Архіпелаг Беларусь
Шрифт:
— Сітуацыя насамрэч болей пакручастая, чым нам хацелася б яе бачыць. Ужо хаця б таму, што ў пару Вялікага княства Літоўскага ніхто тую мову беларускай не называў, ды і сам этнонім «беларусы» запануе на гэтых прасторах адно праз некалькі стагоддзяў пасля знікнення княства. Ёсць шэраг і іншых, не менш важкіх аргументаў на карысць супраціўнікаў назвы той мовы, як «старабеларускай». І нашыя навукоўцы мусяць улічваць гэтыя аргументы. Але па-за колам навукоўцаў мы на ўсе гэтыя аргументы не павінныя лішне звяртаць увагі. Бо з такім жа поспехам не складана паставіць пад сумнеў назоў кожнай мовы, якая мае прыметнік «старажытная». Чамусьці рускім, чэхам, палякам, балгарам і да таго падобным можна тоесніць тыя славянскія гаворкі, на якія размаўлялі іх даўнія продкі, з сваім сучасным нацыянальным этнонімам, а беларусам —
Вячаслаў Ракіцкі: Вы хочаце сказаць, што кожная спроба замяніць назву дзяржаўнай мовы ВКЛ з «старабеларускай» на «славянскую» — гэта звычайная палітычная канкурэнцыя, якой бы пераканаўчай навуковай аргументацыяй не карысталіся нашыя апаненты?
— Гісторыю, як вядома, піша той, хто застаўся ў жывых. Пакуль некалькі стагоддзяў мы былі як бы мёртвыя, нашу гісторыю перапісалі на свой рахунак тыя, што заставаліся жывымі. Калі не баяцца словаў, дык усё гэта трэба было б назваць марадзёрствам. І цяпер, калі нашчадкі тых, памёрлых, патрабуюць сабе спадчыну сваіх продкаў, яны чуюць з усіх бакоў лямант марадзёраў… Але давайце пакінем нашу, так бы мовіць, «маёмасную цяжбу» з суседзямі на потым. Бо цяпер я хацеў бы сканцэнтравацца на тым, што ні ў каго не выклікае сумневу. А менавіта на тым, што тая мова была мовай княскай канцылярыі, гэта значыць, мовай палітычнай, прававой і рэлігійнай улады на ўсёй тэрыторыі ВКЛ…
Вячаслаў Ракіцкі: Хвіліначку… Тут дарэчы будзе згадаць словы Янкі Запрудніка, які сцвярджае наступнае: старабеларуская мова «выкарыстоўвалася ў княскай канцылярыі ад самага яе заснавання ў XIV ст., беларускую мову трэба лічыць адной з найдаўнейшых дзяржаўных моваў у Еўропе. Напрыклад, кастыльскую мову было загадана ўжываць у гішпанскіх урадавых дакументах у XIII ст., англійская набыла афіцыйнае прызнанне ў 1362 г., а парыжскі дыялект французскай дамогся такога статусу ў 1400 г.»
— Да словаў Янкі Запрудніка дадам толькі, што старабеларуская мова не проста выкарыстоўвалася ў княскай канцылярыі, яна апынулася прыдатнай, каб аб’яднаць уладай у адзінае цэлае вялізную краіну ад Балтыйскага да Чорнага мора.
Вячаслаў Ракіцкі: А значыць, мова стала інструментам улады?
— Так, у гэтым сэнсе старабеларуская мова нічым не рознілася ад іншых дзяржаўных моваў. Перадусім яна існавала як надзвычай эфектыўны інструмент зняволення і панавання.
Вячаслаў Ракіцкі: Дык як жа беларусам-патрыётам пасля такой характарыстыкі мовы ставіцца да знакамітага выказвання Францішка Багушэвіча «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі», як і да бясконцага шэрагу падобных выказванняў, якіх даволі можна сустрэць ці не ў кожнага беларускага паэта?
— Мяркую, што да ўсіх гэтых рамантычна-ўзнёслых словаў ставіцца мы павінныя па-ранейшаму: з паразуменнем і спагадай. Але разам з тым ужо даўно наспеў час для ўсведамлення, што ў мовы ёсць і іншы — куды менш рамантычны бок. Што мова створаная не толькі дзеля таго, каб слухаць другога, але каб і слухацца другога, мацнейшага за цябе. Менавіта пра гэта, толькі ўжо адносна пісьмовай мовы, кажа Клод Леві-Строс: «Трэба прызнаць, што першасная функцыя пісьмовай камунікацыі — гэта паскарэнне працэсу зняволення людзей. Бескарыслівае ўжыванне пісьма дзеля інтэлектуальнага і эстэтычнага задавальнення ёсць ускосным вынікам, але і ён найчасцей ператвараецца ў сродак змацнення, апраўдання ці прыхавання таго ж прыгнёту». Звяртаючыся бліжэй да сучаснасці, філосаф піша: у Х1Х стагоддзі «барацьба з непісменнасцю супадае з узмацненнем кантролю над грамадзянамі з боку ўлады. Калі ўсе будуць умець чытаць, улада зможа ўпэўнена казаць: няма каму адгаворвацца няведаннем закону».
Вячаслаў Ракіцкі: Дык што, і Статут ВКЛ перадусім ствараўся дзеля замацавання ды пашырэння ўлады князя і паноўных элітаў?
— Натуральна. Сёння мы бясконца згадваем Статут, як сведчанне высокай прававой культуры старажытнай Беларусі, не забываючыся пры гэтым адзначыць лібералізм і гуманнасць яе законаў. Да таго ж мы не абмінаем згадкай выразнасць і распрацаванасць той беларускай мовы, якой гэты Статут
быў напісаны і з гонарам цытуем словы Льва Сапегі, што «законы нашы выдадзены не на нейкай чужыннай мове, а на сваёй роднай». І ўсё гэта праўда. Але яшчэ большая праўда ў тым, што Статут ствараўся не дзеля дэманстрацыі нашай высокай прававой культуры і багатай мовы і, тым болей, не дзеля таго, каб некалі потым ім ганарыліся нашчадкі. У Статута была канкрэтная і цалкам прагматычная задача. Праз рэформу прававога поля і сітэматызацыю законаў больш жорстка зафіксаваць пісанай мовай уладу паноўнай эліты над гэтай вялізнай, але аморфнай тэрыторыяй.Вячаслаў Ракіцкі: Статут ВКЛ у пісанай форме юрыдычна замацоўваў моц свецкай улады? А ў духоўнай сферы што стаяла на варце ўлады?
— Яшчэ адзін вялікі помнік старабеларускай мовы — «Біблія» Францішка Скарыны. Па сутнасці ў духоўнай сферы яна выконвала тую ж ролю, што і «Статут» Льва Сапегі ў сацыяльна-прававой сферы. Беларуская «Біблія» дапамагла канчаткова згамаваць паганства на нашых землях і тым самым сканцэнтраваць усю духоўную уладу ў руках Царквы. Між іншым, заўважым, што адной з асноўных прычынаў татальнай паразы паганства была адсутнасць такой магутнай зброі ў барацьбе за духоўную ўладу, як паўнавартасная пісьмовая культура.
Вячаслаў Ракіцкі: Старабеларуская мова, выявіўшыся мовай улады, не змагла зберагчы Вялікае княства, і яно назаўжды знікла з геапалітычнай мапы Еўропы. Разам з ім назаўжды знікла і старабеларуская мова. Чаму так здарылася?
— Мы з вамі ўвесь час падкрэсліваем, што старабеларуская мова найперш і перадусім была мовай улады. У гэтым крылася яе моц, але, як выявілася потым, і яе слабасць. Пасля ўлучэння княства ў Рэч Паспалітую, цэнтр улады перасунуўся ў тагачасную сталіцу Польшы і мовай улады сталася польская мова. З гэтага старабеларуская засталася без сваёй асноўнай функцыі і змарнела яшчэ да таго, як землі Вялікага княства апынуліся ў складзе Расіі.
Вячаслаў Ракіцкі: Чаму той ці іншы горад становіцца сталіцай? Напэўна, сталіца мусіць ахапіць сваёй уладай усе рэгіянальныя тэрыторыі, арганізаваць прастору існавання раскіданага па вялікіх абшарах насельніцтва як дадатак да самога сябе. Яшчэ сталіца павінна мець гісторыю, у якой канцэнтраваўся б лёс краіны, нацыі. А з гісторыі паўставала б і адметная ўласная міфалогія. Беларусь стагоддзямі вагалася ў выбары свайго цэнтральнага горада, пакуль абрала Мінск. Чаму так было і з чаго так сталася?
— Наўрад ці тут магчымы адзіны і пераканаўчы адказ. Прынамсі, толькі ў мяне іх некалькі. Падаю найбольш верагодны. На прасторы, якую мы сёння пазначаем паняткам «Беларусь», у розныя эпохі існавала некалькі тыпаў цывілізацыі, якія да таго ж пазней пачалі накладвацца адна на адну. Найбольш выразныя з іх — гэта крыўская, русінская і ліцвінская. І кожная з гэтых цывілізацый шукала цэнтр самой сябе. З чаго цэнтр найчасцей апынаўся на ўскрайку ўсёй прасторы як цэлага. Адсюль гэтыя радыкальныя скокі цэнтра ад Полацка і Смаленска (у бальшавікоў была ідэя зрабіць сталіцай БССР апошні — В.А.) на ўсходзе да Наваградка і Вільні на захадзе.
Вячаслаў Ракіцкі: Ці адбілася гэтая сітуацыя на геапалітычнай катастрофе Вялікага княства Літоўскага?
— Выкажу нахабную думку, за якую гісторыкі, верагодна, аблаюць мяне апошнімі словамі. Але хай сабе. Дык вось. Заняпад ВКЛ быў абумоўлены шэрагам самых розных прычынаў. Аднак ці не найперш вінаватая ў гэтым заняпадзе сама Вільня — дакладней, тое, дзе яна знаходзілася. У пару свайго росквіту ВКЛ — адна з буйнейшых дзяржаваў Еўропы. А ейная сталіца Вільня знаходзілася ў самым закутку гэтай вялізнай «імперыі». І таму яна не магла доўга трымаць адсунутую ад самой сябе прастору дзяржавы як цэлага. Княства было само па сабе — Вільня сама па сабе. І ці не гэтая невыразнасць цэнтра дазволіла Кароне спакваля прыбраць пад сябе Княства. Не ведаю, ці адчувалі тагачасныя кіраўнікі дзяржавы гэтую небяспеку, але вось вам прыклад такога адчування ў сучасную пару. Каб утрымаць Казахстан як цэлае, Назарбаеў перакінуў сталіцу з Алма-Аты, што знаходзілася на ўскрайку краіны, у Астану — бліжэй да яе сярэдзіны.