Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Артыкулы

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

І менавіта не з той яна інтэлігенцыі, пра якую так правільна сказала.

І, як завяршэнне, два фрагменты.

Студэнтка 21 года: …Лёс мовы?..

Будзе не так, як гісторыя захоча… Будзе так, як мы зробім!..

І радкі Пімена Панчанкі:

…пакуль сонца не згасне, Пакуль свецяцца зоры, Беларусь не загіне, будзе жыць Беларусь!..

А пад імі дата "1941".

Калі тады так думалі, то цяпер іначай думаць — Сорам!

Ці,

можа, мы можам думаць па-сапраўднаму толькі тады, калі нам зальюць гарачага сала за скуру?

Не, з усёй адказнасцю думаю і кажу, што не.

І маю права на гэта.

Таму што сам вярнуўся да сваёй мовы. Ведаючы і іншыя, як сваю (некаторыя, можа, на самым пачатку, нават у нечым лепей), аднойчы зразумеў, што сапраўды свая сярод іх толькі адна.

Як я распарадзіўся гэтым разуменнем — хай судзяць людзі.

Наш агульны клопат

У рэспублiцы ствараецца музей народнай архітэктуры і быту

У канцы мінулага года Савет Міністраў БССР прыняў пастанову "Аб стварэнні Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і быту". Рашэнне гэта — адно з красамоўных сведчанняў клопатаў нашай партыі і ўрада аб далейшым развіцці беларускай нацыянальнай культуры.

Што будзе ўяўляць сабой будучы музей, музей пад адкрытым небам? З усёй тэрыторыі рэспублікі мяркуецца звезці і паставіць у адным месцы, у маляўнічай мясцовасці пад Мінскам, найбольш старыя і найбольш тыповыя сялянскія і местачковыя пабудовы: хаты, пуні, гумны, адрыны, дрывотні, млыны, іншыя жыллёвыя і гаспадарчыя пабудовы.

Вырасце як бы вялікае паселішча, і наведвальнікі яго здолеюць за досыць кароткі час убачыць, як жылі сяляне і местачкоўцы розных этнаграфічных раёнаў Беларусі трыста, дзвесце, сто гадоў назад, учора.

Дзеля чаго гэта трэба? Ну, перш за ўсё, — гэта гісторыя народа. І праз гісторыю музей павінен яшчэ больш умацаваць у нашых людзях, і ў першую чаргу ў моладзі, пачуццё патрыятызму (а значыць, і інтэрнацыяналізму), пачуццё высокай адказнасці за сваю Радзіму, пачуццё павагі да працоўнага чалавека і кроўнай роднасці з ім.

І яшчэ: музей пад адкрытым небам — гэта Веданне. Веданне матэрыяльнай і духоўнай гісторыі народа.

Якой наша краіна стала за гады Савецкай улады — гэта ўсе мы добра ведаем (відавочныя таму прыклады будуць трапляцца ўжо на кожным кроку па дарозе з Мінска да музея). А вось якой была наша краіна, якой была яе культура да рэвалюцыі, з чаго мы выраслі — уяўленне аб гэтым і павінен будзе даць музей народнай архітэктуры і быту.

Міністэрствам культуры БССР зараз ствараецца арганізацыйная група. Яна будзе працаваць пакуль што пры міністэрстве, але як самастойная адзінка. Разам з зацікаўленымі арганізацыямі гэта група зоймецца зборам экспанатаў, выяўленнем і адборам помнікаў народнага дойлідства, грамадскіх і бытавых пабудоў, збіраннем даўніх прылад земляробства, рамяства, побыту, а таксама твораў народнага мастацтва.

Арганізацыйная група — будучая дырэкцыя — мае намер абапірацца на шырокае кола грамадскасці. І не толькі на дапамогу членаў таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (хаця, вядома, гэта ў першую чаргу іхняя справа, справа іхняга гонару), але і на актыўную дапамогу ўсяго насельніцтва рэспублікі.

Распачынаецца справа вялікай важнасці, і справа гэта можа быць даведзена да поспеху толькі пры актыўнай дапамозе кожнага з нас. Таму што мы з вамі, і толькі мы, ведаем, як выглядаў "бегунок", на якім мы вучыліся хадзіць, пакуль маці пякла аладкі, як выглядаў "ключ" (ад старажытнага слова "клюка"), якім хітра адсоўваўся "рыгель" у дзвярах.

…Уявіце сабе вялізнае вадасховішча, хваёвы і лісцёвы

лес на яго берагах, а ў гэтым лесе, на ўзлессі і палянах, звезеныя з усіх канцоў Беларусі будынкі. Срэбна-шчапяныя дахі і залаціста-саламяныя стрэхі. Разьблёныя ліштвы і франтоны. Махаюць крыламі ветракі, шуміць вадзяны млын. У лесе — леснічоўка. На беразе — рыбакова хата. Над вяндлярнямі — ядлоўцавы дымок. Тут — тыповы сялянскі двор з Полаччыны ці Ушаччыны, крыху далей — слуцкі або рагачоўскі двор. Уся наша рэспубліка, як на далоні, на плошчы ў нейкіх сто гектараў. На невялікай плошчы — усе праявы помнікаў народнага будаўніцтва: жылога, грамадскага, вытворчага і іншых.

А паколькі людзі не жывуць і не жылі ў пустых хатах, то для хаты кожнага рэгіёна павінна быць і мясцовае ўбранства: розныя тыпы печак, мэблі, начыння, посуду, ткацтва, прадметаў быту — ад драўлянай лыжкі да гаршка, ад старых цымбалаў да сальнічкі.

А вакол хат — уласцівыя гэтай мясцовасці дворныя пабудовы. Сад, у якім мясцовыя пароды дрэў, агарод, у якім расце самая распаўсюджаная ў гэтай мясцовасці гародніна. Словам, усё гэта дзеля таго, каб вы, скажам, прывезлі ў музей сваіх дзяцей-мінчан, прывялі іх да полацкай хаты і сказалі ім: "Вось так, дзеці, жылі вашы дзяды. Гэта — ваша гісторыя. Яны былі працавітыя, простыя людзі. Але яны ўмелі не толькі працаваць. У іх было незвычайнае пачуццё прыгожага. Глядзіце, які посуд, як прыгожа і спрытна сплецена гэтая вярэнька, якія гожыя забаўкі, як меладычна гучаць іхнія музычныя інструменты…"

Але не толькі мінчанам, а і палачанам будзе цікава ўбачыць у музеі "полацкую" хату. Бо і на Полаччыне іх, тыповых, засталося вельмі мала. І мала хто іх бачыў: атрыбуты народнага побыту і культуры ўсё больш і больш знікаюць.

Працэс гэты няўхільны, але мы павінны зберагчы тое, што засталося. І пакуль што шмат яшчэ можна знайсці ў многіх вёсках багатых і каштоўных для музея матэрыялаў. Так што трэба спяшацца.

…Школа патрыятызму, школа павагі да працы і працоўных людзей, школа выхавання пачуццяў прыгожага на самых дасканалых, вякамі адточаных, народных узорах — вось што такое музей пад адкрытым небам.

У чым канкрэтна можа выявіцца дапамога грамадскасці будучаму музею? Ну, перш за ўсё, каб кожны з нас не застаўся раўнадушным да гэтай справы, зрабіў спіс старых пабудоў у сваім раёне, сельсавеце, вёсцы. У спіс гэты (а ён можа складацца нават з аднаго-двух цікавых старых будынкаў, што зберагліся ў наваколлі) павінна ўвайсці самае цікавае, самае адметнае. Старыя хаты розных тыпаў і канструкцый, розных планіровак, разнастайных формаў страхі або даху, з рознымі ўпрыгожваннямі на ліштвах, вушаках, франтонах. Разнастайныя тыпы двароў, агароджаў, гаспадарчых пабудоў — свіран, пуня, адрына, млыны паравыя і вадзяныя, ветракі, варыўні, скляпы (лёхі), паветкі, хлявы, цікавай формы студні, сыраварні, вяндлярні, азярыны рознай формы.

Не мінайце ўвагаю старыя кузні з усім начыннем, ганчарні і ганчарныя печы, майстэрні для насякання жорнаў, смалярні, дзе яны зберагліся, стальмашні, буды (спецыяльныя печы для вытворчасці паташу, выпальвання драўлянага вугалю) і многае, многае іншае.

Безумоўна, у хатах (земляроба, рыбака, пчаляра, палясоўшчыка і г.д.) павінна быць і адпаведнае начынне, рэчы, прылады, якімі карысталіся людзі. Усё тое, чым працаваў там калісьці наш працоўны чалавек, чым ён жыў. З гэтай прычыны значную цікавасць для музея ўяўляе даўняя мэбля: сталы, лавы, зэдлікі, шафы, канапы (не тыя, што зараз, а проста лавы са спінкай), скрыні простыя і маляваныя і г.д. Фатаграфуйце або рабіце замалёўкі асабліва цікавых даўніх печак з іхнімі нішамі і выступамі для размяшчэння розных прылад. Магчыма, камусьці пашанцуе знайсці печ з "комінам" (раней так называўся абмазаны глінай конус-дымаход з лазы, пад якім гарэла лучына).

Поделиться с друзьями: