Артыкулы
Шрифт:
– Не-е, трэба па закону.
– Няхай. Я люблю закон… Без узаемнасці.
– За кожны кілаграм вагі звыш меры — адлічвай адзін год, — прачытала жонка.
– Ужо адлічыў, - сумна сказаў я. — Год. Год, за які я, можа, "Магілу льва" напісаў бы.
– Глупства, — сказала жонка. — Па-першае, не напісаў бы, я цябе ведаю. Па-другое, я год змагалася, каб пахудзець на пяць кіло, і за гэты час ні пра якія кнігі не думала, а толькі пра патэльню смажанай бульбы са скваркамі. І ў выніку…
– І ў выніку адлічы ад свайго жыцця два гады: адзін інтэлектуальны, другі — тыя пяць кіло, што не скінула, — сказаў я.
–
– Гэта як калі. Часам 20. А калі выклічуць куды ці ты пачынаеш біць у пастронкі, то й пяцьдзесят. Сячы галовы дванаццаці маім гадкам.
– "Ці п'еш? — пытае са значэннем, бы на дыване ў начальніка, анкета. — Калі трохі і ад часу да часу — далічы (!) тры гады. Калі горкі п'янчуга — адлічы восем".
– Што такое горкі п'яніца? — спытаў я.
– Ну той, хто адпівае, — сказаў друг. Хто адсёрбвае, прысёрбвае, распівае, папівае, прыхлёбтвае, цягне, смокча, дудоліць, пацягвае, хвошча, глытае, дзьме, глокча, залівае, зашыбае, прыкладаецца, прымае, закладвае, прыкладаецца да бутэлькі, залівае за каўнер, трымаецца шклянкі, п'е без просыпу, мяртвецкі, горкую, п'яны як бэля, як бочка, п'е як конь. Той, хто алкаголік, алкаш, хто набіраецца, як жаба гразі, хто прапойца, не дурань выпіць, хто запівоха, пітух, півар, бражнік, паклоннік Бахуса і зялёнага змія. Хто нецвярозы, хмяльны, у стане ап'янення, касы, падгулялы, хто языком не варочае, у каго заплятык языкаецца.
– Ты што, мне слоўнік сінонімаў чытаеш?
– Не. А ўвогуле, я чытаў, што алкаголю, сухога віна, можна выпіць палову літра на год. Акадэмік адзін пісаў. Філосаф-медык. Здаецца, Кайгародскі. Ці ў "Літаратурцы", ці ў "Навуцы і жыцці".
– І я чытаў, - уздыхнуў я. — А што рабіць? Тут адных свят на год — сем, не лічачы рэлігійных, якія не святкуеш, але… Ды дзён нараджэння ў адной сям'і тры. Ды ў сяброў лепшых дзесяткі тры. Ды сваякоў паўсюль. Ды публікацыя ці кніга, ды… не, тут у паўлітру сухога не ўлезеш. Цяжкае жыццё, і спачынку няма. І таму я языком не варочаю, у куражы, лыка не вяжу, п'яны, як зюзя, падшафэ і ўвогуле гатоў.
Махнуў рукою:
– Не ўлезеш у акадэмікаву норму. Пішы, горкі. Пі маю кроў. Адбірай восем год. Адзінае суцяшэнне, што ў абстынентаў, у поўных цвярознікаў, адзін год адбіраецца. Таму што калі горкае п'янства прычына хвароб, то невялікая колькасць гарэлкі дапамагае перажыць стрэсы, дазваляе расслабіцца, а абстынент у выпадку стрэсу хаваецца за свае парашкі, а яны шкаднейшыя, чым чарка гарэлкі. Добра, што я хаця не абстынент.
– І я тое ж думаю, — з палёгкаю сказаў сябар. — Ну а далей.
– Далей, — драпежна кажа жонка, — гады, што залежаць ад цябе. Ці дбаеш аб форме? Рэжым, спорт, плаванне, пешы турызм, бег па інф… цьфу, па здароўе — далічы тры гады.
– З часу да часу. Нерэгулярна. Галоўным чынам у выглядзе пікнікоў.
– Не лічыцца. Ці клапоціцеся аб здароўі? Ці кантралюеце ціск і сэрца?
– Прымусова, — сказаў я. — У нас лекары такія — душу вымуць. Хоць бы Н. Д. Трапіш у кіпцюры — не вырвешся. Пра лечкамісію і не кажы. Гразіліся пяць метраў вантробы выразаць. А чаго мне тады вылічаць па чатырох папярэдніх пунктах?
– Плюс два.
– Ці любіш спаць?
– Люблю. Хаця і не заўсёды.
– Мінус чатыры.
"Ці ездзіш аўтамабілем?
Ці ліхач, ці бравіруеш? Калі так — адлічы 2".– Чужымі — езджу. Адлічаю — у сябе. Ім асалода без двух гадоў, а мне — страх без двух.
– Ці жанаты?
– Так.
– Далічвай тры гады.
– Да-ліч-вай? — абурыўся я. — Я б гэтыя тры — адлічваў. Ад-ліч-ваў. Толькі працаваць сядзеш (а жонка на работу ідзе): "Пойдзеш сёння свежым паветрам падыхаць?" — "Гадзіны праз чатыры хвілін на дзесяць". — "То ты за гэтыя хвіліны паглядзі, што ў рыбным, малака купі, хлеба, якія бра ў электрычным і лямпачак купі, папярос сабе, два кіло цукру, масла, а пасля пады хай, а пасля яшчэ папрацуй". Ідзеш, як ішак. Жанчына за год цягае 20 тон прыпасаў, мужчына — мінімум пяцьсот. Толькі сеў працаваць: "Прынясі мне кніжку". "А колькі зараз часу?" "А што табе па тэлефоне Аля казала?". "А нехта званіў". І як знак вышэйшага клопату ў момант натхнення: "Ці не з'еў бы ты чаго?" Колькі яны ў нас, у кожнага, жыцця ад'ядаюць? Мінімум дзесяць год… Ну ладна, прыпісвай паўтара гады. Слабае, але суцяшэнне.
"Ці спакойны характар? — спытала анкета. — Ураўнаважаны? Цярплівы? Калі так, то дапішыце па тры гады на кожную якасць. Калі агрэсіўны, запальчывы, поўны непакою — адлічыце па пяць год".
– Адлічвай пятнаццаць, — сказаў я. — Адкуль з такім жыццём быць ураўнаважаным? Спакойным? Цярплівым? Не!!! Я запальчывы, я неспакойны, я агрэсіўны. На ўсіх, а асабліва на гэты часопіс, і на вас, што ўцягнулі мяне ў гэтую гульню. Я… вельмі-вельмі страшны! Я… кусацца буду!
– У вялікім месцы жывеш ці на вёсцы? Плюс-мінус адзін год.
– Мінусь, — узроў я.
– Ці шчаслівыя вы? Калі адкажаце "так" без вагання — прыбаўце тры гады.
– А хто можа адказаць з пэўнасцю і без вагання, што ён шчаслівы?! Халера на ўсё. Лепшыя розумы, лепшыя філосафы свету, і тыя. А калі адказвалі так, то хлусілі.
"А калі ў вас клопаты, нязмерныя псіхічныя нагрузкі, пачуццё віны, — кінула анкета апошнюю саломінку, што зламіла вярблюду спіну, — то адкіньце тры гады".
– А ў каго няма клопатаў? У каго не перагружана псіхіка? А хто не мае пачуцця віны перад усімі людзьмі? Падлюгі хіба? — Я ўжо быў у ашалелай раз'юшанасці, амаль непрытомны.
А тыя пачалі ўжо сваю італьянскую бухгалтэрыю. Лічылі, вылічалі, адбаўлялі і прыбаўлялі, а матэматыкі з іх былі, як з мяне.
– Бі іх, — роў я. — Бі дактароў навук! Бі друкароў! Бі пісьменнікаў! Анархія — маці парадку! Рэж, Янка, Бога няма!
– Ты не можаш нас рэзаць, — станоўча сказала жонка.
– Чаму не магу?!
– Ды ты ж дзевятнаццаць год назад памёр, — ахнула жонка.
– Як?
– Ну так. У 1958 годзе. Тут усё сказана. Па табліцы.
– Я ж тады толькі першую кнігу выпусціў! А астатнія дзевятнаццаць?!
– Падумаць толькі, - здзівілася жонка. — Ніколі б не паверыла ў такое. Мёртвы! Аж дзевятнаццаць!
Я затужыў. Праверыў. Сапраўды, так. І, як кожны мужчына, прызнаў рацыю жонкі і жаночага часопіса. Заўсёды яны ўсё ведаюць, заўсёды маюць рацыю. Вось хоць бы жонку ўзяць. Сядзім у тэатры. І раптам яна на ўсю залу сказала:
– Пабач, пабач, унь у першым радзе Дунін-Марцінкевіч сядзіць.
– Цс-с-с, — засычэў я. — Што за… Ён жа даўно памёр.
– Глядзі-і ты… А зусім як жывы…
Я толькі рукой махнуў. Махнуў і на гэты раз. Заставайся пры сваім. Суцэльны дэбет пасіву.