Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
Па дарозе назад малады хлопец нечакана спыніў машыну насупраць невялікае вёскі, непадалёку ад шашы, адчыніў дзверы фургона і выпусціў Кудлатку.
— Не жадаю! Не хачу — усклікнуў ён. — Бяжы, сабака, у вёску, ратуйся — там будзеш цэлы.
— Што ты? Што ты? Ведаюць жа, было два сабакі! — крыкнуў з кабіны старэйшы.
— Адзін сам сябе кончыў, другі ўцёк — і ўся гаворка. Не хачу. Нічога не хачу. Не жадаю! І ўся гаворка!
Кудлатка адбег ад шашы, сеў і здзіўлена праводзіў позіркам фургон, потым агледзеўся і пабег сам па сабе, пабег у вёску, да людзей. Здагадлівы сабака.
Яшчэ ў лесе Іван Іванавіч даведаўся,
Калі Іван Іванавіч выйшаў з кабіны і падаў пяць рублёў, якія абяцаў маладому Івану, той адхіліў руку і сказаў тыя самыя словы:
— Не жадаю! Не хачу. І ўся гаворка!
Стала зусім ясна, што ён лічыць сябе віноўнікам гібелі Біма; відаць, ён адчуў дакор мёртвага. Што ж, дакор мёртвых — самы страшны дакор, таму што ад іх не дачакацца ні даравання, ні спачування, ні спагады да таго, хто зрабіў зло. Але малады Іван блізка да сэрца прыняў сваю маленькую памылку. І гэта робіць яму гонар. Вось і яшчэ адзін след на зямлі добрага, адданага і вернага сабакі. Дарэчы, старэйшы Іван не адчуваў такое ўжо душэўнае няёмкасці — ён узяў пяцёрку з рук у Івана Іванавіча і паклаў у бакавую кішэню з удзячнасцю. Вінаваціць яго зусім няма за што: ён атрымаў абзадачаную плату за работу, а ловячы Біма, толькі ўсяго выконваў свой абавязак.
…Таго ж дня Сямён Пятровіч арганізаваў пошукі. Па-першае, у газеце з'явілася аб'ява: «Прапаў сабака — сетэр, белы з чорным вухам, клічка Бім, выдатнага розуму, вучаны сабака. Дзе знаходзіцца, просім паведаміць за добрую ўзнагароду на адрас…»
Вялікі горад загаварыў пра Біма. Трашчалі тэлефонныя званкі, ішлі спачувальныя лісты ад чытачоў, снавалі ў пошуку ганцы.
Так Бім праславіўся двойчы: адзін раз, калі быў жывы, — як шалёны; другі раз пасля смерці — як «выдатнага розуму сабака». У апошняй славе Біма заслуга Сямёна Пятровіча несумненная.
Але слядоў Біма ўсё ж не знайшлі ні ў тую зіму, ні пасля. Ды і хто мог ведаць? Малады Іван кінуў работу на каранцінным двары, і зразумела чаму маўчаў; Івана-старэйшага папярэдзіў Іван Іванавіч — каб ні гугу! А больш ніводзін чалавек не бачыў, не ведаў, што Бім ляжыць у лесе, у свежай прамёрзлай зямлі, зацярушаны снегам, і што яго ўжо ніхто ніколі не ўбачыць.
Зіма таго года была суровая, з двума чорнымі буранамі. Пасля іх белы снег у палях стаў чорны-чорны. Але на той, знаёмай нам палянцы ў лесе ён заставаўся чысты і белы. Яе засланіў лес.
Раздзел 17. Лес уздыхнуў (замест пасляслоўя)
І зноў прыйшла вясна. Сонца выпіхала зіму вон. Яна ўцякала на амаль растаўшых немагушчых нагах, а следам за ёю, памаленьку, але не адстаючы прыбывалі цёплыя дні, падпальвалі старую плямамі, ірвалі на гразна-белыя кавалкі. Вясна заўсёды бязлітасная да паміраючае зімы.
І вось ручаі ўжо супакоіліся, не спяшаюцца, робяцца ўсё меншыя і меншыя, усё танчэйшыя і танчэйшыя, а ноччу амаль зусім заміраюць. Вясна прыйшла позняя, роўная.
— Такая
вясна — на ўраджай, — сказаў Хрысан Андрэевіч на днях, калі начаваў з Алёшам у Івана Іванавіча.Скора яны выганяць авечак на пашу, але Алёша цяпер да самых вакацый будзе толькі «выправаджваць» з бацькам чараду раніцаю і «сустракаць» за вёскаю вечарам.
Алёша і адзін прыязджаў некалькі разоў. У такія дні яны з Толікам не разлучаліся і пачыналі зноў шукаць Біма, мілыя хлапчукі. Але аднойчы, калі ўсе разам пілі гарбату ў Івана Іванавіча, Хрысан Андрэевіч памеркаваў так:
— Калі ўжо ў газетах надрукавалі ды не аб'явіўся, то, выходзіць, яго нехта звёз далёка. Расея вялікая, матухна, паспрабуй знайдзі. Калі б ён загінуў, то абавязкова нехта б заявіў па аб'яве: так, маўляў, і так — памёр ваш сабачка, бачыў яго там-та. Галоўнае тут — жывы, вось што. Не кожны знаходзіць свайго сабаку. І тут фактычна нічога не зробіш.
З таго дня пошук спыніўся. Засталася толькі памяць, і засталася яна хлопчыкам на ўсё жыццё, да сканчэння дзён. Магчыма, праз многа год, яны, нашы хлопчыкі, раскажуць сваім дзецям пра Біма. Таму што кожны тата ці дзядуля, калі ў яго быў сябар сабака, не праміне, каб не расказаць пра забаўныя ці сумныя гісторыі, якія здараліся з ім. І тады падлетку захочацца мець свайго сабаку. Адыходзячы, Хрысан Андрэевіч паклаў за пазуху месячнага шчанюка аўчаркі — падарунак Івана Іванавіча. Алёшка быў у захапленні.
…У кватэры забаўляўся са старым чаравікам новы шчанюк, таксама Бім, пародзісты, тыповага акрасу ангельскі сетэр. Гэтага Іван Іванавіч дастаў на дваіх — сабе і Толіку.
Але старога сябра ён ужо ніколі не забудзе. Не забыць яму паляўнічых досвіткаў, падараваных Бімам, не забыць яго дабраты і ўсёдаруючага сяброўства. Памяць пра вернага сябра, пра яго невясёлы лёс трывожыла старога чалавека. Менавіта таму ён і апынуўся на той самай палянцы і сеў на той жа пянёк. Агледзеўся. Ён прыйшоў паслухаць лес.
Быў неймаверна ціхі вясновы дзень.
Неба густа апырскала палянку пралескамі (кропелькі неба на зямлі!). Многа разоў у жыцці Івана Іванавіча паўтараўся гэты цуд. І вось ён прыйшоў зноў, ціхі, але магутны сваёю шчыраю прастатою і кожны раз дзіўны і непаўторны ад навізны нараджэння жыцця — вясна.
Лес маўчаў, толькі-толькі ачынаючыся ад сну, пакрэплены небам і патрывожаны ўжо цёплымі сонечнымі зайчыкамі на бліскучых і такіх млява пяшчотных язычках яшчэ нявыгарнуўшагася лісця. Івану Іванавічу здалося, што сядзіць ён у велічным палацы з блакітнаю падлогаю, блакітным купалам, з калонамі з жывых дубоў. Гэта было падобна на сон.
Але раптам… Што б гэта магло абазначаць? Па лесе пракаціўся глухі кароткі шум — глыбокі ўздых. Было вельмі падобна на ўздых палёгкі ад таго, што пасля доўгага чакання жыццё абуджаецца зноў, ужо азначылася язычкамі раскрыўшыхся пупышак. Інакш чаму ж варухнуліся галінкі і ўслед за гэтым засвісталі сініцы, а дзяцел бадзёра застрачыў музычным барабанным россыпам, клічучы сяброўку, апавяшчаючы лес пра пачатак кахання? Ён жа адзін з першых, як і слонка, падае сігнал да ўрачыстае вясновае сімфоніі, але толькі слонка кліча ціха, у прыцемках, асцярожна, кліча зверху: «Хор-хор! Хор-хор!» — гэта значыць, добра-добра! А дзяцел, знайшоўшы сваё дупельца на запаветным суку, неўтаймавана, смела, рашуча абвяшчае на спрадвечным інструменце радасці: «Пр-р-р-р-р-р-р-р-р-рыгажосць!»