Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Шрифт:

Праўда, праз нейкі час шлях стаўся вальнейшым… Цяпер было проста вусцішна. Асабліва калі дайшлі да скрыжавання, ад якога адыходзіліся аднолькава няўтульныя адгалінаванні направа і налева. Саламея дастала недарэчны клубок, адматала да першага вузельчыка, заціснула яго ў руцэ.

— Налева.

Вось яно як… Пранціш здагадаўся, што Іван Рэніч з дапамогай адмысловых вузельчыкаў пазначаў, куды павярнуць. З цікавасці Вырвіч прыстроіўся блізка да Саламеі, каб сачыць, якімі менавіта вузельчыкамі Рэніч абазначаў павароты направа, налева і просты накірунак. Трэба ж, сам кнігар такое вынайшаў альбо ў кнігах вычытаў? Бо ў гэтых лабірынтах без усялякіх пазнакаў немагчыма было ні дайсці некуды, ні выбрацца. Вырвіч з прыкрасцю мусіў прызнацца сабе, што і ён

дакладна заблукаў бы.

А Ватман нават не хаваўся — падыйшоў, памацаў вяровачку ў руках панны, не зважыўшы на злосны пагляд Лёдніка, перапытаўся пра вузельчыкі, ухвальна пацокаў языком.

Найміт быў узброены, як на вялікую вайну. Пры баку — турэцкая серпанціна, на другім баку — чакан. За халявамі, напэўна, кінжалы… А вось Лёдніку і Пранцішу дазволілі ўзяць з сабой толькі шаблі, і тое таму, што Пранціш упёрся. Найміт запэўніў, што абароніць спадарожнікаў, калі што, найлепшым чынам, а лішні цяжар у падарожжы замінае.

Час ад часу на галовы пачынала ліцца халодная вада. Пару разоў падзьмула свежае паветра — каб свечка не была абароненая шклом ліхтара, згасла б. Здаралася, пад нагамі адкрываліся прагалы — але прыкрытыя дошкамі, відаць, прыцягнутымі Іванам Рэнічам.

Яны ішлі і ішлі… У цёмных адгалінаваннях, у якія яны не зварочвалі, мроіліся прывіды, нечыя чырвоныя вочы, і здавалася, зараз адтуль нехта выпаўзе, кінецца… Але кідаліся толькі пацукі. Яны прабягалі проста пад нагамі, нібыта аслеплыя і аглухлыя, не маючы аніякага постраху перад прыхаднямі, ды ім і не варта было баяцца — бо тут у іх быў свой горад, са сваім каралём, мільённай арміяй, сваймі законамі і звычаямі. І, магчыма, тыя, што выбягалі на святло, былі выведнікамі, шпегамі, і зараз дзесьці ў пацучыным палацы вайскаводцы з белымі, сляпымі ад вечнай цемры вачыма прымаюць рашэнне, як найхутчэй, з якой падлючай хітрасцю загубіць пачвараў, што прынеслі ў іхняе царства агонь і надземную хцівасць.

Нарэшце шлях перагарадзіла сцяна са шчыльна прыгнаных адно да аднаго каменняў. Тупік? Саламея скруціла клубок да канца і перадала шкаляру.

— Беражыце, пан Вырвіч. Вы ж запомнілі, як вытлумачваць які вузельчык?

— Мы што, заблукалі? — падазрона папытаўся Ватман, як бы між іншым паклаўшы руку на дзяржальна шаблі і слізгаючы навакол позіркам. Стары ваяр у кожным тупіку не можа не чакаць нападу.

Пані Лёднік нават не адказала. Яна засяроджана глядзела пад ногі. Замест брукаванкі тут былі шырачэзныя каменныя пліты, якія нагадвалі надмагільныя. Па шырыні праходу іх змяшчалася чатыры. На апошніх плітах, што ўпіраліся ў сцяну, якая перагарадзіла шлях, можна было ўгледзець амаль сцертыя літары, Вырвіч разабраў толькі словы «бліжняга свайго». І яшчэ адна дзіўная рэч: каля левай сцяны на нягегла збітым вазку тырчэў абрубак дрэва, камель амаль з чалавека. Да вазка была прывязаная вяроўка. Не падобна, што гэта прыцягнулі сюды стагоддзі таму… Значыць, прынёс бацька Саламеі. Цікава, навошта? Сцены тараніць?

— Пан Ватман і пан Вырвіч, я папрашу вас адысці падалей. Вось так, дастаткова. І не рушцеся з месца, пакуль я вас не паклічу. А ты, Бутрым, перадай ліхтар пану Ватману.

Голас пані Лёднік быў такі ўладны, што ніхто не стаў ні пярэчыць, ні перапытваць. Саламея павярнулася да мужа.

— Стань вунь на тую пліту…

Доктар паслухмяна адыйшоўся ў самы кут. Саламея апынулася насупраць, у правым куце… Цяпер між імі былі дзве пліты. Гэта было падобна на тое, як расстаўляюць фігуры ў гульні пад назвай шахматы: Вырвіч яе так і не засвоіў, але бачыў, як багатыя хлапцы са старэйшага курсу важна перасоўваюць фігуркі, выразаныя са слановай косткі і аздобленыя срэбрам, па клетках драўлянай дошкі. Пранціш памятаў, што большасць фігурак абавязкова будзе «з’едзена» іншымі.

На хвілю запанавала ціша.

Далейшае адбылося так імкліва, нібыта пракаветны скандынаўскі бог Тор уваліў кавальскім малатком па гадзіне так, што яна сплюснулася, вытанчылася да аднаго імгнення. Пліта, на якой стаяла Саламея, раптам правалілася, і тая, што побач, пачала правальвацца…

Лёднік адразу ж скочыў за жонкай, і пад яго цяжарам другая пліта абрынулася ўніз, ніхто не паспеў нават ускрыкнуць.

Вырвіч і Ватман кінуліся да прагалу, усведамляючы, што безнадзейна спазніліся… Але жахлівай прорвы не пабачылі — наадварот: пліты павольна падымаліся наверх, пераляканы доктар (а Пранціш упершыню бачыў доктара пераляканым) трымаў у абдоймах Саламею, а на вуснах той лунала мройная, трохі сумная ўсмешка… І разам з тым, як пліты пакрысе вярталіся на сваё месца, у глухой сценцы, што перагарадзіла шлях, пачала ўтварацца роўная шчыліна, якая са скрыгатам — камень аб камень — пашыралася, нібыта нехта рассякаў, рассоўваў мур волатавым мячом.

— Хутчэй! Дзверы зараз зачыняцца! — крыкнула Саламея і пацягнула Лёдніка за руку ў чорную шчыліну. Вырвіч і Ватман рушылі за імі… Як толькі вандроўнікі забеглі ў таемныя дзверы, страшэнны грукат за спінамі засведчыў — праход зачыніўся.

Ватман высока падняў ліхтар, які не выпусціў з рук, нягледзячы ні на што. Яны апынуліся у пакоі, дзе, аднак, не было ні бібліятэкі, ні рамфеі — толькі фрэскі на сценах. Ясна, што дужа старыя, але нават у цьмяным святле ліхтара бачылася — фарбы не страцілі яркасці. Пранціш пазнаў выявы Барыса і Глеба, Хрыста Пантакратара і нават святога Вацлава. Надпісы на сценах віліся стараславянскай вяззю. Яшчэ адна дзіўната — складзеныя ў куце глыжы, нібыта маленькі курган, пад якім была пахаваная нейкая мізэрная істота.

— І як жа назад? — падазрона папытаўся Ватман. Саламея няўважна махнула рукой:

— Назад прасцей… Націснуць адначасна абедзьвума рукамі вунь на тыя камяні, што выпіраюць са сцяны.

— Гэта на знак, што нічога з сабой не выносіш, — насмешна і раззлавана патлумачыў Лёднік, які яшчэ не ачуняў ад перажытага, бо вочы ў яго ажно гарэлі чорным гнеўным агнём. — Дойліды, аднак, страшнаватыя жарты тут пакінулі. Ты што, папярэдзіць мяне не магла? Абавязкова было, каб я перажыў тваю смерць?

Саламея вінавата апусціла вочы.

— Абавязкова. Так рабілі ўсе, хто прыводзіў сюды неафітаў. Прабач, але бацька сказаў, каб я, калі прыду сюды першы раз, учыніла ўсё па правілах. У сутарэнні могуць прайсці толькі чыстыя сэрцам, а людзі, якія гатовыя ратаваць адзін аднаго цаной уласнага жыцця, зусім кепскімі быць не могуць.

— Значыць, калі б я не скочыў за табой… — у голасе доктара ўсё яшчэ чуўся гнеў.

— Дзверы б не расчыніліся. Мы б не загінулі, але і не прайшлі б далей, — спакойна патлумачыла Саламея.

— Чакайце, — захваляваўся Пранціш. — А як жа Іван Рэніч адзін сюды хадзіў?

— Рэніч быў вынаходнікам, — змрочна прамовіў Лёднік. — А я думаў — нашто яму сюды прыцягваць тое бервяно? Неяк ён даведаўся пра сістэму з плітамі. Націснуць напачатку адначасова на дзве скрайнія пліты. А калі крайняя правая пачне апускацца — перамясціць вагу з крайняй левай пліты на другую справа. І прыводзіцца ў дзеянне механізм, які адчыняе праход. Вось і ўся ахвярнасць. Не містыка, а механіка.

— Для таго і патрэбныя таямніцы і таемствы, каб не зводзілася ўсё да простай механікі, — раздражнёна адказала Саламея.

— Можа, пані адразу патлумачыць, якой халеры нам яшчэ чакаць? — ветліва папытаўся Герман Ватман. — А то ад нечаканасці хтось сплюгуе свае нагавіцы, зганьбіць святое месца.

Пані Лёднік ганарыста адкінула галаву.

— Вы не ў шынку, каб замаўляць стравы на свой густ. Я звязаная прысягай не толькі з панам Багінскім. Проста рабіце тое, што я вам кажу.

— Ніколі не слухаўся кабетаў,— прабурчэў Ватман, але змоўк. А Саламея прайшла ў далёкі канец пакоя, да сцяны, таксама распісанай фрэскамі. Там быў адлюстраваны Страшны Суд. Асабліва палохалі бясконцыя натоўпы грэшнікаў, дробных, з мезенец, якія сыходзілі ў вогненнае мора, на пакуты… На маленькіх невыразных тварах бачыліся раскрытыя ў адчайным крыку раты. Унізе фрэскі віўся надпіс: «Житейское море, воздвизаемое зря напастей бурею, к тихому пристанищу Твоему притек, вопию ти: возведи от тли живот мой, Многомилостиве».

Поделиться с друзьями: