Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:
Вырвіч так і не пераняў палкую любоў свайго ментара да навуковых трактатаў, але кнігі з выдумкамі, усялякімі фантастыкамі ды пра высокую навуку вершаскладання былі яму даражэй цяпер за келіх добрага віна. Драгун зняў з паліцы патрапаны томік: «Лапатачнік». Што за прыпавесць? Пагартаў… Дапаможнік па варажбе на авечай лапатцы, перакладзены з трактату Пятра Егіпцяніна… Чаго толькі ў дзядзькі Лейбы не захоўвалася! А вось табе «Таямніца таямніцаў, Арыстоцелева брама», больш вядомы ды самавіты твор, праўда, як запэўніваў Лёднік, да Арыстоцеля ніякіх адносінаў не мае. Том з «осьмі главізнаў», у якіх і «о поведаніі ваёўным», і «о прамудрасці парсуннай, яко заховаці цару жывот свой, піціем, і ядзеніем, і спаніем,
Пранціш пазнаў і гравюру з выявай Іерусаліму, якая раней вісела на сцяне ў аптэцы дзядзькі Лейбы: з мініяцюрнымі камяніцамі, пальмамі, паўлінамі і херувімчыкамі.
Драгун з замілаваннем разглядаў дом і гаспадароў, якія паскідалі парыкі і пераапрануліся ў хатняе. У чорных валасах Лёдніка з’явіліся срэбныя ніты, але ён усё гэткі ж упарты, жылісты і хуткі, не чалавек — змяюка. Напэўна, па-ранейшаму займаецца фехтаваннем — вунь нават некалькі драўляных мячоў у куце. Раней Лёднік такімі пагарджаў, трэніруючыся толькі на баявой зброі. Але як Вырвіч з’ехаў, дык, відаць, даводзіцца прафесару ў трэнінгах мець справу з дурнымі юнакамі, якія пакалечыцца могуць. Пранціш нават адчуў у глыбіні душы востры ўкол рэўнасці да тых незнаёмых вучняў.
Саламея Лёднік была ўсё гэткай жа гожай, толькі ў куточках вачэй з’явіліся таненькія зморшчынкі, якія пані не лічыла патрэбным хаваць пад слоем пудры. Яна нават цяпер, праз трывогу, свяцілася шчасцем, варта было пабачыць сына. Пранціш гадаў, ці памятае маленькі Алесь, што ў яго калісьці была іншая маці?
Між тым пані Саламея накрывала на стол — яна, дачка полацкага купца-кнігара, не грэбавала ўласнаручна займацца хатняй гаспадаркай, хаця ў дом прыходзіла і прыслуга дзеля чорнай працы. Але перад вячэрай Лёднік завёў Пранціша ў кабінет, дзе акрамя кнігаў грувасціліся хімічныя ды медычныя прылады і некалькі застрашлівых васковых муляжоў, што дужа рэалістычна ўяўлялі з сябе прэпараваныя фрагменты чалавека, замкнуў дзверы на ключ.
— Расказвай!
Пранціш моўчкі працягнуў ліст да Юдыцкага. Прафесар уважліва разгледзеў канверт, але ламаць пячатку не стаў.
— Ясна… Ісці да пана суддзі не хочацца?
— Яшчэ б! — фыркнуў Пранціш, касавурачыся на расфарбаванага васковага нябожчыка без паловы чэрапа, чый мозг, аплецены венамі, нагадваў кубло рознакаляровых рабакоў. —У цябе вунь дасюль шнар на лобе ад ягонай шаблі! Забыўся, як ён нас ледзь у слуцкія сутарэнні не заканапаціў? А потым у Менску я ж пад ягонымі вокнамі прывіда выяўляў, мяне з вартай лавілі. Ну і фізіяномія была тады ў пана!
Вырвіч засмяяўся ўспамінам. Лёднік задумліва пакруціў ліст.
— Баяцца табе цяпер няма чаго. Як Пане Каханку за мяжу ўцёк, Юдыцкі ўплыву мае мала. Да таго ж ягоны стрыечны брат, рэчыцкі суддзя, утварыў бяды — зрабіў наезд на сеймік, дзе яго не хацелі маршалкам выбіраць, людзей пасек. Каб яго схапіць, расейскія войскі запрасілі. Дык узялі пана толькі ў радавой усыпальніцы — сядзеў на труне прадзеда з двума пісталетамі. Цяпер, кажуць, на расстрэл асудзілі — надта ўсё жорстка і беззаконна, ніхто не заступіўся. І наш Юдыцкі ад брата паспяшаўся адрачыся: маўляў, хоць і скруха на сэрцы, але пан-брат сам вінаваты, закон парушаць нельга. Такія, як суддзя, ворагаў і сяброў мяняюць, бы модная паненка кавалераў. Ты ведаеш, што ён яшчэ ў мінулым годзе да мяне на прыём прыходзіў?
Вось табе на! Вырвіч успомніў, як Лёднік, едучы ў турэмнай карэце на расправу, «прыпёк» Юдыцкага дыягназам, што ў таго пячонка не ў парадку, і мужчынскай сілы няма.
— Ну і як, вярнуў суддзі мужчынскую сілу?
Доктар нават не пасміхнуўся.
— Прабач, пан Вырвіч, але лячэнне пацыента — справа між ім і доктарам.
Пранціш аж пачырванеў. Вось зануда гэты былы алхімік…
Мала, што лечыць колішняга смяротнага ворага, дык яшчэ ад найбліжэйшага свайго сябра падрабязнасці хавае.— Адзінае — калі Юдыцкі пачне ў які закалот намаўляць, не лезь! — задумліва прамовіў Лёднік. — Пане Каханку зараз у эміграцыі, але ж сувязь тут мае ўвесьчасную. Чуў, можа, што на гузіках ягоных быў выціснены дэвіз — «Fiducia amicorum fortis», моцны вернасцю сяброў?
— Але не жончынай, — зласліва зазначыў Пранціш. — Пані Тарэза з Ржавускіх за мужам у выгнанне не паехала, на балях у Панятоўскага скача, каралю амуры строіць. А атрыманыя ад Радзівіла лісты ў каралеўскім палацы ўслых зачытвае, каб усе пасмяяліся.
Лёднік уздыхнуў.
— Што ж, дзе густа, дзе пуста. Мне расказвалі, што ў гэтай пані ў спачывальні вісіць жалезная клетка, куды яна садзіць ворагаў — каб цешыцца іхнімі стогнамі ды крыкамі, зусім як князь Геранім Радзівіл. Нездарма Пане Каханку ад жонкі ў кляштары хаваўся. Затое альбанчыкі, сябры радзівілаўскай банды, маёнткі пана ў арэнду бяруць, пільнуюць, прыбытак пану пасылаюць… Так што Радзівіл пусціў чутку па ўсёй Еўропе, што ў яго маецца неразменны залаты дынарый памерам з жорнаў. Патоцкія і Браніцкія таксама лезуць смаліцай у вочы, пра карону мараць. І Панятоўскаму яшчэ доўга давядзецца за моц свайго трону змагацца. А грошай у яго на гэта няма.
Вырвіч здзівіўся.
— Як гэта — у караля ды грошай няма!
Васковы чалавек з адзіным вырачаным вокам дакорліва глядзеў на Лёдніка, сына полацкага гарбара, які разважаў пра палітыку без усялякай трапятлівасці.
— Тое, што шляхцюку — гара залатая, каралю абакрадзенай дзяржавы, які хоча рэформаў — каціныя слёзы, — стамлёна гаварыў Лёднік. — Сам падумай: прыбыткі ад партоў, капальняў ды падаткаў ідуць толькі на дзяржаўныя патрэбы. Уласных жа маёнткаў у караля паменела, дый ладу ў іх няма. А расейцы, хоць зброяй падтрымаюць, рэформы фінансаваць не стануць. Нашто ім добрыя законы ды моцная эканоміка ў дзяржаве, якую яны зжэрці збіраюцца? Вось, прызначыў Цялок сябрука, Антона Тызенгаўза, адміністратарам сваіх уладанняў, а той узяўся люстрацыі, рэвізіі зямельныя, праводзіць. А ты ўяві, колькі каралеўскіх земляў патрошку паадразалі сабе ўсялякія! Так што незадаволеных нават па гэтым будзе шмат. Дысідэнцкае пытанне таксама так проста не вырашыцца…
— Дык расейцы ж уціск праваслаўя галоўным злачынствам абвяшчаюць, а ягоную абарону — сваёй галоўнай задачай! — нагадаў Пранціш. — Мяне ў харугве за тое, што я не каталік, ледзь у расейскія шпегі не запісалі.
Лёднік цяжка ўздыхнуў.
— Разанцаў распавёў мне па сакрэце, канцлер Панін гаварыў, што не варта асабліва пашыраць тут правы пратэстантаў ды праваслаўных — бо сяляне з Расіі пачнуць збягаць. Патрэбна толькі з дысідэнтаў партыю, прыхільную імперыі, стварыць. Нікому насамрэч справы няма, добра нам ці блага жывецца. А тут, што ў Кароне, што ў Літве — нават у адной партыі няма згоды. Кароль марыць скасаваць ліберум вета, ягоныя дзядзькі Чартарыйскія баяцца з гэтае нагоды страціць сімпатыі шляхты… Пане Каханку з-за мяжы прыхільнікаў вярбуе… Карацей, на гэтым тле такія можна закруціць інтрыгі, што край крывёй зальецца. Заўтра пойдзеш да Юдыцкага — будзь асцярожны.
— Што ты мяне за дурня маеш? — пакрыўдзіўся Пранціш. — От зараз пану суддзі душу пачну адкрываць, як куфры са старымі кілімамі, ажно моль паляціць. І ўвогуле — як ты з гэтым расейскім графчыкам-баярынам так сышоўся? Не б’ецеся за палітыку?
Лёднік паціснуў плячыма.
— Разумны чалавек заўседы будзе паважаць перакананні іншага. А наконт баярына ты не маеш рацыі. Бацька Міхайлы простым купцом быў, яго цар Пётр Першы дваранінам зрабіў, у Галандыю вучыцца паслаў. І Міхайла ўсяго дамогся без пратэкцыі, уласным розумам.