Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Шрифт:

Багінская ўсхадзілася не на жарт. Цікава, астатнія сёстры пана Міхала такія ж амазонкі?

— А на чым вы біліся? — асцярожна папытаўся Пранціш, які чуў, што ў якасці зброі баявітыя дамы часам ужываюць зубы і кіпці.

— А на шпагах! — спакойна адказала Паланэйка. — Я гэтую чапялу адразу ў правую руку параніла, дык яна давай раўсці, як дзіцятка, у якога цацку адабралі. Карацей, шуму… Жаніх у абражаную позу становіцца. Цётухны палацавыя сыкаюць пра заняпад нораваў. І брат сказаў, што з яго хопіць, што шалёныя сястрычкі больш не ўцягнуць яго ні ў якія авантуры, адмовіўся зносіцца з панам Сапегам, сказаў, што ніякай рамфеі не існуе, адны выдумкі… І адправіў

да цёткі Альжбэты грахі замольваць.

Багінская ўздыхнула.

— Добра, удалося ўсё зрабіць, як планавалі. Старэйшыя сёстры пастараліся таксама, як маглі, брата настроілі.

Вырвіч, вядома, змаўчаў, што без яго, Пранціша, нічога б у жаночай паловы Багінскіх не атрымалася б.

Калі пераляканыя бернардзінкі, што папрачыналіся ад шуму на вуліцы, памаліўшыся святому Бернару, заснулі, Паланэя праводзіла Пранціша ў скарбніцу.

А на развітанне сказала дзіўным ціхім голасам:

— Слухай… Не хадзі з гэтымі мяшчукамі ў сутарэнне. Не трэба табе.

І нават не адразу адхілілася, калі шарачок Вырвіч пацалаваў яе ў шчочку.

А ў скарбніцы Лёднік і Саламея не спалі. Саламея дарэмна спрабавала супакоіць былога алхіміка і ледзь утрымлівала ад таго, каб выскачыць праз вакно альбо палезці ў сутарэнні ў пошуках зніклага шкаляра. Пранцысю нават падалося, што зараз ён атрымае розгамі па тым самым месцы, для якога яны прадназначаныя. На шчасце, розгаў пад рукой не было, а Лёднік займеў такую палёгку, што ягоны былы гаспадар вярнуўся, жывы і здаровы, што гнеў ягоны прайшоўся толькі па вершалінах, як лёгкі вецер.

Затое пры Пранцішы быў ягоны Гіпацэнтаўр! Бутрым, вядома, пабуркатаў пра неразумнага хлапчыску, але Вырвіч так свяціўся гонарам, што доктар не стаў нават спрабаваць ягоны імпэт прыгасіць. Сам зведаў вострае шчасце, калі здабываў невядомыя рэчывы, дыхаючы смяротнымі выпарэннямі.

Затое расповед Вырвіча пра сустрэчу з Юдыцкім доктара ўстрывожыў па-сапраўднаму… Але лаяцца, што Пранціш не павінен быў папярэджваць ворагаў аб небяспецы, Бутрыму і ў галаву не прыйшло. Непакоіла і тое, што пра рамфею даведаліся езуіты — хаця гэта якраз было не дзіўна, з іх усемагутнай шпегаўскай павутой і апантаным збіраннем усіх стражытных таямніцаў.

Пранціш ляжаў побач са сваёй радавой шабляй і думаў пра Паланэйку. Адважную, як антычная багіня. Яна ж таксама не палічыла дарэмным ягоны ўчынак з Валадковічам і паабяцала захаваць у таямніцы. Больш за тое — шкаляру падалося, што ягоны паход да Юдыцкага выклікаў у яе павагу больш, чым выкраданне Гіпацэнтаўра. Пацалаваць дазволіла… Але ж пры гэтым і не згадвала, што дзесьці ля дзвярэй манастыра, у цёмным калідоры палахлівая Ганулька, а яна ж, падобна, не простая дзеўка, усё чакае вяртання пана Вырвіча, каб упусціць яго ў кляштар.

І Вырвіч, на жаль, ужо не мог не разумець, што калі яны з чароўнай адважнай Паланэйкай сустрэнуцца пасля, на людзях, яна, хутчэй за ўсё, яго проста не пазнае, або за найвялікшую літасць холадна і ледзь заўважна кіўне галавой з мудрагелістай прычоскай… І нябачны меч зноў пратне сэрца загоннага шляхцюка з блакітнымі вачыма.

РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ

МІНАТАЎРЫ ПОЛАЦКІХ СУТАРЭННЯЎ

Па дарозе з Менску на Полацак не так шмат заставалася праваслаўных храмаў… А трэба было яшчэ знайсці той, дзе святар правядзе таемны абрад вянчання ўначы, і ніхто з навакольных вёсак не адсочыць.

Але пан Лёднік, уладальнік свежага патэнту на шляхецтва, падпісанага каралём Аўгустам Сасам і прададзенага за тысячу дукатаў ягоным канфідэнтам графам Брулем немаведама каму, упёрся, каб перад

небяспечным падарожжам у чарговыя сутарэнні абавязкова асвяціць адносіны з пекнай сяброўкай дзяцінства.

А калі доктар упарціўся, яго можна было забіць, але не адгаварыць.

Свечкі мігцелі, як быццам нейкія мізэрныя істоты, развітваючыся, махалі маленечкімі вогненнымі хусткамі. Цемра па кутах храма ад гэтага здавалася яшчэ цямнейшай, а словы святара пагрознымі… Хаця ён казаў аб вечнай любасці і еднасці душаў. Што Бог з’яднаў, таго чалавек не раз’яднае.

Баўтрамей Лёднік і Саламея Рэніч таксама не выглядалі бесклапотна шчаслівымі, як належала жаніху і нявесце. Яны хутчэй нагадвалі тых, што збіраюцца на смяротную бойку… Хаця так жа і было — паводзіны магнатаў, якія дазвалялі маленькім чалавечкам задавольваць свае капрызы, ды надорвалі іх нечуванымі шчадротамі, прыводзілі на памяць кухараў, што кормяць калядную гусь марцыпанамі, разынкамі ды іншым смакоццем, якое павінна надаць мясу асаблівы прысмак. Вось, калі ласка — дазволілі палачанам абвянчацца, калі Лёднік запатрабаваў. І Пранцысь, які выконваў ролю дружкі ў свайго былога слугі, здагадваўся, чаму Лёдніку закарцела пашлюбавацца. Каб, калі што, Саламея засталася шляхцянкай, бо жонка пераймае званне мужа. Гэтае «калі што» Вырвічу не падабалася.

Над Саламеяй трымала вянец палахлівая прыслуга панны Багінскай. Ганулька час ад часу кідала на Пранцыся ўстрывожаны позірк, але Вырвіч рабіў выгляд, што гэтага не заўважае. Цені рабілі твар Лёдніка зусім змрочным, і Пранціш па-ранейшаму не мог уцяміць, што ў абліччы доктара прыцягвае жаночыя пагляды. Куртуазны мужчына мусіць быць з акуратнымі светлымі кудзерамі, яснавокі, з усмешкай на вуснах і румянкам на шчоках. І ўжо ніяк не такі дзюбаносы…

Саламея, у простай светлай сукенцы, павярнулася да жаніха, і трошкі-трошкі ўсміхнулася, ямінка ўтварылася толькі на левай шчацэ, і за гэтую ямінку кожны не сляпы мужчына гатовы быў бы аддаць… ну калі не жыццё, то ўсё іншае. За што доктару дасталася такая кабета? Барон Герман Ватман, відаць, падумаў пра гэта ж, бо гучна ўздыхнуў і выйшаў з маленькай царквы ў глухой вёсачцы між Менскам і Полацкам.

..І ложа, і пошасць адны на дваіх… І сутарэнні.

На паліцах полацкай аптэкі грувасціліся шклянкі і сасуды так цесна, што між імі нельга было й палец прасунуць. Што цямнела ў некаторых шкляніцах, скруціўшыся ў колцы, віючыся бурымі водарасцямі, Вырвіч нават ведаць не хацеў. А востры пагляд светлых, як блакітны лёд, вачэй аптэкара Лейбы не дадаваў утульнасці, бо здавалася, што аптэкар бачыць наскрозь твае смешныя недахопы, і паблажліва над імі пасмейваецца. Зразумела цяпер, дзе Лёднік набраўся з’едлівасці. Хаця не, у спадара Лейбы была не з’едліваць, а хутчэй мяккая насмешка — і над светам, і над сабой, змяшаная з сумам і спрадвечным фаталізмам. Быццам чалавек раз назаўсёды сабе сказаў: я ведаю, што вакол дрэнь, але ж я нічога не змяню, таму застаецца толькі горка пасмяяцца.

Але на Лёдніка і Саламею аптэкар паглядаў з расчуленымі слязьмі.

— Бутрым! Дзіцятка! Ты жывы! І ты, дарагая мая! Гасподзь заступіўся, няйначай! Прабач, прабач старога баязліўца — я не змог за цябе толкам заступіцца… Хто я такі? Прыкрыкнулі, і ў мяне язык прыліп да зубоў… А на цябе, бедная дзяўчынка, абрынуліся такія сілы, што я думаў — усё… Не пабачу болей твайго анёльскага аблічча… Божа вялікі, Божа усемагутны… Заступіўся!

Аптэкар доўга абдымаўся з Саламеяй і Бутрымам, потым хітра пасміхнуўся:

Поделиться с друзьями: