Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:

Вось яно што… «Новыя дваране» — балючая тэма і ў Літве, і ў Польшчы, і ў Расеі. Лёднік са сваім «свежым» шляхецтвам не быў выключэннем — яшчэ ў 17 стагоддзі, пасля Гадзяцкае уніі, шляхецтва ад сойму Рэчы Паспалітае атрымалі некаторыя камандзіры сялянскіх атрадаў, якія біліся з маскоўцамі. Напрыклад, Мурашкі, Драні, што ў шляхоцтве зрабіліся Дранеўскімі. Але шмат было і тых, хто яшчэ «за Сасамі» проста купляў патэнт набілітацыі, ці выслужваўся не вайсковым подзвігам, а фаварыцтвам. А Панятоўскі, відаць, маючы на ўвазе прыклад Пятра І, шчодра надаваў шляхецтва невысакародным саслоўям, вядома, спадзеючыся прыдбаць сабе верных прыхільнікаў.

За што старая шляхта яго яшчэ

больш зненавідзела. Гэтак жа, як і ягоных «хроснікаў на шляхецтва».

Вырвіч заўважыў у куце нешта, накрытае зялёным сукном. Ужо здагадваючыся, падыйшоў, прыўзняў цяжкую тканіну. На яго зірнулі шэрыя шкляныя вочы з дасканала прыгожага васковага твару. Пандора… Лялька-аўтамат, сакрэт якой калісьці змусіў іх з Лёднікам цягнуцца аж за мора. Доктар паспешліва падыйшоў і акуратна ўхутаў васковую прыгажуню.

— Што, успамінаецца ледзі Кларэнс? — здагадаўся драгун. Прафесар памаўчаў, відаць, прагортваючы ў памяці прыгоды ў Ангельшчыне, падчас якіх яму давялося звесці блізкае знаёмства з чароўнай, але капрызлівай пані з абліччам гэта лялькі.

— Як такое забудзеш… Ведаеш, — былы алхімік трохі павагаўся, відаць, не ведаючы, ці варта прамаўляць тое, што прасілася, — я часта разважаў, як мне патрапіла паддацца чарам той лэдзі… Ну так, прыгажуня, арыстакратка, угневаў бы адмовай — загадала б яшчэ ўсіх нас забіць… Але ж і я не хлопчык. І Саламея мне даражэй за ўсіх царыцаў свету. І я зразумеў, што каб не было гэтай лялькі, каб не мучыўся я столькі над разгадкай таямніцы мехзанізму, не ўразіўся б сустрэчай з жывым арыгіналам. А тады, у Лондане, калі я пабачыў, як ажыла мая механістычная задача, мая навуковая перамога… Ды што цяпер апраўдвацца…

Лялька маўчала пад зялёным сукном, але здавалася, што ў любы момант тканіна варухнецца.

Між тым Лёднік трохі павагаўся і палез у шуфляду сакрэтніка з чорнага дрэва, упрыгожанага выявамі купідончыкаў — антычныя бажаняты мелі таўсманныя хітраватыя абліччы і зблытаныя кудзеры. Здавалася, гэтыя шкадлівыя стварэнні цэлілі не ў сэрцы залатымі стрэламі, а ўхапіць з чужога стала булку альбо жменьку разынак, як віленскія шкаляры.

— Ёсць тут яшчэ адзін ліст да пана Вырвіча… Па-праўдзе, дык не вельмі хацеў я пану яго аддаваць. Чаго вярэдзіць старыя раны…

Пранціш выхапіў з рук былога свайго слугі сціплы канверцік, запячатаны зялёным сургучом з адбіткам знаёмага гербу «Агінец».

— Давай я сам буду вырашаць, што мне вярэдзіць, а што не.

Драгун не ўтрымаўся, каб не паднесці ліст да твару: калі прынюхацца, можна ўлавіць слабы пах мора, а яшчэ — вярбены. Пах улюбёнай парфумы панны Паланэі Багінскай, цяпер — пані Агалінскай. Колькі ж міляў і вёрстаў паміж імі цяпер! Моры-акіяны…

Пранціш паспешліва дастаў з канверту аркушык, прачытаў, і гнеўна павярнуўся да Лёдніка, які з трывогай назіраў за былым вучнем.

— Калі гэта прыйшло?

— Ды прынеслі перад Вялікаднем, — з некаторай няёмкасцю адказаў Лёднік.

— І ты не пераслаў мне! — абурыўся Вырвіч. — Не паведаміў! Аберагаў хлапчыску ад нервовага зрыву! Можа, хопіць на лейцах мяне вадзіць? З-за твае дурной перасцярогі іншыя людзі пацярпелі! На, чытай!

Раззлаваны драгун кінуў ліст з далёкай Амерыкі Лёдніку, як мог бы кінуць кароль Ягайла данос падкаморага Гневаша на дабрадзейную каралеву Ядзвігу.

«Заўсёды памятаю шаноўнага пана Вырвіча, а наважылася нагадаць яму пра сябе вось з якой прычыны… З цягам часу шмат што пераацэньваецца, дарагі пан Вырвіч, і рэчы, якія раней здаваліся нязначнымі, усведамляюцца вельмі істотнымі, і робіцца сорамна за тое, што ты імі пагарджаў. Калі я ад’язджала, мая камерыстка Ганна Макавецкая ўсё яшчэ заставалася

ў кляштары, дзе па маім загадзе мусіла выдаваць сябе за мяне, каб я магла бесперашкодна адправіцца ў наша ангельскае падарожжа. Па-праўдзе, у мітульзе падзеяў я зусім забылася на лёс Ганны, у якой ніякіх сваякоў не засталося. Буду вельмі ўдзячная пану Пранцішу, калі ён выканае, няхай са спазненнем, мой абавязак: даведаецца пра лёс беднай Ганулькі і перадасць ёй тое, што захоўваецца ад майго імя ў банкіра Мамоніча ў Вільні: банкіру я пасылаю асобны ліст з адпаведным загадам. Няхай панна Макавецкая прабачыць мяне за ўсё і скарыстаецца тым, што я ёй перадаю.

Дарэчы, нашага сына мы назвалі Францыскам Казімірам. Гервасій у гонар нараджэння нашчадка ледзь увесь форт не спаліў, феярверкі з сябрукамі ладзячы. Індзейцы мужа баяцца, як злога чараўніка, што кіруе вогненным богам. А Гервасій спрабуе іх мову вывучыць, каб байкі новыя запісваць. Трохі расчараваны, што тут, дзе мы пасяліліся, няма джунгляў і маленькіх рознакаляровых птушачак, затое тут горы, парослыя лясамі, чорныя мядзведзі з кіпцюрамі, як у цмока, і такія вялізныя дрэвы, што, магчыма, з вершаліны бачная Вільня. Гервасій спрабаваў праверыць».

І ніжэй — радок, літары ў якім таньчылі п’янога гапака:

«Паколькі гэты малы нарадзіўся не чарнявым, а, як належыць, рудзенькім, можаш, пан Вырвіч, доктара пугай не сцябаць! Пан Гервасій Агалінскі».

Апошняя літара заканчвалася пісягом, як бы хто ў аўтара вырваў з рук пяро. Далей зноў быў почырк Паланэі:

«Спадзяюся, пан Лёднік разумее, што Гервасій яшчэ не скончыў святкаваць нараджэнне сына, таму няхай не крыўдзіцца за нядобрыя намёкі. А я ад свайго імя пану Агалінскаму ўжо ўсё выказала».

І зусім крывы і няроўны запіс:

«Ой, выказала! Моцна і балюча! На каленях стаю і маёй жоначцы ножкі цалую!».

Лёднік, чытаючы, то бялеў, то чырванеў, пад канец прамармытаў нешта кшталту: «Блазнюкі як ёсць…». У словах пана Агалінскага быў намёк на даўнюю гісторыю, вакол якой накруціліся жарсці і трагедыі не менш чым у шэкспіраўскіх п’есах: малы Алесь насамрэч быў сынам Лёдніка і пані Галены Агалінскай, жонкі старэйшага брата пана Гервасія, што пан Гервасій доўга доктару не мог дараваць.

Лёднік аддаў ліст Пранцішу з нечытэльным выразам на абліччы, што трэба было разумець як прызнанне віны.

— Прабач, пан Пранціш. Я сапраўды вінаваты перад паннай Ганулькай. За паўгады шмат што магло з ёй здарыцца. Разумееш, Саламея пра яе лёс нічога не ведала — жонку трымалі асобна ад другіх манашак. Нам і ў галаву не прыходзіла, што твая Чароўная Дама можа так абысціся з вернай кампаньёнкай. Таму, як вырашыш справы з Юдыцкім, паеду з табою ў Гутаўскі кляштар. Слова даю.

Вырвіч сурова кіўнуў, хаваючы радасць: як ён засумаваў па прыгодах на пару з Лёднікам!

— Ну што, пайшлі вячэраць? А пасля пакажаш мне сваё фехтавальнае майстэрства… драгун, — звыкла з’едліва сказаў доктар.

— Думаеш, ты такі непераможны, Бутрым? — не менш з’едліва адказаў Пранціш. — Змірыся — у баявых майстэрствах патрэбныя маладыя цягліцы! Маладая жарсць! Вайсковы досвед!

Лёднік нічога не адказаў, толькі бровамі скептычна варухнуў.

А потым Пранцішу давялося стукацца сваймі «маладымі цягліцамі» аб сцены пакоя, дзе Лёднік зладзіў трэніровачную залу. Таму што доктар увесь час зухаватага драгуна да тых сценак змушаў прыціскацца. І нават — гэта было з боку прафесара чыстае хлапецтва, — прадэманстраваў скачок, які сапраўды можна ў балагане паказваць. Пранціш нават не ўцяміў, як гэта ў Бутрыма атрымалася — вось ён перад табой, а вось адштурхнуўся нагой ад сцяны — і прыстаўляе шаблю табе між лапатак.

Поделиться с друзьями: