Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Артыкулы

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

У новы час скон немагчымы для кожнай больш-менш развітай мовы. Нават неразвітая ўладна ўплывае на сваіх сыноў. Ян Баршчэўскі ў мінулым стагоддзі напісаў па-польску "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях", але і зараз мала хто з такой выразнасцю паказаў быт беларуса, псіхічны склад ягонай душы, яго нацыянальны характар і самую Беларусь. Міцкевіч піша па-польску, але рэаліі яго твораў цалкам беларускія, але і старэйшыя і навейшыя яго даследчыкі лічаць, што сам склад яго мыслення быў беларускі, але творы ягоныя страката перасыпаны вялікім мноствам беларускіх слоў і тых беларуска-польскіх барбарызмаў, што былі ўласцівы шляхце беларускага паходжання. Нездарма ж у паэта Канстанты Галчыньскага ёсць верш,

герой якога, чытаючы Міцкевіча, нападае на слова "свежоп", перагортвае ўсе, якія ёсць, слоўнікі польскай мовы, не знаходзіць такога і, не смеючы не верыць Міцкевічу, з'язджае з розуму.

Ужо шэпчуць вакол: Што гэта зрабілася з хлопца! Дзякую, пане Адам!!! Я ахвяра свежопа. (Пераклад. — У.К.)

А на самай справе Міцкевіч проста "палянізаваў" звычайную беларускую "свірэпку" або "свірэп".

Не толькі беларусізмы былі ў яго творчасці. Чытаючы ў Парыжы лекцыі аб славянах, ён сказаў пра беларускую мову, што гэта найбагацейшая і найчысцейшая з усходнеславяскіх моў, адзначаная ўзнёслай прастатой.

Мова неўміручая. Воляю абставін ірландцы, напрыклад, амаль страцілі яе. Свіф, і Уайльд, і Шоў, і дзесяткі іншых людзей, што з'яўляюцца гонарам англійскай літаратуры, былі ірландцы, любілі свой народ, але пісалі воляю няшчасных абставін па-англійску. І вось цяпер ірландская, як і валлійская, баскская, іўрыт, як мовы народаў Афрыкі, якія сотні год ляжалі ў заняпадзе, усталі. Бо мова — душа народа, і толькі на ёй можа народ найбольш поўна выказаць сябе.

Наш лёс таксама быў такі. З часоў росквіту старажытнай беларускай мовы прайшлі стагоддзі вынарадавання, забыцця, свядомага забойства. Акрамя гушчы народнай толькі ў нешматлікіх прыватных школах з закуранымі бэлькамі, у школах, дзе настаўнічалі адстаўныя салдаты ці старыя дзячкі і дзе вучылі акрамя псалціры хіба начаткам пісьма і лічэння, гучала яшчэ беларуская мова. Але было гэта ад беднасці, а не ад багацця.

Кніганошы насілі кнігі з-за мяжы. І за гэтыя беларускія кнігі ім часта плацілі кулямі салдаты з кардонаў. Але ніхто ўсё адно не мог адштурхнуць народ ад сваёй кнігі.

Кнігі палілі, супраць іх выдавалі ўказы, забаранялі самыя словы "беларуская мова". Але ўсё гэта, як і насмяханне над "паўночна-заходнім нарэччам" — нічога не дало і не магло даць, пакуль беларуская баба стаяла з рагачом ля печкі, пакуль гэтая баба спявала калыханку над ліповай калыскай.

Мала таго, усе разумелі ўсё з большай яснасцю, што без яе, без гэтай мовы, немагчыма. Яна ўладна грукала ў светавыя дзверы.

Нават панам і гандлярам яна неабходная.

"Моцныя свету гэтага, — без яе вы падсячэце ногі эканоміцы і разваліце гаспадарку, бо не на французскай жа вам размаўляць з тымі, хто працуе, і без каго вы здохлі б з голаду!"

Але, не кажучы ўжо аб гэтай публіцы, яна неабходная і сапраўдным.

"Фалькларысты — вы збядніце чалавецтва на адзін з самых багатых фальклораў на зямлі". І вось забароненая мова, амаль разбураная ў сваёй літаратурнай, друкаванай галіне, рассыпаецца самацветамі ў запісах Шэйна, Раманава, Федароўскага і многіх дзесяткаў іншых.

Лінгвісты таксама пачынаюць разумець, што беларуская мова гэта скарб таго, што вымерла ў другіх мовах, што, акрамя самастойнай вялікай каштоўнасці, яна — запаведнік, у якім "сохранилось очень много древнего и важного для истории" (И. И. Срезневский), і без ведання якога немагчыма славянскае мовазнаўства наогул, немагчыма вывучэнне і зразуменне іншых славянскіх моў і іхняй гісторыі.

Рэлікт? Так, калі хочаце, рэлікт, які перажыў стагоддзі. Але рэлікт, што расце, развіваецца, дыхае, ідзе наперад

волатавымі крокамі, які жыве і будзе жыць вечна.

Усе пачынаюць больш і больш разумець гэта. Сама гісторыя ўладна і неабходна штурхае на прызнанне, на павагу, на захапленне багаццем і прыгажосцю беларускай мовы. І нават тыя, што адышлі ад яе — я разумею найлепшых з іх, — рана ці позна вяртаюцца да звонкага дзе і густога чаго. Бо толькі так ім можна сказаць усё.

Чачот запісвае народныя песні і сам складае вершы па ўзору гэтых песень. Марцінкевіч ад польскага верша прыходзіць спачатку да беларускіх, не вельмі яшчэ спрытных вершаў, а пасля стварае шэдэўр менавіта беларускай па мове і антуражу драматургіі — "Пінскую шляхту".

Усё, здавалася б, занядбана, але невядомы піша "Тараса на Парнасе" і яго ведае на памяць бадай што кожны беларус. І вось Багушэвіч, якому й бог загадаў, здавалася б, па выхаванні і становішчу, забыць усё — выбухае палымянымі радкамі ў абарону ўсяго гэтага, забытага, стаптанага царамі і саноўнай сволаччу. І грыміць супраць ворагаў мовы і народа голас Каліноўскага. І ўжо ў слоўнік Насовіча ўваходзіць больш за трыццаць тысяч адметных, паўнакроўных, жывых, іскрамётных слоў. І ўжо геній Купалы і Багдановіча ўстае над зямлёй і займаецца над ёю далёкі яшчэ пакуль водсвет заранкі.

Першыя настаўнікі выходзяць на новую ніву. І гэта іхняй неўміручай працы, іхняму дбанню, іхнім бяссонным начам у многім і многім павінны мы быць удзячнымі за тое, што мова наша стала яваю для мільёнаў, што яна мае права патрабаваць такой жа самай павагі, як і ўсе мовы зямлі.

Мы (я кажу "мы", бо я таксама былы настаўнік) ніколі не павінны забываць, наколькі годная наша праца і хто стаяў ля яе вытокаў. А стаялі ля гэтых вытокаў, самі настаўнічалі, самі складалі першыя буквары і чытанкі Цётка, Купала і Колас. І, мяркуючы па ўсім, някепска ведалі сваю справу і зусім нядрэнна правялі яе ў жыццё. Яшчэ на зары нашага стагоддзя.

Дбаннем іх і соцень іншых мова набірае сілу, цвёрдая, як сталь, грубая, як сялянскія далоні, і пяшчотная, як спеў беларускага гівала. Яшчэ часам запінаючыся на абстрактных тэрмінах, яшчэ нясмела вымаўляючы навуковыя і філасофскія тэрміны — яна ўладна бярэ разбег. Яе ўжо не стрымаць. Першая сучасная трагедыя (я не маю на ўвазе сярэдневяковых містэрый і аповесцяў), першы раман, першая паэма — і паўсюль глыбокая зямляная праўда і дыяменты дажджу на пахучых майскіх галінах, і што ні слова, то жэмчуг падае на срэбны шчыт. І як бы часам ні было цяжка — з ёй ужо нічога не могуць зрабіць, як бы ні душылі — яна ўстае. І з атмасферы семінарыі, з яе мёртвай царкоўнаславяншчынай выходзіць Якуб Колас, а са сцен школы, дзе вучаць "хто ты естэсь?" — адзін з найлепшых сучасных празаікаў Янка Брыль. Беззямельныя перасяленцы цягнуцца на Далёкі Усход — і праз семдзесят год я чую ў беларускіх вёсках на Усуры і Суйфуне яе, маю мову, нечапаную, родную, адвечна сваю. Прыходзяць і адыходзяць акупанты, усе гэтыя пілсудчыкі і эсэсманы, і след іхні знікае на твары зямным — а яна стаіць, бо карані яе ў глыбінях, дзе спяць тыя, хто стагоддзямі песціў, шліфаваў, бярог яе, лаканічную, гнуткую і цвёрдую адначасова, спявучую, тую, што з найлепшай яснасцю і дакладнасцю перадае думку чалавека, які жыве між Гродняй і Оршай, між Асвеяй і Лельчыцамі. Думку тых, якія казалі: "Хай не будзе ў таго святла, хто на досвітку табе здрадзе."

Яна вечная, бо ўся яна як наш характар. Здаецца, кволая ад пяшчотнай мяккасці, яна раптам кідае наверх схаваную ад усіх жалезную мужнасць і сілу. І, як быццам дамогшыся свайго, б'е, як перапёлка ў жытах — мякка, а за тры вярсты чуваць. "Эль" — як салодкае віно, "дзе" — як шкляной палачкай па крышталю, мяккае "с", як соннае ціўканне сінічкі ў гнязде. І побач "р", як гарошына ў свістку, і доўга, спявуча, адкрыта гучаць галосныя. А "г" прыдыхае так ласкава, як маці на лобік дзецку, каб перастаў сніць дрэнны сон.

Поделиться с друзьями: