Артыкулы
Шрифт:
Будучы музей зацікавяць таксама вырабы з воўны, лёну, канопляў, скуры, посцілкі, вышываныя ручнікі (наўрад ці якая гаспадыня — асабліва калі імя яе будзе ўпамянута — адмовіцца даць для музея нават "мамчын ручнік", калі ён упрыгожыць нейкую "пінскую" ці "віцебскую" хату), адзенне ўсіх узростаў, верхняе і ніжняе, для лета і для зімы, на свята і ў будні дзень, усе гэтыя "лятухі", "світкі", "буркі" і іншае, галаўныя ўборы, абутак ("пасталы", "поршні", "лапці", "апанкі", на поўначы — драўляны абутак, у якім выходзілі да жывёлы), паясы, упрыгожанні.
У спісе будучых экспанатаў абавязкова павінна быць рознае хатняе начынне (гаршкі, крынкі, драўляныя вёдры і цэбры,
Перш за ўсё музычныя інструменты: дуды і дудкі, жалейкі, цымбалы, гуслі, старыя скрыпкі і басэтлі, бубны, дрымбы (жалезныя выразныя пласцінкі з язычком, на якіх ігралі, сціснуўшы іх зубамі — гэта, галоўным чынам, на Палессі). Калі б нехта знайшоў батлейку з наборам (хай няпоўным) лялек — гэта быў бы добры падарунак будучаму музею.
І, вядома ж, нельга абмінуць увагаю творы народнай мастацкай творчасці: вышыўка наша і непаўторнае наша ткацтва, жывапіс, разьба, вырабы з гліны і дрэва, ільну і саломы, рогу і косці.
І яшчэ. Новаму музею будуць патрэбны не толькі жыллёвыя і гаспадарчыя пабудовы. Яму будуць патрэбныя і пабудовы культавыя, бо старую вёску цяжка ўявіць сабе хоць бы без капліцы. Таму неабходна ўзяць на ўлік старыя драўляныя цэрквы (а таксама старыя абразы, іканастасы і іншае ў іх), капліцы, старадаўнія драўляныя званіцы. Гэта таксама тое, чым жыла яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў назад наша вёска.
Па складзеных спісках вучоныя, архітэктары, гісторыкі — усе знаўцы даўніны адбяруць самае-самае вартае, разбяруць будыніну, перасыплюць у выпадку патрэбы, перавязуць і паставяць на тэрыторыі будучага музея пад адкрытым небам. Каб людзі з усіх канцоў, з усіх краін дзівіліся будаўнічаму генію нашага чалавека.
Ужо зараз установы, прадпрыемствы і асобныя грамадзяне могуць пачаць збор экспанатаў народнага быту для будучага музея пад адкрытым небам. Дасылаць іх можна па адрасе: г. Мінск, Міністэрства культуры БССР, арганізацыйная група. І абавязкова ўказваць на кожным экспанаце: дзе, у каго, калі і пры якіх абставінах ён быў знойдзены.
Міністэрству культуры БССР варта было б падумаць аб тым, каб людзей, якія прыслалі найбольш цікавыя знаходкі, нейкім чынам заахвочваць і пра знаходкі гэтыя шырока паведамляць у прэсе. Гэта будзе стымуляваць людзей, падахвоціць іх, прымусіць яшчэ больш актыўна збіраць экспанаты для будучага музея, дасць лепшую арыенціроўку на тое, што, як і дзе шукаць, у якім напрамку весці пошукі.
Словам, праца наперадзе чакаецца вялікая. Але гэта — высакародная, удзячная праца. Наш агульны клопат цяпер — садзейнічаць як мага хутчэйшаму адкрыццю будучага музея, зрабіць яго дзейсным сродкам ідэйна-маральнага і эстэтычнага выхавання працоўных.
Родная мова
Дзве старонкі, дваццаць ці дзвесце… А можа, тысячы тысяч? Усё адно, нават іх будзе мала, каб годна ўславіць цябе, родная беларуская мова. Таму што мільёны тваіх людзей самім існаваннем сваім з самага пачатку дзён кожным трапным словам, кожнай любоўнай ці гнеўнай думкай, кожным знішчальным, здзеклівым, іранічным або, наадварот, добрым, лірычным сказам славяць цябе. І славіць будуць, пакуль не скончыцца жыццё людское і думка людская на Зямлі.
Мова Скарыны і Буднага, мова Багдановіча і Купалы, Багушэвіча і Коласа, мова соцень геніяў, што яшчэ прыйдуць. Мова інтэлігентаў беларускіх, імя якім — легіён. Мова настаўнікаў і паэтаў, вучоных і кампазітараў, але
перш за ўсё мова дзесяці мільёнаў людзей па ўсім свеце — ад Уругвая да Далёкага Усходу і, галоўнае, на нашай беларускай зямлі.Мова першай матчынай калыханкі і апошняга "бывай", мова старадаўніх архіваў і новых школ на Палессі, мова пажаўцелых статутаў і мова кахання. Мова плытагонаў, сялян, акадэмікаў і шахцёраў на саляных капальнях. Мова, якая можа ўсё; можа сказаць словы невыказанай пяшчоты і можа ўдарыць так, што не ўстанеш. Гнуткі, спявучы, адвечна новы інструмант, без якога нельга ўявіць сабе сваё жыццё, без якога радасць не ў радасць, каханне не ў каханне, бяседа не ў бяседу, сяброўства не ў сяброўства і нянавісць не ў нянавісць.
Няма цябе — і вось няма суцяшэння ў горы. Няма цябе — і вось нямы язык, і нельга сказаць словаў радасці. А калі ўбіць сабе у галаву цалкам дурную думку, што ў нейкім далёкім будучым цябе не будзе, то… нашто нам тады такая будучыня?
Таму што ўсе мы — ад настаўніка да паэта — любім цябе, таму што ты — самы важлівы наш здабытак, і мы ў меру сіл нашых не дазваляем і не будзем дазваляць, каб нехта выказваў да цябе пагарду.
Тым больш дзіка, што яшчэ нядаўна зламысныя ёлупы прарочылі табе знікненне. Мала таго, самі дбалі аб ім са стараннем, вартым лепшага ўжывання. Што ж, Іваны Бязродныя вартыя толькі пагарды, як усе тыя, якія, адвярнуўшыся, праходзяць ля матчынай хаты.
Яны проста не ведаюць, які ўдзел рыхтуе лёс таму чалавеку, які пазбавіўся мовы. А каб ведалі, то жахнуліся б. Толькі ж нават гэтага не дадзена іхнім бедным мазгам.
…Старая хроніка данесла да нас жудасную і горкую гісторыю. Тэўтоны захапілі землі прусаў, і старая пруская мова паступова знікла, і вось на турнір мейстэрзінгераў прыйшоў апошні прускі спявак і паэт — вайдэлот. Ён спяваў дзівосныя песні пра подзвігі продкаў, пра каханне і смеласць, пра вернасць і дружбу. Ён апяваў прыгажосць сваёй зямлі, але ніхто яго не разумеў. Яму не далі скончыць, бо рыцары рагаталі, як ашалелыя. І паднеслі старому вайдэлоту прыз… сто гарэхаў свістуноў.
Глыбокі сэнс гэтай гісторыі ясны, як божы дзень: нямы той чалавек, які забыў мову продкаў, і не можа ён спаўна выліць сваю душу, выявіць сябе. Па пальцах можна пералічыць выпадкі, калі, напрыклад, пісьменнік стварае на чужой мове нешта нават не геніяльнае, а проста вартае друкавання, а не сметніка (скажам, паляк Кажанеўскі стаў англійскім пісьменнікам Джозефам Конрадам). Але нават геніяльны Пушкін, дасканала ведаючы французскую, пісаў на ёй дужа пасрэдныя вершы. Тое самае можна сказаць пра польскія вершы Лучыны і рускія — Багдановіча. А яны ж таксама большую частку жыцця чулі рускую і польскую.
Нібы нейкі лёс неўблажымы кіруе рукою таго, хто піша. Нібы цень маці, прамаці ўсіх продкаў, што прайшлі па зямлі з дня з'яўлення на ёй людзей і народаў. І калі пачынаеш пісаць не так, як думалі і гаварылі яны, — немінуча пачынаеш фальшывіць.
У старадаўнія часы, калі яшчэ не склаліся нацыі, мова магла зрабіцца мёртвай мовай, як латынь. Але і тады мовы былі практычна неўміручыя. Тая ж самая латынь не толькі нарадзіла ўсю сям'ю раманаўскіх моў — ад Аргенціны да Румыніі, - не толькі, будучы ўжо мёртвай, цэлымі стагоддзямі была мовай паэзіі і навукі, але і зараз уплывае на нас творамі Катула і Вергілія, Гарацыя і Авідзія, прымушаючы нас смяяцца і плакаць. Што ўжо хадзіць далёка за прыкладам: новая беларуская літаратура пачыналася з пераробкі Вергіліевай "Энеіды", і той жа самы Вергілій вадзіў па пекле заснавальніка новай італьянскай паэзіі, першага паэта новага часу Дантэ.