Ахвяры
Шрифт:
Наіўны малады камісар гатовы быў паверыць, што сапраўды вопытны чэкіст мае асаблівы нюх. Але Ман ведаў гэты «нюх», выпрабаваў на ўласнай шкуры, і, каб не ўзарвацца ад нахабнай самаўпэўненасці асабіста, сцяўся і старанна еёрбаў з драўлянай міскі халодны суп; цыбуляй ад супу ўжо не пахла — пахла бярозай; усяму атраду ён выразаў асінавыя лыжкі і міскі, сабе — бярозавую, не любіў горкага паху асіны, бяроза пахне хлебам.
— На ноч пасадзім яго ў «радыёрубку», рацыю перанясём сюды, — сказаў Золатаў, здзівіўшы і Мана, і Кіпеня, і Брагінскага. На якія ахвяры ідзе камандзір спецатрада! Над рацыяй ён дрыжэў, як над самай каштоўнай уласнасцю. Рацыя, разумеў, бадай, адзін Ман, была для Золатава той усемагутнай зброяй, на якой трымаецца не толысі яго аўтарытэт начальніка асобага аддзела,
Пад «радыёрубку» Золатаў прымусіў спецыяльна зрубіць хаціну накшталт лазні, бо пад зямлёй не той эфект работы рацыі, ды і сыра ў зямлянцы для такой тонкай і дарагой апаратуры. У доміку гэтым было адзінае акенца, закратаванае, дубовыя дзверы, цагляная печка, і начаваў там радыст, хоць на гэты аб’ект і склад боепрыпасаў ставіўся асобны вартавы — акрамя тых, што ахоўвалі лагер.
— Ну, што — падумаў?
— А што мне думаць? Я расказаў усю праўду.
— Усю ці не ўсю — гэта мы пабачым. Пачнём з таго, як арыштавала вас гестапа, — Золатаў знарок назваў орган, якога не існавала ў Мінску, каб выклікаць арыштаванага на спрэчку — няхай да канца выявіць сваю дасведчанасць у структуры фашысцкіх органаў. Але цяпер Шабовічу было ўсё роўна — гестапа ці СД, якая розніца, яшчэ там, у камандзірскай зямлянцы, ён прыйшоў да думкі, што лепш не ўнікаць у дэталі, не паказваць сваю дасведчанасць, лепш прыкідвацца прастачком.
— Давай характарыстыкі «карцёжнікаў».
Але змораны, галодны Шабовіч расказваў нехаця, «жаваў», прапускаў шмат што з таго, што расказваў у першы раз, ды і прастаком пачаў прыкідвацца. Не пачуўшы эпізодаў, характарыстык, якія запомніліся, Золатаў радаваўся сваёй інтуіцыі: усе адбываецца гэтак жа, як многа разоў у яго багатай практыцы — падследны пачынае выкручвацца і канчаткова заблытваецца. I хоць у адказ на яго пытанні падпольшчык дакладна аднаўляў прапушчанае, гэта ніколькі не ўплывала на пераконанні следчага. Па сутнасці, уся ўвага Золатава і была занята тым, што ён вылаўліваў разыходжанні ў першых паказаннях і цяперашніх, ад пытанняў амаль адмовіўся, разважыўшы, што чым больш арыштаваны наблытае, тым лягчэй яму будзе пераканаць суддзяў — Мана, камісара і нават Брагінскага. Добра працавалася, калі не трэба было пераконваць начальства, наадварот, яно папракала яго за лішнюю гуманнасць. Залаты час быў! Цяпер ён рабіў адно: спыняў падследчага, хоць той і без таго гаварыў, што гуму цягнуў, — каб запісаць яго паказанні, асабліва дакладна запісаць разыходжанні з тым, што чулі «лапухі». Ён прымусіць яго падпісаць пратакол допыту — няхай пачытаюць.
Кухарка прынесла абед затрыманаму — камандзір загадаў.
Раней Матрона адносілася з павагай да Золатава — маёр! вышэй за капітана. Але пасля гісторыі з венграм страціла гэтую павагу. Вельмі ж нядобра начальнік дапытваў яе — усіх сваякоў да трэцяга калена перабраў. Цяпер жанчына знарок, падкрэслена, прыкідваючыся прастачкай, казала яму ты. Золатава гэта злавала, ніхто не адважваўся казаць яму ты, сам Ман — на вы.
— На, накармі чалавека! А то будзеш пра ўнукаў дапытвацца.
— Ты лічыш яго чалавекам?
— А хто ж я? — наіўна здзівіўся Шабовіч.
— Фашыст.
I знясілены хлопец не стрымаўся:
— Сам ты фашыст!
Але калі пайшла Баслычыха, пасміхнуўшыся з такой сутычкі, Золатаў пахадзіў па зямлянцы, не перадаўшы вязню кацялок з кашай, пасвістаў задумліва, спыніўся над ахвярай сваёй, зноў уважліва разгледзеў яго белую макушку ў развале
рыжых валасоў.— Дык хто я?
— Прабачце, я не хацеў. Нервы. Але ж я не фашыст. Няўжо цяжка паверыць? Я разумею, што праверыць немагчыма. Але я дакажу…
— А як жа — дакажаш!
Золатаў падняў руку над яго галавой і… раптам напрактыкаваным ударам, рабром далоні, як тапаром, секануў па шыі, напятай ад схіленай галавы.
Шабовіч зваліўся з калодкі, на якой сядзеў, што падкошаны, страціў прытомнасць.
Золатаў наском бота паварушыў яго цела. Пастаяў над ім мінут пяць. Нарэшце хлопец расплюшчыў памутнелыя вочы.
— Што ж гэта ты такі слабак? Ад слоў падаеш. Школу якую кончыў?
Шабовіч не адказваў.
— Паднімайся. Абедай. У нас людзі добрыя. Бачыш, як пашкадавала цябе кухарка. Набірайся сіл. I думай. Думай!
Пры другім прыходзе Золатава падпольшчык адмовіўся гаварыць.
— Я буду адказваць толькі ў прысутнасці ўсіх камандзіраў.
— Бач, сволач, унюхаў слабіну! Не, будзеш ты ў мяне гаварыць, калі мне трэба, — і даў кулаком пад дыхавіцу так, што Шабовіч зноў страціў прытомнасць.
Ачуняў — звінела ў галаве, балеў жывот.
Іншы чалавек — змрочны асілак з расплюшчаным, як у баксёра носам перавёў яго з зямлянкі ў прыгожую, утульную хаціну. Там прыемна пахла смалой і цёплай печкай. Застаўшыся адзін, Шабовіч пакутліва асэнсоўваў сітуацыю, у якую трапіў. У зямлянцы прыгадаў расказы пра тое, што немцы ствараюць правакацыйныя атрады з паліцэйскіх, якія тэрарызуюць насельніцтва, каб дыскрэдытаваць партызанскі рух, запалохаць людзей: хто пажадаў бы ўступаць у такія атрады? Праўда, Станулін аспрэчваў такія легенды. Але ці мог інжынер ведаць тайныя планы фашысцкага камандавання? Не бывае дыму без агня. Калі хадзілі чуткі, значыцца, і атрады такія маглі быць.
Дык ці не трапіў ён у правакацыйны атрад? Але Ганніны і Міколкавы адносіны да атрада аспрэчвалі такую сумную здагадку. Хоць… Хто так спаласаваў попу хлопчыку? Не гэты акуратна паголены, з ціхім голасам камандзір, які так дасканала валодае фашысцкімі прыёмамі допыту — так б’е ў жыццёвыя вузлы, што ўміг траціш прытомнасць? Ён, фельчар, колькі вучыў анатомію, хваробы, нідзе не вычытаў, не пачуў ад выкладчыкаў, не бачыў у кіно такіх удараў і быў упэўыены, што ў Савецкім Саюзе прыёмам такім вучаць хіба, можа, пагранічнікаў, больш нікога, бо нікому яны не патрэбныя. У нас гуманныя следчыя органы, гуманная армія — усё гуманнае.
Аднак калі яго пераводзілі ў дамок, сустрэлася група партызан, з цікавасцю агледзелі, сказалі ўслед:
— Шпіён. У лагер з мінамі прабраўся. Да склада лез.
Так маглі сказаць толькі сапраўдныя партызаны. I яму хацелася закрычаць ім: «Таварышы дарагія! Ніякі я не шпіён! I ніякіх мін у мяне не было! Адзін пісталет». Але крыкнуць не мог — кожны крок аддаваўся ў жываце пакутлівым болем.
Пасля чуў галасы партызан, седзячы ў доме. Нехта мацюкнуў Гітлера, шчыра, пакручаста. Нехта насвістваў «Кацюшу». Успаміналі ўчарашні рэйд — як ганялі паліцаяў.
Не, вельмі падобна, што размовы гэтыя падладжаны спецыяльна для яго; у фальшывым спектаклі прабіўся б і фальшывы голас. Не, атрад сапраўдны, толькі хіба навучаны горкім вопытам — падкідвалі ім шпіёнаў. Гэта зусім натуральна. А калі ён сярод сваіх, то трэба ўсё стрываць, любыя пакуты, але даказаць, хто ён у сапраўднасці. Свае не могуць не паверыць у яго шчырасць, калі ў яго паказаннях не прагучыць і крупінка няпраўды. Праўда праб’ецца!
I Шабовіч акрыяў духам.
Але калі зноў прыйшоў следчы, яго пачало ванітаваць. Слабасць зневажала. А Золатава парадавала такая рэакцыя на яго з’яўленне. Знаёмая рэакцыя, з яе часта пачыналіся патрэбныя паказанні, пачыналася падзенне.
Золатаў перасадзіў падследчага з канапы за трохногі стол, на якім нядаўна стаяла рацыя, паклаў перад ім пакамечаны вучнёўскі сшытак і агрызак карандаша, а сам хадзіў вакол, доўга не задаючы ніякіх пытанняў. Хадзіў, насвістваў мелодыю песні «Броня крепка, и танки наши быстры…».
А Шабовіч чакаў чарговага ўдару, стараўся адгадаць, куды, у якое месца ён будзе нанесены, і пакутаваў, што перажывае жывёльны страх, ніколі такога не перажываў, напружваўся ўвесь, уціскаў галаву.
— Якую школу канчаў?