Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без
Шрифт:
Вось у той ятцы на спуску ад пляца Волі да Нямігі, у якой раней мяса прадавалі і на месцы якой, калі мяса прапала, аўтамат з газіроўкай паставілі, штодня й круціўся каля кранікаў з вадой і сіропам Саламон Майсеевіч Бланк. Хударлявы, перакошаны ў плячах, з гарбузаватай, злыселай ад лобу да макаўкі, галавой. Мітуслівы, ён вытыркаўся і вытыркаўся з вакенца яткі, як зязюля з гадзінніка.
Ці як шпак са шпакоўні.
Цяпер можна сказаць, што ён увогуле вытыркаўся з часу.
Яшчэ больш мітуслівымі, чым сам Саламон Майсеевіч, былі ягоныя рукі, якія жылі, здавалася, асобным і адна ад адной, і ад Саламона Майсеевіча жыццём. Калі нехта ваду без сіропу прасіў, дык дзвюх рук гэта не займала… Адной рукой кранікі круцячы, Саламон Майсеевіч другую ўскідваў, нібы ўвагі прасіў, каб з вакенца яткі зараз жа прамову пачаць.
Ку-ку!
А
— У галовы вам напякло! Бо ж нічога ў вас, дзе галовы! Хай на капялюш, на капялюшык шкадуеце, але ж ёсць цюбецейкі! Іх жа гару ў ГУМ завезлі, нібыта тут Туркменія! Да ГУМа ж дзве хвіліны хады! Рубля не каштуюць, шэсцьдзясят капеек! Дваццаць шклянак вады з сіропам! Дык вы сіропам захлынуцца гатовы, а галовы хай пячэ да смерці! А нашто вам сіроп без галоў? Хай сабе нават ананасны! Ні пра што ж не думаеце! А пра мяне думаеце: прыстроіўся кранікі круціць! І ў галаву яму не пячэ! Раз крутнуў, не даліў — капейка! Два разы крутнуў — дзве! Дык за дзень жа!.. Не адну цюбецейку купіць можна!.. А каб хоць нехта падумаў, што я наліваю не меней, а болей! Ніхто! Ніхто! Ніхто і ні пра каго ў гэтай краіне лепей не падумае! Толькі горай! І пакуль так будзе, я буду круціць, а вы без цюбецеек хадзіць і галовы паліць. Няма на вас таварыша Сталіна!..
— А Сталін тут пры чым? — не злавіўшы логікі ў апошніх словах Саламона Майсеевіча, раптам вытыркаецца мужык з чаргі і тут жа, насцярожана паазіраўшыся, шкадуе, што закарцела яму спытаць пра Сталіна, бо навошта было аднаму вытыркацца, калі ўсе астатнія п’юць ваду і маўчаць.
— Пры таварышы Сталіне вы ўсе ў цюбецейках хадзілі б! — адразае Саламон Майсеевіч, і паколькі чарга не пярэчыць, хоць ніхто ў ёй не разумее: чаму ў цюбецейках, калі Сталін грузін? — Саламон Майсеевіч прамаўляе далей. — Калі хочаце ведаць, я з 17 лістапада 1937 года моцна не ўзлюбіў таварыша Сталіна. І зусім не таму, што ён скрывіў лінію таварыша Леніна. 17 лістапада 1937 года забралі і невядома дзе падзелі майго брата Ізю. Мой брат Ізя быў паэт, а таварыш Сталін быў хто? Таварыш Сталін быў таварыш Сталін. У семінарыі вершы складаў, а хто чытаў? Вы чыталі? — пытаецца Саламон Майсеевіч у насцярожанага мужыка, які ўжо не рады, што яму піць захацелася. — Ніхто не чытаў. А вершы майго брата Ізі вы можаце пачытаць, у мяне кніжкі ёсць… — І прадаўшы разам з газіроўкай тузін кніг брата Ізі, Саламон Майсеевіч сканчае прамову.
— 25 лютага 1956 года раптам адкрылася, што таварыша Сталіна не любіў не толькі я, але і Першы сакратар ЦК КПСС, Старшыня Савета Міністраў СССР таварыш Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў, які асудзіў таварыша Сталіна за культ асобы. І што з таго? Думаеце, знайшоўся невядома дзе падзеты брат мой Ізя? Не, не знайшоўся невядома дзе падзеты брат мой Ізя. Затое просты савецкі чалавек, маёр Юры Аляксеевіч Гагарын першым узляцеў у космас. Салам алейкум!.. — вытыркаецца з яткі Саламон Майсеевіч і робіць гэтакі рух, нібы здымае з галавы цюбецейку.
Чаму салам алейкум?.. Таму што цюбецейкі ў ГУМ завезлі?..
Косця Воран неяк сказаў Саламону Майсеевічу, што той падобны да Леніна, толькі без барады. “А я сваяк ягоны, — вытыркнуўся з яткі Саламон Майсеевіч. — Ды пра гэта нікому!..” І за тое, што Косця распазнаў у ім сваяка Леніна, Саламон Майсеевіч наліў Косцю вады з ананасным сіропам.
Анідзе ў горадзе не было такіх сіропаў, як у Саламона Майсеевіча! Апроч звыклага яблычнага ці малінавага з вішнёвым, яшчэ і абрыкосавы, апельсінавы, ананасны… Ананасаў у Мінску ніхто ў вочы не бачыў, а сіроп ананасны ў Саламона Майсеевіча быў.
І яшчэ была ў яго дачка Ася.
Ані ў кога ў Мінску не было такой дачкі, як у Саламона Майсеевіча! Высокая, мармурова белая, з зеленаватым смуткам глыбінных, саміх у сабе затоеных, вачэй, над безданню якіх лунаў пажар агністых валасоў — уся не ў бацьку. А ці ў маці — невядома, бо маці яе, Соня Лямпель, загінула ў мінскім гета, ледзь паспеўшы нарадзіць дачку, якую ўзгадаваў Саламон Майсеевіч, каб Косця Воран згараў у пажары яе валасоў…
І не ён адзін.
Як толькі Ася ў белай сукенцы, на якой золатам плавіўся пажар яе валасоў, з’яўлялася каля яткі, дык нават у прахалодныя дні, калі нікому
піць не хацелася, не канчалася чарга сасмяглых. З Асяй Саламон Майсеевіч мог бы прадаваць газіроўку нават зімой, калі б яна не ледзянела. Дый ледзяную пілі б, лёд бы хрумкалі, калі б Ася каля яткі стаяла. Неяк Асі ў Мінску з тыдзень не было, у Аўстрыю, у Вену да радні ездзіла, дык народу каля яткі адразу паменела: ніякай чаргі нават пры спякоце. З Вены Ася кока-колу прывезла, пра якую мы спявалі: “Не хадзіце, дзеці, ў школу, піце, дзеці, кока-колу…” — хоць самі кока-колу ніколі не пілі і, як аказалася, маглі й не піць — што там тая кока-кола ў параўнанні з шыпучай вадой з сіропам з яткі Саламона Майсеевіча!..У той дзень, калі Косця Воран распазнаў у Саламоне Майсеевічы сваяка Леніна, каля яткі мы стаялі ўтраіх: Косця, Ася і я. Да нас падыходзіў Ас, але ён быў яшчэ наводдаль. Настолькі далёка, што наўрад ці мог пачуць тое, што сказаў Саламон Майсеевіч пра сваё сваяцтва з Леніным. Хоць хто яго ведае, з якой адлегласці чуюць лётчыкі, у якіх нябеснае здароўе. Калі нават яны былыя.
Ас хадзіў у шынялі з пагонамі генерал-маёра авіяцыі. Пад шынялём — зашмальцаваны, зацыраваны цывільны пінжак на чарнільна-сінюю майку. Таму шыняля ён ніколі не расшпільваў. Заходзіў у кавярню “Вясна”, дзе яго найчасцей можна было бачыць, прадстаўляўся ўсімі сваімі мянушкамі: “Ас! Генерал! Мёртвая пятля!” — і чакаў, пакуль нальюць. Калі не налівалі доўга, ставаў пасярод залы і пачынаў свістаць, імітуючы палёт куляў з асколкамі. Гэта ў яго здорава выходзіла: страшна, як на вайне! Калі быў у кавярні нехта новенькі, дык, уражаны, запрашаў Аса да стала.
Кожны раз Ас прасіў наліць яму адно і тое ж: шклянку партвейна “Агдам”. Выпіўшы, штораз адно і тое распавядаў: колькі і як назбіваў самалётаў — нямецкіх і амерыканскіх. “Ён мне ў хвост, а я ў мёртвую пятлю…”
Новенькія ў кавярні здараліся зрэдку, таму наліваў Асу звычайна Косця Воран, ці амерыканец, у якога і адна з мянушак была такая, Амерыканец, і ён насамрэч быў амерыканцам. Тым самым амерыканцам, з якім пазнаёміліся мы на танцах у Палацы прафсаюзаў.
Амерыканец пытаўся ў Аса, наліваючы:
— А дзе ты збіваў амерыканскія самалёты?
Ас нёс несусветнае… Амерыканец гладзіў каленкі Марыны, Асінай сяброўкі, якая працавала ў шпітальнай аптэцы і прыносіла амерыканцу, якога звала Алікам, аплаткі, каб не балела ад нашага савецкага жыцця ягоная амерыканская галава. Гурык уважліва ўсіх слухаў… Гурык сябраваў з Косцем, кахаў Асю — і быў прыстаўленым да амерыканца гэбістам. Ён падазраваў, што амерыканец налівае Асу, каб выведаць у таго савецкія самалётныя сакрэты.
Ас казаў:
— Я збіваў вашыя самалёты паўсюль, бо вы, амерыканцы, засранцы!
П’яны амерыканец з акцэнтам, а таму, здавалася, не надта й брыдка, лаяўся і разам з Асам абзываў амерыканцаў засранцамі, але не згаджаўся, што ён такі ж самы, як яны, бо ўсе амерыканцы былі за капіталізм, а ён — за камунізм. Мы таксама былі за камунізм, мы яго нават, невядома як, будавалі, і амерыканец намагаўся ўцяміць: як? — але як мы пра той камунізм, самі не ўяўляючы, што ён такое, яму ні тлумачылі, так і не ўцяміў. Ён прыехаў з Амерыкі спачатку ў Маскву, пасля ў Мінск, ажаніўся з Марынай, вярнуўся са сваёй савецкай жонкай у Амерыку і забіў там свайго амерыканскага прэзідэнта. Не праз тое забіў, што амерыканцы — засранцы, якія не хацелі будаваць камунізм, а праз рэўнасць да Марыны, якая, прыехаўшы ў Амерыку, закахалася ў амерыканскага прэзідэнта. Амерыканскі прэзідэнт быў падобны на чубатага Толіка, і Марына выстрыгала партрэты прэзідэнта, падобнага на яе першага каханка, з усіх газет і часопісаў, пісала яму лісты. Аднойчы нават адказ атрымала. Ну, так яна казала, што атрымала адказ, але не казала, які…
Ас чакаў, пакуль амерыканец налье, і толькі тады, калі той наліваў, казаў далей.
— Ты ведаеш, якія ў нас самалёты?.. Во, глядзі, — ён браў відэлец. — Во гэтыя восці, гэта, значыць, чатыры рэактыўныя рухавікі. І кожны з іх можа мяняць напрамак цягі. Таму во так, глядзі, — скрыўляў Ас восці алюмініевага відэльца ў адзін бок, — я магу ляцець наперад, а во так, — крывіў ён восці ў бок другі, — назад.
Амерыканец пытаўся: “А ўбок можаш?..” — і падхмялелы Гурык, сурова гледзячы на падвар’яцелага генерала, прыкладваў палец да губ: “Цыс-с-с…” Ён нахіляўся да Аса і шаптаў на вуха: “Я, старшы лейтэнант камітэта дзяржбяспекі, кажу вам: цыс-с-с!”