Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:

— Ты мяне такому не вучыў! — абурыўся Пранціш. — Гэта чараўніцтва нейкае! Несумленна!

— Не чараўніцтва, — павучальна сказаў Лёднік, у душы, па ўсім відаць, страшэнна задаволены сабой, — а добрае веданне анатоміі і механікі цела. Ну і трэнінг, трэнінг, Вырвіч! Арганізм чалавека здатны на такое, што можа падацца магіяй, а гэта проста звычайныя, але забытыя веды.

Пранціш паспрабаваў таксама скочыць на сцяну, але ледзь не паваліўся, і выйшаў з пакою злосны, як выкураная з вулею пчала.

Цікава, адкуль сам Лёднік здабыў тыя «забытыя веды»? Хіба рукапіс які старажытны адкапаў?

Лёдніка перастрэла пані Саламея, нейкая вінавата-збянтэжаная:

— Там жанчына прыйшла… Цяжарная… Просіць, каб яе паглядзела менавіта я.

Доктар нахмурыўся.

— Я ж табе казаў… Не прываджвай іх. І выкінь з галавы глупства пра ўласную

практыку. Не хапала яшчэ, каб за цябе зноў узяліся, — паглядзеў на засмучоны твар Саламеі, якая, здавалася, ледзь змушала сябе не пярэчыць. — Добра, раз прыйшла кабета — паглядзі яе. Выконваючы хрысціянскі доўг. Але — ні слова лішняга! І каб нічога ў аплату табе не сунула!

Пані Лёднік апусціла вочы, у якіх згаслі, не паспеўшы бліснуць, гнеўныя маланкі, і пайшла.

Пранціш утаропіўся на доктара, які стамлёна ўсеўся ў фатэль ля каміну — сын адразу падбег да таткі і расставіў на парэнчах фатэлю сваіх жаўнерчыкаў.

— Ты што гэта, Бутрым, не толькі мяне на лейцах спрабуеш вадзіць? Дзе ж твае прагрэсіўныя ідэі наконт жаночай адукацыі?

Лёднік адкінуў чарнавалосую галаву на спінку фатэлю, пад заплюшчанымі вачыма былі цені стомы.

— Мая галоўная ідэя — зберагчы сваю сям’ю. Высакароднага пана Вырвіча, так ужо сталася, запісваю таксама ў катэгорыю сямейнікаў, калі ён не грэбуе. Саламеі заманулася стацца доктарам, — Лёднік пакрывіў вусны. — Паказвае як прыклад на нейкую шалберку Русецкую-Пільштынову, якая па свеце швэндае ды лечыць то жонак турэцкага султана, то расейскую царыцу, то Радзівілаў, ну і каханкаў па дарозе мяняе. Але хто ж такую ўсур’ёз прыме? Таксама мужа-лекара мела, ад яго і навучылася. А Саламея — жанчына сур’ёзная, самавітая. Яе баяцца стануць. У вядзьмарстве ўжо абвінавачвалі — забыўся, як мы ледзь яе адбілі? У мяне рэпутацыя таксама сумніўная, не абараню. Падай мне з паліцы тую таміну, у рудой вокладцы.

Пранціш здабыў Лёдніку вялізны фаліянт. Папера яго шаргатала, нібыта абуралася, што яе нарэшце патрывожылі.

— О, для прыкладу… Выпіскі з працэсу пінскага гродскага суда 1630 года, — торкнуў пальцам у старонку Лёднік, як у выкрытага шпега. — Жонка пінскага вознага Вячоркі Высоцкага Федзя звяла са свету жонку пінскага войскага і падстаростага Мікалая Ельскага. Адкапала на могілках чалавечую костку, жалезныя цвікі ад труны і трохі пяску і загадала сваёй пляменніцы Сазонаўне, якая прыслужвала ў жонкі Ельскага, тры разы паскрэбці костку, змяшаць з пяском і ўсыпаць ва ўлюбёны ранішні напой пані, а менавіта цёплае піва з маслам. А костку з цвікамі і пяском пакласці, абысці тры разы супраць сонца са словамі: «Як тая косць мёртва, як тая косць анямела, так і пані маёй няхай то будзе». Самае цікавае, што праклён павінен быў здзейсніцца толькі на чацвёртым годзе. Жонка вознага памерла, і чарадзейства выявілася.

— Як? — зацікавіўся Пранціш.

— А ліха яго ведае, — меланхалічна прамовіў Лёднік, падняўшы вочы ад кнігі. — Каму што памсцілася… Але дзяўчыну Сазонаўну тут жа аддалі на катаванні, яна і прызналася. Ну і цётку ейную арыштавалі. Нават Галоўны трыбунал, куды пінскі возны звярнуўся, не дапамог. Так што механізм просты, — Лёднік глядзеў, як сын зацята перастаўляе мізэрных жаўнерыкаў з волава, змушаючы іх забіваць адно аднаго, у выніку нехта з небаракаў з грукатам падаў на падлогу. — Памірае любы з пацыентаў Саламеі… На ягоным целе, вопратцы ці ў доме таксама знаходзяць прыкметы чараўніцтва. Драпіну, латку, іржавы цвік, гнілы арэх… Вінаватая вядзьмарка! І — на катаванні яе… — Лёднік рэзка закрыў кнігу. Аж пыл ад жоўтых старонак пайшоў. — Помніш, як на млыне пазнаёміліся з дзяўчынай-зельніцай Саклетай, якую ўсё наваколле сабралася забіваць? Сверб, маўляў, на вёску наслала! А ў яе толькі і былі зёлкі ды кніга па фармацэўтыцы ад маці. Я — мужчына, доктар, маю ўніверсітэцкі дыплом, сябар навуковых таварыстваў, прафесар акадэміі… Я магу быць блюзнерам, а не ведзьмаком, але многія падазраюць мяне і ў першым, і ў другім. Так, Саламея хадзіла слухаць лекцыі ў полацкім калегіюме, але гэта толькі пацверджвае ейнае «вядзьмарства».

— Слухай, ты мяне пераконваеш ці сябе, што маеш рацыю, калі забараняеш Саламеі лекаваць? — сярдзіта спытаўся Пранціш. Лёднік памаўчаў, апусціўшы вочы.

— І тое, і другое, пан Вырвіч…

Маленькі Алесь пачаў выкарыстоўваць для баявых дзеянняў сваёй алавяннай арміі вялізную кнігу, што ляжала на таткавых каленях, і суровы доктар намагаўся не варушыцца, каб цацачнае войска не пападала. І Пранціш падумаў, што Лёднік

дорага заплаціў за бяспеку ўсіх сваіх бліжніх, кожнага з якіх мог страціць назаўсёды. Таму й трасецца, каб з імі зноў чаго не здарылася.

— Ведаеш, мяне таксама ў палку чарнакніжнікам лічаць, — горка пасмінуўшыся, прызнаўся Пранціш. — Не напіваюся, кніжкі чытаю…

— З вядомым чарадзеем Лёднікам таварышуеш, — сцвердзіў доктар. Алесь падняў зацікаўлены пагляд на бацьку:

— Пане-бацька, а ты чарадзей?

Лёднік пагладзіў хлопчыка па галаве.

— Я — вучоны. Толькі невукі вераць у чарадзейства, запомні, сын. Ты яшчэ пабачыш, як навука зменіць свет!

Уздыхнуў, як апошняга каня прадаўшы.

— Хаця ці зменіць яна яго да лепшага — гэта яшчэ вялікае пытанне.

Саламея вярнулася з вінавата апушчанымі вачыма, павяла сына спаць, паабяцаўшы яму, што ўсе забітыя жаўнерыкі назаўтра ажывуць і стануць яшчэ больш баявітымі.

Каб жа так было і ў жыцці…

Але ў жыцці ўсё няпроста. І Пранціш разумеў, чаму неўтаймоўная калісьці пані Саламея толькі ўпотай уздыхае і намагаецца не паказаць крыўды. Адчувае віну, што так і не змагла нарадзіць каханаму мужу дзіця. Пранціш падазраваў, што справа ў тым, што калісьці, падчас зняволення ў Слуцкім замку, пані моцна застудзілася — Геранім Радзівіл змушаў упартую палонніцу да пакоры ўсялякімі сродкамі. Што ж, шавец без ботаў, а дактары свае хваробы вылечыць не могуць.

А Вырвіч, толькі апынуўшыся сам у пакоі, змог даць волю гору… Якім абарочваецца шчасце тваёй каханай — з іншым. І трэба мець вялікае сэрца, каб пажадаць ёй і надалей таго шчасця.

Драгун Пранціш Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр так і пастараўся зрабіць.

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

ДАРУЧЭННЕ СУДДЗІ ЮДЫЦКАГА

Старажытныя кёльты верылі, што калісьці ў Ірландыі над ручаём Тройцы раслі дзевяць кустоў ляшчыны з чароўнымі арэхамі цёмна-малінавага колеру: хто іх сарве ды з’есць, спазнае таямніцы сусвету. Разумнікаў, аднак, не знаходзілася, арэхі ціхенька сабе падалі ў ваду разам з таямніцамі, і там іх глыналі тлустыя лянівыя ласосі. Вось гэтыя рыбіны і зрабіліся наймудрэйшымі ў свеце, асабліва пасля таго, як чароўныя ляшчыны засохлі з-за цікаўнасці адной кабеты. А толку з мудрасці тых ласосяў? Што яны распавядуць? Хіба злавіць якога ды з’есці… Аднаму кёльтскаму герою, Фіну Мак Кумхэйлу, удалося такую рыбу сасмажыць ды зрабіцца мудрацом. А так — суцэльнае расчараванне: ласосі паныла сноўгаюць у рэчцы, шукаючы арэхаў, людзі вылоўліваюць ласосяў, спадзеючыся напаткаць патрэбнага…

Пан суддзя Юдыцкі, напэўна, таксама спадзяваўся праз паяданне рыбы зрабіцца мудрацом. Таму што зацята калупаўся ў кавалку ласасіны, запечаным з цытрынай. Увогуле стол, за якім сядзела ўсяго два чалавекі, суддзя ды ягоны госць, быў устаўлены далікатэсамі аж надзіва: мядзвежыя лапы пад вішнёвай падліўкай, бабровыя хвасты з ікрой, ласіныя ноздры з мігдаламі, смажаныя вожыкі і яшчэ нешта, чаму Пранціш Вырвіч і назвы не ведаў. Проста магнацкі баль… Другая дзіўната была ў тым, што гаспадар амаль нічога з гэтага не з’ядаў — прынюхваўся вострым носам, прыцмокваючы тонкімі бледнымі вуснамі, прагна паглядаў запалымі вачыма, клаў у рот мізэрныя кавалачкі… Жаваў, прыжмурыўшыся ад насалоды. А потым выплёўваў на спецыяльна падстаўлены лёкаем срэбны паднос. Драгуну Пранцішу Вырвічу, які аніяк не чакаў падобнага гасцявання, ад такога відовішча і насцярогі таксама кавалак у рот не лез. Суддзя, заўважыўшы неўразумелыя позіркі драгуна, патлумачыў:

— Ах, вашамосць пан Вырвіч, на жаль, жаданні чалавечыя пераўзыходзяць магчымасці чалавечага арганізма, адпушчаныя нам Госпадам і занепадаючыя за нашыя грахі. Быў час, калі я пагарджаў добрай шляхецкай ежай, і, выконваючы свой абавязак перад ягонай мосцю князем Радзівілам і Айчынай, паспяваў за дзень толькі ўкусіць сухой булкі… Колькі ж я ўпусціў простых радасцяў жыцця, ахвяруючыся дзеля вышэйшых ідэалаў! Certum est omnia licere pro рatria! [5]

Пан Юдыцкі закаціў вочы ўгару, як касцёльная дэвотка, і пачапіў на двузубы відэлец чарговы далікатэс. Пранціш успомніў, як Юдыцкі шчыраваў «дзеля вышэйшых ідэалаў», калі хацеў употай прадаць «ведзьмака» Лёдніка князю Гераніму Радзівілу на пакуты.

5

Належыць ахвяраваць усім дзеля радзімы (лац).

Поделиться с друзьями: