Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)
Шрифт:

– Я слухаю вас.

– У вас, значыцца, сабака, - пачаў госць.
– А ў мяне, - ён выняў з кiшэнi паперку, - скарга на яго.
– I падаў гаспадару.

Iван Iванавiч чытаў i хваляваўся. Бiм прыкмецiў гэта, самохаць сышоў са свайго месца i сеў ля ног сябра, быццам баронячы яго, але на госця больш не глядзеў, хоць i быў напагатове.

– Глупства ўсё, - сказаў Iван Iванавiч спакайней.
– Глупства. Бiм ласкавы сабака, нiкога не кусаў i не ўкусiць, нiкога не пакрыўдзiць. Сабака iнтэлiгентны.

– Хэ-хэ-хэ!
– пакалыхаў жыватом госць. I недарэчна чыхнуў.
– О-о, скацiна!
– бяскрыўдна сказаў

ён да Бiма.

Бiм яшчэ больш адвярнуўся ўбок, але зразумеў, што гавораць пра яго. I ўздыхнуў.

– Як гэта вы разбiраеце скаргi?
– спытаў Iван Iванавiч ужо спакойна, усмешлiва.
– На каго скарга, таму даяце яе чытаць. Я i так паверыў бы вам, каб пераказалi.

Бiм заўважыў у вачах у госця смяшынку. А той прама сказаў:

– Перш-наперш, так i патрабуецца. Па-другое, скарга не на вас, а на сабаку. А сабаку мы чытаць не дадзiм...
– I засмяяўся.

Гаспадар таксама слаба ўсмiхнуўся. Бiм нават i не падумаў: ведаў, што гаворка пра яго, а што да чаго, не мог уцямiць - вельмi ж незразумелы госць. Той тыцнуў пальцам на Бiма i сказаў:

– Сабаку звальняць трэба.
– I махнуў рукою да дзвярэй.

Бiм зразумеў, што патрэбна ад яго: пайсцi. Але ад гаспадара не адступiў i на сантыметр.

– А вы паклiчце тую, што скардзiцца, - пагаворым, уладзiм усё, магчыма, папрасiў Iван Iванавiч.

Госць, зусiм нечакана, пайшоў i скора вярнуўся з жанчынаю:

– Вось прывёў да цябе цётку, значыцца.

Бiм яе таксама ведаў: невялiчкая, крыклiвенькая i тлустая, яна, аднак, цэлыя днi сядзела на лаўцы на двары з iншымi вольнымi жанчынамi. Аднойчы Бiм нават лiзнуў яе ў руку (не ад залiшняе павагi да яе, а да чалавецтва наогул), ад чаго яна завiшчала i пачала крычаць нешта на ўвесь двор, да адчыненых акон. Што яна там крычала, Бiм не зразумеў, але напалохаўся, даў дзёру i задрапаў дома ў дзверы. Больш ён нi ў чым вiны перад цёткаю не меў. I вось яна ўвайшла. Што з iм зрабiлася! Ён пачаў тулiцца да ног гаспадара, а калi той пагладзiў яго, то падцiснуў хвост, пайшоў на ляжак i спадылба глядзеў на яе. Ён нiчога не разумеў, што гаварыла цётка, а яна трашчала як сарока i ўсё паказвала на сваю руку. Але па яе рухах, па сярдзiтых позiрках, Бiм зразумеў: гэта за тое, што лiзнуў не таму, каму трэба. Малады-малады быў Бiм, таму i не ўсё мог дакумекаць. Магчыма, ён думаў i так: "Вiнаваты, вядома, але што цяпер зробiш". Ва ўсякiм выпадку нешта накшталт гэтага было ў яго вачах.

Толькi няўцям было Бiму, што вiнавацяць яго несправядлiва.

– Укусiць хацеў! Укусi-iць! Амаль што ўкусi-iў!

Iван Iванавiч, перабiўшы цётчыну траскатню, загаварыў да самога Бiма:

– Бiм! А прынясi мне пантофлi.

Бiм споўнiў гэта з ахвотаю i лёг перад гаспадаром. Той зняў паляўнiчыя чаравiкi i ўсунуў ногi ў пантофлi.

– Цяпер занясi пастаў чаравiкi.

Бiм зрабiў i гэта: па аднаму занёс iх пад вешалку.

Цётка прымоўкла, вылупiла вочы. Госць сказаў з пахвалою:

– Маладзе-ец! Ты бач, умее, значыцца.
– Неяк крышку, здаецца, непрыязна паглядзеў на цётку.
– А яшчэ ўмее што-небудзь?

– Ды вы сядайце, сядайце, - запрасiў Iван Iванавiч цётку.

Яна села, схавала рукi пад фартух. Гаспадар паставiў Бiму крэсла i загадаў:

– Бiм! На крэсла!

Паўтараць Бiму не трэба было. Цяпер усе сядзелi на крэслах. Цётка прыкусiла язык. Госць задаволена

пакiваў нагою, прыказваў:

– Добра выходзiць, добра, добра.

Гаспадар хiтравата прыплюшчыў вочы да Бiма:

– А ну дай лапу.
– I падаў руку.

Прывiталiся.

– Цяпер, дурненькi, павiтайся з госцем, - i паказаў на таго пальцам.

Госць падаў руку:

– Здароў, браток, здароў, значыцца.

Бiм зрабiў усё далiкатна, як i патрэбна было.

– А не ўкусiць?
– асцярожна запыталася цётка.

– Ну што вы!
– здзiвiўся Iван Iванавiч.
– Падайце руку i скажыце: "Лапку!"

Тая i сапраўды выцягнула руку з-пад фартуха i падала Бiму:

– Толькi не ўкусi, - папярэдзiла яна.

Ну, а тут няма як i расказаць, што зрабiлася. Бiм шарахнуўся на ляжак, падрыхтаваўся баранiцца, прыцiснуўшыся задам у куток, глядзеў у вочы гаспадару. Iван Iванавiч падышоў да яго, узяў за аброжак i падвёў да пакрыўджанае:

– Дай лапку, дай...

Не, не падаў лапу Бiм. Адвярнуўся i глядзеў на падлогу. Першы раз не паслухаў. I панура паплёўся ў свой куток, паволi, вiнавата i засмучана.

Вой, што тут зрабiлася! Цётка затараторыла, як сухая трашчотка:

– Ты ж мяне збэсцiў!
– крычала яна на Iвана Iванавiча.
– Нейкi задрыпаны сабака на мяне, савецкую жанчыну, увагi не мае!
– I тыцкала пальцам на Бiма. Ды я... ды я... Пачака-ай!

– Даволi!
– неспадзявана раўнуў на яе госць.
– Брэшаш ты, значыцца. Не кусаў ён цябе i не збiраўся. Ён жа цябе баiцца, як чорт кадзiла.

– Ты не крычы, - прабавала яна абаранiцца.

Тады госць сказаў коратка:

– Кыш!
– I загаварыў да гаспадара: - З такiмi iначай нельга.
– I зноў цётцы: - Бач ты! "Савецкая жанчына" яшчэ мне... Iдзi адсюль!
– рыкнуў ён. Яшчэ раз накаламуць - асмяю! Iдзi!
– Скаргу ён парваў перад ёю.

Апошнi сказ госця Бiм зразумеў выдатна. А цётка пайшла маўчком, ганарлiва задраўшы голаў i нi на кога не гледзячы, хоць Бiм цяпер не зводзiў з яе вачэй i нават глядзеў яшчэ на дзверы пасля таго, як яна выйшла, а крокi яе зацiхлi.

– Вельмi ж вы з ёю... грубавата, - сказаў Iван Iванавiч.

– Iнакш няма як, кажу вам: увесь двор скаламуцiць - ведаю. Калi гавару, то ведаю. Во дзе яны ў мяне, гэтыя сплетнiцы i буяны, - ён паляпаў сябе па зашыйку.
– Рабiць ёй няма чаго, яна i цаляе, каб куснуць каго. Дай такiм волю, увесь дом пойдзе цераз пень-калоду.

Бiм увесь час сачыў за тварам, за рухамi, iнтанацыяй i зразумеў выдатна: госць i гаспадар нiяк не ворагi, а нават, як здаецца, паважаюць адзiн аднаго. Назiраў ён доўга яшчэ, пакуль яны пра нешта гаварылi. Але калi даведаўся пра асноўнае, то астатняе яго мала цiкавiла. Ён падышоў да ног госця i ўлёгся, быццам хацеў гэтым сказаць: "Прабачце".

ЗАПIСКI ГАСПАДАРА

Сёння быў старшыня дамавога камiтэта, разбiраўся са скаргаю на сабаку. Выйграў Бiм. Мiж iншым, госць мой судзiў, як Саламон. Самародак!

Чаму ж Бiм загырчаў на яго спачатку? А, зразумеў! Я ж не падаў руку, сустрэў прышэльца сурова (давялося ж адкласцi паляванне), а Бiм рабiў усё па сабачай сваёй натуры: вораг гаспадара - i мой вораг. I тут павiнна быць сорамна мне, а не Бiму. Дзiва, якое тонкае ў яго адчуванне iнтанацыi, выразу твару, рухаў! Пра гэта абавязкова трэба памятаць.

Поделиться с друзьями: