Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Шрифт:
Цяпер у цемры твар Саламеі можна было, бадай, прыняць за мурынскі, калі б, вядома, не сінія вочы. На галаву ёй накруцілі палатно. А зверху Лёднік накінуў радно:
— Прыкрывай твар і рукі, каб дождж фарбу не размыў. Аснова тлустая, але ўсё-ткі лепш не рызыкаваць. І вочы свае валошкавыя не падымай.
Можна было б над гэтым маскарадам пасмяяцца, але не цяпер…
Лёднік узяў свечку, падыйшоў да вакна, сарваў аксамітную парцьеру, правёў свечкай справа налева нейкую загагуліну і зараз жа патушыў агонь. Дзесьці далёка ў цемры запаліўся агеньчык, які таксама апісаў зігзаг і згаснуў.
— Усё, цяпер будзем напагатове…
Дождж адбіваў шалёны рытм нялюдскіх
— Як ты даведаўся, дзе я знаходжуся? — прашаптала Сільфіда. — Я думала, самлею, калі пабачыла цябе…
— Калі мяне арыштавалі за шарлатанства, — усміхнуўся Лёднік, — то дэкляравалі, што будуць судзіць разам з яшчэ адной… вядзьмачкай.
— Мне трэба было быць асцярожней… — сумна прашаптала Саламея. — Падарожны папрасіў дапамогі. Маўляў, вочы забалелі, моцы няма. І я ж бачыла — нармальныя вочы, можа, кулаком нацёртыя. Дала слабое содавае расчынне — абы адчапіўся. Гэта ж зусім бясшкодна, хоць пі, хоць умывайся… А назаўтра — усё, цягнуць у суд. Аслеп! І аказалася — падарожны са Слуцку, адзін з княскіх паюкоў. Ясна, што адмыслова падасланы… Толькі дзядзька Лейба, аптэкар наш, засведчыў, што я бясшкодныя лекі дала — але яго добра пужанулі, каб змоўк. Дый што ягонае сведчанне ў судзе каштуе. І мяне хуценька звезлі ў Слуцк, бо я пакалечыла слугу слуцкага ардыната.
— А ваявода полацкі ўзяў ліст ад Трыбунала, каб цябе вярнуць у Полацак. Цябе не дзівіць такая ўвага?
Сільфіда прамаўчала, і Лёднік скрушна ўздыхнуў.
— Ясна… І як спадару Івану пашчасціла патрапіць у такую гісторыю, ды яшчэ і цябе ўцягнуць? Што за блёкат пра захавальнікаў дзіды?
— Бацька зрабіў вялікую памылку, — прагаварыла Саламея. — Ён вынес з сутарэнняў некалькі світкаў… І не ўтрымаўся, паказаў знаёмаму гандляру. Не мог без захопленых слухачоў.
— Чакай… Дык ён усё-ткі знайшоў полацкую бібліятэку?
Саламея неахвотна адказала:
— Менавіта так той гандляр і вырашыў. А бацька, замест таго, каб усё адпрэчваць, давай рабіць намёкі, цану сабе набіваць… Ну ты яго ведаў. Прабач, і сам такі раней быў, як пачнеш разважаць пра Вялікае Дзеянне, аурум-аргентум, хоць над вухам выстралі, хоць пацалуй — не заўважыш, — Саламея ціха засмяялася, відаць, успомніўшы нейкі не самы ганаровы для Лёдніка выпадак. — Вось і пайшлі чуткі, чым далей, тым болей фантастычныя. Гандляр данёс Марціну Радзівілу, які даваў самую высокую цану за любую магічную лухту.
Пранціш расчаравана ўдакладніў:
— Дык няма нічога? Ні рамфеі, ні місіі яе захавальніка?
Але Лёднік не быў такі легкаверны. Ягоны голас не стаў менш напружаным.
— Саламея, ты разумееш ці не, што стала важнай фігурай у буйной палітычнай гульні? Што сама прысутнасць цябе ў стане таго ці іншага магната нібы дае яму больш правоў на карону? З-за Прыўкраснай Алены, між іншым, Троя загінула і куча небаязлівых дужых мужыкоў. Ты валодаеш нейкай ведай?
Саламея адказала крыху змененым голасам, у якім чулася нават уладнасць:
— Не кожнай ведай можна валодаць, дарагі мой, як валодаюць каштоўным камянём альбо ўніверсітэцкім дыпломам. Не кожную веду можна перадаць па сваім жаданні, як перадаюць права валодання домам альбо рабом. Вось я ведаю, што я — ліцвінка… Што ў мяне ёсць радзіма, за якую варта памерці, што я — са слаўнага вольнага горада. І бацька гэта ведаў. Але як перадаць гэтую веду таму, хто не можа яе падзяліць?
— Ты лічыш, што я моцна змяніўся, і не заслугоўваю больш даверу? — намагаючыся гаварыць спакойна, папытаўся Лёднік. — Што я перастаў любіць свой горад?
— Ты занадта доўга жыў на чужыне, і занадта
лёгка пакінуў радзіму, — прагаварыла Саламея. — І я памятаю, як за звітак з формулай ты гатовы быў душу закласці, і пайшоў бы ў навучанне хоць да Харона, калі ён адкрые табе, як рабіць гамункулусаў… Ведаеш, як бацька цябе называў у часы тваёй адсутнасці? Фаўст. Наш бедны Фаўст. І цяпер, калі ты знік, а тваю маёмасць распрадалі, я вырашыла, ты зноў падаўся ў далёкія падарожжы.Пранцысь адзначыў пра сябе, што Лёдніку ўдалося схаваць ад землякоў здзелку з панам Агалінскім.
— Што ж, я заслужыў такія словы. Але мяне можаш не баяцца, я на твае веды не прэтэндую — бо адмовіўся нават ад сваіх, — з цяжкасцю, нібы яму было балюча, прагаварыў Лёднік. — Так, я ўсё мог аддаць за новыя веды… Акрым душы. Верыў, што вось, няхай навучаюся ў бязбожнікаў, якія гавораць пра перасяленне душаў і сцвярджаюць, што зносяцца з духамі, але ж я толькі назіраю, і выбіраю, што варта пераймаць, і заўсёды змагу спыніцца, не пераступіць мяжы… Як быццам, ступіўшы ў брудную лужыну, можна выбраць сухое месца. І мне страшна ўявіць, як далёка я мог бы зайсці па дарозе ў бездань… Але ўсё ў волі Госпада, я зразумеў, што браць на сябе ролю абранца і носьбіта таемных ведаў — найвышэйшая праява гардыні. Я больш не алхімік і не астролаг. Я… лепш табе не ведаць, наколькі я мала цяпер значу.
Дождж ударыў у шыбу мяккай нябачнай лапай, нібыта аб чымсьці папярэджваў.
— Бутрым, я зусім не лічу сябе абранніцай ці цябе нявартым… — засмучона прагаварыла Саламея. — Я ж памятаю, як мы хадзілі ў Сафійку, сядзелі над Дзвіною, і як ты мне распавядаў пра Рагнеду і Уладзіміра, пра Еўфрасінню і Скарыну… І пра тое, як Іван Жахлівы заваёўваў наш горад, а тады Стафан Баторы. Як мы лазілі па мурах і сутарэннях, і як знайшлі іржавы рыцарскі меч з выявай вершніка… Павер, усё, што я маю, і я сама — належыць табе. Акрамя таго, пра што ты пытаешся. Проста гэта не мая таямніца, я яе не прасіла, і я над ёю не ўладная!
— Няважна… — прамовіў Лёднік. — Я за сваю гардыню расплочваюся напоўніцу. І не хачу, каб ты, няхай далучаная не па сваёй волі, расплацілася таксама. Бо калі нам нейкім цудам удасца выбрацца з замка — цябе зграбуць іншыя прагныя рукі… Сапегаў, Багінскіх, Чартарыйскіх, Панятоўскіх… Каго заўгодна. А я не дзеля таго спрабую цябе вызваліць.
— А дзеля чаго? — папыталася Саламея. Лёднік уздыхнуў, як студэнт на іспыце, да якога не падрыхтаваўся.
— Ты павінна быць вольнай… Жыць, як хочаш…
— Ты ведаеш, чаго… дакладней, каго я хачу, — голас кабеты гучэў нават насмешна. — Уласна кажучы, я ж дачакалася — ты прыйшоў! Мой бедны Фаўст…
І калі б доктар у гэты момант пачаў казаць, што яе няварты, Пранцысь перастаў бы яго паважаць. Але ў прыцемку, які пачаў трохі-трохі, кропляй белі, рабіцца святлейшым, Лёднік толькі паднёс да вуснаў руку жанчыны, нібыта дзюбнуў носам. У Вырвіча ў чарговы раз варухнулася крыўда: і чаму гэтага страхалюднага недарэку кахаюць самыя прыгожыя кабеты? І яшчэ мільганула думка: а Паланэя Багінская напэўна ж хоча займець тую рэліквію! Можа, з дапамогай рамфеі, дзіды Святога Маўрыкія, мяккі па характары, але адукаваны і схільны да мастацтваў князь Міхал Багінскі стане каралём Рэчы Паспалітай? Гэта будзе, напэўна, куды лепей, чым чарговы саксонец, расейскі стаўленік ці вар’ят Геранім Радзвіл… І што, калі тую рамфею дастане шляхціц Пранцысь Вырвіч? На трон яго самога, вядома, наўрад пасадзяць, трэба нават у марах ведаць межы… Але ён можа ўрачыста перадаць святыню будучаму каралю і тым як бы ўзвесці яго на трон. Пранцысь Вырвіч, дабрадзей караля! Тады юная Багінская паглядзіць на яго, як на роўнага!