Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)
Шрифт:

– Не ўсякi сабака - зараза. Глядзiце, якi мiлы сабака, - запярэчыла дзяўчына.

Кiрпаты паглядзеў на яе зверху ўнiз i знiзу ўверх i адвярнуўся, абураючыся:

– Якое дзiкунства! Якое дзiкунства ў вас, грамадзяначка...

I вось... Эх, калi б Бiм быў чалавек! Вось падышла тая самая цётка, "савецкая жанчына" - тая сплетнiца. Бiм спачатку спалохаўся, але потым натапырыў шэрсць на загрыўку i прыняў абарончую пазiцыю. А цётка затараторыла да ўсiх, хто стаяў паўкругам крыху воддаль:

– Дзiкасць i ёсць дзiкасць! Ён жа мяне ўкусiў. У-ку-сi-ў!
– I

паказвала ўсiм руку.

– Дзе ўкусiў?
– спытаў юнак з партфелем.
– Пакажыце.

– Ты мне яшчэ, шчанюк!
– Ды i схавала руку.

Усе, акрамя кiрпатага, засмяялiся.

– Выхоўвалi цябе ў iнстытуце, чорта, вось ужо выхавалi, гадзёныша, накiнулася яна на студэнта.
– Ты мне, савецкай жанчыне, i не верыш? Ды што ж потым будзе? Да чаго ж мы iдзём, дарагiя грамадзяне? Цi ў нас ужо Савецкае ўлады няма?

Юнак пачырванеў i зазлаваўся:

– Каб вы ведалi, як на вас глядзець людзям збоку, то пазайздросцiлi б гэтаму сабаку.
– Ён ступiў да цёткi i крыкнуў: - Хто вам даў права зневажаць?

Хаця Бiм i не зразумеў слоў, але больш не вытрымаў: ён скочыў да цёткi, гаўкнуў на ўсю моц i ўпёрся ўсiмi чатырма лапамi, каб стрымацца (за тое, што потым можа быць, ён не ручаўся). Iнтэлiгент. Ды ўсё-такi сабака.

Цётка закрычала не сваiм голасам:

– Мiлiцыя! Мiлi-i-цыя!

Дзесьцi засвiстаў свiсток, нехта, падыходзячы, крыкнуў:

– Праходзьце, грамадзяне! Праходзьце каму куды трэба!
– Гэта быў мiлiцыянер. (Бiм нават чуць павiляў хвастом, хоць i быў устрывожаны.) - Хто крычаў?! Вы?
– загаварыў мiлiцыянер да цёткi.

– Яна, - пацвердзiў студэнт.

Умяшаўся Кiрпаты:

– I куды вы гледзiце! Што робiце?
– запсiхаваў ён на мiлiцыянера. Сабакi, сабакi на праспекце ў абласным горадзе!

– Сабакi!
– крычала цётка.

– I гэтакiя вось яшчэ пiцекантропусы!
– крычаў i студэнт.

Ён мяне збэсцiў!
– чуць не плакала цётка.

– Грамадзяне, р-разыдзiцеся! А вы, вы ды i вы, пройдзем да мiлiцыi, сказаў ён да цёткi, юнака i Кiрпатага.

– А сабака?
– аж запiшчала цётка.
– Чэснага чалавека ў мiлiцыю, а сабаку...

– Не пайду, - адрэзаў юнак.

Падышоў другi мiлiцыянер:

– Што тут?

Чалавек пры гальштуку, пры капелюшы з гонарам i памяркоўна растлумачыў:

– Ды вось, гэты студэнцiк не хоча ў мiлiцыю, не слухаецца. Гэныя вунь, абое, хочуць, а гэны не хочаць. Неслухства? А гэта не дазволена. Вядуць трэба iцiць. Цi мала што...
– I ён адвярнуўся ад усiх, закруцiў у сваiм вуху вялiкiм пальцам, быццам каб большая дзiрка стала i лепш чуць было. Гэта быў самы што нi на ёсць жэст уласнай перакананасцi, упэўненасцi ў трываласцi сваiх думак i несумненнай перавагi свае асобы над усiмi, хто тут быў, - нават над мiлiцыянерам.

Абодва мiлiцыянеры зiрнулi адзiн на аднаго, але студэнта ўсё ж павялi з сабою. Следам за iмi патупацеў Кiрпаты i Цётка. Людзi разышлiся i ўжо не зважалi на сабаку, акрамя тае мiлае дзяўчыны. Яна падышла да Бiма i пагладзiла яго, але таксама пайшла за мiлiцыянерамi. Сама пайшла, як бачыў

Бiм. Ён паглядзеў ёй услед, патаптаўся на месцы i пабег, дагнаў яе i пайшоў поруч.

Чалавек i сабака iшлi ў мiлiцыю.

– Каго ж ты чакаў, Чорнае вуха?
– запытала яна, прыпыняючыся.

Бiм сумна прысеў, апусцiў галаву.

– Падцягло табе жываты, мiлы. Я накармлю цябе, пачакай, накармлю, Чорнае вуха.

Ужо некалькi разоў называлi Бiма "Чорнае вуха". I гаспадар некалi гаварыў: "Эх ты, Чорнае вуха!" Даўно-даўно ён так сказаў, яшчэ ў дзяцiнстве. "Дзе ж ты, мой сябар?" - думаў Бiм. I ўсё ж зноў пайшоў з дзяўчынаю, сумны i журботны.

У мiлiцыю яны прыйшлi ўсе разам. Там крычала цётка, рыкаў кiрпаты дзядзька, угнуўшы голаў, маўчаў студэнт, а за сталом сядзеў мiлiцыянер, незнаёмы, i непрыязна глядзеў на ўсiх траiх.

Дзяўчына сказала:

– Прывяла вiноўнiка.
– I паказала на Бiма.
– Сiмпатычнейшае стварэнне. Я ўсё чула i бачыла там з самага пачатку. Гэты хлопец, - яна кiўнула на студэнта, - нi ў чым не павiнен.

Расказвала яна спакойна, то паказваючы на Бiма, то на каго-небудзь з траiх. Ёй спрабавалi перабiць гаворку, але мiлiцыянер строга спыняў i Цётку, i Кiрпатага. Ён, было вiдаць, давяраў дзяўчыне. Пад канец яна жартам спыталася:

– Правiльна я гавару, Чорнае вуха?
– I да мiлiцыянера яшчэ дадала: - Я Даша.
– Потым да Бiма: - Я Даша. Зразумеў?

Уся Бiмава iстота паказвала, што ён яе паважае.

– А ну, iдзi да мяне, Чорнае вуха. Да мяне!
– паклiкаў мiлiцыянер. О, Бiм ведаў гэты загад "да мяне". Добра ведаў. I падышоў. Той ласкава палапаў па шыi, узяўся за аброжак, паглядзеў нумарок i нешта запiсаў. А Бiму загадаў:

– Ляжаць!

Бiм лёг так, як i трэба: заднiя ногi пад сябе, пярэднiя выцягнуты ўперад, галава - вочы ў вочы з субяседнiкам i чуць набачок.

Цяпер мiлiцыянер пытаўся ў тэлефонную трубку:

– Таварыства паляўнiчых?

"Паляванне!" - здрыгануўся Бiм. "Паляванне!" Што гэта абазначае тут?

– Таварыства паляўнiчых? З мiлiцыi. Нумар дваццаць чатыры паглядзiце. Сетэр... Як гэта няма? Быць не можа. Сабака харошы, вывучаны... У гарсавет? Добра.
– Паклаў трубку i яшчэ раз узяў, нешта пытаўся i пачаў запiсваць, паўтараючы ўслых: - Сетэр, са знешнiмi дэфектамi, пасведчання на радаслоўную няма, гаспадар Iван Iванавiч Iваноў, вулiца Праезджая, сорак адзiн. Дзякую. Цяпер ён загаварыў да дзяўчыны: - Вы, Даша, маладзец. Найшоўся гаспадар.

Бiм затанцаваў, ткнуў носам у калена мiлiцыянеру, лiзнуў руку Дашы i глядзеў у вочы, проста ў вочы, так, як умеюць глядзець толькi разумныя i ласкавыя, даверлiвыя сабакi. Ён жа ўсё зразумеў, што гаварылi пра Iвана Iванавiча, пра яго сябра, пра яго брата, пра яго бога, як на гэта сказаў бы чалавек. I аж уздрыгваў ад хвалявання.

Мiлiцыянер строга буркнуў да Цёткi i Кiрпатага:

– Iдзiце. Усяго добрага.

Дзядзька ўзяўся пiлаваць дзяжурнага:

– I гэта - усё? Якi ж у нас пасля ўсяго будзе парадак? Распусцiлi!

Поделиться с друзьями: