Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:

— Пакуль магчыма нешта рабіць на радзіме, буду рабіць, — прабурчэў Лёднік. — Дарэчы, прывітанне пану Вырвічу…

Доктар, успомніўшы пра свецкія манеры, прадставіў Пранціша і графа адно аднаму, узяў сына за руку, усміхнуўся знерваванай жонцы і рушыў з аўдыторыі, выпрастаны, як аршын глынуў.

— Езуіты збіраюцца Бутрымаву кафедру прыкрыць, — дарогай цішком тлумачыла Пранцішу засмучоная Саламея, пакуль Лёднік і граф Разанцаў перагаворваліся, ідучы паперадзе. — Пакінуць яго загадваць аптэкай, каб надалей лекі рыхтаваў, напэўна, і лекцыі чытаць дазволяць па хіміі ці што там палічаць найменш шкодным. Не прападзем, вядома — лекарская практыка нікуды не падзенецца. Але Бутрым так

марыў пра беларускую медычную школу, кшталту венскай ці лейдэнскай. А цяпер…

Ведаючы былога алхіміка, можна было прадказаць, што ён так проста не здасца і невядома што ўтворыць на сваю мудрую галаву.

Пранціш прыслухаўся: Разанцаў усё ўгаворваў свайго Варфаламея ехаць у Расею.

— Паслухай, зараз не тыя часы, калі ўрача Антона Нямчына на кавалачкі разадралі на Маскве-рацэ, а Лявону Жыдовіну, які лячыў сына Івана Трэцяга ад камчука, галаву адсеклі… Іншаземных дактароў у нас шануюць! Тым болей — ты адзінаверац.

Лёднік неахвотна адбіваўся:

— Нярускіх дактароў у вас не любяць па-ранейшаму, думаеш, не ведаю, што па Аптэкарскім дэпартаменце быў загад, каб рускія вучні елі і жылі асобна ад іншаземнага настаўніка, «дабы не оскверниться». Дый увогуле лекар сёння — фігура несамавітая.

— Успомніў Аптэкарскі дэпартамент стогадовай даўніны! Гэта калі аптэкара Брэмбарга выгналі з Масквы за тое, што выставіў у вітрыне шкілет? Цяпер у нас Кунсткамера, у якой заспіртаваныя эмбрыёны, прэпараваныя дзіцячыя трупы з рознымі паталогіямі і нават скульптуры з костак, і кожны, хто лічыць сябе адукаваным, павінен туды схадзіць. А наконт самавітасці — ты хочаш, каб усе цябе баяліся, Варфаламей? Кінь! Не бачу нічога дрэннага ў тым, што народ смяецца, і над дактарамі, і над палітыкамі, — весела гаварыў Разанцаў. — Смех — адзнака здароўя. Бачыў я адзін спектакль, дзе да ложка хворага на іпахондрыю паклікалі кансіліум. Рускі доктар прапанаваў хворага напаіць, хаця б і сілком. Француз — пазнаёміць з дзеўкай. Немец — замкнуць і не карміць, спакушаючы з-за дзвярэй ежай, ангелец — уручыць пацыенту пісталет і даць магчымасць застрэліцца.

Лёднік мімаволі засмяяўся, Пранціш таксама ледзь стрымаў смех.

— Ну і які рэцэпт выкарысталі?

Разанцаў махнуў рукой.

— Сын хворага ўсіх нашых калегаў паганым венікам пагнаў. Пры гэтым ангелец на развітанне пабіў немца, немец пагразіўся разбіць у манаграфіі навуковы досвед ангельца, француз пайшоў, напяваючы, а рускі — галавой ківаючы.

Тут ужо зарагатала ўся кампанія. Каля ратушы, якая пасля пажару так і стаяла абгарэлым слупом, граф Разанцаў развітаўся з Лёднікам, у яго былі справы ў магістраце. І сямейства доктара адправілася далей, туды, дзе высіліся дзве камяніцы па мянушцы Рай і Пекла. Гарадскі гадзіннік адбіў тры папалудні, на ягоным масянжовым пляскатым твары па звычаі меўся надпіс «Vulnerant omnes, ultima necat» — «Усе гадзіны раняць, апошняя забівае». Ля ганебнага слупа на пляцы тоўпіўся люд паспаліты, ахвочы да чужой пакуты. Лёднік скасавурыўся ў той бок.

— З маім шчасцем і я там калі-небудзь магу натоўп вакол сябе сабраць, больш, чым з кафедры.

— Не гарадзі лухты, Бутрым! Не спакушай Бога! — гнеўна сказала Саламея. — Мала табе ў жыцці прысаку ў поліўцы перапала?

— Я абараню цябе, тата! — важна прамовіў малодшы Лёднік, у ягоных цёмных вачанятах хавалася трывога.

— Вось, дзіця напалохаў… — з дакорам прагаварыла пані Саламея. Лёднік падхапіў сына на рукі, пацалаваў, худы змрочны твар доктара прасвятлеў, памякчэў — што ж, за права называць гэтага хлопчыка сынам прафесар заплаціў вельмі дорага.

— Пусці, я ўжо вялікі! Я шляхціц!

Хлопец выкруціўся з рук бацькі, саскочыў на зямлю і прыняў гордую паставу. Пранціш схаваў

усмешку — характар у Аляксандра Баўтрамеева Лёдніка быў відавочна таткаў.

— Ой я, малада, дзе розум падзела? За жаўнера, за зладзея сама захацела,

— завёў побач песеньку лірнік, і ягоны паплечнік, замурзаны хлапчыска ў аблезлай камізэльцы з футра ўжо невызначальна якой жывёлы, ускінутай паўзверх падранай кашулі, зашнырыў з шапкай ля мінакоў.

— Ой, пайду я ў поле: жыта палавее. Добра мая галованька, што не акалее, —

жаласна выводзіў надтрэснуты голас. Пранціш кінуў у падсунутую шапку грош і сярдзіта папрасіў больш баявітых песень. Няма чаго жаўнераў ганьбіць.

Услед зараз жа панеслася «баявітае», на заказ:

— Збройныя дзеі пяю, ваяводаў, Літоўскага Марса. Караляў збройных пяю: іх харугвы варожыя разам Бачылі землі Барэя і месца паўночнае — Рыга, З імем адным — ды з адрозным і лёсам, і сілай ад Бога…

Пранціш ажно спатыкнуўся… Жабрак выпяваў «Караламахію» Хрыстафора Завішы, ды яшчэ ў перакладзе з лаціны! Трэба вярнуцца…

Драгун са скрухай углядаўся ў спаласаваны шнарамі і зморшчынамі твар лірніка, паўз якога нядаўна прайшоў з няўважнай пагардай. Гэта не быў твар неадукаванага палахлівага мужыка… Вочы выхоплівалі падрабязнасці, з якіх складаўся партрэт горкага лёсу: мыліца, прыхінутая да ліпы, пад якой прыладзіўся спявак, шнар ад шаблі праз увесь твар, старая жаўнерская дзяга, што сцягвала лахманы…

— Ваяваў, васпан? — ціха спытаўся Пранціш. Сляпыя вочы лірніка былі паўпрыкрытыя, і ўсе аблічча здавалася «сляпым», невыразным. Адно што — адчувалася за гэтай невыразнасцю застарэлая пагарда, амаль інстынктыўная нянавісць да тых, ад чыёй літасці ён зараз залежыць.

— Так, ваяваў, літасцівы пане, з туркамі біўся, са шведамі, з маскоўцамі. У войску слаўнага караля нашага Жыгімонта, няхай уладзяць яго светлыя янголі ў нябёсным палацы, — голас гучэў, як бы чалавек столькі разоў паўтараў сваю гісторыю, што смяротна стаміўся, і абрыдлі яму чуллівыя падрабязнасці, бо не расчульваюць яны сэрцы.

— А вучыўся дзе?

— У піяраў, ваша мосць, у Зэльвенскім калегіюме.

Вырвіч абшарыў кішэні і высыпаў у шапку, зараз жа падстаўленую мурзатым хлапчыскам, усё да грошыка.

— А гэта ад нас! — важна прамовіў дзіцячы голас, і пан Алесь Лёднік, відаць, пасланы бацькамі, таксама кінуў манеты.

Няўжо няма справядлівасці ў гэтым свеце нават для тых, хто праліваў кроў за Айчыну? Няўжо яна — таксама бязлітасная дама, якая прымушае за сябе паміраць, але ўдзячнасці ад якой не дачакаешся? І ці не здарыцца так, што калісь Пранціш Вырвіч, стары, скалечаны, аслеплы, будзе вось так соўгацца, выпрошваючы на хлеб і ціха ненавідзячы фанабэрыстых абыякавых багацеяў?

У доме з зялёнымі аканіцамі іх чакала вячэра, радасны брэх рудога калматага сабакі па мянушцы Піфагор, прыгаворванні таўсманнага гультаяватага слугі Хвелькі і стройныя шэрагі кніг, якія мелі ўласцівасць разрастацца ў гэтым доме, як апенькі на збуцвелым пні, так што не было ніводнай сцяны, дзе калі не стаяла самавітая шафа — дык вісела паліца з папяровымі ці пергаментнымі суразмоўцамі. Шмат кніг прыбавілася пасля таго, як у мінулым годзе памёр Лёднікаў настаўнік і дарагі яму чалавек, полацкі аптэкар дзядзька Лейба, і адпісаў Бутрыму ўсю сваю бібліятэку.

Поделиться с друзьями: