Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Шрифт:
Ватман падыйшоў блізка да сцяны, памацаў яе, абгледзеў, падымаючы ліхтар ва ўсе бакі, але ніякай шчыліны, што паказвала б на схаваныя дзверы, не знайшоў. Затое падлога таксама была складзеная са знаёмых каменных плітаў, і найміт асцярожна адступіў назад.
— Там выпрабоўвалася любоў да бліжняга. Тут выпрабуецца вашая вера ў Госпада, — ціха прамовіла Саламея. — Калі мы прымаем святое хрышчэнне, то адракаемся ад нячыстае сілы, тройчы плюем у бок ейнай агіднае выявы…
— О, мы павінны плявацца? — абрадваўся Ватман. — Гэта я магу! Як саламіну паламаць, даплюну куды скажаш. І шкаляр тут мусіць быць спрактыкаваны, праўда? Мы ў школе,
Лёднік хацеў ужо нешта рэзкае сказаць, але Саламея сама раздражнёна перарвала жартаўніка.
— Не варта смяяцца над продкамі, якія не маглі пераўзысці нас у цынізме, а нам здаецца — што ў розуме. Той, хто хацеў увайсці ў месца, дзе захоўваюцца святыя хрысціянскія рэчы, мусіў кінуць камень у выяву нячыстага, вось там. Манахі верылі, што чалавек, якія мае зносіны са злом, не зможа гэтага зрабіць.
Сапраўды, у куце фрэскі, там, дзе было намаляванае пекла з лесам вогненных языкоў, бачылася паскудная выява з рагамі і пысай, падобнай да пысы дзіка, трохі аблезлая — відаць, менавіта ад шпурляння, а можа і плявання, у яе. Вырвіч паслухмяна пайшоў па глыжы — цяпер зразумела было, нашто ў куце гэтая кучка… А Ватман падміргнуў Лёдніку:
— Механіка, кажаш, доктар? Значыць, калі падумаць, усё гэтае пляванне-шпурлянне, выпрабаванне праўдзівасці веры мае на мэце адно: націснуць на тое месца мура, дзе намаляваны Люцыпар, ды ўлучыць чарговую машыну. Пасля падарожжа ў жалезным цмоку мяне нічога не дзівіць.
Ватман лена наблізіўся да сцяны, узважваючы ў руцэ чакан, і дзюбнуў тупым канцом проста ў пысу нячыстай сілы. Усяго адзін раз. Але ў паганым абліччы адразу ўтварылася выбоіна, а падлога пад нагамі зрушылася. Шукальнікі скарбаў адскочылі ад сцяны… Пліты паволі апускаліся, адкрываючы ход уніз. Ватман пасвяціў у чорны прагал ліхтаром:
— Прыступкі! Ну што, спускаемся, ці яшчэ якія фокусы трэба ўчыніць?
Угневаная Саламея моўчкі адсунула Ватмана ўбок і палезла ў ход.
За сцяной, аднак, зноў не аказалася бібліятэкі. Вузкі доўгі пакой без вокнаў, без дзвераў, аднак паветра чамусьці свежае, ясна, што ёсць галаснікі, звязаныя з паверхняй. Тут уся падлога была выкладзеная каменнымі плітамі. Пасярэдзіне ішла вузкая, не шырэй локця, палоска з вузкіх плітаў чырванаватага колеру.
— Ды хто ж усё гэта збудаваў? — вырвалася ў Пранціша. — Няўжо нашыя палачане?
— Думаю, гэта з’явілася задоўга да Ліфляндскай вайны, — задумліва прамовіў Лёднік. — Магчыма, яшчэ і да таго, як пабудавалі Сафію, і акрым палачанаў, тут пастараліся і прыезджыя майстры. Падобнае ёсць у катакомбах Канстанцінопаля… Вядома, лабірынты Егіпту і Кноса куды ранейшыя ды буйнейшыя, параўнанне з імі надта казачна выглядае. Але прынцып паўсюль той самы.
— Ты хочаш сказаць, сюды егіпцяне прыходзілі? — здзівіўся Пранціш.
— Егіпцяне наўрад… А візантыйцы тут дакладна бывалі. Дарэчы, ты ж сам верыш, што вядзеш род ад старажытнарымскага арыстакрата Палямона, — няўважна прамовіў Лёднік і павярнуўся да Саламеі.
— Напачатку выпрабоўвалася моц нашай любові да бліжняга свайго… Пасля — наша хрысціянская вера. Цяпер, паводле логіцы і Святога Пісання, час выпрабаваць нашую надзею? Апошняе, што застаецца чалавеку?
Саламея, раптам саслабеўшы, закрыла твар рукамі і прашаптала:
— Бацька, прабач…
Угледзелася ў твар Лёдніка, прагна,
нібыта нешта там шукала — напрыклад, пацверджання, што ён варты такой ахвяры — і рашуча адвярнулася.— Так, цяпер выпрабаванне надзеі. Бо вам давядзецца спадзявацца толькі на літасць Божую і на мяне. Ступайце за мной след у след. Чуеце? Запаліце паходні… Яны павінны быць вось там, справа ад уваходу. Нам спатрэбіцца святло. Глядзіце пільна пад ногі.
У куце сапраўды былі падрыхтаваныя з дзесятак паходняў, добра прасмоленых. Цемру сутарэнняў гэта не разагнала, але ўсё-ткі ад жывога агню зрабілася весялей. Саламея перахрысцілася, прашаптала кароткую малітву і паставіла нагу — асцярожна, як на лёд — на чырвоную паласу. Ступіла крок, другі, трэці, не выходзячы за межы чырванаватых плітак… Ціха. Але як толькі за ёй на чырвонай паласе апынуўся Лёднік, пліты паабапал нават не апусціліся — а праваліліся з глухім грукатам, так, што ўсё задрыжэла, і Лёднік прытрымаў за локаць Саламею, якая трошкі пахіснулася. І вось ужо па абодва бакі зеўрала прорва. Засталася толькі вузкая каменная дарожка у локаць шырынёй, якая ўпіралася ў процілеглую сцяну. Ватман шматзначна перхануў:
— Добры сродак пазбавіцца ад непажаданых наведнікаў, ці не так, вядзьмарачка? Дзякую, што не скарысталася, я гэтага не забуду.
Лёднік азірнуўся на Пранціша, які мусіў ісці за ім, працягнуў руку:
— Трымайся!
— Яшчэ чаго! — ганарыста закінуў галаву шкаляр. — Ды я па гэтай сцежачцы з заплюшчанымі вачыма прабягуся!
— А вось бегчы не варта, — разважліва падказаў апошні ў іхнім шэрагу Ватман. — Толькі дурань рызыкуе дзеля пустой хвальбы. Давайце, давайце… Тупайце… А то яшчэ што праваліцца, зваліцца ці кашалькі паадбірае.
Лёднік адвярнуўся і нетаропка рушыў за Саламеяй, якая ўжо стаяла ля супрацьлеглай сцяны, і яе паходня здавалася выратавальным маяком.
Нельга сказаць, каб Вырвічу не было страшна. Яшчэ як было. Але ён хутчэй гахнуўся б уніз, чым у гэтым прызнаўся. Ён бачыў, што былы слуга спецыяльна стараецца не адыходзіцца далёка ад гаспадара і ўвесь час насцярожана прыслухоўваецца, касавурыцца, ці сунецца за ім шкаляр, ці не аступіўся, каб паспець ухапіць… Ад злосці, што яго лічаць нягеглым дзіцем, Пранціш нават не запомніў, як прайшоў апошнюю частку дарогі.
— Ну і што, які —небудзь святы, але нямоглы стары праз гэтыя штукарствы прайшоў бы? — прабурчэў Ватман, спрабуючы разгледзець дно ў прорве.
— Думаю, што для святых існуе прамейшая дарога, — суха адказала Саламея. — Кожнаму — такая, якую заслужыў.
Яны стаялі на невялічкай пляцоўцы перад чарговай сцяной… Шэрай, як няведанне. Хваляваўся нават Ватман, бо шумна дыхаў і выціраў спацелы лоб рукавом, ад ягоных уздыхаў нават агонь паходняў гайдаўся.
— Вера, Надзея, Любоў…—задумліва прамовіў Лёднік. — А маці іх — Сафія, нябёсная мудрасць. Думаю, мы дзесьці непадалёк ад храму святой Сафіі.
— Які збіраемся пазбавіць вялікай святыні, — горка прамовіла Саламея, і Лёднік яшчэ больш спахмурнеў.
— Што ж, застаецца толькі памаліцца… — прашаптала жанчына і стала на калені. Патрабавальна азірнулася: мужчыны зразумелі і таксама ўкленчылі. Прайшла хвіля, дзве… Пачуўся знаёмы скрыгат, частка сцяны апуцілася. Але ў нізкі праём можна было сапраўды пралезці толькі ўкленчыўшы.
— Шлях да вышэйшай мудрасці ідзе праз пакорлівасць, — прамармытаў Баўтрамей.
І яны ўвайшлі… дакладней, упаўзлі ў скарбніцу полацкіх сутарэнняў.