Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Шрифт:

— Як я рады, што вы разам. Нарэшце ты, Бутрым, уцяміў, што найчысцейшае золата не ў тыглі, а побач, у чароўным вобліку Саламеі Рэніч.

— Яна — пані Лёднік, — важка прамовіў Бутрым. І Лейба ледзь не расплакаўся, прыгаворваючы, які шчаслівы быў бы ягоны сябар Іван Рэніч, каб толькі мог дажыць да гэтай хвілі. Потым акінуў позіркам даволі сціплыя ўборы былых вучняў і асцярожна ўдакладніў:

— Ты сказаў, Бутрым, яна — пані? Гэта значыць, ты надта высока ўзляцеў, хлопчык?

— Паветраны змей на вяровачцы таксама ўзлятае высока, дзядзька Лейба, — стрымана адказаў Бутрым, і аптэкар перавёў разумны позірк на вокны, за якімі на тле бляклай зімовай раніцы цямнела высокая постаць Германа Ватмана, а дзесьці яшчэ і хаваліся жаўнеры Багінскага. І Вырвіч падумаў,

што аптэкар увогуле разумее куды больш, чым паказвае. І наконт Пранціша таксама, якога доктар прадставіў як «высакароднага пана Вырвіча», што меў ласку прытуліць былога алхіміка ў цяжкую часіну.

— Значыць, твае прыгоды не скончыліся, Бутрым… — з асуджэннем прамовіў аптэкар і ад засмучэння нават смешна тузануў сябе за сівыя з рэшткамі рудога колеру пасмы, што звісалі з-пад чорнай шапачкі. —А я спадзяваўся, што ты ўзяўся за розум! Калі даведаўся, што ты да Марціна Радзівіла падаўся, проста пашкадаваў, што больш ніхто не можа адцягаць цябе за валасы, каб не лез, куды не трэба. Як я пачуў, што высакародны юрад вырашыў, што габрэі валодаюць рознымі пажаданымі яму сакрэтамі, ды пачаў кабалу вывучаць, рабінаў да сябе нацягаў — нароўні з алхімікамі ды рознымі махлярамі, мне страшна зрабілася… Ты ж сам мусіў бачыць, ён загадваў гатаваць нашыя стравы, пасвячаць яго ў таемствы, як ён гэта разумеў… Нашага рабі таксама па ягоным загадзе ў Чарнаўчыцы вазілі. Хіба можна гуляцца ў веру! Хіба можна падмануць Бога, хай сотні лісліўцаў табе кажуць, што ты — святы і мудры, як Саламон! Цьху… А ты і такія, як ты, у гэты ж час выклікалі яму духаў, паказвалі свет мёртвых ці завоблачныя гарады, здабывалі з медзі золата ды прарокавалі вар’яту сусветную ўладу… А пасля зноў ва ўсім звінавацілі габрэяў!

Аптэкар асуджальна патрос галавой.

— Бутрым сам пацярпеў, дзядзька Лейба, — ціха прагаварыла Саламея. — Ледзь жывым адтуль выйшаў… Ён адмовіўся ад алхіміі і ўсялякай магіі.

— Але наступствы сваіх учынкаў разблытваць даводзіцца доўга… І, на жаль, не толькі самому, — змрочна прагаварыў Лёднік.

— Баюся, тое, што адбываецца з намі цяпер, наступствы не столькі тваіх учынкаў, Бутрым, як майго бацькі, — скрушна ўздыхнула Саламея.

— Вось яно што… — раздумліва прагаварыў Лейба, зноў кінуўшы хуткі позірк за вакно, потым чамусьці на Пранцыся. — Давайце пройдзем у пакой, пасядзім, пагамонім…

Аптэкар запрашальна махнуў рукоў у бок дзвярэй ва ўнутраныя пакоі дома. Лёднік затрымаўся ля паліцаў, пакратаў шклянкі, нават пагладзіў пяшчотна маленькі столік у самым куце…

— Так, Бутрыме, менавіта тут ты вучыўся таўчы зёлкі…—усміхнуўся Лейба. — Хто б мог падумаць, што з маленькага цікаўніка вырасце сапраўдны дыпламаваны доктар…

— Дзядзька Лейба, — Бутрым кіўнуў на паліцы, — нашто ты трымаеш усялякія бескарысныя рэчывы, кшталту настою на крылах кажаноў?

Гаспадар хітра пасміхнуўся.

— Пакуль іх замаўляюць і купляюць, буду трымаць. А чаму не? Шкоды ад такіх рэчываў няма, а карысць у выглядзе жывых грошай ёсць. Да таго ж, хлопец, ты так і не засвоіў, што хвораму дапамагае толькі тое, у што ён верыць, няхай гэта будзе чыстая вада.

Лёднік няўхвальна нахмурыўся, але ўчыняць дыкусію не стаў.

Пакой быў маленечкі, асвятляўся не свечкай, а алейнай лямпай, і дыхаць тут было цяжка ад папяровага пылу: усе сцены завешаныя паліцамі з кнігамі, ад таўсценных фаліянтаў да папірусных звіткаў. Вырвіч падазрона агледзеўся вакол: яму не даводзілася быць у гасцях у габрэяў, увогуле было дзіўна, як Лёднік і Саламея вольна і паважліва абыходзяцца з аптэкарам, і ён да іх са шчырай прыязнасцю… Лейба заўважыў ягоны позірк:

— Няхай прабачыць ваша мосць сціпласць майго жытла. Але тут вам нішто не пагражае. Паверце, часам на мяне гэтак жа скоса паглядалі мае адзінаверцы за сяброўства Іванам, як і на яго — ягоныя… Проста ў кожным народзе ёсць свае дурні і свае мудрацы, здраднікі і героі, правадыры і дзівакі… Ліхвяры [18] браты Іцкавічы, з-за якіх Крычаў паўстаў, абіралі ўсіх, не глядзелі на веру. Гэтак

жа, як і другія арандатары — ліцвіны, браты Ваўкавыцкія, што тых жа крычаўцаў мардавалі. А мы з Іванам Рэнічам былі менавіта дзівакамі. Ён — сярод сваго народу, я — сярод свайго… А дзівакі, якія прагнуць ведаць куды больш, чым дазваляюць звычаі, нікому не падабаюцца, над імі смяюцца, іх баяцца… Затое яны могуць пазнаваць адно аднаго па ўсім свеце, і сыходзяцца на шляху да спазнання, на якім няма розніцы нават між шляхціцам і мяшчуком, няхай прабачыць мяне вашая мосць, але розніца толькі ў глыбіні і смеласці думкі.

18

Ліхвяр— пазычаў грошы і жыў з атрыманых працэнтаў.

— Не кожныя веды ўхваляе Гасподзь, — цвёрда прамовіў Лёднік. — Не ўсё, што мы спазнаем, ідзе на выратаванне душы.

— Табе лепей ведаць, «бедны Фаўст», — нечакана жорстка сказаў аптэкар і адкінуўся на высокую драўляную спінку крэсла. — Чуў пра тое, што Іван так цябе называў? Пісалі мне з Прагі, у якія кампаніі ты хадзіў… Добра, што спыніўся. Але сюды вы прыйшлі менавіта за небяспечнымі ведамі, ці не так?

— Так, дзядзька Лейба, — Саламея кінула пагляд на Баўтрамея, нібы хацела набрацца ад яго смеласці.—Мы павінны пайсці туды, куды… хадзіў бацька. Я знайшла ў ягоных рэчах вось гэты ключ.

Цяжкі, пацямнелы, грубай работы ключ лёг на стол. Усмешка знікла са светлых вачэй аптэкара, ён строга падціснуў вусны, памаўчаў.

— А твой бацька хацеў бы, каб ты зрабіла тое, што збіраешся?

Пані Лёднік апусціла галаву ў кароне цёмных кос, якія па-добраму павінны былі б, як у замужняй жанчыны, хавацца пад наміткай — але ў маладых не ставала ні часу, ні сіл пільнавацца звычаяў…

— Ён не хацеў бы гэтага, дзядзька Лейба. Але ў мяне няма выбару. Я прысягнула, што гэта зраблю… Імем свайго Госпада. У абмен на жыцці дарагіх мне людзей…

— І на сваё жыццё, ці не так? — запытаўся-сцвердзіў аптэкар. — Вось чаму цябе адпусцілі…

— Мы не дамо, каб з паннай Саламеяй нешта кепскае здарылася! — горача запэўніў Пранціш. — І нічога ганебнага не ўчынім.

— А што лічыць ганебным, а? І як сувымяраць ахвяру і карысць ад яе? — нявесела ўсміхнуўся Лейба. — Калі цар Давід паслаў свайго ваеначальніка Урыю на пагібель, ён кіраваўся самым высакародным пачуццём — каханнем. А ганьба якая атрымалася — ледзь адмаліўся. Але ад шлюбу Давіда з удавою Урыі, дзеля якой і ўчыніў цар злачынства, нарадзіўся мудрэц Саламон… Значыць, Урыя загінуў не дарэмна, а? І грэх Давіда пайшоў на карысць?

Вырвіча ажно дрыжыкі працялі: ён зразумеў, што стары аптэкар блюзнерыць па канонах усіх рэлігіяў… Ці не блісне тут зараз маланка Божага гневу?

— Мы пакладземся на волю Божую, — цвёрда прамовіла Саламея.

— Усё роўна нас у спакоі не пакінуць, дзядзька Лейба, — ціха прагаварыў Бутрым. — Не дадуць ні ўцячы, ні схавацца. А так ёсць шанец, што хоць хтосьці з нас выжыве.

Лейба моўчкі павярнуўся і выйшаў у суседні пакой, шчыльна прычыніўшы за сабой дзверы. У слоіку, які стаяў на ніжняй паліцы між фаліянтамі, у каламутнай вадкасці, раптам заварушылася нешта, і зноў замёрла, толькі ў пыльным паветры растаў такі гук, як бы хто кінуў у глыбокую студню камень.

— Твой бацька пакінуў разгадку шляху да хрысціянскай святыні тут? — не вытрымаў Пранціш, звярнуўшыся да Саламеі. Тая паціснула плячыма, прашаптала:

— Бацька давяраў дзядзьку Лейбу. Да таго ж тут ніхто б не надумаўся шукаць, нават езуіты.

Аптэкар вярнуўся, трымаючы ў руках куфэрак цёмнага дрэва. Пранціш чакаў пабачыць там што заўгодна — але не тое, што дастала Саламея: клубок тонкай вяроўкі, завязанай вузельчыкамі.

— Што ж, адгаворваць вас — марнаваць свой час, а яго ў мяне не так шмат засталося да сустрэчы з прабацькам Абрамам… Мала я нацярпеўся за апошнія тры гады, дзякуючы Івану… І зноў праклятае сутарэнне мяне дастае. Каб ім Левіяфан скарыстаўся ды абрушыў добра. І калі думаеце ісці? — змрочна прагаварыў Лейба.

Поделиться с друзьями: