Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Шрифт:
— Давай! З Богам…
Пранцысь ступіў на падваконне. Лёднік крутануў за ручку пазычанага ў тэатры механізму: шнур бязгучна накручваўся на барабан, пры кожным павароце надзейна фіксуючыся, так што не трэба было напружвацца, каб утрымліваць груз. Пранцысь злёгку адштурхнуўся нагой, і адчуў, што яго пацягнула наверх. Шкаляр адразу вымак, як упушчаная ў ваду хустка. Але холаду не ачувалася: не да таго, калі кроў ад хвалявання бурліць.
На вылічанай вышыні шнур замёр. Цяпер трэба было аслабіць яго, моцна разгайдацца і дастаць да вакна Сільфіды. Скрозь дождж і цемру агні, што гарэлі ў памяшканнях варты, на валу, здаваліся цьмянымі вачыма паміраючага драпежніка. Вада цякла
Пранцысь расшпіліў пасы і саскочыў на падлогу. Але працяла думка, што памыліўся: ногі сустрэлі не пухнаты кілім, а голыя дошкі. Не было й паху ўсходніх курэнняў і водару кветак… Холад, амаль як на вуліцы. Пранцысь асцярожна ступіў углыб пакоя. Цёмна, як цмок праглынуў. Ён напружана прыслухоўваўся: ці дыхае нехта побач?
— Хто тут? — ледзь чутны шэпт ударыў па напружаных нервах, як стрэл гарматаў.
— Панна, я ад Бутрыма…
— Гэта вы, такі мілы хлопчык, што з ім прыходзіў? — у шэпце чулася хваляванне. Пранцысь наблізіўся, выцягнуўшы рукі, і за ягоную руку ўхапіліся халодныя пальчыкі.
— Хлопчык, вы павінны зараз жа сысці, пакуль вашая авантура не мела непапраўных наступтваў! Я ўсё адно на ланцугу…
— Нічога… Дзе замок?
Пранцысь усляпую, як яго вучыў доктар, калупаўся сагнутым дротам у замку ад ланцуга хвілінаў дзесяць, якія падаліся бясконцымі. На лесвіцы ўвесь час мсціліся крокі. А што, калі зараз скрыгатнуць засовы, і ў пакой уварвецца сам князь! Па спіне шкаляра цёк халодны пот пры адной думцы, што не справіцца і давядзецца вярнуцца да Лёдніка ні з чым… Сільфіда маўчала, дыхаючы так ціха, што часам браў сумніў, ці яна зямное стварэнне. Нарэшце ў замку нешта шчоўкнула, і ланцуг апынуўся на падлозе. Сільфіда ўзнялася, зашаргатала тканіна. Хаця ўсяе раскошы ва ўбранні пакоя гаспадар непакорлівую палонніцу пазбавіў, на ёй яшчэ была неабдымная сукенка-рагоўка. Пранцысь пацягнуў Сільфіду за руку да вакна:
— Хадземце!
— Чакай… — жанчына паваждалася, і спадніца, нацягнутая на тры абручы з кітовага вусу, разам з абручамі з мяккім шоргатам апусцілася на зямлю.
— Усё…
І дух паветра вылецеў у вольную стыхію.
Лёднік падхапіў сяброўку свайго дзяцінства на рукі… Пранцысь сціпла адвярнуўся, хаця ў цемры ўсё роўна толькі мог пачуць усхваляванае дыханне абовух ды няўцямны шэпт «Гэта ты!», «Гэта ты!».
«Не, цмок з Белага возера», — пакрыўджана адказаў у думках Пранцысь паглынутым адзін адным палачанскім мяшчукам.
Вакно завесілі чорнай аксамітнай парцьерай, і можна было запаліць свечку і нарэшце адзін аднаго ўбачыць. Сільфіда з палёгкай сцягнула з сябе высокі парык, знізаны перлінамі, і яе чорныя валасы бліскучымі хвалямі рассыпаліся па плячах. У такім выглядзе, няхай з цёмнымі кругамі пад вачыма і схуднелая, яна выглядала яшчэ прыгажэй… Лёднік паднёс ёй адвар:
— Выпі зараз жа… Гэта дасць сілаў.
— Дзякую! — прамовіла Саламея Рэніч, прымаючы гарачы кубак з вохкім зеллем у далікатныя далоні — такія маглі б належаць шляхцянцы, якой з маленства адзявалі і ўдзень і ўначы трохі завузкія пальчаткі, каб пальцы былі тонкімі. — Каб не твае лекі, я за апошнія дні застудзілася б зусім…
Па твары доктара прайшла цень нянавісці:
— Разбэшчаныя юрады з радавымі гербамі замест мазгоў… І Бог у іх інакшы, чым у народа, якім кіруюць, і мова інакшая, і мараль інакшая… Bene natus et possessionatus et catholicus…
— Чым
абражаць шляхту, ты б расказаў, што рабіць далей! — прамовіў Вырвіч.Саламея ласкава ўсміхнулася разлаванаму шкаляру, чамусьці толькі на адной яе шчацэ, левай, утварылася ямінка, Пранціш сумеўся.
— Гэта твой вучань, Бутрым?
— Не зусім… — Лёднік паглядзеў на Пранцыся амаль бездапаможна, але Вырвіч не збіраўся прыніжаць яго ў вачах прыгажуні. Тым больш папера пра куплю алхіміка засталася ў Сапегі, перададзеная на захаванне ягонаму камердынеру ў невялікім клунку асабістых рэчаў, разам з нататнікам Вараняці і шляхецкай шапкай Вырвічаў. — Гэта… гэта высакародны юнак, якога даверылі мне дзеля выхавання. Ягонае сапраўднае імя — Франтасій.
— Пранціш, — ганарліва ўдакладніў шкаляр. — Пранціш Вырвіч, гербу Гіпацэнтаўр.
Сільфіда нават уздрыгнула, пачуўшы гучнае шляхецкае імя, яшчэ раз усміхнулася шкаляру, на гэты раз больш скавана, і схілілася ў паклоне.
— Прабачце, ваша міласць, я не ведала, хто вы. І вы рызыкуеце дзеля мяне, ваша міласць…
Пранціш паціснуў плячыма і прыняў важны выгляд, хаця яму больш было да спадобы, каб Сільфіда называла яго і надалей «мілы хлопчык». Але тая глядзела на доктара.
— Даўно хацела цябе спытаць… Гэта адкуль?
Яе пальцы кранулі шнар на ілбе алхіміка.
— Адзін шляхціц распісаўся, — незадаволена адказаў Лёднік.
— А гэта? — Саламея асцярожна правяла пальцам па яшчэ свежай драпіне на шыі.
— Другі шляхціц распісаўся.
— І шмат на табе такіх… арыстакратычных роспісаў? — у голасе Сільфіды пад насмешкай чуліся шкадоба і горыч.
— Не мае значэння… Урэшце, за тое, чым я займаўся, трэба расплочвацца. І дзякуй Госпаду, што спыніў мяне… — Лёднік перахрысціўся. — Чым глыбей мы былі ў прорве — тым мацней нас трэба цягнуць наверх. І вялікая няўдзячнасць — скардзіцца, калі ад моцнай выратавальнай рукі засталася пара сінякоў.
Доктар спыніў непрыемную размову і дастаў з-пад ложка клунак, у якім аказалася нейкая дзіўная вопратка: шаравары з паркалю, кацавейка, стракатыя анучы…
— Павінен засмуціць цябе, Саламея, у бліжэйшыя гадзіны ты будзеш мурынкай.
Тая ціха засмяялася.
— Пасля ролі Сільфіды ты мяне нічым не засмуціш.
Хутка замест Саламеі Рэніч у пакоі стаяла дзіўнае стварэнне, захутанае ў танную стракатую тканіну, наматаную паўзверх тоўстай кацавейкі. Лёднік задаволена агледзеў кабету:
— Постаць непазнавальная. Цяпер фарба…
Намацаў у клунку круглы слоік, зняў накрыўку…
— Вырвіч, гэта што?
Пранціш схіліўся над слоікам. Нават у прыцемку было відно, што фарба — не чорная і не брунатная, а чырвоная. Шкаляр засмуціўся.
— Джавані паказаў, дзе браць, сказаў, будзе напісана «для эфіёпаў».
— Гэта, па-твойму, слова «эфіёпы»? — злосна прашыпеў Лёднік. — Невук! Гэта для індыянаў! Чырвонаскурых!
Але не было часу высвятляць адносіны. Алхімік выклаў трохі фарбы ў сподак, затым дастаў з кішэні маленькую бутэлечку, высыпаў у фарбу яе чорнае змесціва з рэдкімі залацістымі іскрынкамі, перамяшаў проста пальцам, і скамандваў Саламеі:
— Павярніся да мяне!
Правёў па яе шчацэ цёмны пасак, акуратна расцёр, правяраючы адценне, асцярожна прыбраў пазногцем залатую іскрынку.
— Заўсёды марыў беспакаранна перапэцкаць твой тварык!
— Бутрым, што ты робіш? У каміне навалам сажы! А гэта ж… — Пранцысь зразумеў, што за бутэлечку апрастаў Лёднік.
— Гэта ўсяго толькі попел, і тут яму самае месца, — цвёрда сказаў Бутрым, размазваючы па белым твары сяброўкі дзяцінства алхімічнае золата, за якое аддаў дзесяць гадоў жыцця і сябе самога ў дадатак.