Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без

Некляев Владимир Прокофьевич

Шрифт:

— Э, не ўсе!.. — падхапіўся дзядок, якога перапыніў кіроўца: “Наступны прыпынак — плошча Якуба Коласа”, — і дзядок, не зачапіўшыся за падпалкоўніка, зачапіўся за Коласа. — Колас не быў! І Купала не быў! П’яны з лесвіцы зваліўся! І ў аднаго — вуліца, у другога — плошча! Справядліва?

Ніхто не адказаў яму, нават падпалкоўнік, да якога дзядок чапляўся — і тут ужо я не стрываў:

— Яны паэты!

Дзядок толькі й чакаў, хто не стрывае.

— Паэты? А я падпольшчык! Чым я горшы?

— Нічым, — каб супакоіць дзядка, сказала кандуктарка. — І ёсць вуліца Падпольшчыкаў.

Такой вуліцы я не ведаў. Але

ў Мінску сотні вуліц. Можа, недзе ёсць і такая, на якой жывуць падпольшчыкі. Цэлая вуліца падпольшчыкаў…

Грушаўка, на якой жывуць Кон з Грыцам, і Сельгаспасёлак, дзе жыве Балік, варагуюць адно з адным даўно. І час ад часу б’юцца. Да дзявятай крыві. Як толькі дзявятаму байцу нюрбалку расквасяць, вайна канчаецца — дзясятага не б’юць. У каго меней пабітых, за тымі й перамога.

Гэтым разам Балік прапанаваў біцца ў парку Чалюскінцаў.

— У вас тады перавага, — сказаў Кон. — Парк Чалюскінцаў — ваша тэрыторыя.

— А дзе ў вас біцца? — спытаў Балік. — У парку Горкага, каб міліцыя забрала?

Нібыта ў парку Чалюскінцаў міліцыя не забярэ.

— Плошча Якуба Коласа! — абвясціў кіроўца, і дзядок, раззлавана махнуўшы рукой, выскачыў з тралейбуса. — Наступны прыпынак — Шостая лінія.

— Герой бабы старой, — услед дзядку пракінула кандуктарка. — Яшчэ жывы, скача, а ўжо вуліцу хоча. Памры спачатку.

— Беражы Бог, — сказала тая бабуля, якая першай з агню здзівілася, і перахрысцілася.

— Які Бог? — раздражнёна спытаў падпалкоўнік. — І каго беражэ?.. Гэтага старога латрыгу?

Бабуля перахрысцілася яшчэ раз:

— Усіх няхай Бог беражэ.

Кандуктарка таксама хацела перахрысціцца, але зірнула на падпалкоўніка і не перахрысцілася. Толькі губы, як дама ў каракулі, падціснула.

Прыпынак праехалі моўчкі.

На наступным я сышоў — і больш ніколі ў жыцці не спаткаліся мне ні тыя дзве бабулі, ні дзядок, ні падпалкоўнік, ні намеснік начальніка Мінскага паравознага дэпо, ні кандуктарка Віялета Казіміраўна, ні сіні каптурык… Над усім — толькі вясновы пах пралесак.

Вось што дзіўна: убачыць людзей, разам з якімі пражываеш свой век на зямлі, толькі на імгненне аднойчы ўраніцы…

А ўвечары была вайна.

Мы ўжо грушаўскіх дабівалі, засталося толькі адну, дзявятую кроў пусціць, калі на мяне наляцелі незнаёмыя мужыкі. Не з нашых. П’яныя, у наколках — з тых, каго нядаўна выпусцілі з турмы па амністыі. Блатныя. Адзін ударыў алавянкай — і ўвечары я апынуўся там, дзе сышоў з тралейбуса ўраніцы: у Першай клініцы на Падлеснай.

Першай, каго ўбачыў, вярнуўшыся з таго свету, была Ася. Я пазнаў яе і заплакаў: ніколі мне з ёй не ажаніцца. Дама ў каракулі сышла з тралейбуса і павярнула на Даўгабродскую…

Пляц Волі, былы Высокі Рынак

— З каго нічога не выбіць — таго не б’юць, — кажа мне Саламон Майсеевіч на мой аповед пра тое, як я ледзьве не апынуўся на тым свеце. — Хіба выпадкова. Стаіш на вуліцы, нехта падыходзіць: “Чаго тут стаіш?..” Ты і адказаць не паспееш, бо сам пакуль не ведаеш, чаго тут стаіш, а той, які падышоў — тыц! Ці ў пысу табе, ці куды папала. І далей рушыў па сваіх таемных справах. Не надта яму, аказваецца, цікава, чаго ты тут стаяў.

Я слухаю Саламона Майсеевіча і ў згодзе ківаю галавой,

бо ўжо сам здагадваюся: людзі людзей на гэтым свеце прыблізна гэтаксама цікавяць, як і на тым. Ну, калі мець на ўвазе людзей, якія яны ёсць, а не якімі прыкідваюцца.

Прыкідвацца чалавеку, як яно ні дзіўна, куды лягчэй, чым быць самім сабой. Таму і шчэмяцца ў акторы ўсе… То ў вайну, то ў мір гуляюць.

Палкоўнік, пра якога размова далей, кажа, што актор — гэта той, хто не ведае, хто ён такі. Калі ён, канечне, не правізар, які ведае, што ён правізар. А Косця Воран з Палкоўнікам не згодны. “Сам пра сябе, — кажа Косця, — ніхто не ведае нічога. Нават правізар. Але ж не ўсе — акторы”.

“Ты хоць разумееш, што ты сказаў? — пытае Косцю Палкоўнік, спрабуючы задарма, не кінуўшы манету, выбіць з аўтамата газіроўку, але кулачок у Палкоўніка маленькі — і аўтамат толькі ўздрыгвае, пашыпваючы, а вады не дае. — Чаго пра сябе можа не ведаць правізар? Вось спытайся ў Саламона Майсеевіча: чаго ён пра сябе не ведае?”

“Але ж Саламон Майсеевіч не правізар…” — разгублена глядзіць Косця на Палкоўніка, якому ўсё адно, што там ведае ці не ведае пра сябе Саламон Майсеевіч, і толькі дзеля таго, каб Косця дапамог яму газіроўку з аўтамата выбіць, Палкоўнік кажа: “Але мог ім быць…”

“Гух!” — б’е Косця — і струменіць, зашыпеўшы, вада з аўтамата.

Мала каго так білі, як той першы ў Мінску аўтамат з газаванай вадой. І толькі праз тое, што з яго можна было нешта выбіць. Не Бог ведае што, шклянку вады з сіропам ці без, але ўсё ж…

Пасля хрушчоўскай грашовай рэформы шклянка газіроўкі без сіропу стала каштаваць не дзесяць капеек, а капейку, з сіропам — тры. З сіропам рэдка хто выбіваў. На маёй памяці толькі Косця Воран. І толькі аднойчы. Ці, можа, два разы. Але ён быў здаровы. У-у-у, які здаровы быў Косця Воран! Калі ад яго Ася ў аўтобус скочыла, каб да Гурыка паехаць, гэта на Круглай плошчы, на канцавым прыпынку першага аўтобуснага маршруту было, дык Косця ўхапіў аўтобус за задні бампер і трымаў. Аўтобус газаваў, пакуль бампер не адарваўся.

А тут нейкі аўтамат з газіроўкай… Ён амаль штодня ламаўся — і яго амаль штодня рамантавалі.

Стаяў ён на пляцы Волі, на спуску да Нямігі, куды перанеслі яго з праспекта Леніна ад крамы пад гадзіннікам, шостай прадуктовай, у якой і пачалі прадаваць мінчукам пеністую ваду з сіропам і без. Чаму перанеслі, ніхто не ведаў. Але ўсе здагадваліся: каб ятку знесці, у якой раней мяса прадавалі. Мяса на ўсіх не хапала, і каб яго стала болей, увесь Савецкі Саюз засеялі кукурузай, пасля чаго мяса зусім прапала. Ятка стаяла пустой — і ў ёй сталі прадаваць газіроўку. Мінчукі падыходзілі, выпівалі і пыталіся: “А закусіць?” Калі ж ятку знеслі і аўтамат замест яе паставілі, дык у каго пра што пытацца? У аўтамата?..

А аднойчыі ён знік. Усе падумалі, што яго звезлі, каб нічога ўжо пра ятку з мясам не нагадвала. Але не, я ведаў: ён знік сам. Каб не замінаць Саламону Майсеевічу, які праз яго стаў беспрацоўным і напісаў скаргу ў Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі Беларусі на Мінскі гарадскі выканкам дэпутатаў працоўных і на КДБ.

Я знайшоў зніклага на Берасцянскай, у двары дома, дзе аптэка. Сказаў, што Саламона Майсеевіча не стала — і цяпер яны адзін аднаму не замінаюць. Ні аўтамат Саламону Майсеевічу, ні Саламон Майсеевіч аўтамату. І ніхто ўжо не ўспамінае ятку.

Поделиться с друзьями: