Архіпелаг Беларусь
Шрифт:
Што да «пазітыўных» і «негатыўных» уплываў розных культураў, дык гэта зноў жа залішне доўгая і складаная гаворка, каб яе нават распачынаць, калі казаць нешта грунтоўна. Адно коратка заўважу, што ўсе ўплывы па азначэнні нелінейныя, бо яны не толькі адначасна і пазітыўныя, і негатыўныя, але яшчэ і разгортваюць перспектывы цалкам нечаканых пераменаў (зноў жа далёка не заўсёды «пазітыўных»).
«Трэці Шлях»: Якія найбольш тыповыя культурна-каштоўнасныя рысы беларуса вы маглі б назваць?
— Здольнасць адаптавацца і выжываць у самых трагічных ці ганебных умовах. Існаваць як бы ў адсутнасці цэлыя стагоддзі,
Дарэчы, для мяне самымі вялікімі народамі з’яўляюцца не кітайскі, еўрапейскі ці амерыканскі, якія пабудавалі магутныя цывілізацыі, а маленечкія народы глыбокай поўначы. Да самых апошніх стагоддзяў яны жылі ў перакананні, што акрамя іх болей нідзе няма людзей. Закаваныя ў ледзяную аблогу, скутыя маразамі і засыпаныя снегам, яны тысячагоддзямі зберагалі чалавечы род, нават не задумваючыся пра свой гераічны чын. Болей за тое, у неверагодна суворых умовах, дзе нават звычайны кавалак дрэва быў каштоўнасцю, яны жыццядайна ўладкавалі свой побыт, стварылі самадастатковую культуру, адмысловую міфалогію і вытанчанае мастацтва. Праз іх перадусім у нас ёсць усе падставы ганарыцца чалавекам… І хаця беларусы мала ў каго выклікаюць гонар, але сваёй, глыбока прыхаванай вітальнасцю, яны мне нагадваюць маё любімае паўночнае чалавецтва.
Андрэй Расінскі: Ці не з’яўляецца тыповы беларус тыповым персанажам «бацькі экзістэнцыялізму» Сёрэна Кіркегора?
— Хіба адно навонкі. Фармальна беларусы сапраўды пражываюць сваё жыццё амаль згодна з філасофіяй Кіркегора — кожны ўпаасобку і менавіта як персанальнае жыццё. Таму і не атрымліваецца іх паяднаць ні нацыянальнай, ні рэлігійнай, ні якой там яшчэ ідэяй. Але насамрэч беларусы не экзістэнцыйны, а анталагічны народ. Яны простыя і цэласныя як зямля, камень, дрэва — як і ўсё, на чым трымаюцца асновы быцця. Беларус, прынамсі тыповы, традыцыйны, не ведае экзістэнцыйных мітрэнгаў і не мае асаблівых пакут з праблемамі выбару. Бо ён, калі заўгодна, і ёсць самім жыццём. А жыццю няма з чаго (і няма чаго) выбіраць. Бадай, толькі адзіны беларус мог стацца цалкам адэкватным «персанажам Кіркегора» — гэта Фёдар Дастаеўскі (і сам, і ягоныя героі). Ды і то хіба таму, што ў ім ужо, лічы, нічога не засталося тыпова беларускага.
Андрэй Расінскі: … а беларускі партызан?
— Экзістэнцыялізм — гэта вайна з самім сабой і ў самім сабе. А партызан ваюе з ворагам вонкі. Тут мне хоць хто слушна запярэчыць, спаслаўшыся на «партызанаў» Васіля Быкава. Сапраўды, героі прозы Быкава цалкам пагружаныя ў экзістэнцыйную праблематыку, але тое, што аўтар абцяжарыў гэтай праблематыкай вясковых хлопцаў, мужыкоў ды цётак, выглядае, далікатна кажучы, зусім не бясспрэчна. Між іншым, неяк я нават асцярожна сказаў пра гэта Васілю Уладзіміравічу. І ў станоўчы прыклад згадаў выдатнае апавяданне «Сцяна», у якім герой досыць абстрактная фігура, што найлепей адпавядае этыцы і эстэтыцы экзістэнцыйнага пісьма. На маё здзіўленне, Быкаў пагадзіўся са мной і з сумам патлумачыў: «Ведаеце, мяне б тады ніхто не друкаваў, каб мае героі былі іншыя. І так колькі за экзістэнцыялізм чаўплі».
Беларуская партызанка — гэта не адказ на маральны запыт: як жыць? Беларуская партызанка — гэта ўсяго толькі адзін са спосабаў выжыць .
«Трэці Шлях»: На Вашу думку, што сёння ўяўляе з сябе беларускі народ? Ці можна яго назваць нацыяй, ці пакуль гэта было б залішне смела? Ён этнічна і культурна сегментаваны ці аднародны ў сваёй масе? Як Вы разумееце тэрмін «беларуская нацыя». Гэта этнічная сукупнасць ці сукупнасць грамадзянаў сваёй краіны незалежна ад этнічнай прыналежнасці?
— Я не люблю панятак «народ» — бо ён аблудны (хаця і сам бываю змушаны ім карыстацца, паколькі зацугляны кантэкстам). Панятак «народ» у якасці ўстойлівай універсаліі замацаваўся ў эпоху рамантызму і, як на добры лад, мусіў быў з той эпохай сысці — але застаўся. І з гэтага ў шмат якіх галовах творыць сумятню і ўсялякую непатрэбшчыну. Васіль Быкаў зрабіўся нават вялікім песімістам з таго, што «народ памёр». А ніякага «народу» ніколі і не было — былі халопы, мужыкі, тутэйшыя, шляхта, палачане, наваградцы, ліцвіны, беларусіны і г. д. і да т. п.
Што да нацыі, дык тут іншая праблема. Мы ў беларусах шукаем характарыстыкі нямецкай, французскай, чэшскай… — адным словам нейкай «класічнай» нацыі і, натуральна, не знаходзім. А каб пашукалі ў беларусах «беларускую нацыю», дык можа і знайшлі б. Хаця, верагодна, тое знойдзенае і цяжка было б пазначыць словам «нацыя» ў яго «класічным» разуменні. Але ці не здаецца вам, што мы, прынамсі, інтэлектуалы, заклапочаныя не столькі рэальнасцю (наяўнасцю) Беларусі, колькі праблемай упісання яе ў сістэму тых ці іншых дамінуючых катэгорый. А калі яна не ўціскаецца ў паноўныя схемы, дык адразу пачынаем румзаць, як тыя бабры…
Сацыяльна беларусы аднародныя, як мала хто яшчэ, а вось інтэлігібельна — суцэльны «раздрай». І гэта натуральна. Паперадзе я трохі нагадаў, колькі самых разнастайных культурных традыцый назапасіў у сабе дыскурс Беларусі. І ўсе яны (і безліч незгаданых) так ці інакш сядзяць у нас, толькі ў кожным паасобку ў зусім розных камбінацыях. Таму, з аднаго боку, беларусы вельмі падобныя між сабой праз гамагенную сацыяльнасць, а з другога — зусім чужыя адзін аднаму. З гэтага беларусаў ніхто не здолее паяднаць нейкай адной «ідэалогіяй». Як нацыя (ужо ў «класічным» разуменні) яны могуць быць толькі сацыяльнай нацыяй (у іншай разгортцы — палітычнай нацыяй). У нас амаль няма шанцаў дааформіць нацыю па этналінгвістычнай мадэлі (хаця ў 1918 годзе Беларуская Народная Рэспубліка дэкляравала сваё паўставанне ў «этнаграфічных межах»).
«Партызан»: «Беларусы — вясковая нацыя». Сёння гэта гучыць ужо амаль як аксіёма. А як яно напраўдзе: вясковасць беларусаў — гэта міф ці рэальнасць?
— Мой адказ будзе амбівалентным: і міф, і рэальнасць. Перадусім заўважым, што вясковая нацыя» — гэта аксюмаран, два неспалучальныя сэнсы ў адным слогане. Паколькі нацыя не магчымая як вясковая. Вёска апрыёры не можа стварыць нацыю, у лепшым выпадку яна можа быць толькі падмуркам для паўставання нацыі. Вось чаму бальшыня еўрапейскіх нацыяў фармавалася, лічы, без узгляду на вёску. Але ў эпоху паўставання нацыяў ва Усходняй Еўропе (другая палова XIX—пачатак XX ст.) практычна ўсе беларусы жылі ў вёсках ці мястэчках. Таму нацыянальнай ідэалогіі не было на што яшчэ абаперціся, акрамя як на вёску. Натуральна, з гэтага ў лідэраў нацыянальнага руху адразу паўсталі сур’ёзныя праблемы, бо вёска прагнула не нацыянальнага, а сацыяльнага вызвалення. І ў гэтым сэнсе яна не шмат рознілася ад беларускага пралетарыяту, глыбока індэферэнтнага стасоўна пытанняў самаідэнтыфікацыі.
Міналі гады, Беларусь мадэрнізавалася (індустрыялізавалася, урбанізавалася), а нацыянальны міф заставаўся ўблытаным у нейкую фальклорную вёску, якая даўно страціла ўсе свае канатацыі — ад культурных да сацыяльных. Інакш кажучы, амаль ад самага пачатку нацыянальны міф у нас размінуўся з рэальнасцю жыцця. Але так ёсць і сёння.
Наталля Правалінская: Вы самі адкуль родам?
— З мястэчка.
Наталля Правалінская: Наколькі карэктна разважаць пра вёску, не ведаючы яе рэальнасці?