Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
Да родных дзвярэй, да тых самых, знаёмых з першых дзён жыцця, да дзвярэй, за якімі давер, наіўная святая праўда, спачуванне, сяброўства і спагада былі такія натуральныя, такія простыя, што самі гэтыя паняцці называць не мела ніякага сэнсу. Ды і нашто ўсё гэта Біму асэнсоўваць? Ён, па-першае, не змог бы гэта зрабіць, бо ўсё-такі ён сабака, а па-другое, калі б ён і паспрабаваў падняцца на недасяжную яму вышыню розуму чалавека, ён загінуў бы ўжо ад таго, што яго наіўнасць людзі палічылі б дзёрзасцю незвычайнаю і нават злачыннаю. На самай справе, Бім тады кусаў бы падлюгу абавязкова, палахліўца — таксама, хлуса — не задумваючыся, бюракрата ён еў бы па кавалках і г.д., і кусаў бы свядома, выконваючы свой абавязак, а не так, як ён укусіў Шэрага, пасля ўжо таго, як той жорстка біў яго па галаве. Не, тыя дзверы, да
Дзверы, да якіх ішоў Бім, — гэта дзверы яго сябра, а адпаведна, і яго, Бімавы, дзверы. Ён ішоў да дзвярэй даверу і жыцця. Бім хацеў дайсці да іх, або дачакацца сябра, або памерці: шукаць яго па горадзе ўжо неставала сілы. Мог ён толькі чакаць. Толькі чакаць.
Але што мы можам зрабіць, калі і гэтаю ноччу Бім так-такі і не дайшоў да свайго дома?
Трэба было перш за ўсё абмінуць раён Шэрага, а таму абавязкова прайсці паўз дом Толіка. Так яно і было. Бім апынуўся ля веснічак маленькага сябра і не мог прамінуць іх, быццам чужыя. Ён прылёг ля высокае цаглянае агароджы, скруціўшыся ўпаўабаранка і адкінуўшы голаў убок: ці то ранены сабака, ці то памірае, ці то зусім нежывы — мог так падумаць кожны прахожы.
Няма і няма. Бім не пойдзе ўжо да дзвярэй гэтага дома. Ён толькі адпачывае ад болю і суму ля плота, а потым пойдзе дадому. А магчыма… магчыма, акажацца сюды сам Толік… Ці нам вінаваціць Біма за тое, што няма ў яго логікі, што яна яму недаступна? І ён ляжаў у такой сумнай сабачай позе без усякае логікі.
Быў цёмны вечар.
Пад'ехала машына. Яна выхапіла з цемені частку агароджы, абмацала ўсю яе і вылупіла проста на Біма асляпляльныя вочы. Бім падняў галаву і глядзеў, амаль стуліўшы павекі. Машына пабурчала, пабурчала ціхенька і адчыніла дзверцы… З-за дымнага паху нельга было вызначыць чалавека, які ішоў да Біма, але калі ён апынуўся ў святле фар, Бім сеў: да яго ішоў Сямён Пятровіч. Ён падышоў і пазнаў, што гэта сапраўды Бім, і сказаў:
— Выбраўся! Ну і ну…
Выйшаў і другі чалавек (той, што вёз Біма перад навальніцаю да ваўчыцы), паглядзеў на сабаку і спагадна сказаў:
— Разумны сабачына. Такі не прападзе.
Сямён Пятровіч пайшоў да Біма, расшпільваючы папругу.
— Бімка, Бімка… Ты харошы, Бімка… Да мяне, да мяне…
Э, не-е! Бім не верыў, Бім не меў больш даверу, і ён не падыдзе да гэтага чалавека, каб ён хацеў яго ўзяць і дабро думаючы. Магчыма, Сямён Пятровіч і думаў аддаць Біма Толіку, зразумеўшы сына, але не тут-то было: Бім уцёк. Ён не пайшоў, а пабег ад Сямёна Пятровіча ўздоўж агароджы па асветленай дарозе. І адкуль сіла ўзялася?!
Сямён Пятровіч — за ім, другі чалавек — напярэсцікі. Бім выслізгнуў са святла ў цемень, спусціўся паўзком у траншэю і тут пайшоў ужо спакойна, ледзьве перастаўляючы лапы. Але пакіраваў Бім не ў той бок, куды бег у святле фар да траншэі, а назад.
І зноў у хвіліну небяспекі найшло на Біма прасвятленне ад прародзічаў: блытай сляды! Так робяць зайцы, лісіцы, ваўкі і астатнія звяры — звычайная хітрасць № 1, калі за табою гоняцца. Лісіца і воўк могуць ісці след у след так, што толькі вопытны паляўнічы, ды і то пасля, здагадаецца па кіпцюрах, што яго абвялі; хітрасць № 2 — гэта пятля (пайшоў налева, выйшаў — направа) або скідка (са свайго следу назад — саскочыць убок); хітрасць № 3 — адлежацца, заблытаўшы след, адлежацца ў глухой мясціне і слухаць (калі прамінулі — ляжаць, калі ідуць напрасткі, то ўсё пачаць спачатку, — заблытваць). Усе гэтыя звярыныя хітрыкі добра знаюць сапраўдныя паляўнічыя, але Сямён Пятровіч ніколі не быў паляўнічы, хоць стрэльбу браў і нават штогод выязджаў на адкрыццё сезона.
А наогул было так: Сямён Пятровіч пабег у адзін бок, свецячы сабе ліхтарыкам, а Бім — у другі, ды яшчэ ў схове выратавальнай траншэі.
Але вось траншэя скончылася — Бім упёрся ў тарцавую сценку, з боку ад якое вісеў экскаватарны коўш. Аказалася, што ён не мог і вылезці з пасткі:
улезці змог, а вылезці назад неставала сілы: з бакоў сценкі, спераду — сценка. Каб быў ён здаровы, на чатырох нагах, тады іншая справа, а цяпер ён можа толькі выйсці — не выскачыць, а толькі выйсці.Пасядзеў, пасядзеў наш Бім, паглядзеў угару на коўш, сяк-так прыпадняўся на заднюю лапу, абапіраючыся на сценку пярэднімі, агледзеў адхон і сеў. Здавалася, што ён думае, але ён проста слухаў: ці няма пагоні. Потым ён прыўстаў на супрацьлеглую сценку, без насыпу, і заўважыў, што ліхтарык шморгаецца на адным месцы, павіхляўся з боку на бок і зусім патух. Убачыў ён і тое, што машына паехала назад і стала набліжацца да яго, толькі збоч. Бім прыціснуўся ў канаве ў кутку і слухаў, дрыжучы. Машына праехала міма, дзесьці зусім побач.
Паблізу ўсё супакоілася. А потым чуваць: не вельмі моцна пакракваюць машыны, скрабе трамвай — усе гукі знаёмыя, няшкодныя.
У цёмную халодную асеннюю ноч сядзеў у канаве сабака. І нікому на свеце не дапамагчы яму цяпер. А яму трэба, так трэба ісці да сваіх дзвярэй. Бім паспрабаваў падскочыць, але ўпаў. Куды там! І пайшоў назад па сваім следзе, ціха, асцярожна, прыслухоўваючыся і ў той жа час не-не ды і абмацваючы сцены. У адным месцы ён знайшоў невялічкі абвал, стаў на яго, прыпадняўся на заднюю лапу — цяпер пярэднія даставалі да насыпу. І Бім пачаў грэбці зямлю зверху ўніз, пад сябе, чым больш ён працаваў, тым вышэйшы рабіўся абвал. Бім адпачываў і браўся зноў. Нарэшце ён змог абаперціся грудзьмі на край канавы, але затое дастаць зямлі з насыпу ўжо не мог. Тады ён сышоў уніз па сваёй горцы, паляжаў. Так хацелася завыць, паклікаць гаспадара або Толіка, завыць дзіка, на ўвесь горад! Але Бім павінен маўчаць: ён жа заблытаў сляды і прытаіўся. І раптам ён рашуча падняўся, адышоўся ад нагрэбенага гурбанка, забыўся пра боль, махнуўся ўсім целам, быццам анучаю, падскочыў на гурбанку на абедзве заднія лапы і ўпаў на самы край канавы, у тую ямачку, што выграб сам, спускаючы зямлю ўніз.
Як ён змог пераадолець неймаверны боль і немагату? Хто яго ведае… Як, напрыклад, воўк адгрызае сам сабе лапу, захопленую ў пастку? Ніхто не скажа, як гэта можна сваімі зубамі перагрызці сваю ж нагу. Можна ж толькі здагадвацца, што воўк робіць гэта з-за свайго інстынктыўнага імкнення на волю, а Бім забыўся пра ўсё з-за неадольнага імкнення да дзвярэй дабраты і даверу.
Як бы там ні было, а Бім вырваўся з пасткі і ляжаў у той ямачцы наверсе.
Ноч была халодная. Горад спаў, каменна-жалезны, ціхенька скрыгочучы жалезам нават і ноччу, спрасонку. Бім слухаў яго доўга-доўга. Калі змёрз, усё ж пайшоў.
Па дарозе ён зайшоў у адчынены пад'езд аднаго з дамоў, і толькі таму, што трэба было абавязкова прылегчы, хоць бы крыху: так ён саслабеў. Класціся проста на вуліцы нельга, загінеш (ён бачыў не раз раздушаных машынамі сабак). Ды і холадна на асфальце. А там, у пад'ездзе, ён прытуліўся да цёплае батарэі і заснуў.
У чужым пад'ездзе глыбокаю ноччу спаў чужы сабака.
Здараецца.
Не крыўдзіце такога сабаку.
Раздзел 15. Ля апошніх дзвярэй. Таямніца жалезнага фургона
Прачнуўся Бім яшчэ досвіткам. Не хацелася пакідаць такое цёплае, гасціннае месца, дзе ніхто не патрывожыў яго сон. Яму здалося, што ў яго ўжо стала болей сілы, — паспрабаваў устаць на ногі, але адразу не выйшла. Тады ён сеў. Гэта ўдалося, але закружылася ў галаве (гэтак, як і пасля ўдару ў грудзі): сцены пахіснуліся ў адзін бок, лесвічныя балясы загойдаліся, задрыжалі, а прыступкі зліліся ў суцэльны ўзгорак і загойдаліся гармонікам, лямпачка захісталася разам са столлю. Бім сядзеў і чакаў, што ж з ім будзе далей, сядзеў цяпер, апусціўшы галаву.
Галавакружэнне кончылася гэтак жа нечакана, як і пачалося. І Бім папоўз на жываце па прыступках уніз. Дзверы пад'езда былі адчыненыя, паляжаў крышку на асвяжальным холадзе і ўсё-такі ўстаў на ногі. Амаль падаючы ў вобмарак і таму не адчуваючы болю, ён слухаючы невядомую людзям сабачую волю, пайшоў з двара, хістаючыся, быццам ачумелы.
Наўрад ці ён дайшоў бы да свайго дома, калі б не наткнуўся на памыйку, дзе гробся маленькі сабачка. Бім падышоў і сеў. Сабачка, шарсцісты і гразны, абнюхаў яго і павіляў хвосцікам.