
Усіх астатніх, апроч Палкоўніка, падабенства Толіка з амерыканскім прэзідэнтам зацікавіла больш, чым дэтэктывы Агаты Крысці.
Пасля ад’езду Марыны з Алікам у Амерыку Толіка нідзе і ніхто не бачыў. Віл дазнаўся ў Марынінай цёткі, у кватэры якой на Круглай плошчы і жыла Марына, ягоны адрас. Мы паехалі па тым адрасе, але дзверы былі замкнёныя, і суседзі сказалі, што ўжо больш за год тут ніхто не жыве.
Толік з’ехаў у Амерыку? І Амерыканец там яго забіў?..
Усё супадала! Невядома, што і з чым, але супадала ўсё!..
Пра тое, каго забіў Амерыканец, можна было дазнацца толькі ў яго самога, але сам ён быў у турме, і мы вырашылі напісаць Марыне, каб яна ці перадала яму наш ліст, ці сама ў яго спытала: каго ён забіў і за што?.. З адрасам зноў жа дапамагла цётка Марыны, але адказу з Амерыкі мы не дачакаліся, бо праз два дні пасля таго, як Амерыканец забіў ці Джона Кенэдзі, ці Толіка, нейкі Джэк Рубі забіў самога Амерыканца.
— Спадзяюся, ён хоць добра кончыў, перш чым кепска скончыць, — пачуўшыпра тое, што сталася з Джонам Кенэдзі і Амерыканцам, сказаў Саламон Майсеевіч. “Ты пра каго, Саламон?..” — спытаў Палкоўнік, але Саламон Майсеевіч не стаў удакладняць, ці меў ён на ўвазе марскога пехацінца, ці Прэзідэнта ЗША?
Калі Амерыканца не стала, дазнацца пра тое, па кім, у чый лоб страляў ён, трэніруючыся ў ціры Мінскага радыёзавода, ужо не было ў каго. Вось тады Гарык Клябанаў і спытаў: “Ну, што я вам казаў?..” І зноў пачаў даводзіць, што Алік ніякі не амерыканец, бо навошта амерыканцу забіваць свайго амерыканскага прэзідэнта? Алік — іншапланецянін, пасланы на Зямлю вышэйшай за нашую цывілізацыяй.
Вышэйшым за нас Амерыканец не выглядаў ні ў якім сэнсе, але што ж… Гарык у адрозненне ад Гурыка, які быў гэбістам, быў паэтам і любімцам Палкоўніка. Ці, калі па прыярытэтах, дык наадварот: любімцам Палкоўніка і паэтам. І яшчэ уфолагам, хоць слова гэткага ў той час мы не ведалі. Гарык першым і ў нашай кампаніі, і ў Мінску, і ва ўсёй Беларускай Савецкай Сацыялістычный Рэспубліцы дазнаўся, што ёсць дзіва яшчэ большае, чым джынсы: НЛА. Неапазнаныя лятаючыя талеркі.
Таямніцу гэтую ён адкрыў нам не дзе-небудзь, а ў найадпаведным для гэтага месцы: у нацыянальнай бібліятэцы. У “ленінцы”, як яе ўсе называлі, бо, канечне ж, галоўная бібліятэка БССР, як і галоўная плошча, і галоўны праспект, і галоўная вуліца павінны былі насіць і насіла імя сваяка Саламона Майсеевіча.
У “ленінцы” мы збіраліся нават часцей, чым у кавярні, абмяркоўваючы ўсё, што прачыталі. Знаёмыя бібліятэкаркі прыносілі нам кнігі нават з тых сховішчаў, адкуль іх нельга было браць без адпаведнага дазволу. Дзяўчаты рызыкавалі, але што ж: за гэта яны цалаваліся з Вілам, Бігам, Пілям, Гарыкам — стылягамі, найпершымі хлопцамі Мінску.
— Хто ведае Алена Хайнэка? — спытаў Гарык на чарговай нашай сходцы ў ленінцы.
Ніхто не ведаў.
– І пра Леанарда Стрынгфілда не чулі?..
Не чуў ніхто.
— А пра што яны пішуць? — пацікавіўся Біг, мяркуючы, як, зрэшты, і ўсе мы, што Хайнэк са Стрынгфілдам — літаратары кшталту Агаты Крысці, кнігу якой выкапалі Біг з Вілам у замежным аддзеле ленінкі, пераклалі, перадрукавалі на машынцы і яна, тая кніга, хадзіла ў Мінску па руках разам з пастэрнакаўскім “Доктарам Жывагам”, ахматаўскай паэмай “Рэквіем”, апавяданнямі Салжаніцына…
— Пра лятаючыя талеркі яны пішуць, — дастаў Гарык з кішэні пакамечаную газету. — Мне кружэлку нядаўна з Амерыкі даслалі, у гэтую газету загорнутую… Дзіўна ўвогуле: газету як газету перасылаць нельга, а калі ў яе загарнуць нешта — можна… Дык вось слухайце… Загаловак: “Прэзідэнта Кенэдзі
забілі іншапланецяне!” Нішто сабе?.. І далей тэкст амаль на дзве паласы, я ўсё не буду перакладаць… “Ад першага дня свайго знаходжання ў Белым Доме Ліндан Джонсан, на якога пасля трагедыі ў Даласе былі ўскладзеныя абавязкі прэзідэнта, распачаў актыўную і даволі дзіўную дзейнасць. Пятага снежня ён сустрэўся з Бары Галдуотэрам, сенатарам ад штата Арызона, былым генералам ваенна-паветраных сіл, куратарам звышсакрэтных праектаў Пентагона. Праз дзень пасля сустрэчы Галдуотэр выпраўляецца ў сваю штаб-кватэру ў Арызону, у пустэчах якой над базамі ВПС адразу ж назіраецца ўсплёск актыўнасці лятаючых талерак: 9 снежня — Чайна-Лэйк, 15 снежня — Нагалес і Бісбі, 18 снежня — Рыа-Грандэ. Пад канец снежня разведупраўленне міністэрства абароны (РУМА) атрымлівае калядны падарунак: 200 мільёнаў даляраў дадатковых асігнаванняў “на мэты, звязаныя з новымі касмічнымі аб’ектамі”.Якімі “новымі”? Неапазнанымі?..
Як вынікае з нядаўна надрукаваных дакументаў, прысвечаных дзейнасці таямнічай групы “Маджэстык-12”, хросным бацькам якой быў прэзідэнт Гары Трумэн і ў якую, апроч вярхоўкі амерыканскай уладнай эліты, уваходзілі іншапланецяне, Джон Кенэдзі меў намеры рассакрэціць усё, што звязана з НЛА. Ён лічыў, што грамадзяне Злучаных Штатаў Амерыкі прымуць факт іншапланетнай прысутнасці без страху і панікі, што народ у любым выпадку мае права ведаць праўду. Але так лічылі не ўсе, у тым ліку самі іншапланецяне, якімі, альбо па настойлівым патрабаванні якіх, прэзідэнт Кенэдзі і быў забіты. Прычым, не толькі ён сам, але і ўсе тыя, хто праз яго быў далучаны да іншапланетнай таямніцы: ягоны брат, міністр юстыцыі Роберт Кенэдзі, ягоная палюбоўніца акторка Мэрылін Манро, міністр абароны пры прэзідэнце Трумэне… і далей, — Гарык прагартаў газету, — пералік знішчаных людзей, пасля чаго самае цікавае… Калі ў ЗША быў запрошаны савецкі лідар Мікіта Хрушчоў, на здымках фільма “Канкан” у Галівудзе яго пазнаёмілі з Мэрылін Манро, праз якую падчас іх кароткага, але бурнага рамана, Хрушчову наўмысна была перададзеная інфармацыя пра кантакты з НЛА ды іншапланецянамі. Вярнуўшыся ў СССР, Хрушчоў загадаў пашырыць сакрэтныя даследванні ў гэтым накірунку, збіраючыся, як і Кенэдзі, сказаць праўду народу, таму лагічна чакаць, што менавіта ён неўзабаве папоўніць прыведзены спіс” — склаў газету Гурык. — Ну, як вам гэта?..
Усе агаломшана маўчалі. Дапусціць, што ў газеце, няхай амерыканскай, напісана няпраўда, мы, няхай стылягі, але стылягі савецкія, не маглі. Бо газета — не кніга, не дэтэктыў Агаты Крысці.
Амерыканец — іншапланецянін? Ён, канечне, дзіўнаваты быў, не без таго, але… Але ўсё адно выходзіла, што ў СССР яго паслалі, каб ён забіў Першага сакратара ЦК КПСС, Старшыню Савета Міністраў СССР Мікіту Сяргеевіча Хрушчова, які, сказаўшы народу праўду пра культ асобы, збіраўся сказаць праўду пра іншапланецян. Тады чаму ўсё ж ён забіў не Хрушчова, а Кенэдзі? Хоць мусіў забіць абодвух. Хрушчоў раздумаў праўду казаць?..
— А памятаеце, — перапыніў нашыя сутаргавыя развагі Гарык, — як Палкоўнік пры першай сустрэчы спытаўся ў Аліка, чаго ён з Амерыкі да нас прыпёрся? І што той адказаў, памятаеце?.. “З чаго вы ўзялі, — ён спытаў, — што я з Амерыкі? Я не з Амерыкі зусім…” Хоць пасля ўжо казаў, што з Амерыкі… Ну, што вы пра ўсё гэта думаеце?
— Перш чым думаць, трэба падумаць, — сказаў Косця Воран, і ніхто ў яго не запытаў, што гэта ён сказаў, з чаго вынікала: аніякіх думак наконт гэтага ані ў каго з нас няма.
Вуліца Няміга, былая рака
Жыццё ў Мінску цякло ціхае, павольнае, як вада ў Свіслачы. Косця Воран казаў: “І гэткае ж мелкае! Мястэчка габрэйскае, а не горад!..” — на што Саламон Майсеевіч толькі ўздыхаў самотна: “Каб жа яно было, габрэйскае мястэчка…”
Косця жыў непадалёк ад былой яткі, у якой цяпер круціў кранікі Саламон Майсеевіч. На Нямізе, на гарышчы трохпавярховага дома Косця меў больш падобны на галубятню, чым на чалавечае жытло, пакой з гаўбцом, які скошана навісаў над вулачкай, парыпваў над ёй, нібы збіраўся вось-вось абрынуцца сам па сабе, а на ім таўклося іншым разам паўтузіна людзей — і ён не падаў. Няміга тады не была яшчэ зруйнаваная, і ў яе лабірынтных, саміх у сабе заблытаных дворыках, у якія старонняму чалавеку можна было забрысці і не выйсці, слупамі стаяў сонечны пыл, прывідна лунала тое, па чым, мусібыць, і ўздыхаў самотна Саламон Майсеевіч.