Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Шрифт:
Лёднік моўчкі кіўнуў галавой і агледзеўся вакол. Слуцкі замак быў падзелены на дзве часткі: Верхні замак і Ніжні, з’яднаныя мастом. Ад Верхняга засталася адна толькі вежа, ператвораная ў турму. Яна злавесна ўзвышалася над горадам, як увасобленая постаць смерці, альбо хутчэй яе адзіны гнілы, але ўсё яшчэ моцны зуб… Абарончыя пабудовы былі, як пры прадзедах, з зямлі і дрэва. За земляным валам у восем метраў вышынёй злучаліся рэкі Случ і Бычок, стаяла лазня. Галоўны выхад з замку быў праз чатырохярусную браму з гадзіннікам і звонам. На яе вежы красаваўся флюгер з двума арламі — чорным і чырвоным. Па абодва бакі ад брамы месціліся памяшканні для варты. Яшчэ адна брама была паўночней, між двума палацамі Ніжняга замку, ля лазні. Вакол самога Слуцку таксама былі валы і равы, праз якія вялі пяць брам. Пры гэтым Радзівіле горад
Джавані ціха заспяваў арыю пра Царыцу Ночы… Сапраўды, імкліва цямнела, паказалася першая зорка, падобная на здзіўленае вока: што робяць трое дзівакоў на даху?
— Ну, усё… Трэба пачынаць, а то хтосьці з назіральнікаў дакладзе князю, што мы тут проста вочы лупілі, як праўдзівыя шпегі.
Алхімік у святле ліхтара з дрогкім сэрцам свечкі расставіў на пацямнелай ад часу гонце сасуды з рознымі вадкасцямі, прыклаўся да трубы, якую скіраваў у нейкую вядомую толькі яму кропку, змрочна прабурчэў:
— Галоўнае, каб усе звыклі, што нямецкі доктар, апантаны сваёй навукай, кожную ноч падымаецца на дах, каб з дапамогай сілы зорак і эманацый эфіру рыхтаваць незвычайна моцныя лекі.
— Не хвалюйцеся. Заўтра ўвесь замак будзе ведаць з маіх слоў, якія складаныя і страшныя рытуалы вы тут праводзіце, — пасміхнуўся Джавані. — Людзі вочы падымаць на дах у гэты час збаяцца!
— Толькі ні пра якую чорную магію не гавары! — трывожна папярэдзіў Пранцысь. — Не хапала яшчэ, каб князь запісаў нас у ведзьмакі.
І пачаў акуратна даставаць са дна доктарава сакваяжа невялікае прыстасаванне з колцамі… Блок, праз які ў першую ж слотную ноч пройдзе выратавальны сталёвы шнур.
Калі верыць прагнозам Лёдніка, такая ноч надарыцца ў наступную пятніцу.
Дні цягнуліся, як смаўжы па магільнай пліце, пакідаючы агідны след на душы. Лёднік вяртаўся з лекарскіх візітаў да Сільфіды з такой фізіяноміяй, што хацелася чыста ад шкадобы яго прыстрэліць. А ён жа ўмеў хаваць пачуцці… Пранцысь толькі раз насмеліўся папытацца, як там панна Рэніч. Лёднік кінуў:
— Кепска.
І зноў паглыбіўся ў нейкія вылічэнні ды крэмзанні.
Калі князь Геранім пакідаў у спакоі свайго новага доктара, гера Лотмана часам клікалі да сур’ёзна хворых. Тады ён змяняўся — зусім забываўся на свае клопаты і думаў толькі, як найлепш скласці патрушчаную галёнку альбо ачысціць пратокі жоўцевага пухіра… Нагадваў ён у такія моманты гетмана на полі бітвы, ягоныя каманды выконваліся бегма, нават Пранцысь не насмеліўся б аслухацца свайго слугу… А калі ўдавалася выратаваць чыёсьці жыццё, Лёднік ззяў, паблажліва пазіраючы на не такі ўжо паганы свет. А пасля пахмурнеў і браўся чытаць пакаяльныя малітвы: бо ўспамінаў, колькі змарнаваў часу, які мог прысвяціць выратаванню бліжніх. Дзівак!
А Пранцысь глядзеў рэпетыцыі тэатру, і яму ўсё больш падабалася гожая танцорка Міхалішыўна — у яе рухах была незвычайная плаўнасць, выразнасць, здавалася, яна размаўляе жэстамі… І часам перадае нямецкаму юнаку з сінімі вачыма, што сядзіць у куце залы, шчырае прывітанне. Потым наведваў гера Пфальцмана, які ўсё больш змрачнеў, але нават выказваць сваю незадаволенасць і трывогу ўжо не асмельваўся. Фрау Пфальцман крадма плакала. Для жалезнай чарапахі, якую паставілі ў стайні ля Малога замку, на мясцовай людвісарні адлівалі гарматы па чарцяжах Пфальцмана, і ён справядліва непакоіўся, што калі ў іх выявяцца хібы, вінаватым найперш апынецца ён. І, відаць, праклінаў глупства караля Аўгуста Саса, які ў свой час адхіліў ягоны праект, чым даў магчымасць Гераніму Жорсткаму стаць працадаўцай нямецкага вынаходніка. Пакуль што гер Якуб адладжваў лёгкасць руху сваёй машыны, змазваў шарніры і колцы адмысловым алеем. Пранцысь за працу, вядома, не браўся, таму што лічыў, што яна не сумяшчальная са шляхецкай годнасцю — за рамесніцтва шляхціца маглі й шляхецкай годнасці пазбавіць, гэта ж не тое, што высакародна араць сваё поле альбо гнаць гарэлку. Апошняе шляхціцу дазвалялася. У Статуце ж было сказана, што «кгды б шляхціч, заняхаўшы імення і звычая свайго шляхецкага
або праз худобу сваю шукаючы сабе пажывення, сышоў бы да места і мешкаў там, торг месцкі ведучы або і шынок у дому маючы і локцем мерачы, або рамяство робячы на варстаце, такі ўжо з вольнасцяў шляхецкіх весяліціся не маець».Локцем мераць, гэта значыць, прадаваць тканіны і працаваць на варштаце Вырвіч не збіраўся, але назіраць і распытваць любіў. А, паназіраўшы, пераконваў сябе, што для ўласнага задавальнення шляхціц можа і з жалеззем пагуляцца. Вунь Пане Каханку выточвае ўласнаручна куфэрачкі, якія дорыць прыдворным. Чаму б і Вырвічу не падкруціць пару гаек? І хутка перамазваўся алеем па вушы, і абыходзіўся з самымі складанымі механізмамі звыкла, як з шабляй.
Было ў ягоных візітах на стайню і добрае. Жалезная чарапаха па-ранейшаму ўганяла мясцовых у пракаветны жах. Будынак з дэманскай машынай, адкуль час ад часу выляталі клубы чорнага дыму і даносілася страшнае сіпенне, абыходзілі як мага далей. Машталеры, што глядзелі коней у стайнях побач, хрысціліся, сплёўвалі, трымалі пальцы рожкамі… Тое ж пераносілася на стваральніка цмока, ягонага слугу Генрыха і памочніка новага княскага доктара Франца Магнуса. Таму і Вырвіча абыходзілі, як карослівага. Што давала яму магчымасць ухіляцца ад размоваў.
Вырвіч шчыра зайздросціў Пфальцманам і Лёдніку, якія маглі тут вольна размаўляць на сваёй нямецкай, на якой размаўляла большасць гарнізону і ўвесь тэатр. А шкаляр аказаўся пазбаўлены самай галоўнай сваёй зброі — добра падвешанага языка. Нават з прыгожанькай артысткай Міхалішыўнай пазнаёміцца толкам не ўдалося, хаця Пранціш не раз падміргваў ёй і абменьваўся ўсмешкамі.
Калі цямнела, Пранцысь цягнуў на дах падзорную трубу і з усё меншай цікаўнасцю назіраў маніпуляцыі доктара, які старанна змешваў вадкасці і парашкі і адначасова рабіў нейкія нябёсныя вымярэнні. А па вяртанні ў пакой шкаляр яшчэ мусіў вучыцца адмыкаць замкі з дапамогай сагнутага дроціку і нават трохі фехтаваць. Былы алхімік настаўнікам быў дрэнным, прынамсі, на погляд Пранцыся, бо не шкадаваў крыўдных словаў… Не лаянкі, не — проста самыя звычайныя словы ён мог вымавіць так, што хацелася выць ад крыўды — на яго і на сваё няўмельства.
— Abend studia in moris, — нудзіў былы алхімік. — Як казаў ангельскі мудрэц Бэкан, слабы розум можна ацаліць адпаведнымі навукамі гэтак жа, як адпаведнымі практыкаваннямі вылечваюцца нашыя цялесныя хваробы. Кеглі добрыя для камянёў у мачавым пухіры і хворай паясніцы, стральба — для хворых грудзей, нетаропкі шпацыр для страўніка, язда конна дзеля галавы. А таму, калі чалавек з благой памяццю, няхай вывучае матэматыку, калі не назіральны, няхай вывучае логіку, бо яна — cymini sektores, збіральніца кмену, калі ж хто не можа даказваць адно праз другое, не заўважаючы падабенства, няхай вывучае права.
Такім чынам, Пранцысю прадпісваўся поўны курс усіх навукаў.
А па начах не давалі спаць крыкі, што даносіліся з сутарэнняў. Можа, збольшага яны мсціліся — але ж Вырвіч дакладна ведаў, што тут ёсць каму крычаць.
Дарэчы, за распіццё віна на працоўным месцы і доктар, і дырэктар тэатра атрымалі велізарныя штрафы ў дзесяць дукатаў. Грошы мусілі быць вылічанымі з іхніх заробкаў. Хто данёс — невядома.
Пятніца пачалася з дажджу… Апоўдні вецер выў так, што здаваўся яшчэ адным вязнем слуцкага замку. Перад тым, як адправіцца на дах, Лёднік прачытаў канон Прасвятой Багародзіцы, а тады абкруціў вакол сябе тонкі сталёвы шнур, схаваўшы яго пад камзол. Цяжар быў салідны, не лягчэй за рыцарскі панцыр. У гэты момант Пранцысь і Лёднік, напэўна, не супраць былі б належаць да прасветленай расы Сільфаў, якія ўмеюць лётаць і рабіцца нябачнымі.
А ноч была сапраўды жудасная. Халодны дождж ліў так, нібыта дзесьці сівабароды Ной ужо зладзіў каўчэг і загнаў туды апошнюю пару тварын Божых. Цёмна — руку выцягні, не ўбачыш. Толькі няўцямны юрад мог расчыніць вакно, каб упусціць у цёплы пакой, з камінам, аблямаваным плінфай з выявамі чорных арлоў, суровую стыхію.
Але вакно давялося расчыніць, таму што між дахам і пакоем доктара нацягнулася сталёвая нітка. Лёднік яшчэ раз праверыў, ці добра замацаваны на шкаляры адмысловыя рамяні, з дапамогай якіх артыстаў слуцкага тэатру ператваралі ў Купідонаў. Яшчэ раз шэптам прагаварыў апошнія настаўленні… Як толькі праз двор прайшлі няшчасныя мушкецёры, якім выпала несці варту ў такую слату, доктар прашаптаў: