Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

— У дзядзькі быў?

— Быў…

— М-мм… Не крыўдуй, але твой дзядзька… Гэта проста хоць рэж мяне, хоць еж мяне. Уяўляю!

Пятрусь добра разумеў, чаго Леанід Міхайлавіч баіцца: што языкасты, балбатлівы дзядзька плявузгае пра яго сям’ю, а Петрык будзе разносіць гэта па школе. Але Петрык трымаў рот на замку, да таго ж меў смірныя паводзіны, добрыя адзнакі, аб чым, канечне, Леаніду Міхайлавічу хутка стала вядома, і настаўнік адразу павесялеў, і пры сустрэчах пачаў пытаць ужо не пра дзядзьку, а проста: як жывеш? што чытаеш? чым цікавішся? Зваў яго Леанід Міхайлавіч коратка і прыгожа — Піт. Паміж імі нават узнікла нейкая сувязь, як у людзей, у якіх ёсць агульны сакрэт.

— І тут ты пралез, — канючыў назіральны Тамаш Капора. — Усіх абвёў вакол пальца! З настаўнікамі сябруеш… Хіцёр Зміцёр!

Леанід Міхайлавіч кожны перапынак выходзіў пакурыць на ганак. Размінаў у тонкіх пальцах цыгарэту з залатым абадком

на фільтры. Зацягваўся апетытна, прыгожа. Побач Піт у якасці пасіўнага курыльшчыка прагна лавіў ноздрамі чужы дым. Па меры сіл і магчымасцей Леанід Міхайлавіч стараўся скарыстоўваць гэтыя перакуры для таго, каб хоць трохі «абчасаць» свайго маленькага сябра. Відаць, ён лічыў, што чым больш упіхне ў Піта культуры, тым лепш будзе яму, настаўніку, бо тым менш Піт будзе ўспрымаць дурноту і хамства свайго дзядзькі. Хамства Леанід Міхайлавіч не пераносіў фізічна. Асабліва абражала яго густ прастанародная грубасць, розныя мясцовыя прымаўкі-прыказкі, нават самыя нявінныя, напрыклад: «У дурнога салаўя — дурная песня», «Ну ты дзіва — век не бачыў, а пабачыў — засмяяўся», «Пра цябе ў Маскве ў лапці звоняць»; не кажучы ўжо пра тое, як калі дзеці гулялі ў «квача» ці ў здаганялкі, дык крычалі на ўвесь двор:

— Не спаймаў, не спаймаў — сваю матку прыкапаў!

Тут Леаніда Міхайлавіча проста перасмыкала; рэзала па ім, як лязом; ён моршчыўся, крывіўся, як ад зубнога болю.

— Які жах… Няўжо вы не разумееце, што нельга так!

Піт рабіў выгляд, што не разумее.

— Такая чароўная прырода вакол, такія мясціны, такі залаты ўзрост — і так бяздарна марнуецца ўсё. Абкрадваеце самі сябе. А як пасля ўспомняцца гэтыя часы! — з салодкімі дрыжыкамі, са слязамі захаплення! з пакутамі раскаяння! — ды не вернеш…

Ён прыкурыў і кінуў запалку. Піт прасачыў за яе палётам і ўспомніў гісторыю дзядзькі Стэфана пра пеўня. Яму захацелася пахваліцца, расказаць Леаніду Міхайлавічу, што яны таксама жывуць вельмі цікава.

Піт не шкадаваў красамоўства, расказваў, захліпваючыся, з ззяючымі вачыма — і паказваў! — як певень нюхае бензін, як падкрадваецца да яго дзядзька Стэфан, як потым шуганула полымя і на колькі метраў узляцеў угару певень:

— На цэлых дваннаццаць метраў!

Петрык знарок, для ўзмацнення дадаў лішняе «н». І як пасля певень сумаваў, ліняў, мучыўся, не хацеў есці, пакуль не сканаў — ад стрэсу! Апошняе слова Петрык таксама вымавіў з асаблівым націскам.

Ніякага ўражання яго гісторыя на настаўніка не зрабіла. Леанід Міхайлавіч толькі і сказаў:

— Усё мае межы, акрамя чалавечага глупства.

У сакавіку, як толькі пацяплела, Леанід Міхайлавіч пачаў прыязджаць у школу на матацыкле «Ява», новенькім, з нікеляванымі дугамі, з абцягнутым футрам сядлом. Раз нават ён падвёз Петрыка дадому, — можа, знарок захацеў зайсці паглядзець, як той жыве. У двары яшчэ дзе-нідзе ляжалі латкі снегу. Але на праталінах зелянела трава, і крокусы рашуча прабівалі зямлю сваімі трохкутнымі, пругкімі рожкамі, смела вылазілі на свет. Ад зямлі падымаліся празрыстыя хвалі нагрэтага паветра, і пахла талым снегам. Двор, агарод, сад, домік, а галоўнае, цішыня — усё спадабалася настаўніку. Піт правёў яго ў дом. Нікога не было: маці на працы, бабуля з раніцы паехала ў паліклініку. І тут застаўся задаволены Леанід Міхайлавіч. Асобны пакойчык. Чысціня. Утульнасць. Кнігі. Вакенца ў сад.

— О, нават гітара ёсць!

— На дзень нараджэння… Дзядзька Стах падараваў.

— А я гляджу — знаёмы інструмент. Я яго Лену добра памятаю. Вучыў яе іграць, на гэтай вось самай гітары… Цудоўная дзяўчына, сціплая, таленавітая. Рэдкі выпадак, калі яблык далёка адкаціўся ад яблыні…

Леанід Міхайлавіч настроіў гітару і ўзяў некалькі акордаў. Так прыгожа прагучалі яны ў пустым, ціхім доме! Потым пачаў праглядаць кнігі на паліцы. Петрык сачыў за ім з трывогай, баючыся, каб настаўнік не дабраўся да шыкоўнага, з каляровымі малюнкамі выдання «Падарожжа Гулівера» — пераказ на беларускую Анатоля Кудраўца. Кніга знарок ляжала на самым версе паліцы, каб ніхто не дастаў. Там усярэдзіне быў ліст з альбома па маляванні, шчыльны, складзены напал, як вялікая святочная паштоўка, з віньеткамі па краях, з намаляваным букетам жоўтых, чырвоных і чорных цюльпанаў, і ад рукі напісаны верш, крамольны, да таго захапляльна-непрыстойны, што яго трэба было надзейна хаваць ад чужых вачэй. Піт ведаў яго на памяць, але паштоўку, рызыкуючы, бярог, трымаў у кнізе як закладку.

Канечне ж, Леанід Міхайлавіч дацягнуўся да Гулівера.

— А гэта што? Такое прыгожае?

— Галька Капора… Падаравала на дзень нараджэння, — Піт густа пачырванеў.

— Я гляджу, твой дзень нараджэння як юбілей адзначаўся. Падарункі, кнігі, — а сам ужо чытаў, добра, што не ўголас.

«Добры дзень, мой татка! Піша сын Пятрусь. Нешта
з нашай мамкай я не разбярусь.
То бывае хмурай, то спявае штось, бачу, рэжа куры — мусіць, будзе госць. Вось прыходзіць дзядзька, маці кажа — брат. Ты не вер ёй, татка, — нешта тут не так. Як у сваёй хаце гэты рыжы гад ціскаў нашу мамку — ды не так, як брат. Анекдоты сыпаў, а за стол як сеў, то усё павыпіў, і усё паеў. Не даваў спакою маці цэлы дзень, так і лез рукою ёй вышэй калень. „Я да твайго цела, кажа, дабярусь!“ Маці так нясмела: „Пагуляй, Пятрусь“. Вось я і падаўся ціха да дзвярэй, ды у кут схаваўся — што будзе далей?..»

Далей было такое, што Петрык са страхам сачыў за тварам Леаніда Міхайлавіча. Але настаўнік дачытаў, загарнуў кнігу, спакойна паклаў кнігу на месца.

— Гэта праўда Галя падаравала? А на выгляд такая ціхоня… Ты паказваў каму-небудзь? У сэнсе, дарослым? І не паказвай. Яшчэ лепш — знішчы. А верш таленавіты, — нечакана сказаў ён. — Ды вось толькі ўсе гэтыя штучкі, «Петрусёвы бацькі», яшчэ будуць, ад іх нікуды не дзенешся, а што можна згубіць — такое, чаго потым не вернеш — дык гэта магчымасць паднесці дзяўчынцы-аднакласніцы парфель, падараваць ёй кветкі — проста так, без прычыны, прысвяціць ёй верш… Не такі, канечне! — спахапіўся Леанід Міхайлавіч, — а пра прыроду, каханне… Калі ты не будзеш ведаць «Петрусёвага бацьку», ты нічога не згубіш. Калі ж упусціцца, выпадзе з біяграфіі не паднесены аднакласніцы партфель, не падараваныя ёй кветкі, не прысвечаны ёй верш — вось гэта будзе катастрофа! Табе здаецца, што ў цябе яшчэ не жыццё, а толькі падрыхтоўка да жыцця, а сапраўднае яно наперадзе, але павер — тут памылка; менавіта ў гэтыя гады, ад 5 да 12, адбываецца з чалавекам усё самае лепшае, што можа адбыцца. А потым — альбо паўтор, альбо салодкія ўспаміны. Таму я табе настойліва раю збіраць па крупінках матэрыял для гэтых успамінаў, хаця б машынальна, проста як капейкі ў капілку, шукаць, цягнуцца толькі да светлага, чыстага, добрага — як яно потым у жыцці паможа! І наадварот, горка будзе, балюча, калі гэтыя чароўныя гады прабягуць без паходаў, песняў, без палатак, гітары… Локці будзеш кусаць! У цябе такі перыяд, што табе трэба паўсюль лезці, усім цікавіцца, быць дапытлівым, вучыцца танцаваць — абавязкова, іграць на гітары, пахадзіць у секцыю плавання, запісацца ў розныя гурткі — у школе ж іх поўна: у драматычны, літаратурны, малявання, — карацей, увесь час шукаць, бо ў кожнага ж чалавека талент, і каб знайсці свой, трэба пераспрабаваць усё. А «Петрусёвы бацькі» нікуды не ўцякуць…

Адзвінелі капяжы, сінія сакавіцкія ранкі з хрупкім лядком пад нагамі змяніліся на зялёныя — красавіцкія. Увесь двор зелянеў травою. У траве, ціўкаючы, бегалі чорныя шпакі з жоўтымі дзюбкамі. Ластаўкі абляплялі правады, і было страшна за іх — як яны з такімі тонкімі лапкамі не баяцца электрычнага току? Вішні, баючыся прапусціць вясну, зацвілі раней, чым выпусцілі лісце, а паўднёвы абрыкос марудзіў, набіраў сілы і соку, каб ужо ў маі ў адначассе адкрыць і свае шырокія лісты, і буйныя белыя кветкі — да таго пахка-дурманныя, што пчолы п’янелі ад іх нектару і пасля ляцелі крыва, а некаторыя, не могучы ляцець, нават падалі пад дрэва.

На Радаўніцу Петрык хадзіў з бабуляю Домнай на магілку дзеда Андрэя. Фарбаваў ужо сам унук. Баба сядзела на пагорачку, аддыхвалася. Яна моцна здала за гэтую зіму, хварэла, кашляла, хадзіла з палкаю, нават сюды, на могілкі, ледзь даклыпала. Вячоркі ў іх даўно не збіраліся, не было каму больш спяваць «ой, не пакіну гарэлачку піці»… Марта ляжала ў бальніцы, вясёлы Зміцер раптоўна памёр. Якаў яшчэ соўгаўся, але ўжо не з музыкальнай пілою, а таксама, як і Домна, з палкаю. Хутка скончылася іх пенсіянерскае шчасце, кароткае, як і ўсё добрае ў гэтым свеце.

Унук старанна працаваў пендзлем, і ўсё пытаў:

— Добра, баба? Я так раблю?

— Вельмі добра, унучак, усё так ты робіш! — хваліла бабуля, а ў самой позірк блукаў між магіл, і неяк асабліва пільна спыняўся на адной латачцы зямлі — побач з сваім Андрэем, нібы яна ўжо выглядвала сабе месца.

Фарба на гэты раз была тэракотавая — карычнева-чырвоная. Петрык, фарбуючы, гуляў у палітычную карту свету. На ўроках ім давалі такія карты — белыя, пункцірам падзелыя краіны, якія трэба было расфарбаваць па палітычнай прыналежнасці: сацыялістычны лагер — чырвоным колерам, капіталістычны — чорным. Пэндзаль лёгка хадзіў у руцэ, адным узмахам ператвараючы зло ў дабро. Прыемная тэракотавая фарба ўсё больш захоплівала тэрыторыю фарбы старой, бляклай, шэра-зялёнай.

Поделиться с друзьями: