Ціша
Шрифт:
І толькі цяпер мы зразумелі, што гэта ж прайшло яшчэ адно наша лета.
Тупік
І
Расказвалі, што ў дзяцінстве, гадоў да сямі, гэты Тупік (з націскам на першым складзе) быў незвычайна адораны — мог прагартаць кніжку, адкласці ўбок і ўсё чысценька, слова ў слова паўтарыць па памяці. Але аднойчы ў вёсцы ўпаў з воза з сенам і пашкодзіўся розумам. Цяпер яму было гадоў трыццаць, ён жыў разам з маці ў райцэнтры, у пяціпавярхоўцы на плошчы каля ўнівермага «Белы лебедзь», і з’яўляўся ўпрыгожаннем нашага горада, яго візітнай карткай.
Высокі, тоўсты, вельмі дужы, як і ўсе яны, каму фізічнае здароўе даецца ў кампенсацыю
— Гэта толькі вы здаровыя ды румяныя! А ў мяне даўленне баліць!
Плошчу абступалі прамтаварныя і прадуктовыя крамы, непадалёку былі два кінатэатры, вялікі базар і парк з атракцыёнамі, а таксама аўтобусны вакзал. Плошча была цэнтрам местачковага жыцця. Усе дарогі сцякаліся сюды. Куды б хто ні йшоў, абмінуць яе не мог, як і не мог не пабачыць на ёй Тупіка — нязменнага, як помнік Леніну, з той розніцай, што апошні заўсёды стаяў, а Косця заўсёды быў у руху — ён хадзіў і шукаў пад нагамі капейкі. Цэлымі днямі ў любое надвор’е ён не стамляўся наразаць кругі каля вакзальных і атракцыённых кас, швэндаўся на гаманкім базары, заходзіў у кінатэатры, крамы ці проста тупаў узад-уперад па тратуары — вочы долу, бы грыбнік у лесе. Казалі (канечне, ад зайздасці, бо хто мог падлічыць?), што асабліва ў святы яму набягае ў дзень як муляру на будоўлі.
Апрануты ў ваенны фрэнч, з-пад якога выглядвала вышытая беларускім арнаментам сарочка; штаны былі такія прасторныя, што ў іх маглі ўлезці тры нармальныя чалавекі, і кароткія, як брыджы — калашыны пачыналіся там, дзе канчаліся шкарпэткі — высока падцягнутыя, з тугімі гумкамі, што ўрэзваліся ў белыя, поўныя лыткі. Лацканы фрэнча з двух бакоў, ад каўняра да нізу, адвісалі пад цяжарам розных значкоў — столькі многа ён іх начапляў, у асноўным армейскія, выдатнік «ГТО», «Ударнік камуністычнай працы», разрады па розных відах спорту, акцябронскія, піянерскія, камсамольскія — карацей, вешаў на сябе ўсё, што блішчыць. На кожнае 9 мая Тупік займаў месца сярод ветэранаў у святочнай калоне, расквечанай сцяжкамі, галінкамі з зялёным лісцем і белымі кветкамі, рознакаляровымі паветранымі шарыкамі, — і так і йшоў пад гукі пераможнага марша, — сур’ёзны, важны, з гонарам нёс ношу чужога подзвігу, а калі калона ўступала на плошчу і параўноўвалася з трыбунаю, і людзі пачыналі пляскаць у ладкі і крычаць «ура!», ён надзімаў шчокі і глядзеў прама перад сабой. Гэты «ардэнаносны» фрэнч ён не здымаў ніколі. Хіба што ў самую непагадзь накідваў зверху целагрэйку, і тая была расхлістана, без шаліка, каб здалёк відаць былі «ўзнагароды». Ды яшчэ ў залежнасці ад сезону мяняў абутак: хатнія тапкі на кірзавыя боты. І абавязкова галаўны ўбор — лыжная шапачка, нават у цёплую пару года. На заўвагу: «Хіба табе, Косця, не душна?», — ён на ўсю плошчу заяўляў:
— Абы вам, здаровым ды вучоным, не было душна! Мне мая галава даражэй за вашыя!
Не было ніводнай зімы, каб ён не паміраў. Як толькі стукалі маразы і снегу навальвала столькі, што ён рабіўся шчыльным і ляжаў паабапал прабітых дарог вышынёю ў чалавечы рост, так разыходзілася па горадзе і ваколіцах сумная вестка: «Чулі, Косця Тупік памёр… Замёрз, небарак, у пад’ездзе… Матка не пусціла ў кватэру… Пахавалі добра, з музыкай…» Аднак наставала вясна, і ўваскрослы, як фенікс, падлечаны ў псіханеўралагічным дыспансеры Косця бадзёра тупаў у гастраном з сеткай з парожнімі малочнымі бутэлькамі, — перасякаў плошчу, як ні ў чым не бывала, махаючы сеткаю, а напрактыкаваныя вочы так і шнырылі па тратуары, ці не блісне дзе капейка.
— Я спакойны! Я спакойны! — голасна папярэджваў ён.
Але было ў яго самае слабае месца. Чамусьці ён панічна баяўся, не мог пераносіць «вучоных» слоў, такіх, як кніга, школа, падручнік, заняткі, урокі, сшытак, папера, дошка, крэйда… Яны проста выводзілі яго з сябе. Відаць, пасля таго няшчаснага выпадку — падзення з воза — у галаве ў яго нешта пераклініла, і ён пачаў суадносіць сваю хваробу не з уласна падзеннем, не з тым, што моцна стукнуўся патыліцай аб глебу, а з кнігамі, якія ён так некалі любіў, а цяпер менавіта ў іх бачыў корань зла, іх лічыў прычынай сваёй бяды, а таксама і ўсё, што з кнігамі звязана, — напрыклад, цярпець не мог чужой дзелавітасці. Дастаткова было любому абалдую проста так, ад няма чаго рабіць наблізіцца
да яго, дэманстратыўна зірнуць на гадзіннік, з уздыхам прамовіць: «Дзела, Косця!.. Праблемы!.. Спазняюся!», — як Тупік пачынаў непакоіцца, азірацца, перабіраць пальцамі свае значкі… Падцягваліся яшчэ цікаўныя, ахвочыя да бясплатнага канцэрта; а калі ўжо збяруцца да кучы людзі, аб’яднаныя агульнай мэтай, іх нічога не спыніць — давядуць справу да канца, асабліва ў такім жыццёва важным мерапрыемстве, як цкаванне бліжняга свайго.Садысты даймалі яго паступова, расцягваючы асалоду, памаленьку вярэдзілі, калупалі яго рану, то даючы ёй трошкі зацягнуцца, то зноў шчодра бухаючы на яе порцыі солі.
— Ну што — пастаю ды ў інстытут паеду, — пазяхаючы, казаў адзін.
— А я ў тэхнікум, — другі.
— А я — у кансерваторыю, — трэці.
Спачатку Тупік як мог трымаўся. Гладзіў сябе па сэрцы, прасіў: «Косцечка, не валнуйся, не абрашчай уніманія», — ды надта няроўнай была барацьба. Канечне, самае лепшае для яго было б — хутчэй даваць лататы, але ўжо яго галава плыла, і ён не мог дадумацца нават да гэтага, а толькі мітусіўся, як кура на вуліцы перад машынай; да таго ж ужо яму перакрывалі шляхі да адступлення, акружалі, бралі ў аблогу.
— Хутка восень… У школу пара… А ты парфель купіў? — пыталіся як мага больш ласкава.
— Адчапіцеся, здаровыя ды разумныя!
— А пенал?
— О-ох, як вы мне ўжо абрыдлі!
— А ты многа капеек на школьную форму назбіраў?
— Невыносна! — пакутаваў ён. — З вамі трэба жалезныя нервы, а яны ў мяне так баляць!..
У вачах у Тупіка з’яўлялася туга. Яму не хапала паветра. Ад адчаю ён пачынаў кусаць уласную руку — моцна, па-сапраўднаму, да крыві, каб фізічным болем перабіць душэўны. А народ тым часам толькі ўваходзіў у азарт. Публіка абступала яго шчыльней. Ужо зусім не лагодна, а пагрозліва, з прытупваннем, неслася і спераду, і ззаду, і з бакоў: «Ану ў акадэмію!» — «На курсы!» — «У прафесуру!» А ў каго не хапала фантазіі, дык той проста:
— Дзела… дзела… дзела!..
Кожнае слова рэзала Косцю тупым нажом. Нарэшце яму ўдавалася прарваць ачапленне; ён закрываў галаву рукамі і кідаўся ўцякаць. Звінелі значкі на фрэнчы. Ахоплены жахам, Тупік бег па тратуары, уголас роў, грыз да крыві руку, размазваў па шчоках смаркачы, кроў і слёзы, ціснуўся да сцен, шукаў дзвярэй, якой шчыліны, каб праціснуцца, якой падваротні ці прахаднога двара… А ззаду і па другім баку вуліцы, ахопленыя першабытным шалам, за ім гналіся, свісталі, ўлюлюкалі:
— А-та-ту яго!
— Трымай!
— Не давай павярнуць!
— Перакрывай дарогу, гані да школы!
Хто б куды ні йшоў, далучаліся да пагоні. Бегла малое дзіця, спяшалася маладзіца з каляскаю, клыпаў пенсіянер, нават шафёр маршрутнага аўтобуса — і той тармазіў пасярод вуліцы і высоўваўся з кабіны, усім сваім выглядам паказваючы намер выскачыць і таксама прыняць удзел у аблаве. Нарэшце спакутваны, выматаны Тупік не мог больш уцякаць. Ён сядаў на асфальт і пачынаў разувацца. Сцягваў боты, размотваў парцянкі… Пры гэтым плакаў, кусаў руку і стагнаў праз слёзы.
І толькі тады людзі патроху пачыналі супакойвацца. Салодкі шал ападаў, узбуджэнне праходзіла, саступаючы месца шкадаванню і спагадзе.
— Прастудзіцца ж… босы на халодным…
— «Хуткую» каб хто выклікаў…
— Бач, бедны, як яго круціць…
— Шкада небараку…
Тут кожны раптам успамінаў, што і праўда трэба спяшацца. І людзі, апусціўшы долу вочы, разыходзіліся па сваіх справах.
ІІ
Потым Тупік прапаў. Знік гады на тры. Можа, адправілі ў абласны цэнтр на лячэнне, а мо сапраўды замёрз. І горад, і плошча неяк асірацелі без яго, страцілі кавалачак свайго антуражу — нават гранітнаму Леніну ў цэнтры цяпер яшчэ больш адзінока было вось так стаяць дні і ночы напралёт і сціскаць у працягнутай руцэ кепку.
Што да мяне, дык я паступіў на першы курс тэхнікума і цяпер пажынаў плады гарадскога жыцця. А менавіта — уволю мог блукаць гуляць па любімых вуліцах і бульварах. Даўно быў верасень, а ўсё вакол зелянела, як у ліпені, нават пахла летам. У парку кружыліся каруселі, звінеў смех, булькаў фантан, зіхацелі вясёлкавыя іскрыстыя пырскі; па Прыпяці яшчэ бегаў прагулачны цеплаходзік і на яго палубе па-летняму адзетыя людзі елі марожанае і махалі рукамі тым, хто заставаўся на беразе. Аднойчы пад вечар у парку мяне акружыла мясцовая шпана, чалавек пяць майго ўзросту.