Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)
Шрифт:
Першы дзень Бiму паслалi сена ў кутку ў сенцах. Чалавек прывязаў яго за вяроўку, добра накармiў i некуды пайшоў, апрануўшы плашч. Астатак дня Бiм правёў адзiнока, у цiшынi i маўклiвасцi. Адвячоркам ён пачуў, як зашорхалi капытцамi авечкi, як яны зайшлi на двор, як прамыкала карова ў хляве (нечага прасiла). А скора прыйшоў i той чалавек, але з хлопчыкам у плашчы, у ботах, на галаве шапка, а ў руках доўгая палка. Твар у яго быў гэтакi ж карычневы, як у добрага чалавека, а пах хлопчык авечкамi.
– Ну, Алёшка, глядзi новага сябра, - сказаў дарослы хлопчыку.
Яны падышлi да самага Бiма.
– Тата, а не ўкусiць?
– Не, Алёшка, такiя не кусаюцца... Ух ты, Чарнавух... Чарнавух -
– I чуць паляпаў яго па баку.
Бiм ляжаў i насцярожана глядзеў на хлопчыка. Той таксама пагладзiў:
– Чарнавух... Чарнаву-ух...
– I сказаў да дарослага: - Тата, а калi адвяжам - не ўцячэ?
– Трохi пачакаем.
– Ён пайшоў у дом.
Бiм устаў, прысеў, падаў хлопчыку лапу, гэта значыць сказаў: "Добры дзень. Ты харошы".
– Тата!
– крыкнуў хлопчык.
– Тата, хадзi!
Той вярнуўся.
– Добры дзень, Чарнавух!
– падаў хлопчык руку.
Бiм яшчэ раз павiтаўся. Абодва чалавекi вiдавочна ўпадобалi ягоную ветлiвасць. Гэтыя першыя хвiлiны знаёмства былi вельмi важныя Бiму: ён даведаўся, што таго, хто прывёў яго сюды, завуць Тата, а хлопчыка Алёша. Нават звычайныя, нiчым не адметныя дварняжкi скора даведваюцца пра iмёны людзей, а Бiм... Ды што там казаць! Мы ўжо ведаем, якi гэта сабака.
Потым, ужо прыцемкамi, прыйшла i жанчына. Апранута яна была дзiўна: галава закручана ў дзве хусткi, куфайка на ёй нацягнута, як барабан, штаны гэтакiя ж самыя, як у тае добрае жанчыны, якая заганяла кастылi. Але гэтая пахла зямлёю i буракамi (салодкi такi корань, якога некалi Бiм не мiнаў). Яна зайшла ў хату, пра нешта гаварыла з мужчынамi, адразу ж патупала з сянец на двор з вядром у руках. Цяпер Бiм вызначыў, не сыходзячы з месца, што адны дзверы з сянец - на вулiцу, другiя - да жывёлiн, а трэцiя - у хату. Але да iх не дастаць - не пускае вяроўка. Вось пакуль што i ўсё, пра што даведаўся Бiм.
Ён зноў лёг.
Пахне авечкамi, моцна пахне з двара. Што такое авечкi, Бiм ведаў даўно. Яны жывуць, думалася некалi, чарадою, ходзяць па полi i нiчога не робяць, толькi ядуць i крычаць. А каля iх заўсёды чалавек у брызентавым плашчы i з доўгаю палкаю з кручком на канцы; адзiн такi падыходзiў да Бiма i Iвана Iванавiча, калi яны адпачывалi пад стогам сена, цiснуў гаспадару руку; яшчэ з iм быў вялiкi кудлаты сабака. З iм пазнаёмiўся Бiм незвычайна. Спачатку Кудлаты пёр на яго з налёту i жудасна брахаў, але Бiм тады лёг на спiну, падняў угору лапы i сказаў: "Што такое? Хiба я з-за чаго вiнаваты?"
Далiкатнасць узяла верх над нахабствам, а Кудлаты сабака, абнюхаўшы Бiма, палiзаў жывот, крыху адышоў i распiсаўся на каменi. Бiм зрабiў тое ж самае. А наогул, гэта абазначала: мiру - мiр. А пакуль гаспадар Бiма гаварыў з гаспадаром Кудлатага, яны пагулялi ў даганялкi, i, аказалася, Бiм i быстрэйшы i вёрткi, што нават заслужыў павагу новага знаёмага. Калi яны развiтвалiся (трэба ж iсцi за гаспадарамi!), то панюхалi камень i пераглянулiся так: "Ты прыходзь калi-небудзь сюды", - сказаў Бiм i паскакаў далей.
"Эх, работа..." - сказаў Кудлаты i паплёўся да чарады, угнуўшы галаву.
Так было. Вось i цяпер пахне авечкамi. Бiм не мог не ўспомнiць пра Iвана Iванавiча ад гэтага паху, якi трывожыў памяць: у чужых сенцах, у чужым доме, у сутоннi вечара, без людзей яму стала сумна-сумна.
Потым ён чуў, як па жалезе роўна гудзелi нейкiя струменьчыкi: жжых-жжых! жжых-жжых! Бiм не ведаў, што гэта такое - жжых! жжых-жжых! Незнаёмыя гукi сцiхлi, i адразу ж з двара з тым вядром увайшла жанчына. А з вядра пахла малако. Цудоўна пахла! У горадзе каб так пахла малако, Бiм нi разу не чуў, нi разу, а гэта - iншае, але ўсё роўна малако - гэта так. У горадзе малако
не пахне чалавечымi рукамi, рознымi прыемнымi травамi i зусiм не пахне кароваю вось што дзiўна. А тут усё гэта перамяшалася ў чароўны водар, якi дзiвiў сваёй абаяльнаю, нейкаю ружаваю пахучасцю. Не будзем спрачацца: калi ўжо чалавек нiколi не адрознiць малако ад малака, то як гэтага не заўважыць нашаму Бiму, якi мае надзвычайны нюх, як не дзiвiцца паху, у якiм чалавечыя рукi змяшалiся з кветкамi i травою. Таму ён i падхапiўся хуценька, i павiляў жанчыне хвастом. Але наўрад цi яна магла зразумець Бiмава захапленне.За доўгiя чатыры гады свайго жыцця ён, на жаль, так нi разу i не бачыў, як дояць кароў. А малако пахне ўсё-такi кароваю. Нейкая няяснасць так i засталася ў Бiма: ён сяго-таго не ведаў. Памiж iншым, цi мала чаго не ведае кожны сабака? У гэтым нiчога брыдкага няма. А калi якi-небудзь сабака i скажа, дапусцiм, што ён усё ведае i ўпэўнены ў тым, што можа вучыць, што i як рабiць i куды бегчы, то нават i курыца яму не паверыць; мала што ён здароўшы за курыцу - не паверыць. А такiя сабакi бываюць, мушу сказаць вам. Напрыклад, скоч-тэр'ер, возьмем яго: ён прытвараецца, што яго галава-цаглiна напхана рознымi iдэямi (барада, доўгiя вусы i бровы - фiлосаф!), а сапраўды бяспутны, камандуе, лаецца на гаспадара штодня, як нервовы, круцiцца бесперастанна. А толку? Нiякага! Адзiн выгляд. А ўсярэдзiне пух або зусiм пуста.
Бiм - iншая справа: ён шчыры i прамадушны. Калi чаго не ведае, то так i з выгляду: што не ведаю, тое не ведаю. Калi не любiць каго, то так i скажа: "Нядобры ты чалавек. Iдзi адсюль! Гаў!" I забрэша часам так, што дай бог!
Жанчыну, якая дастае недзе такое цудоўнае малако, ён не мог не паважаць. Таму ён усё глядзеў i глядзеў на тыя дзверы, куды яна пайшла з вядром.
Але нехта падышоў з вулiцы i рашуча расчынiў дзверы.
"Хто?
– адным словам запытаўся Бiм.
– Гаў!"
Чалавек шарахнуўся назад. З дому выбег Тата, уключыў у сенцах святло i запытаўся:
– Хто тут?
– Я, брыгадзiр, - адказаў незнаёмы.
Потым ён зайшоў у сенцы, яны пацiснулi адзiн аднаму рукi (значыцца, сябры - брахаць нельга) i падышлi да Бiма. Тата прысеў на кукiшкi, гладзiў Бiма i гаварыў:
– А ты маладзец, Чарнавух. Маладзец - службу ведаеш. Харошы сабака. Адвязаў яго i ўпусцiў у пакой.
Самiае галоўнае - у хаце была i кульгавая курыца. Бiм прыцэлiўся на яе, зрабiў стойку, прыпадняўшы пярэднюю лапу, але неяк няўпэўнена, а гэта азначала, што ён гаварыў прысутным: "Што гэта за птушка? Нешта не даводзiлася..."
– Глядзi, брыгадзiр!
– крыкнуў Тата.
– Гэта ж залаты сабака, Чарнавух, на ўсе рукi!
Але паколькi курыца не звярнула на Бiма ўвагi, то ён сеў, усё ж скоса пазiраючы на яе, што па-сабачы абазначала: "От мне... Знайшлася!.. Яшчэ i ты!" I зiрнуў на прысутных.
– I курэй не зачэпiць!
– захапляўся Алёшка.
Бiм уважлiва глядзеў на яго.
– А вочы! Мама, а вочы! Як у чалавека, - радаваўся Алёшка.
– Чарнавух, iдзi да мяне... да мяне!
Хiба Бiм маўчаў у адказ на шчырую радасць? Ён падышоў да Алёшы i сеў побач.
За сталом пайшла гаворка. Тата адкаркаваў бутэльку, Мама падала ежу. Брыгадзiр выпiў усё са шклянкi, Тата таксама. Мама - таксама. Алёша чамусьцi не пiў, а еў вяндлiну i хлеб. Ён кiнуў кавалачак пасярод падлогi, але Бiм не скрануўся з месца (трэба ж было сказаць: "Вазьмi!").
– Iнтэлiгент, мабыць, - заўважыў брыгадзiр, - хлеба не есць.
Курыца прыкульгала i забрала той кавалачак, якi належаў Бiму. Усе смяялiся, а Бiм уважлiва-ўважлiва глядзеў на Алёшку: смеху мала, калi не разумееш адзiн аднаго, хоць i сябруеш.