Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

— І правільна! І даўно пара! Хай пабачаць, як без цябе…

— Паеду ў Маскву двары падмятаць. Ці цэглу на будоўлі падносіць.

— Яшчэ чаго! Не дачакаюцца! Я цябе не пушчу. І так не прападзем. Агарод свой, дзеці дарослыя. Колькі нам трэба? А ў цябе затое час з’явіцца — на акварэлькі, на палатно…

Адольф моршчыўся, бо і акварэлькі, і палатно яму абрыдлі. Адзінае, што яму не абрыдала, дык гэта спіртное. Яно давала вастрыню розуму і яснае адчуванне ўсяго, што адбываецца. У такія хвіліны Адольф разумеў усё — усе пачаткі і канцы.

Ён пакрысе прывык піць і філасофстваваць. А слухачом хочаш не хочаш даводзілася быць жонцы.

— Пра

якую працу можа быць гаворка, калі людзі бачаць, як дваццацігадовы хлапчук адным націскам клавішы на камп’ютары зарабляе мільён даляраў?

— І ты будзеш зарабляць мільён даляраў, — з цвёрдай упэўненасцю казала жонка. — Кінеш гэты камвольны, час з’явіцца…

— Пры чым тут час? — злаваўся Адольф. — Я ў цэлым бяру! Увогуле сітуацыю!..

Паступова ў яго разважаннях усё больш пачало з’яўляцца агрэсіўных нотак. Адольф выпіваў; разам з алкаголем наліваўся нядобрым імпэтам, і, як Ягор Булычоў, пачынаў выкрываць.

Нібыта ён быў які суддзя, ці пракурор, ці народны абвінаваўца, а ўяўная аўдыторыя (жонка) перад ім — падсудныя.

Сэнс яго «выкрыванняў» зводзіўся да таго, што ўсе вакол кепскія, адзін ён добры.

Злодзеі, бессаромнікі, прайдзісветы стварылі, у яго, Адольфа, не папытаўшы, самы што ні на ёсць дзікі капіталізм, пад шумок пабудавалі ідэальнае грамадства татальнай несправядлівасці.

Сумленнаму, шчыраму, а, значыць, непрактычнаму чалавеку ў такім грамадстве няма месца. Ён пастаўлены ва ўмовы, пры якіх у яго знікае павага да самога сябе. Адсюль — стрэс, ад стрэсу — выкіды ў кроў гармонаў трывогі, а гэта прымушае арганізм увесь час працаваць на павышанай хуткасці, як матор, якому не даюць адпачыць; адсюль вынік — хваробы, бяссонніца, хуткае старэнне.

— Па ідэі, — развіваў думку Адольф, — любая хвароба, ад грыпу да зубнога болю, справакавана такім грамадствам. І за тое, што я цяпер п’ю, я смела магу падаваць іск у Страсбургскі суд… на грамадства!

Во да чаго пачаў дагаворвацца дзядзька Адольф, вось у якія вышыні сягаў яго абвінаваўчы запал, во да такіх вялікіх наступстваў прывяла чалавека маленькая слабасць!

І — перастаньце! — гнеўна звяртаўся ён да сваёй «аўдыторыі» (да жонкі). — Мне вашыя гульні ўжо надакучылі! Усё не так цікава, як здаецца напачатку. Выбачайце! Маё шанаванне! — насоўваў на галаву капялюх і выходзіў.

Праўда, працверазеўшы, Адольф прасіў у жонкі прабачэння, бажыўся, што нічога не памятае, што такога не магло быць, бо ён сябе ведае, ён па натуры добры, мяккі, нікому зла не жадае, не зайздросціць, і цвёрда абяцаў, што больш такога не паўторыцца.

Але яно паўтаралася.

Жонка ніколі яго такім раней не бачыла і цяпер са страхам сачыла за пераменамі. Яна і не думала, што ў яе мяккага, бяскрыўднага, далікатнага Адолі можа жыць усярэдзіне іншы чалавек — агрэсіўны, злосны. Яна з усіх сіл спрабавала ўратаваць сям’ю, спадзявалася, што муж апамятаецца, вернецца да сябе ранейшага, і ўсё ў іх зноў будзе, як у людзей, ладна, зграбна, прыстойна.

Скончыўся адпачынак — Адольф аднёс заяву «па ўласным». Думаў, будуць упрошваць застацца, хоць бы ўлічаць яго стаж, хоць бы спытаюць прычыну. Нічога падобнага! Загадчык аддзела кадраў — чалавек новы, супрацоўнікаў не ведаў, падмахнуў заяву з радасцю, бо і так камбінат ледзь ліпеў, трэба былі скарачэнні. Гэта яшчэ больш пераканала Адольфа ў тым, што цяпер любому на любога начхаць.

Ён атрымаў разліковыя, і на гэтыя грошы загуляў па поўнай.

Ужо і не апраўдваўся, проста наліваў сам сабе і піў. Да жонкі пачаў чапляцца. Падкрэслена звяртаўся да яе на «вы», нібы яна была яму ворагам, нібы гэта менавіта яна, жонка, знарок стварыла грамадства татальнай несправядлівасці, спецыяльна зрабіла так, каб мужу кепска было.

— Я — Адольф! Папрашу запомніць! — стукаючы костачкамі пальцаў па стале, казаў ён (а жонцы слухай). — У мяне размова кароткая! Калі што — выбачайце!

Апранаўся, браў капялюш, кідаў пагардліва:

— Маё шанаванне!

Выходзіў, праз пяць хвілін як ні ў чым не бывала вяртаўся, вешаў капялюш, плашч і пачынаў новую лекцыю. Ён ужо забываўся, дома ён ці дзе.

Жонка да таго змучылася, што не вытрымлівала — сыходзіла, начавала ў сяброўкі, у суседзяў, каб толькі не чуць, не бачыць гэтага. І ўвесь час прасіла, каб ён схадзіў да доктара. А аднойчы сказала:

— Калі ты не зменішся, я падам на развод.

Адольф ухапіўся за гэтыя неабдуманыя, з гарачкі вымаўленыя словы.

— Ха — развод! Хоць зараз! Гаршчок аб гаршчок — і маё шанаванне!

Яны з Ірынаю і без таго ўжо не жылі разам (як муж з жонкаю), а цяпер Адольф яшчэ і аддзяліўся тэрытарыяльна: пасцілаў сабе на канапе ў другім пакоі.

Ён нават развёў цэлую тэорыю, што людзі проста абавязаны разводзіцца пасля 50 гадоў — незалежна ад абставін.

— Калі хочуць застацца людзьмі, — удакладняў Адольф.

Бо, паводле яго тэорыі, шкодна жыць разам так доўга. Добрыя пачуцці астываюць, нараджаюцца новыя, злыя, і пачынаюць труціць жыццё. А ў некаторых народаў не толькі жонку, нават імя трэба мяняць перыядычна. Нават працу, хоць самую любімую, рэкамендавана раз у сем гадоў мяняць у Японіі.

— Што я, Адольф, і зрабіў!

Беднай Ірыне Бацькаўне, галоўнае, памагчы не было каму. Сын у арміі, дачка са сваім азербайджанцам не магла разабрацца, да таго ж зноў была цяжарная. З адчаю Ірына Бацькаўна дазванілася Ніне ў Старушкі ў бібліятэку: прыедзь! памажы! мо хоць ты на яго паўплываеш! мо цябе паслухае!

Ніна прыехала з сынам Талянам. Першае, што радасна з парога заявіў Талян, было:

— А я, дзядзя, таксама разводзіцца думаю! Мне яна трэба была, тая жаніцьба?

Ніна пастарэла, але характарам не змянілася. Такая ж аскетычная, непрымірымая, з падціснутымі вуснамі. Яна ўздыхала асуджальна.

— Усё ад багацтва… Усе злыбеды. Меркантыльнасць, мяшчанства зяцягвае людзей у вір.

І зноў Талян:

— Я ад сваёй толькі і чуў — грошы, грошы… А дзе я іх вазьму? На заводзе з цямна да цямна, як да рэвалюцыі. Вось Лёнік, брацельнік мой, малайчына — блізка да сябе дзевак не падпускае! Цяпер такія дзеўкі, што лепш аднаму! Ды і які ён адзін? — прырода, лес, вада…

А за ім Нінка:

— Усё ад няма чаго рабіць. Жыць багата сталі. Бедныя не задумваюцца, у іх няма клопатаў, жывуць як набяжыць…

І Талян:

— А мне і з маёй мамкай Нінкай добра! Развядуся — і да Лёніка, да мамкі на Хутар пераеду. Дзяцей няма, аліменты плаціць не трэба… На армейскія ільготы буду жыць. Паспытаў чужога жыцця — хопіць! Прыеду на Хутар, да мамкі з Лёнікам, брацельнікам маім… Лепш нідзе ў свеце не знойдзеш!

Жонка сама не рада была, што іх запрасіла. Нічога яны не памаглі. Наадварот, пасля іх ад’езду Адольф, бачачы, што ўправы на яго няма, усё часцей устрайваў сцэны, і гэта нагадвала ўжо не маленькую слабасць, а сур’ёзную хваробу.

Поделиться с друзьями: