Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
Такім чынам цёплае сяброўства і адданасць пакрысе рабіліся шчасцем, таму што кожны разумеў і не патрабаваў ад другога больш, чым той можа даць. Гэта аснова, соль сяброўства.
Да двух год Бім стаў сапраўдным паляўнічым сабакам, даверлівым і чэсным. Ён ведаў недзе каля сотні слоў, што датычыліся дамоўкі і палявання: хай скажа Іван Іванавіч «Падай» — зробіць; скажа ён «Падай пантофлі» — падасць, «Нясі міску» — прынясе, «На крэсла!» — сядзе на крэсла. Ды гэта што! У вачах чытаў: добра глядзіць гаспадар на чалавека, і Біму ён — знаёмы з гэтага часу; непрыязна зірне — і Бім, бывае, загырчыць; нават ліслівасць (ласкавую ліслівасць)
Што датычыцца інтэлігенцыі, то Бім нават умеў такое: сам навучыўся, дайшоў сваім розумам, падрапаць за дзверы, каб адчынілі. Здараецца, захварэе Іван Іванавіч і не ідзе з ім гуляць, а выпускае аднаго. Бім крыху пабегае, управіцца, як і належыць, і спяшае дадому. Падрапае за дзверы, стаўшы на заднія лапы, крышку паскуголіць, просячыся, і дзверы адчыняцца, гаспадар, цяжка шлёпаючы па прыхожай, сустрэне, палашчыць і зноў кладзецца ў ложак. Гэта калі ён, пажылы чалавек, пахворвае (дарэчы, пахворвае ён усё часцей і часцей, такога Бім не мог не заўважыць). Бім моцна засвоіў: падрапай за дзверы, і табе адчыняць абавязкова; дзверы для таго і ёсць, каб кожны мог зайсці: папрасіся — і цябе ўпусцяць. На яго сабачы розум гэта было ўжо цвёрдае перакананне.
Толькі не ведаў Бім і не мог ведаць, колькі потым будзе расчаравання і бяды ад такое наіўнае даверлівасці, не ведаў і не мог ведаць, што ёсць дзверы, якія не адчыняюцца, колькі за іх не драпайся.
Што яно там будзе надалей, невядома, а пакуль што застаецца сказаць адно: Бім, сабака з выдатным чуццём, так і застаўся сумніцельным — пасведчанне на радаслоўную яму не выдалі. Двойчы Іван Іванавіч выводзіў яго на выстаўку: здымалі з рынга без адзнакі. Выходзіць, чужак.
І ўсё ж Бім не спадчынная бездар, а выдатны сапраўдны сабака: птушак ён пачаў шукаць з васьмі месяцаў. Ды як яшчэ! Хочацца верыць, што ў яго будзе добрая будучыня.
Раздзел 2. Вясновы лес
У другі сезон, гэта значыць на трэці год ад нараджэння Біма, Іван Іванавіч пазнаёміў яго з лесам. Гэта было надта цікава і сабаку, і гаспадару.
У лузе і на полі — там усё бачна: прастора, трава, збажына, гаспадар заўсёды навідавоку, снуй чаўнаком у шырокім пошуку, шукай, знайдзі, рабі стойку і чакай загаду. Любата! А тут, у лесе, зусім-зусім не тое.
Была ранняя вясна.
Калі яны прыйшлі першы раз, змярканне толькі пачыналася, а між дрэў быў прыцемак, хаця лісця яшчэ не было. Знізу ўсё ў цёмных адценнях: ствалы дрэў, леташняя цёмна-карычневая лістота, карычнева-шэрыя сцяблы травы, нават ягады шыпшыны, густа-рубінавыя ўвосень, цяпер, выстаяўшы зіму, здаваліся зярняткамі кавы.
Галінкі лёгенька шумелі пад слабым ветрыкам, рэдзенькія, голыя; яны быццам абмацвалі адна адну, то краналіся кончыкамі, то ледзь датыкаліся сярэдзінаю: ці жывыя? Вяршаліны слабенька пагойдваліся — дрэвы здаваліся жывымі нават і без лісця. Усё было таямніча-шапаткое і густа-пахучае: і дрэвы, і лісце пад нагамі, мяккае, з вясновым пахам лясное зямлі, і крокі Івана Іванавіча, асцярожныя і ціхія. Яго чаравікі таксама шоргалі, а сляды пахлі куды мацней, чым у полі. За кожным дрэвам штосьці незнаёмае, таямнічае. Таму Бім і не адыходзіў ад Івана Іванавіча болей, чым крокаў на дваццаць: прабяжыць уперад — налева, направа — і коціцца назад і глядзіць у твар, быццам пытаецца: «Чаго мы сюды трапілі?»
— Не
разбярэшся што да чаго? — здагадаўся Іван Іванавіч. — Разбярэшся, Бімка, зразумееш. Пачакай крышку.Так і ішлі, паглядваючы адзін на аднаго.
Але вось яны спыніліся на шырокай паляне, на перакрыжаванні двух прасек: дарогі ва ўсе чатыры бакі. Іван Іванавіч стаў за арэхавы куст, тварам да захаду, і глядзеў угору. Бім пазіраў туды, з усяе сілы стараўся здагадацца, што гэта там трэба выглядзець.
Уверсе было светла, а тут, унізе, рабілася ўсё цямней і цямней. Нехта прашамаў у лесе і сціх. Яшчэ пашамаў і сціх. Бім прытуліўся да нагі Івана Іванавіча — гэта так ён пытаўся: «Што там? Хто там? Можа, пойдзем паглядзім?»
— Заяц, — ледзь чутна сказаў гаспадар. — Усё добра, Бім. Добра. Заяц. Хай яго…
Ну, калі «добра», значыць, усё ў парадку. «Заяц» — таксама зразумела: неаднойчы, калі Бім натыкаўся на след звярка, яму паўтаралі гэтае слова. А раз бачыў і самога зайца, паспрабаваў быў дагнаць яго, але меў суровае папярэджанне і быў пакараны. Нельга!
Такім чынам, недалёка прашамацеў заяц. А што далей?
Раптам уверсе нехта нябачны і незнаёмы захоркаў: «Хор-хор!.. Хор-хор… Хор-хор!..» Бім пачуў гэта першы і здрыгануўся. Гаспадар таксама. Абодва глядзелі ўгору, толькі ўгору…
Нечакана на фоне барвова-сіняватага неба ўздоўж прасекі паказалася птушка. Яна ляцела проста на іх, толькі зрэдку пакрыквала так, быццам гэта не птушка, а звярок ляціць і хоркае. Але то ўсё ж была птушка. Яна здавалася вялікай, крылле яе было бясшумнае (не тое, што ў перапёлкі, курапаткі ці ў качкі). Адным словам, незнаёмае ляцела ўгары.
Іван Іванавіч падняў стрэльбу. Бім, быццам па загаду, лёг і не адводзіў вачэй ад птушкі… У лесе стрэл быў такі моцны і рэзкі, якога Бім раней ніколі не чуў. Рэха пракацілася па лесе і заціхла далёка-далёка.
Птушка ўпала ў кусты, але сябры яе скоранька адшукалі. Іван Іванавіч паклаў яе перад Бімам і сказаў:
— Знаёмся, браток, — слонка. — І яшчэ раз паўтарыў: — Слонка.
Бім абнюхваў, чапаў лапаю за доўгую дзюбу, потым сеў, уздрыгваючы і перабіраючы пярэднімі лапамі ад здзіўлення. Вядома ж, ён гэтым самым і гаварыў сам сабе: «Такіх насоў не бачыў. Вось гэта сапраўдны но-ос!»
А лес слабенька шумеў, усё цішэй і цішэй. Потым зусім раптам прыціх, адразу неяк, быццам хтосьці нябачны лёгенька махнуў шырокім крылом над дрэвамі апошні раз: хопіць шамацення. Галіны знерухомелі, дрэвы, здавалася, засыналі, хіба толькі зрэдку ўздрыгвалі ў прыцемках.
Праляцелі яшчэ тры слонкі, але Іван Іванавіч не страляў. Хаця апошняй яны ўжо не бачылі ў цемнаце, а толькі чулі яе голас, але Бім быў здзіўлены: чаму сябар не страляў нават у тых, якія добра былі відаць. Ад гэтага Бім хваляваўся. А Іван Іванавіч ці проста глядзеў угору, ці, панурыўшыся, слухаў цішыню. Абодва маўчалі.
Вось калі ўжо не патрэбны словы — ні чалавеку, ні тым болей сабаку!
Толькі напаследак, перад адыходам, Іван Іванавіч прамовіў:
— Добра, Бім! Зноў пачынаецца жыццё. Вясна.
Па інтанацыі Бім зразумеў, што гаспадару прыемна. І ён таркануў носам у яго калена, павіляў хвастом: добра, маўляў, што і сказаць.
…Другі раз яны прыходзілі сюды позняю раніцаю, але ўжо без стрэльбы.
Духмяныя, тоненькія струменьчыкі ад храсткоў травы — усё гэта было наўздзіў новае і захапляючае. Сонца прасвечвала ў лесе ўсё наскрозь, акрамя сасонніку, ды і той мясцінамі быў спаласованы золатам праменняў. І была цішыня. Галоўнае — была цішыня. Якая ж яна прыгожая — вясновая ранішняя цішыня ў лесе!