Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Архіпелаг Беларусь

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Сутнасць ідэяў Вейніка ў тым, што як рэальны, так і не-рэальны свет, гэта значыць той, дзе месцяцца душа, дух, прывіды, фантомы і да таго падобнае маюць агульную прыроду, падпарадкаваную аднолькавым фізічным законам. Гэтаксама маюць фізічную прыроду і такія абстракцыі як час, прастора, думкі, уяўленні — што ён не аднойчы фіксаваў на сваіх прыборах.

Можа адзін з самых цікавых момантаў у тэорыі Вейніка гэта той, дзе ён даводзіць існаванне ў прыродзе тонкіх і звыштонкіх светаў і аб’ектаў. Тонкія аб’екты валодаюць якасцямі, якія ў Бібліі называюцца душой, а звыштонкія — духам.

Тут трэба згадаць, што для Альберта Вейніка кожнае слова ў Бібліі фізічна і матэматычна бясспрэчныя. Прынамсі самыя неверагодныя цуды, якія там апісваюцца, натуральна падпадаюць пад фізічныя законы, сфармуляваныя ім у Агульнай Тэорыі Прыроды.

І што цікава, калі Казімір Лышчынскі, з якога мы

распачалі гаворку, адмаўляў Богу ў праве на існаванне таму, што Той супярэчыў законам прыроды, дык Альберт Вейнік цалкам наадварот выводзіў існаванне Бога з фізічных законаў, якім аднолькава падпарадкаваны як Бог, так і створаны ім свет…

Вячаслаў Ракіцкі: На днях прыйшла сенсацыйная навіна — амерыканскі даследчык Роберт Сарматс у Міжземным моры на глыбіні паўтара кіламетра і на адлегласці 75 кіламетраў ад узбярэжжа Кіпра чарговы раз знайшоў тое, што чалавецтва шукае тысячагоддзі, а менавіта — Атлантыду. Раней яе час ад часу, так бы мовіць, знаходзілі ў раёне Азорскіх выспаў, Крыту, Сантарыні і нават далёкіх ад Міжземнамор’я частках свету. І вось цяпер — ля берагоў Кіпра. 

Натуральна, што праграма радыё «Свабода», якая ў сваім назове выкарыстоўвае слова «Атлантыда» як мэтафару, не магла не адгукнуцца на гэтую падзею. Тым болей, што і праз дзве з паловаю тысячы гадоў пасля таго, як старажытнагрэцкі філосаф Платон апісаў выспу-дзяржаву, якая нібыта знікла 9600 гадоў да нашай эры пад вадою, спрэчкі пра гэтую таямніцу не сціхаюць. Чаму?

— Мяне найболей займае ў міфе пра Атлантыду нашая цікавасць да гэтага міфу. Вось гэта ёсць сапраўдным дзівам, бо колькі за прамінулыя часы пазнікала народаў і магутных цывілізацыяў, але яны нікога, акрамя турыстаў і гісторыкаў, не інтрыгуюць. А знайсці Атлантыду — мара ці не кожнага рамантычнага падлетка. У чым тут прычына? Няўжо толькі ў тым, што Атлантыду занесла не пяском, а накрыла вадою?

Як мне ўяўляецца, трываласць міфу пра Атлантыду палягае на тым, што тут скрыжаваліся два асноўныя міфы еўрапейскага чалавецтва. Першы з іх — міф пра залаты век, які калісьці быў на зямлі. Як мы памятаем, у Платона Атлантыда — гэта выспа з урадлівымі палямі, багатымі гарадамі, магутным народам і заможным жыццём. Другі — гэта юдахрысціянскі міф пра апакаліпсіс: канец свету адразу і для ўсіх. Атлантыда ёсць своеасаблівым успамінам пра будучае, якое, паводле хрысціянскай версіі, чакае ўсё чалавецтва. Вось жа на скрыжаванні гэтых двух міфаў і палягае, з майго гледзішча, тая неверагодная трывучасць і вабнота міфу пра Атлантыду.

Вячаслаў Ракіцкі: Яшчэ пры жыцці Платона рэальнасць Атлантыды аспрэчвалася. Нават Арыстоцель, сучаснік Платона, як кажуць, менавіта з гэтай нагоды прамовіў: «Платон мне сябра, але ісціна даражэйшая». Дык ці варта верыць у гэтую ідэю сёння?

— Тэарэтычна Атлантыда цалкам магчымая. Болей за тое, зусім верагодна, што падобны лёс напаткаў не адзін народ, які жыў на востраве ці ўзбярэжжы. Хто і калі палічыць, колькі было тэктанічных ператрусаў у даўным-даўно прамінулым?! Разам з тым, я вельмі скептычна стаўлюся да Платонавай Атлантыды, як такой. Бачыце, да таго, як стацца філосафам, Платон быў паэтам і драматургам, гэта значыць, выдумлякам. Перадусім гэтай схільнасцю да паэтычных фантазіяў я і гатовы патлумачыць з’яўленне міфу пра Атлантыду.

Вячаслаў Ракіцкі: А чаму не толькі тыя народы, якія жывуць ля Атлантыкі, шукаюць Атлантыду? Чаму многія народы бяруць на ўзбраенне гэты міф? Вось і мы называем нашу праграму «Беларуская Атлантыда». У гэтым звязку пытанне: ці могуць беларусы знайсці сваю Атлантыду, калі яе разумець у філасофскім, шырокім сэнсе слова? І дзе можна знайсці яе?

— Кожны народ адчувае, што мае недзе глыбока пад сабою нешта вельмі істотнае, але страчанае ў часе. І ён спадзяецца, што калі падыме «сваю Атлантыду» з прадоння страты, дык знойдзе сябе. Разам з тым, міф пра Атлантыду інтрыгуе адно да той пары, пакуль Атлантыда не знойдзеная. Тое самае і з беларускай Атлантыдай. Як толькі мы яе знойдзем ва ўсёй паўнаце і значнасці, рэканструюем, запішам у падручнікі і свае галовы, дык міф адразу ператворыцца ў гісторыю народа, які спрадвеку жыў на гэтай зямлі. Але ёсць нейкая вабнота ў тым, што мы не толькі для іншых, але і для саміх сябе — terra nihil, што мы ўсё яшчэ чакаем адкрыць і свой залаты век, і свой апакаліпсіс. І гэтае чаканне, звязанае з пошукамі і першага, і другога, мне, як заўзятаму рамантыку, вельмі даспадобы.

2. Суплёт кантэкстаў

Філосаф

Алесь Анціпенка неяк заўважыў: пра Беларусь што ні скажы, усё будзе няпраўдай. Калі інтэлектуальныя парадоксы могуць ахопліваць рэальнасць, дык гэта якраз той самы выпадак. Рэч у тым, што беларускае грамадства пакуль не знаходзіць канвенцыйнай згоды адносна хоць чаго — уласнай гісторыі, свайго месца ў сучаснасці, шляхоў праставання ў будучыню. Таму не існуе бадай ніводнай канцэптуальнай тэзы пра Беларусь, якая б не была для некага «няпраўдай».

Возьмем хаця б гістарыяграфію… Тут мы маем столькі канцэпцый гісторыі Беларусі, што іх хапіла б на тузін краінаў. На пачатак згадаем адну з найноўшых, якая сцвярджае, што этнічна беларусы непасрэдныя нашчадкі сваіх балцкіх продкаў. Яны (балты) з’явіліся на нашых землях прыблізна дзесяць тысяч гадоў назад і за гэтыя тысячагоддзі амаль не змяніліся (этнічна), адно што зверху трохі славянізаваліся. Прыхільнікі гэтай ідэі перадусім адмаўляюць наяўнасць хоць якіх (і хоць калі) масавых міграцый на прасторы сучаснай Беларусі. Дзеля гэтага яны выкарыстоўваюць самую розную аргументацыю: ад антрапалагічных замераў да фальклорных матэрыялаў. Як вядома, беларускі фальклор адзін з самых багатых у Еўропе. Аднак ніводная з ягоных крыніцаў не згадвае пра такую маштабную падзею, як «перасяленне народаў». З чаго этнолаг Сяргей Санько і выснаваў досыць радыкальную тэзу: «Беларусы — славянамоўныя балты», якая ў некаторых асяродках ужо займела немалую папулярнасць.

Натуральна, што гэтая канцэпцыя рэзка кантрастуе з некалі паноўнай (замацаванай расійскай гістарыяграфіяй яшчэ ў XVIII стагоддзі), якая сцвярджае, што этнічнай протаспадчынай рускіх, украінцаў і беларусаў з’яўляецца «стараруская народнасць». І хаця гэткае разуменне свайго гістарыяграфічнага пачатку яшчэ досыць папулярнае ў беларускім грамадстве, аднак ужо амаль не бярэцца пад увагу найбольш адукаванай яго часткай, паколькі не абапіраецца на пераканаўчыя гістарычныя крыніцы.

Бальшыня сучасных беларускіх гісторыкаў, не адмаўляючыся ад ідэі славянскай протаасновы, актыўна працуе над стварэннем ужо ўласна нацыянальнай гістарыяграфіі. Але для многіх беларусаў (і ўладных інстытутаў перадусім) плён іхняй працы — гэта нішто іншае, як чарговая «няпраўда» пра Беларусь. Таму зусім не здзіўляе, што ў сітуацыі «вайны гістарыяграфіяў» дзяржаўная ідэалогія вырашыла зусім абысціся без гісторыі, узяўшы сабе ў аснову толькі адну падзею мінулага — Вялікую Айчынную вайну.

Але падобную сітуацыю мы маем і ва ўсіх іншых сферах: ад культуры да геапалітыкі. Нідзе і ні ў чым беларус не знаходзіць сябе канчаткова. Усюды адно пачаткі, версіі ды разрывы.

«Трэці Шлях»: На фармаванне беларусаў сёння моцны ўплыў аказваюць паўночнаамерыканская і азіяцкая культуры. А якія культуры аказвалі ўплыў на беларусаў у мінулым? Што з таго дайшло да цяперашніх часоў? Колькі з таго прышлага было пазітыўнага, а колькі негатыўнага?

— Адныя і тыя ж (з паходжання) людзі жывуць на гэтай зямлі ўжо колькі тысячагоддзяў (некаторыя з даследчыкаў называюць нават лічбу ў 10 тысяч год). І ўсю гэтую пару яны жылі тут зусім не ў ізаляцыі. Таму больш-менш поўны пералік уплываў запатрабаваў бы як найменей манаграфіі. А калі коратка, дык перадусім адзначым наступнае. Беларусь звыкла лічаць прасторай, дзе сустрэліся (сутыкнуліся) дзве вялікія хрысціянскія традыцыі: візантыйская» і «лацінская». Але пры гэтым зазвычай забываецца, што яшчэ задоўга да іхняга з’яўлення паганскае светабачанне нашых протапродкаў зведала магутны ўплыў індаеўрапейскага міфалагізму. Знакі і сляды той падзеі (магчыма, нават больш значнай за хрысціянства) мы паўсюдна сустракаем і сёння. Зрэшты, чаму толькі «знакі» і «сляды»? Матрыца нашай ментальнасці па сутнасці так і засталася паганскай. Рыгор Барадулін неяк назваў беларусаў «хрышчанымі паганцамі» — і гэта слушна.

Калі перасунуцца па часе бліжэй да цяпершчыны, дык у сваю пару на Беларусі (эпоха ВКЛ), як і ва ўсёй Еўропе, дамінавала «лацінская» культура. Пасля (і яшчэ доўга пасля анексіі гэтых земляў Расіяй) тут вяла рэй «пальшчызна». (У прыклад нагадаю, што бальшыня пачынальнікаў новай беларускай літаратуры першыя свае творы напісала па-польску). Значны (але пераважна латэнтны) уплыў на беларусаў зрабілі габрэі, якія ў мностве жылі на гэтых землях больш за пяцьсот год і трымалі ў сваіх руках усю інфармацыйна-гандлёвую структуру. Меней у нас згадваецца пра ўплывы «поўначы» і «поўдня» (чаго вартая адно стасункі з шведамі ці інтэграцыя татараў у жыццё краю), але яны таксама былі вельмі істотнымі. Затым, з ХІХ стагоддзя, пачынаецца татальнае панаванне расійскай культуры, якое такім застаецца і па сёння.

Поделиться с друзьями: