Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)
Шрифт:
Прыцемкам ён спахапiўся: а раптам гаспадар дома? I пабег спехам, лёгкiм галопам.
Бег па горадзе прыгожы, з блiскучаю шэрсцю, дагледжаны сабака - белы, з чорным вухам. Любы добры чалавек скажа: "Ах, якi мiлы паляўнiчы сабака!"
Бiм падрапаў за родныя дзверы, але яны не адчынiлiся. Тады ён лёг ля парога, скруцiўшыся абараначкам. Не хацелася нi есцi нi пiць - нiчога не хацелася. Сум.
На пляцоўку выйшла Сцяпанаўна:
– Прыйшоў, гаротны?
Бiм вiльнуў хвастом толькi адзiн раз ("Прыйшоў").
– Ну вось, а цяпер i павячэрай.
– Яна падсунула да яго
Бiм не ўзяўся.
– Я i ведала: сам накармiўся. Разумны. Спi.
– I зачынiла за сабою дзверы.
Гэтае ночы Бiм ужо не выў. Але i не адыходзiў ад дзвярэй: чакаць!
А ранiцою зноў захваляваўся. Шукаць, шукаць сябра! Гэта i ёсць сэнс жыцця. I калi Сцяпанаўна выпусцiла яго, ён, перш-наперш, збегаў да людзей у белых халатах. Гэтым разам нейкi тоўсты чалавек крычаў на ўсiх i часта паўтараў слова "сабака". У Бiма папускалi каменнем, хаця i знарок мiма, махалi на яго палкамi i, у канцы канцоў, сербанулi балюча дубцом. Бiм адбегся, сеў, пасядзеў чуць i, мабыць, вырашыў, што тут гаспадара не можа быць, а iнакш не праганялi б так нядобра. I пайшоў Бiм, злёгку апусцiўшы галаву.
Па горадзе iшоў адзiнокi, сумны, занiвошта пакрыўджаны сабака.
Выйшаў ён на бурлiвую вулiцу. Людзей была цьма-цьмушчая, i ўсе спяшалiся, толькi зрэдку перакiдалiся словамi, цяклi кудысь i цяклi бясконца. Быць не магло, каб не прыйшла Бiму ў галаву такая думка: "А цi не пройдзе ён тут?" I без усякае логiкi сеў у цянi, непадалёку ад веснiчак, i пачаў пiльнаваць, не прапускаючы нi аднаго чалавека. Па-першае, Бiм заўважыў, што ўсе людзi, аказваецца, пахнуць аўтамабiльным дымам, а ўжо цераз яго даходзяць другiя пахi рознае сiлы.
Вось iдзе чалавек, худы, высокi, у вялiкiх стаптаных чаравiках, i нясе ў сетцы бульбу, гэтакую ж, як прыносiў дадому i гаспадар. Худы нясе бульбу i пахне тытунём. Крочыць скоранька, спяшае, быццам яго хтосьцi даганяе. Але гэта толькi здалося - даганяюць некага ўсе. I ўсе нешта шукаюць, як на палявых спаборнiцтвах, а iнакш навошта бегчы па вулiцы, забягаць у дзверы, выбягаць i зноў бегчы?
– Прывiтанне, Чорнае вуха!
– кiнуў худы на хаду.
"Прывiтанне", - панура адказаў Бiм, варухнуўшы па зямлi хвастом i не губляючы засяроджанасцi, з якою пазiраў на людзей.
А вось за iм iдзе чалавек у камбiнезоне, пахне гэтаксама, як i сцяна, калi яе лiзнуць (мокрая сцяна). Ён амаль увесь шэра-белы. Нясе доўгую белую палку з бародкаю на канцы i цяжкую сумку.
– А ты чаго тут?
– папытаўся ён у Бiма, спынiўся.
– Усеўся чакаць гаспадара цi згубiўся?
"Ага, чакаць", - адказаў Бiм, патупаўшы пярэднiмi лапамi.
– Тады на вось табе.
– Ён выняў з сумкi кулёк, паклаў перад Бiмам цукерку i пацерабiў за вуха.
– Еш, еш. (Бiм i не дакрануўся.) Дрэсiрованы. Iнтэлiгент. З чужое талеркi есцi не будзеш.
– I пайшоў далей паволi, спакойненька, не так, як усе.
Як каму, а Бiму гэты чалавек добры: ён ведае, што такое "чакаць", ён зразумеў Бiма.
Таўсцерны-тоўсты, з тоўстаю палкаю ў руцэ, з тоўстымi чорнымi акулярамi на носе, нясе тоўстую папку: усё ў яго тоўстае. Пахне ён паперамi, па якiх гаспадар шаптаў палачкаю, i яшчэ, здаецца, тымi жоўтымi паперкамi, якiя гаспадар клаў у кiшэню. Ён спынiўся каля
Бiма i сказаў:– Фух! Ну i ну! Дажылiся: сабакi на праспекце.
З варот паказаўся дворнiк з мятлою i стаў ля Тоўстага. А той гаварыў да дворнiка, паказваючы пальцам на Бiма:
– Бачыш? На тваёй тэрыторыi нябось?
– Факт, бачу.
– I абапёрся на мяцёлку, паставiўшы яе ўверх барадою.
– Бачыш... Нiчога ты не бачыш, - сказаў злосна.
– Нават цукерку не есь, заеўся. Як жа далей жыць?!
– Ён злаваўся ваўсю.
– А ты не жывi, - сказаў дворнiк i раўнадушна дадаў:- Бач ты, выхудаў, бедалага.
– Зневажаеш!
– гыркнуў Тоўсты.
Спынiлiся тры маладыя хлопцы i чамусьцi ўсмiхалiся, гледзячы на Тоўстага i на Бiма.
– А вам чаго смешна? Чаго смешна? Я кажу яму... сабака! Тысячы сабак, па два-тры кiло мяса кожнаму - дзве-тры тоны ў дзень. Кумекаеце, колькi выходзiць?
Адзiн з хлопцаў запярэчыў:
– Тры кiло i вярблюд не з'есць.
Дворнiк спакойна ўдакладнiў:
– Вярблюды не ядуць мяса.
– Нечакана ён ухапiўся за мятлу i замахаў ёю па асфальце перад нагамi ў Тоўстага: - Сыдзi, грамадзянiн! Ну? Я што сказаў!
Тоўсты пайшоў, адплёўваючыся. Тыя ўтрох таксама пайшлi сваёй дарогаю, пасмейваючыся. Дворнiк тут жа перастаў месцi. Ён пагладзiў Бiма па спiне, пастаяў крыху i сказаў:
– Сядзi чакай. Прыйдзе.
– I пайшоў у варотцы.
З усяе гэтае сваркi Бiм не толькi зразумеў - "мяса", "сабака", "магчыма", "псiна", але чуў iнтанацыю галасоў i, галоўнае, усё бачыў: а гэтага ўжо хопiць, каб разумнаму сабаку здагадацца: Тоўстаму дрэнна жыць, дворнiку добра; адзiн злосны, другi - добры. Каму ўжо ведаць, калi не Бiму, што нi свет нi зара на вулiцах ёсць толькi дворнiкi i што яны паважаюць сабак. Тое, што дворнiк прагнаў Тоўстага, Бiму нават спадабалася. А ўвогуле ўся гэтая пуставатая гiсторыя толькi забавiла Бiма, хаця, можа, i была ад яе карысць, таму што Бiм пачаў здагадвацца: людзi ўсе розныя, яны могуць быць i добрыя i дрэнныя. I тое карысць, скажам мы збоку. Але пакуль што Бiму гэта было ўсё роўна: ён глядзеў i глядзеў на прахожых.
Некаторыя жанчыны пахлi востра, што аж не вытрываць, ландышамi, пахлi тымi беленькiмi кветачкамi, што забiваюць нюх, i ля якiх Бiм рабiўся бясчутным; у такiм выпадку Бiм адварочваўся i некалькi секунд не дыхаў - яму не падабалася. У большасцi жанчын вусны былi гэткага самага колеру, як сцяжкi на воўчай аблаве; Бiму такi колер таксама не падабаўся, як i ўсiм жывёлам, а сабакам i быкам асаблiва. Амаль усе жанчыны нешта неслi ў руках. Бiм прыкмецiў, што мужчыны з паноскаю трапляюцца радзей, а жанчыны - часта.
...А Iвана Iванавiча ўсё няма i няма. Сябар ты мой! Дзе ж ты?..
Людзi цяклi i цяклi. Журба Бiмава крышку аслабела, рассеялася сярод людзей, i ён яшчэ ўважлiвей пазiраў уперад - цi не iдзе ён. Сёння Бiм будзе чакаць тут. Чакаць!
Каля яго спынiўся чалавек з мясiстымi абвiслымi губамi, глыбока-маршчынiсты, кiрпаты, з вачыма навыкаце i закрычаў:
– Чортведама што! (Людзi сталi прыпыняцца.) Навокал грып, эпiдэмii, рак страўнiка, а тут што?
– тыкаў ён усёю далоняю ў Бiма.
– Тут, у масе народу, у гушчынi працаўнiкоў, сядзiць жывая зараза!