Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Архіпелаг Беларусь

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

— Агулам на гэтае пытаньне адказаць немагчыма. У нас, як найменей, тысячагадовая летапісная гісторыя. І ў гэтыя тысячу гадоў былі часы, калі воля да ўлады тут, як кажуць, біла праз край. А здаралася, што стагоддзямі беларус панаваў адно над скацінай у полі і жонкай у хаце.

Вячаслаў Ракіцкі: А ў якія часы воля да ўлады «тут… біла праз край?»

— З таго, што мы ведаем, бадай, найбольшую прагу ўлады нашыя продкі выявілі ў пару Вялікага княства Літоўскага, калі стварылі «імперыю», што разлеглася ад Балтыйскага да Чорнага мора. Дарэчы, у Кастуся Тарасава ёсць выдатная аповесць пра аднаго з першастваральнікаў гэтай «імпэрыі». Называецца яна «Апошняе каханне князя Міндоўга». Але аповесць не столькі пра каханне, колькі пра ўладу як такую. Князь Міндоўг у сваіх думках разпораз

вяртаецца да сутнасці ўлады, спрабуючы зразумець яе бязлітасную праўду. Вось толькі невялікі фрагмент з ягоных развагаў: «Чаму немцы прусаў падпарадкавалі? — думаў Міндоўг. — Таму што мелі прусы восем старэйшых князёў, а вялікага між сабой абраць не здолелі. І ніхто з васьмі не наважыўся стаць вялікім. І на Літве так вялося, пакуль ён, Міндоўг, ня вырашыў, што стане вялікім князем. І насуперак усім перашкодам ды ворагам стаў… Ён — першы вялікі князь Літвы. Ён і Полацак здолеў пры-яднаць, і землі дрыгавічаў… Але пра што, пра каго, ён, вялікі князь, змушаны думаць пасярод ночы? Пра якіхсьці Даўмонта, Гартона, Любеня, пра іх дробныя крыўды, зайздрасьць, братнюю нянавісць. Забіць іх — і тады думаць пра іх не трэба. Шкадуеш іх забіваць — яны свайго месца ня ведаюць, злуюцца, востраць мячы, ад іх жа і абараняцца трэба не менш пільна, чым ад крыжакоў».

Вячаслаў Ракіцкі: Дарэчы, мы ў нашых шчырых і чыстых памкненнях гераізаваць гісторыю нацыі вельмі часта ідэалізуем тыя постаці, якія выконвалі загалоўную ролю ў лёсе краіны. Але, як мне падаецца, рэдка задумваемся аб тым, што вялікія постаці, якія былі пакліканыя выконваць волю да ўлады, вельмі часта, а мо і найчасцей, здзяйснялі ваё пакліканне не лішне высакародным чынам. Ці не так?

— Ужо ж напэўна так. Мілажальны і высакародны ўладар, асабліва ў тыя жорсткія часы, — гэта калыханка для дарослых. І хаця я працытаваў не дакументы і нават не хронікі, а мастацкі твор, але не думаю, што і ў наступным фрагменце сваёй аповесці Кастусь Тарасаў моцна хібіць, калі змушае шкадаваць Міндоўга, што ён збаяўся сваіх шараговых князёў і адмовіўся падпарадкавацца рымскаму Папу, каб стаць каралём з немцамі нароўні: «Дарэмна ён расхрысціўся… Чым з немцамі ваяваць, прасцей было б перабіць князёў — і сваіх, і ятвяжскіх, і прускіх. Сабраць у наезд і каля вогнішча пасекчы ўсіх мячамі сваёй аховы…Было б ужо вялізнае каралеўства». Гэта і ёсць трагічная формула ўлады. Калі не можаш перамагаць мірам, дык перамагай вайною. Але як толькі спынішся ў перамогах, цябе адразу зніштожаць, магчыма, якраз тыя, над кім ты злітасцівіўся.

Вячаслаў Ракіцкі: Між іншым, менавіта так было і з Міндоўгам. Яго знянацку акружыць сваёй дружынай і заб’е сваяк — князь Даўмонт. Толькі мы не будзем разблытваць, як і чаму ён гэта зрабіў, бо нас тут не цікавіць хада канкрэтных падзеяў…Не стала Міндоўга, але колькі пасля яго з’явілася на Літве вялікіх постацяў, чуйных да поклічу ўлады. Згадаем хаця б найвялікшую з іх — Вітаўта, які канчаткова аформіў Вялікае княства Літоўскае ў магутную дзяржаву. Аднак, мінула яшчэ колькі часу, і ў нас чамусьці перасталі аб’яўляцца героі, роўнавялікія ў празе ўлады Міндоўгу, Альгерду, Вітаўту, а неўзабаве знікла і само Вялікае княства. Ці ёсць тут нейкая заканамернасць, гістарычная логіка?

— Згаданы вамі на пачатку гаворкі Фрыдрых Ніцшэ адказаў бы наступным чынам: «Там, дзе не хапае волі да ўлады, там заняпад». У перыяд, калі ВКЛ пабралася няроўным шлюбам з Рэччу Паспалітай, прага ўлады пачала ўжо змяняцца прагай асалоды. Іншымі словамі, галоўнай мэтай цяпер сталася не ўлада, а ўцеха. Улада перастала быць каштоўнасцю сама па сабе, яна ператварылася ў сродак дзеля забеспячэння магнатаў раскошай ды іншымі слодычамі жыцця. Успомнім хаця б апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага, які прамяняў уладу над краінай і змаганне за яе свабоду на каханне да расійскай імператрыцы Кацярыны.

Вячаслаў Ракіцкі: Я зразумеў вас. Аднак гэта адказ толькі на другую частку майго запытання. Але чаму і куды пазнікалі героі, якія раней тут заўсёды адгукаліся на покліч волі да ўлады?

— Вось на гэта адказаць нашмат цяжэй. Калі б мы пра тое ведалі, дык напэўна ведалі б і чаму заняпалі Вялікі Рым ці Брытанская імперыя. Альбо, наадварот, чаму, па-расійску кажучы, «захолустное» Маскоўскае княства, якое ў сваю пару нават смешна было параўноўваць

з Вялікім княствам Літоўскім, праз нейкі час паняволіла не толькі ВКЛ, а ладную частку ад усёй зямной кулі з самымі рознымі плямёнамі, народамі й дзяржавамі? І вось ужо самы неверагодны прыклад. Жменька еўрапейскіх каланістаў у Паўночнай Амерыцы паклала пачатак звышдзяржаве, якая паўстала літаральна з нічога ўсяго за некалькі стагоддзяў!

Вячаслаў Ракіцкі: А цяпер давайце зірнём на адзін з тых перыядаў, калі, як вы сказалі, беларус меў уладу толькі над скацінай у полі і жонкай у хаце. Няўжо былі часы, калі беларусы зусім не імкнуліся да ўлады?

— Найбольш выразна гэтая пара датуецца XVIII—XIX стагоддзямі, калі ўвесь беларускі этнас табарыўся ў вёсках ці на плебейскіх ускраінах гарадоў. І калі нехта тады марыў пра ўладу, дык не меў ніякай магчымасці сваёй мары здзейсніць.

Зрэшты, наўрад ці каму з беларусаў, не толькі з сялянаў, але і з засцянковай шляхты нешта такое нават прыходзіла да галавы.

Вячаслаў Ракіцкі: А Кастусь Каліноўскі?

— Тут ваша праўда. І ўсё ж такі Каліноўскі і жменька тыпалагічна падобных, раскіданых па стагоддзях, — гэта гранічнае выключэнне. А ў асноўным амбіцыяў беларусаў хапала адно на тое, каб хоць трохі бліжэй падсунуцца да тых, хто ўжо мае ўладу. Найлепей слушнасць майго меркавання падтрымлівае Францішак Багушэвіч, калі ўкладае ў вусны маці словы, якія яна спявае свайму маленькаму сыну:

Ой, ня будзь ты лепей панам,

Ці вялікім капітанам,

Будзь, чым матанька радзіла.

Уяўляеце, у якой меры мусіў быць выпетраны ў народа інстынкт улады, каб маці, якая зазвычай жадае сваім дзецям заможнасці, поспеху, славы, аберагала сына ад усяго гэтага як ад чужога беларусам?

Вячаслаў Ракіцкі: Але потым было ХХ стагоддзе, узнік нацыянальны рух, паўсталі палітычныя партыі і шмат чаго яшчэ, што, урэшце, сваім вынікам мела стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Магчыма, усё гэта сведчыла за тое, што ў беларусаў зноў абудзіўся інстынкт волі да ўлады?

— Бадай, гэта яшчэ была не воля да ўлады, а ўсяго толькі жаданне ўлады, што зусім не адно і тое самае. Можа быць, кароткі век БНР якраз таму аргументам.

Вячаслаў Ракіцкі: А што ў гэтым плане можна сказаць пра савецкі час?

— Што да савецкай пары, дык найбольш выразную праяву ўладнага інстынкту я схільны звязваць з постаццю Пятра Машэрава. Фармальна ён нічым не розніўся ад шматлікіх іншых стаўленікаў Масквы, якія па чарзе кіравалі БССР цягам сямідзесяці гадоў. Але ж невыпадкова Машэраў пасля сьмерці пераўтварыўся ў народны міф. Мяркую, гэтак сталася перадусім з таго, што беларусы сэрцам учуялі й негалосна ўхвалілі ягоную волю да хоць трошкі самастойнага ад Масквы панавання, бо праз гэта патаемна выяўлялася і іх уласная воля да ўлады над сваёй краінай.

Вячаслаў Ракіцкі: Так бы мовіць, генетычная памяць пра волю да ўлады прачнулася? Ці не хочаце вы гэтым сказаць, што прага ўлады спакваля зноў становіцца адной з характэрных рысаў беларусаў, як тое калісьці было ў іхных продкаў — ліцвінаў?

— Цалкам верагодна. Але паколькі калектыўная воля да ўлады перадусім выяўляецца праз нейкага аднаго чалавека, дык вельмі хацелася б, каб мы ніколі не забываліся на словы Міндоўга, якія ён прамаўляе ў аповесці пра сваё апошняе каханне: «Улада вышэй за князя. Князь памірае, а зямля і ўлада застаюцца. Мы ў гасцях ва ўлады. Узяў уладу — яна загадвае. Толькі дурань думае, што ўлада — гэта ён сам».

Вячаслаў Ракіцкі: А цяпер давайце перарушым ад мовы ўлады да ўлады мовы… У 90-я гады ўжо прамінулага стагоддзя мы, здавалася, урэшце засвоілі, што дзяржаўнаю моваю Вялікага княства Літоўскага была старабеларуская мова. І гэта, не ў апошнюю чаргу, дазволіла нам лічыць ВКЛ старадаўняй беларускай дзяржавай. Праўда, тады раз-пораз ад замежных даследчыкаў можна было пачуць, што, маўляў, гэта была не старабеларуская, а канцылярская славянская мова. Але сёння падобныя публікацыі сустракаюцца і ў беларускіх, нават незалежных выданнях. Калі адсланіцца ад патрыятычных пачуццяў і падпарадкавацца навуковаму погляду, дык дзе тут супярэчнасць, а дзе ісціна?

Поделиться с друзьями: