Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Архіпелаг Беларусь

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Аляксандр Адамянц: Слова «інтэлектуал» адсылае нас да еўрапейскага культурнага кантэксту. Адразу згадваюцца такія прозвішчы як Ж. П. Сартр, А. Камю, М. Фуко, Ю. Хабермас, Э. Саід, М. Хомскі ды іншыя. З гэтага і пытанне: ці ёсць падставы казаць пра «беларускіх інтэлектуалаў». Ці не з’яўляецца выкарыстанне гэтага тэрміну штучным, механічным пераносам заходніх рэалій на беларускую глебу. Магчыма, для нашага беларуска-расійскага культурнага арэала больш арганічным выступае слова «інтэлігенцыя»? Аднак феномен інтэлігінцыі, у прыватнасці, «рускай інтэлігенцыі» нясе на сабе цяжар гістарычнай адказнасці за бальшавіцкую рэвалюцыю 1917 года. Руская інтэлігенцыя, як вядома, вельмі жорстка крытыкавалася такімі выбітнымі філосафамі як М. Бярдзяеў, С. Франк, С. Булгакаў. Бярдзяеў, да прыкладу, абвінавачваў інтэлігенцыю ў «отщепенстве» і нігілізме, паказваючы на яе разбуральны, рэактыўны ( у ніцшэанскім

сэнсе) характар. Як вы ацэньваеце інтэлектуальную сітуацыю ў Беларусі? Ці існуе ў беларускім грамадстве такая група, якую можна было б аднесці да інтэлектуалаў у еўрапейскім разуменні, альбо да інтэлігентаў ў расійскім сэнсе? Ці, магчыма, у нас ёсць нешта іншае, адрознае як ад першага, так і ад другога, нешта спецыфічна беларускае?

— У мяне алергія на даведкавую літаратуру (а, можа, гэта нават нейкая лакалізаваная форма бібліяфобіі?). Таму я ніколі не даведаюся, як прэзентуюць дэфініцыі «інтэлектуал» і «інтэлігент» розныя тлумачальныя слоўнікі. Хаця, што праўда, у сваю пару я добра такі начытаўся ўсялякіх расійскіх кніжак, дзе феномен інтэлігенцыі слынныя аўтары аналізавалі ў самых неверагодных камбінацыях. Але і тады, калі я тыя кніжкі чытаў, тэндэнцыя вінаваціць расійскага інтэлігента ў «кастрычніцкай» катастрофе не падавалася мне лішне пераканаўчай. Тым болей не бачыцца яна слушнай цяпер, калі я ўжо даўно не чытаю, прынамсі мітуслівых, расійскіх кніжак.

Што да «злачыннай» сутвы інтэлігенцыі, дык у гэтам плане расійцы проста падхапілі і перайначылі на свой капыл наіўную еўрапейскую схему, згодна з якой першапрычынай Вялікай французскай рэвалюцыі аб’яўляліся «энцыклапедысты» — Вальтэр, Русо, Дзідро і г. д. (Дакладней, спачатку яны падхапілі схему самой рэвалюцыі, а ўжо потым прафанаваную версію яе як бы першапрычыны). Аднак вінаваціць інтэлектуала ў сацыяльный катастрофе не больш разумна, чым доктара ў той смяротнай хваробе, якую ён выявіў у пацыента. Нямецкі фашызм паспяхова паўстаў нават насуперак інтэлектуальнаму супраціву, а сталінізм — з татальнага вынішчэння расійскай інтэлігенцыі…

Вяртаючыся да «апазіцыі дэфініцыяў» інтэлектуал — інтэлігент, я б яе тут засведчыў не арыгінальна, але затое гранічна проста. Інтэлектуал — гэта эўрыстычная катэгорыя, а інтэлігент — этычная. Класічны расійскі інтіэлігент у сваёй масе быў не вельмі адукаваным чалавекам і гэтую сваю хібу кампенсаваў этычным імператывам. Але паколькі этычнае, як цэлае, ужо даўно апынулася спрэс інтэграваным у тэхналагічныя практыкі сучаснай цывілізацыі, дык інтэлігент застаўся без канстытуючай яго функцыі. (Тэхнакратычная цывілізацыя вызваліла этычнае з дыскурса ідэальнага, каб на ягонай базе сканструяваць паліткарэктнае сацыяльнае. Рэальнасць этычнага імператыва сёння — гэта турнікет на ўваходзе ў метро, рэгуліроўшчык на скрыжаванні дарог, прафсаюзны камітэт, сацыяльнае страхаванне, урэшце, будзільнік). Чым займацца ў такой сітуацыі інтэлігенту як інтэлігенту, я не надта сабе ўяўляю. Ды нічым сваім, інтэлігенцкім, ён даўно ўжо і не займаецца. Бо ад інтэлігента, як этычна-сацыяльнай падзеі, засталося адно толькі слова, якім, каб і хацеў, дык без іроніі і няма што назваць.

Зрэшты, не лепей справы складваюцца і ў «інтэлектуала» — толькі ўжо наадварот «не лепей». Паколькі ў шырокім сэнсе інтэлектуал — гэта той, хто займаецца разумовай (інтэлектуальнай) працай, дык ужо сёння інтэлектуалам можна назваць калі не кожнага, дык кожнага другога. А з улікам таго, што колькасць фізічнай працы, як толькі фізічнай, неўзабаве апынецца «блізу нуля», дык перспектываў у гэтай дэфініцыі таксама не бачна. Але паколькі яна мне падабаецца, дык для сябе я яе абараніў «эўрыстычнай катэгорыяй», каб як найдалей развесці інтэлектуалаў, якія займаюцца «механічнай» разумовай працай, ад тых, для каго інтэлектуальная дзейнасць ёсць формай творчасці і, шырэй, адбывання быцця.

Вольга Шпарага: У адным з сваіх эсэ вы сцвярджаеце, што той, хто заангажаваны лёсам Беларусі, мусіць, перадусім, вызначыць праблемай самога сябе, стаць самастойным суб’ектам беларускай прасторы. Інакш кажучы, вызначаць сабе ў задачу не паслугаванне нейкай Ідэі, да прыкладу, нацыянальнай, а крытычнае стаўленне да гэтай Ідэі і да самога сябе, як да яе носьбіту (нават калі праз гэта давядзецца адмовіцца ад Ідэі…) Для мяне гэтая ваша тэза і азначае заклік стаць інтэлектуалам.

Але, разам з тым, ці не азначае гэта і той факт, што ў Беларусі пакуль няма інтэлектуалаў? І ці лічыце вы сябе інтэлектуалам?

— Інтэлектуалаў (і ў маім, эўрыстычным разуменні) у нас даволі. Прынамсі, тыя асяродкі, у якіх я пераважна знаходжу сябе, складаюцца менавіта з іх. Магчыма і залішне самаўпэўнена, але сябе я таксама тарную з інтэлектуаламі. А як яшчэ можна назваць чалавека, які здольны закахацца ў прыгожую думку, як у прыгожую жанчыну? А можа і яшчэ мацней!..

Сёння,

як вядома, адбываецца татальная мінімізацыя ролі інтэлектуала. Гэтаму свету інтэлектуал зрабіўся амаль не патрэбным. Яму даволі палітыка, паліттэхнолага і журналіста… Але нягледзячы на відавочнасць гэтай тэндэнцыі, мне ўяўляецца надзвычай істотным, каб у Беларусі выразна акрэсліўся яркі, адметны і эўрыстычны інтэлектуальны дыскурс. Без яго Беларусь назаўжды застанецца няпоўнай. Моцна няпоўнай. Поўнай адно напалову.

Вольга Шпарага: Акрамя мінулага і сучаснасці нам заўсёды хочацца мець будучае. Як мне ўяўляецца, інтэлектуал — гэта той, хто не перапаручае будучае іншаму, а сам яго стварае і сам адказвае за яго. Калі гэта так, дык якія сёння задачы мае інтэлектуал на Беларусі? На што мусяць арыентавацца беларускія інтэлектуалы? Ці патрэбная ім супольная дзейнасць і салідарнасць — у тым ліку і з іншымі стратамі грамадства?

— У інтэлектуала, што беларускага, што хоць якога яшчэ, адна задача — прарываць аблогу немагчымага. І ўжо іншая рэч, што для інтэлектуала, які аднойчы прачнуўся інтэлектуалам у Беларусі (у прасторы, якая для яго адкрылася як «terra inkognita»), за гэтым «немагчымым» не трэба далёка хадзіць, яно чакае яго літаральна «за парогам» і ён як бы a priori мусіць прарвацца праз яго, як праз сваю ўласную інтэлектуальную праблему, якую ніякім іншым чынам нельга абмінуць. Прынамсі, калі яму імпануе быць менавіта беларускім інтэлектуалам.

Вольга Шпарага: Так сталася, што ў еўрапейскай культуры, прынамсі да эпохі постмадэрна, інтэлектуаламі былі высокаадукаваныя людзі. Аднак інтэлектуаламі іх рабіла не толькі адукацыя, а разуменне неабходнасці свайго актыўнага ўлучэння ў тыя працэсы, што адбываліся ў грамадстве. У гэтым сэнсе, традыцыйным для еўрапейскага інтэлектуала быў удзел у палітыцы (аб гэтым, у прыватнасці, нагадвае і М. Фуко). Калі звярнуць увагу на філосафаў, дык сярод іх цяжка знайсці таго, хто б не кранаў пытанняў палітычнага ўладкавання і не ставіў сабе задачу асветніцтва суграмадзянаў у гэтых пытаннях. Тое ж самае можна сказаць і пра літаратуру: у ёй дзіўным чынам прыватныя калізіі прыватнай асобы адлюстроўваюць публічныя праблемы грамадства. Хаця, недзе з 60-х, сітуацыя на Захадзе мяняецца, і гэта звязана з тым, паводле Фуко, што масам робіцца непатрэбнай кіруючая роля інтэлектуала, паколькі цяпер яны і без падказак пачынаюць разумець, што адбываецца вакол. Тым не меней, праца інтэлектуала не страціла свайго значэння, паколькі ўлада і сацыяльныя сувязі патрабуюць крытыкі і асэнсавання, якія, аднак, могуць паставіць пад пытанне працэс атрымання масамі задавальненняў ад жыцця — і таму масы будуць пазбягаць гэтых пытанняў, а ўлады выкарыстоўваць гэтае адсланенне масаў ад праблемных кантэкстаў. «Новы» інтэлектуал таксама спажывае масавую культуру, але, застаючыся пры гэтым крытычным і самакрытычным, патрабуе зменаў ды інавацыяў, без якіх грамадству наканаваныя дэградацыя і гібенне. У звязку з гэтым у мяне будуць наступныя пытанні: ці магчымы інтэлектуал па-за палітыкай; ці абавязкова мусіць інтэлектуал быць гуманітарыем і філосафам; у якіх стасунках, на ваш погляд, сёння знаходзяцца філасофія і палітыка?

— Тут я хутчэй салідарызуюся з тым Фуко, які фіксуе страту інтэлектуалам сваёй ролі (і з шматлікімі іншымі ў тыпалагічна падобных аналітыках), чым з вамі, Вольга. Вы прамаўляеце: «праца інтэлектуала не згубіла свайго значэння, паколькі ўлада і сацыяльныя сувязі патрабуюць крытыкі і асэнсавання, якія, аднак, могуць паставіць пад пытанне працэс атрымання масамі задавальненняў ад жыцця». З пазіцыі чыстага тэарэтызму (прыслоненага да ідэалізму), тут, магчыма, і ёсць рацыя. Але ў сучаснай рэальнасці інтэлектуал (і ягоная праца) не патрэбныя ні ўладзе, ні масам. Хутчэй наадварот — яны ім толькі замінаюць. Калі каму сёння хоць часткова і патрэбны інтэлектуальны плён, дык гэта паліттэхнолагам (яшчэ раз нагадаем паноўную трыяду: палітык, паліттэхнолаг, журналіст), якія зрэдчас ім карыстаюцца для сваіх зусім не інтэлектуальных мэтаў. І таму на вашае запытанне: «ці магчымы інтэлектуал па-за палітыкай?», я без сумневу адказваю: толькі там яму і месца. А калі інтэлектуал ідзе ў палітыку, дык ён перастае быць інтэлектуалам. Дакладней, ён сам мусіць выкінуць на сметнік увесь свой інтэлектуалізм, бо яму, як палітыку, гэта будзе адно замінаць. З вядомых мне беларускіх інтэлектуалаў толькі Уладзімір Мацкевіч спрабаваў (і, калі не памыляюся, спрабуе) удзельнічаць у рэальнай палітычнай барацьбе. Але я зусім не ўпэўнены, што ягоны інтэлектуалізм яму там дапамагае. Дарэчы, ужо не аднойчы знаныя беларускія палітыкі звярталіся да мяне, спадзяючыся, што «філосаф» Акудовіч падкажа, як ім дапяць да ўлады. Але паколькі было не складана пралічыць, што ўлады ім пакуль не бачыць, як уласных вушэй, дык ужо пасля першага сумоўя яны гублялі ўсялякую цікавасць і да «філосафа», і да ўсёй сусветнай філасофіі ўвогуле…

Поделиться с друзьями: