Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

— Пабылі б яшчэ, — папрасіла Лена.

— І на рыбалку не схадзілі, — падтрымаў яе настаўнік, чамусьці адводзячы вочы.

— Не, даруйце, не магу! — Азіевіч ужо ўяўляў сябе ў «Ікарусе», як сядзе каля акна, ды яшчэ каб студэнтка знайшлася ў спадарожныя. Дурань, плэер не ўзяў!

Паснедаўшы, падзякаваў, пацалаваў Лене ручку. Настаўнік сабраўся яго праводзіць. Толькі малую ніяк не змаглі прымусіць падысці развітацца з дзядзькам — баранілася, ціснулася да маці.

Пайшлі. Каля веснічак настаўнік спыніўся і ляпнуў сябе далоняй па ілбе.

— Пачакай! — пабег, вярнуўся, пачаў піхаць Азіевічу нешта закрчанае ў газету. — Вазьмі, тут пару ляшчоў сухіх, карп, у Мінску, з півам…

Азіевіч узяў.

— Слухай, —

спытаў ён, — што я ўчора рабіў? Забі мяне — нічога не помню.

— Ды забудзь! — горача загаварыў настаўнік. — Нічога ты не рабіў! І прашу — прыязджай, калі зможаш, калі захочаш! Добра? Ты ж ведаеш, як Лена, як я да цябе… Малая таксама…

Тут настаўнік змоўк, прыслухоўваючыся.

— «Баранавічы» — «Жытомір», — сказаў ён і зірнуў на гадзіннік.

Азіевіч паабяцаў абавязкова прыязджаць яшчэ, папрасіў далей яго не праводзіць (настаўнік паслухаўся), і з пакункам пад пахаю пайшоў сабе да блізкага аўтобуснага прыпынку.

1995 г.

Без назвы

Мы сядзелі ў дворыку на лаўцы пад дзвюмя старымі ліпамі, з якіх, кружачыся, адзін за адным зляталі пажоўклыя лісткі. Імі быў усланы амаль увесь невялікі дворык. Позняя восень, але дзень стаяў пагодны, сонечны, ціхі. У такія дні, ды яшчэ калі выхадны, як сёння, асабліва востра адчуваеш адзіноту — таму я і прыцёгся з другога канца горада да сябра. Мы выпілі, закусілі, а цяпер вось сядзім у дворыку — выйшлі пагаманіць, пакурыць, пагрэцца на сціплым сонцы, якое ў любы момант можа зацягнуцца хмарамі… Восень!..

— Скажы, калі ласка, — спытаў я, — як табе ўдалося знайсці такую жонку? Не крыўдуй толькі — але якая вы пара? Яна, нарадзіўшы двух дзяцей, выглядае як старшакласніца. Такая красуня, статная, усмешлівая, ласкавая… Яна, урэшце, вышэй за цябе ростам. Яе можна за дачку тваю прыняць, бо ты выглядаеш старэй. Чым ты мог яе заваяваць?

Сябар ані не пакрыўдзіўся. Ён асцярожна здзьмухнуў попел з цыгарэты і сказаў:

— Усё вельмі проста. Да банальнасці. Я не кідаўся з-за яе ў агонь, не выцягваў з вады, не абараняў ад хуліганаў. Сышліся мы дзякуючы адной гісторыі, але настолькі простай, што ты будзеш расчараваны.

— Расказвай.

— На самой справе не я за яе, а яна за мяне старэйшая. Я вучыўся на першым курсе універсітэта, яна — на апошнім. Жылі ў інтэрнаце. Пазнаёміліся на нейкай вечарынцы, я быў крыху п’янаваты ну, і набраўся смеласці, запрасіў танцаваць самую прыгожую, самую рослую дзяўчыну. Зрэшты, і я тады быў не самы горшы… Але зусім ні на што не спадзяваўся. Усё ж запрашаю, мы танцуем, потым выпіваем, і, карацей, раніцай прачынаемся ў маім пакоі ў адным ложку. Яна, напяваючы, ідзе ў душ. Затым спакойна развітваецца і знікае. А мне, адчуваю, фініш. Ніколі ў жыцці так цудоўна, як з ёю, не было і, ужо цвёрда ведаю, не будзе. Закаханы? Не тое слова! Ды і не раскажаш такога. Адно хіба — зразумеў тады, як і ад чаго людзі захворваюць, і труцяцца, і рэжуць вены… Дні праз тры заходжу да яе — яна, на шчасце, адна ў пакоі. Сядзіць за сталом перад касметычкаю, паклаўшы нага на нагу. Я заходжу і з парога заяўляю: «Давай пажэнімся. Я без цябе не магу».

«Дарагі мой, — спакойна адказвае яна, седзячы бокам да мяне. — Давай зробім так. Мы будзем сябраваць, будзем, калі я таго захачу, нават спаць разам. Але пра ўсё іншае, пра жаніцьбы і таму падобнае, што можа нас звязаць, — забудзь! Не хачу нічога ні тлумачыць, ні апраўдвацца, скажу шчыра і коратка: я цябе не кахаю. Але я здаровая, мне хоць бы фізіялагічна трэба жыць з мужчынам, і ты якраз для гэтага падыходзіш. Ты чысты, акуратны, педантычны; акрамя ўсяго я ведаю, бачыла, як табе спадабалася са мною, і мне ад гэтага прыемна, вядома».

Людзі панавыдумлялі розных афарызмаў на ўсе выпадкі жыцця; напрыклад,

«чаго хоча жанчына, таго хоча Бог». І мне нічога не заставалася, як суцешыцца гэтым і рабіць так, як яна хоча. Пачынаецца нашае «сяброўства». Паводле яе інструкцыі. Я чакаю яе з заняткаў, мы ходзім у кіно, у тэатры і на розныя вечарыны-дыскатэкі. Зрэдку спім разам. I нічога не мяняецца! Яна якой была, такой і засталася. А я… Пасля кожнай ночы з ёю — бы не на гэтым свеце, сэрца калоціцца, пот прабівае і проста ўздрыгваеш ад салодкага жаху і захаплення, калі раптам успыхне перад вачыма якаясь інтымная дэталь… I паралельна — пастаянны страх, што час бяжыць, хутка размеркаванне і паедзе мая «баскетбалістка» невядома куды, і забудзе мяне праз тыдзень, бо не можа такая дзяўчына адна быць, проста не дадуць!

У такіх выпадках звычайна як? — звычайна жанчына пасля інтымнай блізасці імкнецца выйсці замуж, а мужчына адкручваецца, — а ў нас усё наадварот. Самае крыўднае, горкае, па вачах яе бачу — не хлусіць, сапраўды не кахае, проста падгульвае са мною, як хлопец з дзяўчынаю падгульвае, каб пасля кінуць.

Неяк прыходзіць маёй дзяўчыне сумная вестка: памерла яе бабуля. Трэба ехаць на пахаванне ў другі горад. Яна паехала. А я, застаўшыся адзін, не знаходжу месца. Туляюся па пакоі з кутка ў куток. Вучоба даўно закінута, усё запушчана. На заняткі не йду, а надумваюся памыць бялізну. Звычайна я складваў яе ў цэлафанавы пакет: розныя шкарпэткі, насоўкі, майкі… Трусы, прабач. I вось я замочваю ўсё гэта, белае з белым, каляровае з каляровым. Замочваю, вымываю, кіпячу белае ў адбельніку, потым выпаласкваю ў халоднай вадзе… I, калі, насуха выкруціўшы ўсё, пачынаю развешваць на вяроўцы ў душы перад гарачай трубою, заўважаю, што адны трусікі — не мае. Яны больш тонкія і з рознымі карункамі. Я стаяў і тупа глядзеў на іх. Канечне, нічога асаблівага ў тым не было. Падумаеш! Сорамна, дык проста здымі ды выкінь. Але, паўтаруся, я быў закаханы да вар’яцтва. Самая нязначная драбяза, любая рэч, якая належала маёй «баскетбалістцы», здавалася мне ледзь не рэліквіяй, ледзь не святыняй, а тым больш такая далікатная штука, як тая, што машынальна вымыў.

Хлопец, які мые жаночыя трусікі — што можа быць больш смешным, больш вартым пагарды?! Да таго ж, яна можа падумаць, што я зрабіў гэта знарок, каб падлізацца, паказаць, якім я магу быць «добрым мужам»…

Карацей, я чакаю. Нічога не думаючы. Прыязджае маё каханне. Пахудзелая, стомленая з дарогі, сумнаватая, але яшчэ больш пахарашэлая.

«Ну што, як ты тут?» — пытае, а ў самой у вачах поўная абыякавасць. Вось каб сказаў зараз: «Давай спынім усё гэта», — яна б павярнулася і спакойна пайшла назаўсёды.

«Я памыў твае трусікі… Але клянуся — выпадкова! Лямпачка слабая, не ўбачыў… Я, галоўнае, не хачу, каб ты падумала, што я знарок», — мямлю я і баюся падняць галаву. А калі падняў — анямеў. Перада мною стаяла зусім іншая дзяўчына. Ніхто ніколі не глядзеў на мяне з такой пяшчотаю! А як свяціліся цяпер яе вочы, тыя самыя, што ўсяго хвіліну назад былі такія халодныя, чужыя, абыякавыя!

«Дурненькі, — сказала яна, абдымаючы і цалуючы мяне. I голас, і абдымкі, і пацалунак таксама былі зусім іншыя, чым раней. — Каб я не ведала цябе, дык сапраўды падумала б, што наўмысна…»

Сябар раптам абарваў сябе:

— Вось такія справы, — і зірнуў на гадзіннік. — Прабач, дзякую, што прыехаў, але — ісці трэба. Ды і пахаладала як… Разбягаемся?

Я і сам бачыў, што яму не церпіцца хутчэй дадому, ва ўтульную цёплую кватэру, да красуні жонкі.

Мы развіталіся. А пахаладала між тым папраўдзе. Сонца ўжо не было, аднекуль узяўся вецер, пагнаў па дворыку лісце… Я падняў каўнер курткі. Холадна аднаму ўвосень!..

1997 г.

У Нью-Йорку пылу не бывае

Поделиться с друзьями: