Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)
Шрифт:
– Пачакай, Алёша, - сказаў Тата. Ён паклаў кавалачак хлеба на падлогу, адагнаў куру i сказаў Бiму: - Вазьмi, Чарнавух, вазьмi!
Бiм з задавальненнем пракаўтнуў смачны кавалачак хлеба, хаця i быў пад'еўшы.
Брыгадзiр таксама паклаў на падлогу кавалачак вяндлiны.
– Нельга!
– папярэдзiў ён.
Бiм сядзеў. Кура бачком-бачком пакульгала да вяндлiны, але толькi-толькi сабралася клюнуць, Бiм фыркнуў, чуць не штурхануў яе носам. Адным словам, цырк, дый годзе.
– Чарнавух, вазьмi!
– дазволiў брыгадзiр.
Бiм акуратна з'еў i гэты кавалачак.
– Усё!
– крычаў Тата. Ён i так гаварыў моцна, а пачырванеўшы, стаў яшчэ дабрэй.
– Чарнавух - цуд цудам што нi на ёсць!
– I нават абняў яго.
"Харошыя людзi", -
А потым пачалася такая размова, з якое Бiм зразумеў толькi адно слова "авечкi", але затое дакладна вызначыў, што абодва мужчыны спачатку пачалi спрачацца.
– Ну, Хрысан Андрэевiч, давай пра справу.
– Брыгадзiр паклаў руку на плячо Таты.
– Авечкi есцi хочуць цi не хочуць?
– Хочуць, - адказаў Тата.
– Толькi мой тэрмiн кончыўся, мне - да пакроў, а пакровы прайшлi.
– Авечкi людскiя, асабiстыя, а не калгасныя, i яны таксама хочуць кармiцца. Мне калгаснiкi вушы пратрубiлi: снегу няма, паша пад нагамi, авечкi да снегу павiнны быць на падножным. I праўду кажуць.
– "Авечкi - да снегу..." А я жалезны? А Алёшка табе - жалезны?
– Пакуль снег, Хрысан Андрэевiч - угаворваў брыгадзiр, - удвая плацiць будзем. Зразумеў?
– Не буду, - спакойна, але настойлiва паўтараў Тата.
– Баба мая на бураках закiсла - трэба дапамагаць, а ты - "пакуль снег".
Але ўсё-такi яны паляпалi адзiн аднаго па руках са згодаю i перасталi далдонiць "авечкi да снегу". Потым брыгадзiра правялi на ганак усе ўтраiх, забыўшыся пра Бiма.
Ну i што ж, ён таксама выйшаў на ганак, абабег навокал двара, пастаяў за тынам, пастаяў, удыхнуў пах авечак, з якiмi звязан адзiн з успамiнаў пра любiмага адзiнага чалавека, i нерашуча прысеў.
Ноч. Восеньская чорная ноч у вёсцы, цiхая, затоеная ад зiмы, хоць i гатовая сустрэць яе. Усё ў гэтай ночы невядома Бiму. Сабакi наогул не любяць падарожнiчаць уночы (хiба толькi бяздомныя, якiя не вераць людзям i абмiнаюць iх), а Бiм... Што тут казаць! Бiм пакуль што сумняваўся. Ды i Алёша - такi харошы маленькi чалавек.
Сумненнi перапынiў Алёшкаў голас. Ён трывожна, на ўсю моц закрычаў:
– Чарнаву-ух!
Бiм падбег i ўвайшоў следам за iм у сенцы. Алёша паклаў яго на месца, падаткнуў з бакоў сена, палашчыў i пайшоў спаць.
Усё зацiхла. Не чуваць нi трамвая, нi тралейбуса, нi гудкоў - нiчога звыклага.
Новае жыццё пачалося.
Сягоння Бiм даведаўся, што Тата - яшчэ i Хрысан Андрэевiч, а Мама - яшчэ i Пятроўна, Алёша ж - так Алёша i ёсць. Акрамя таго, да курыцы ён не меў пагарды, але i не паважаў: на яго сабачы розум, птушка павiнна лятаць, а гэтая толькi ходзiць, а таму i не варта, каб яе, бяскрылую, паважалi. Але вось авечкi - яны напамiнаюць пра Iвана Iванавiча; Алёша таксама пахне авечкамi... Пятроўна - зямлёй i буракамi... А такi земляны пах заўсёды турбаваў Бiма. Магчыма, i Iван Iванавiч сюды прыйдзе...
Бiм заснуў, сагрэўшыся ў цёплым сене. У такiм сене, ад водару якога мiжволi хочацца ўсмiхнуцца, нават чалавек засынае адразу, i ад гэтага паху свежага сена ў яго ўзнiкае ўваччу блакiтны колер перад сном. Бiму ж намнога лепш было чуваць усе самыя тонкiя адценнi гэтага водару, якi заспакойваў, унiмаў яго сум.
Пабудзiў Бiма пеўнеў крык. Некалi ён яго чуў неаднойчы, але не так блiзка, а гэты - проста за сцяною, гучна, працяжна i з гонарам: "Кука-рэ-ку-у-у!" Яму адгукнулiся ўсе вясковыя пеўнi. (Крыху пазней Бiм даведаўся, што гэты певень запявала i што такiя пеўнi сярдзiтыя.) Бiм сядзеў i слухаў дзiўную музыку; далей яна кацiлася па вёсцы хвалямi - то блiжэй, то далей, у залежнасцi ад таго, чыя была чарга, а апошнi, адзiн пракукарэкаў нейкi немагушчы пеўнiк, хрыпла, коратка i непадобна да пеўня, вартага павагi. Потым, праз некаторы час, Бiм разабраўся, што такiя пеўнi - баязлiўцы, уцякаюць ад чужога пеўня, якi ўрываецца на iх двор, хоць па ўсiх правiлах курынага жыцця гэты баязлiвец павiнен абараняць спакой падпарадкаваных яму курэй. А ён, iдал, уцякае. Затое менавiта такi певень бязлiтасны да
чужых куранят - клюе, такая падла, а мiж iншым нi адзiн певень, калi ён паважае сам сябе, нiколi не клюне кураня, якое прыбiлася невядома адкуль. Такi вось i заспяваў апошнi, i толькi тады, калi, вiдаць, пераканаўся, што не памылiўся наконт часу. Людзi б назвалi такога пеўня кан'юнктуршчыкам, але Бiму ўсяго-наўсяго было толькi смешна. Дарэчы, Бiм зусiм не ўяўляў, што па такiм здохлым пеўню нiхто нiколi не правярае час.Бiм прылёг i задрамаў. Раптам зноў з канца ў канец пракацiўся па вёсцы спеў. I Бiм зноў сеў i зноў слухаў з вялiкiм задавальненнем. Потым трэцi раз, яшчэ мацней, галасiста, нават урачыста! Ах, цудоўна спяваюць! Во дзе сiла! А што яны вытваралi недзе далёка - i ўявiць нельга! Бiм пакуль што не ведаў, што гэта раскашавалi хорам на калгаснай птушкаферме, па няпiсаных нотах, белыя, як кiпень, самаўпэўненыя пеўнi-прыгажуны, i таго разу, каб не быў ён запёрты ў сенцах, ён абавязкова збегаў бы i паглядзеў i паслухаў такое дзiва. Але сенцы былi яму за клетку.
Праз шчылiну ў дзвярах i ў сенцы пакрысе запаўзаў шэранькi восеньскi досвiтак. Бiм устаў, агледзеў сенцы: стаiць дзежка са збажыною, у адным кутку - засек з кукурузнымi пачаткамi, у другiм - качаны капусты. Вось i ўсё.
Выйшла з вядром Пятроўна. Бiм прывiтаў яе. Яна - на двор, i Бiм - на двор, следам. Яна села пад карову. Бiм - непадалёку. Струменьчыкi зазвiнелi аб вядро, а Бiм затупацеў пярэднiмi лапамi ад здзiўлення: малако! Карова стаяла спакойна i жавала сабе, без нiчога ў роце, - быццам шаптала i булькала сiмпатычная жывая цыстэрна з адкрытымi кранiкамi.
Пятроўна скончыла даiць, паклiкала Бiма ("Чарнавух"), налiла яму ў мiску малака, сказала: "Нельга", чуць пастаяла, сказала: "Вазьмi", добра засмяялася i заспяшала ў хату.
Ах, божа мой, якое гэта было малако! Цёпленькае, духмянас, тут табе i травою пахне, i кветкамi, полем - усiм разам, а яшчэ (гэта цяпер дакладна), яшчэ - рукамi Пятроўны, а не проста чалавечымi рукамi наогул, як здалося гэта Бiму ўчора здалёку. Бiм выхлебтаў усё, вылiзаў, справiў ранiшнiя патрэбы i скоранька агледзеў двор. Карова сустрэла яго зусiм даверлiва, нават лiзнула ў галаву, за што Бiм дакрануўся языком да яе шурпатае, малочна-пахучае пысы; авечкi з-за перагародкi патупалi на яго капытцамi, быццам бы пагражалi, i тут жа супакоiлiся, бо ўбачылi, што Бiм не ўсчынае нiякае агрэсii; свiння i двое парасят на першы раз i не паглядзелi на Бiма, а проста пахрукалi мiж сабою i нават не варухнулiся, хаця i ляжалi галовамi да Бiма, ля плоцiка. Так сустрэлi яго чатырохногiя, але куры - гэта та-абе! Уласна, не самi куры, а чырвоны певень. Ён, як толькi зляцеў з седала, залопаў крыллем i злосна забурчаў: "Ко-ко-ко-ко-ко!" Ды i кiнуўся на Бiма, як коршак. Чырвоны певень з чырвоным грэбенем ударыў сабаку грудзьмi i кiпцямi. (Вось якiя пеўнi бываюць!) Бiм гыркануў на яго ў адказ i ўдарыў лапаю. I адразу ж, у тое самае iмгненне, певень звесiў крылле i прыгнуўся, пабег у куток двара да курэй, што сабралiся чародкаю, як зацiкаўленыя гледачы; уцякаў ад Бiма зусiм перапалоханы, а падбег да iх ужо як герой. Ды яшчэ i закрычаў: "Вось як я яму! Вось як, вось як!" Куры дружна хвалiлi пеўня на ўсю сваю курыную моц. I што вы думаеце? Бiм пiльна паглядзеў на пеўня з павагаю. Што нi кажы, а Бiм нi разу не бачыў, каб птушка кiдалася на сабаку. А гэта ўсё-такi месца мае.
– Што тут за вэрхал?
– спытаў Хрысан Андрэевiч, выходзячы з сянец на двор. I на курэй: - Кыш, вы! Сабакi напужалiся, дурныя.
– Узяў Бiма за аброжак i падвёў да курэй, пастаяў так з iм i адпусцiў.
Бiм адышоў i адвярнуўся: ну iх! З тае пары певень i куры не падыходзiлi да сабакi, але не надта i баялiся, а так - пасакоча каторая - i з дарогi. А яму што? Ходзяць куры- не лятаюць, не плаваюць; зноў жа, нiхто ў iх не страляе значыцца, не птушка, а так сабе - самаходная iстота. Певень, гэты, вядома, не тое: i на страху ўзляцiць, i папярэдзiць пра чужога не пазней, чым Бiм, ды i кiруе салiдна - сам чарвяка не есць, а падначаленых клiча i, здараецца нават падзелiць. Так што певень заслугоўвае павагi.