Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
Таму і ўздыхнуў лес з палёгкаю, што цуд пачаўся і прыйшоў час здзяйснення надзеі. І птушкі адгукнуліся яму, магутнаму велікану і выратавальніку. Іван
І ён быў бы шчаслівы, як і кожны год, у такія часіны, калі б на краю палянкі не адрозніваўся пятняк, абазначаны толькі свежаю зямлёю, змешанаю з апалым мінулагоднім лісцем. Сумна глядзець на такі пятняк вясною, ды яшчэ ў самым пачатку агульнай радасці ў прыродзе.
Але затое знізу ўгору добрымі, наіўнымі, ласкавымі і невіноўнымі вачаняткамі глядзеў на Івана Іванавіча новы маленькі Бім. Ён паспеў пакарыць ужо Толіка, ён так і пачаў жыць з дабраты, маленькі Бімка.
«Які ж будзе ў яго лёс? — падумаў Іван Іванавіч. — Не трэба, не, не трэба, каб у новага Біма, які пачынае жыццё, паўтарыўся лёс майго сябра. Не
хачу гэтага. Не трэба».Іван Іванавіч устаў, выпрастаўся і амаль што ўскрыкнуў:
— Не трэба!
Лес кароткім рэхам паўтарыў некалькі разоў: «Не трэба… не трэба… не трэба…» І заціх.
А была вясна. І кропелькі неба на зямлі. І было ціха-ціха.
Так ціха, быццам і няма нідзе ніякае бяды.
Але ўсё-такі ў лесе нехта… стрэліў! Тройчы стрэліў!
Хто? Нашто? У каго?
Магчыма, нядобры чалавек параніў таго прыгажуна дзятла і двума набоямі дабіваў яго… А магчыма, нехта з паляўнічых закапаў сабаку, і было яму тры гады…
«Не, не спакойна ў гэтым блакітным палацы з калонамі з жывых дубоў», — так падумаў Іван Іванавіч, стоячы з непакрытаю белаю галавою і гледзячы ў неба. І гэта было падобна да вясновае малітвы.
Лес маўчаў.